Дэпутат выслухаў i паабяцаў
Сымон СВIСТУНОВIЧ, Ляхавiцкi раён
ТВОЙ ВЫБРАННIК Уладзiмiр Майсюк прадстаўляе ў Палаце прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Беларусi Баранавiцкую сельскую акругу № 6, у якую ўваходзiць i Ляхавiцкi раён. I прыём выбаршчыкаў яму даводзiцца праводзiць у двух раёнах. На гэты раз Уладзiмiра Уладзiмiравiча чакалi ў Ляхавiчах, i мяне здзiвiла, што на сустрэчу з дэпутатам прыйшло чалавек дзесяць (здаралася бачыць, як iншым разам да дэпутатаў заглядвалi два-тры пенсiянеры, а то i нiкога не было).Да дэпутата прыходзяць па дапамогу, але ж той не мае на тэрыторыi выбарчай акругi рэальнай улады. Можна зрабiць запыт, узняць пытанне цi хадайнiчаць, але не больш за гэта. Часам людзi бачаць у дэпутаце апошнюю iнстанцыю, якая можа дапамагчы. Хоць, выслухаўшы чалавека, дэпутат абяцае, найперш, спачатку ва ўсiм разабрацца. ...Зайшла пенсiянерка i са слязамi пачала расказваць пра сваю бяду. Яна прадала хату, а суд праз два месяцы здзелку ануляваў i ў хату засялiлася нявестка, якая, са слоў жанчыны, не была там прапiсана i не вяла гаспадарку. Суды i розныя iнстанцыi ўжо 31(!) раз разглядалi гэтую справу i ўсё на карысць нявесткi. Вядома ж, тут ёсць нейкi нюанс, пра якi жанчына не расказвае, але прайшоўшы праз усе суды, спадзяецца, што дэпутат будзе на яе баку i дапаможа. Найчасцей жа на прыёме ставiлася пытанне наконт газу, а дакладней, падводкi яго да дома. Сёння за ўрэзку ў газавую трубу неабходна заплацiць прыкладна тры мiльёны, а яшчэ трэба аплацiць пракладку газавай магiстралi па вулiцы — 50 працэнтаў ад кошту. — Многiя не ведаюць, колькi каштуе цяпер газавая труба, — гаворыць Уладзiмiр Майсюк, — i, напэўна, нехта ад яе адмовiцца. Тут неабходна праз раённую газету даць адпаведную iнфармацыю. А якiя праблемы ставяць людзi перад дэпутатам у цэлым? — Кола праблем даволi шырокае, але самыя папулярныя пытаннi датычацца газiфiкацыi, добраўпарадкавання i, як нi сумна, работы праваахоўных органаў. За час свайго дэпутацтва, напрыклад, «прабiў» студэнтцы-сiраце стыпендыю. Калi ў адзiнокай жанчыны ўзнiкла праблема з дахам, то выдзелiлi грошы на яго рамонт, а там дапамог атрымаць iнвалiднасць. Але ж хiба гэтыя праблемы немагчыма вырашыць на мясцовым узроўнi? — Безумоўна, за лепшае было б, каб чалавек усё вырашыў на ўзроўнi сельсавета цi раённай ўлады, але калi звяртаецца да дэпутата, то яму не адмовiш — ён жа за цябе галасаваў. Вось просяць заасфальтаваць цi падсыпаць вулiцу, а ўсё ўпiраецца ў грошы. Даводзiцца шукаць выйсце. Я сам дарожнiк i ў мяне засталiся сувязi. Калi аб’ём работы не надта вялiкi, то дапамагчы можна. А ў перспектыве ўсё павiнна стаць на месца — узводзяцца аграгарадкi, а гэта дасць магчымасць хоць часткова закрыць праблему добраўпарадкавання.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Уладзiмiр Майсюк прадстаўляе ў Палаце прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Беларусi Баранавiцкую сельскую акругу № 6, у якую ўваходзiць i Ляхавiцкi раён
|
|