Школа ў гонар земляка
Iрына ПРЫМАК
Кожная навучальная ўстанова мае свае асаблiвасцi, але Цясноўская дзяржаўная агульнаадукацыйная сярэдняя школа (знаходзiцца ў Стаўбцоўскiм раёне) наогул унiкальная: яна адзiная ў Беларусi школа, якая носiць iмя Ф.Э. Дзяржынскага (было прысвоена ў 1977 годзе). Як наогул так атрымалася?
Род Дзяржынскiх бярэ пачатак у XVII стагоддзi. Як пазначана ў «Книге Деревнянской римско-католической приходской церкви о родившихся в 1876—1885 годах», 30 жнiўня (11 верасня) 1877 года ў маёнтку Дзяржынава нарадзiўся хлопчык Фелiкс. У будучым большасць людзей стане ведаць яго як жалезнага Фелiкса. Дык вось Цясноўская школа знаходзiцца ў 10 кiламетрах ад мемарыяльнага комплексу «Дзяржынава», дзе раней быў маёнтак Дзяржынскiх. Дарэчы, музей на тым месцы ўзнiк у 1957 годзе, а мемарыяльны комплекс створаны ў 2004-м. Цiкава, што вучнi i настаўнiкi Цясноўскай школы вырашылi зрабiць свой музей Дзяржынскага (там можна пабачыць i яго партрэт, i сямейныя фотаздымкi, i некаторыя рэчы Дзяржынскiх). I дзякуючы такой пашане да свайго земляка, Рэспублiканскi камiтэт Беларускага прафсаюза работнiкаў органаў дзяржаўнай бяспекi ўзяў шэфства над школай, якая носiць iмя Дзяржынскага. Ужо некалькi гадоў вучнi атрымлiваюць прыемныя падарункi, у прыватнасцi, для заняткаў спортам, бо ў школе вялiкiя спартыўныя традыцыi. Сёлета, прынамсi, шэфы падаравалi тэнiсны стол i ўнiкальную кнiгу «Шчыт i меч Айчыны», якую сумесна з Мiнiстэрствам iнфармацыi выпусцiў КДБ: на 72-й старонцы там расказваецца менавiта аб Цясноўскай школе. Мне давялося наведаць гэту ўнiкальную кузню ведаў. У будынку было вельмi ўтульна: на калiдорах вазоны з кветкамi, на сценах — малюнкi, у тым лiку самiх вучняў. Нават на перапынках не толькi настаўнiкi, але i хлопчыкi i дзяўчынкi размаўляюць на беларускай мове i вiтаюцца з усiмi дарослымi, хто завiтаў у школу. — У нас сапраўды цудоўныя дзецi, — з гонарам кажа дырэктар Iван Вацлавiч Буржымскi. — Канешне, яны не падобныя на гарадскiх. Нават калi мы кудысьцi выязджаем, тэлефануюць бацькам, пытаюцца, колькi накасiлi цi сабралi ўраджаю. Вучнi ў нас не толькi дапамагаюць дома па гаспадарцы, але i працуюць на прышкольным участку, наведваюць гурткi (з паглыбленым вывучэннем розных прадметаў, музычны, спартыўны i нават займаюцца пчалярствам). Адзiнае, што засмучае дырэктара, — школа знаходзiцца ў зоне забруджання ад 1 да 5 кюры, таму штогод дзяцей даводзiцца аздараўлiваць у санаторыях.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Кожная навучальная ўстанова мае свае асаблiвасцi, але Цясноўская дзяржаўная агульнаадукацыйная сярэдняя школа (знаходзiцца ў Стаўбцоўскiм раёне) наогу |
|