Зянон ЛОМАЦЬ, старшыня Камiтэта дзяржаўнага кантролю Рэспублiкi Беларусь:Падрабязнасцi «Мы будзем жорсткiмi ў адносiнах да тых, хто жыве не ў рамках прававога поля. Але падыход будзе сумленным i прыстойным»Як паведамляла «Звязда», сваю першую «прамую лiнiю» на пасадзе старшынi Камiтэта дзяржкантролю Зянон Ломаць правёў у Гродне. За дзве гадзiны ён выслухаў i адказаў на 32 тэлефонныя званкi не толькi з абласнога цэнтра, але i з Гродзенскага, Свiслацкага, Лiдскага, Бераставiцкага, Ваўкавыскага, Навагрудскага i iншых раёнаў вобласцi. Плюс каля трыццацi пiсьмовых зваротаў праз паштовую скрынку, якая была ўстаноўлена ў Камiтэце дзяржкантролю Гродзенскай вобласцi за некалькi дзён да «прамой лiнii». Большасць пытанняў, як i можна было прадбачыць, датычылiся жыллёва-камунальнай сферы: ацяпленне, рамонт дамоў, газiфiкацыя. Былi ўзняты таксама праблемы добраўпарадкавання Гродна («там, дзе прайшла рэканструкцыя, амаль не засталося дрэў»), жыллёвага будаўнiцтва («кошт яго павышаецца, тэрмiны пераносяцца»), садаводчых таварыстваў («каб прадаць участак, трэба заплацiць розным арганiзацыям суму большую, чым ён каштуе»). Iндывiдуальны прадпрымальнiк, якая працуе ў адным з гандлёвых цэнтраў, паскардзiлася на занадта высокую арэндную плату за павiльён. Зянон Ломаць даручыў праверыць гэта i гарантаваў жанчыне падтрымку, калi раптам яе зварот не спадабаецца кiраўнiцтву цэнтра: «Абавязкова абаронiм». У iншым выпадку iнфармацыя насiла канфiдэнцыяльны характар i старшыня Камiтэта дзяржкантролю вёў размову сам, без трансляцыi на залу, дзе прысутнiчалi кiраўнiкi ўсiх асноўных абласных службаў i журналiсты. Пасля кожнага званка адразу ж вызначалася, хто будзе разбiрацца з тым цi iншым пытаннем. Гэта датычыцца i пiсьмовых зваротаў. Паводле слоў Зянона Ломаця, усё будзе ўзята на кантроль i, што можна, будзе вырашана ў аптымальна кароткi тэрмiн. Калi ж вырашыць немагчыма, то чалавеку патлумачаць, чаму гэтага зрабiць нельга. Пасля завяршэння «прамой лiнii» кiраўнiк Камiтэта дзяржкантролю адказаў на пытаннi журналiстаў. Паводле яго слоў, такая форма кантактаў з людзьмi прадоўжыцца i ў iншых рэгiёнах краiны. — Я гарантую, што Камiтэт дзяржкантролю будзе працаваць сумленна i прыстойна, — сказаў Зянон Ломаць. — I калi недзе да кагосьцi будзе праяўлена непрыстойнасць — калi ласка, звяртайцеся да мяне. Але, з iншага боку, той, хто парушае законы, якiя дзейнiчаюць у рэспублiцы — крыўдуйце на сябе. Мы будзем жорсткiмi ў адносiнах да тых, хто працуе не ў прававым полi, хто крадзе, блытае сваю кiшэню з дзяржаўнай i г.д. Лiтасцi ў гэтым плане нiкому не будзе. I задачы, якiя паставiў перад Камiтэтам дзяржкантролю кiраўнiк дзяржавы, будуць выкананы, чаго б гэта нi каштавала... Камiтэт дзяржкантролю будзе праводзiць розныя аперацыi, у тым лiку i па «дробных» пытаннях. Але, праводзячы тую цi iншую аперацыю i даводзячы яе вынiкi да структур Саўмiна, мiнiстэрстваў i ведамстваў, мы потым возьмем на кантроль i спытаем: чаму тое, што выяўлена Камiтэтам дзяржкантролю, сёння не выконваецца? Думаю, што будуць i гучныя справы. Магу прывесцi адзiн прыклад. Лiтаральна тыдзень таму ў дзвюх фiрмах у Мiнску выяўлены без дакументаў медыцынскiя iнструменты, якiя выкарыстоўваюцца пры правядзеннi аперацый на сэрцы i г.д., на 180 мiльёнаў рублёў. Паўстае пытанне: куды гэтыя iнструменты iшлi? Каму плацiлi грошы тыя, каму праводзiлi аперацыi з выкарыстаннем гэтых iнструментаў? Мы разбяромся. Зянон Ломаць таксама паведамiў, што па даручэнню кiраўнiка дзяржавы Камiтэт дзяржкантролю цяпер разам з Саўмiнам, Мiнiстэрствам архiтэктуры i будаўнiцтва займаецца праблемай, якая звязана са змяншэннем кошту будаўнiцтва жылля, у блiжэйшы час будуць высновы i прапановы. Карэспандэнт «Звязды» пацiкавiўся ў старшынi Камiтэта дзяржкантролю, якiя праблемы ён цяпер лiчыць для сябе прыярытэтнымi. — Разабрацца ва ўсiх сферах дзейнасцi, якiя падсправаздачныя Камiтэту дзяржкантролю, вельмi складана, — адказаў Зянон Ломаць. — Таму я для сябе прыярытэтнай задачай бачу дэталёва вывучыць нарматыўныя дакументы i акты, з якiмi мне раней не даводзiлася сутыкацца ў сiлу сваiх службовых абавязкаў... Не выключаюцца нейкiя кадравыя перастаноўкi ў апараце i ў цэлым рэфармаванне Камiтэта дзяржкантролю ў рамках iснуючых штатаў. Зянон Ломаць падкрэслiў, што не выносiць работнiкаў, якiя праяўляюць несумленнасць, непрыстойнасць, падхалiмаў i бюракратаў: «Я чалавек прамы, адкрыты, не выбiраю мудрагелiстых фраз i не рысуюся». Барыс ПРАКОПЧЫК. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
«Мы будзем жорсткiмi ў адносiнах да тых, хто жыве не ў рамках прававога поля. Але падыход будзе сумленным i прыстойным»
|
|