Дырэктар камунальнага ўнiтарнага прадпрыемства «Аблдарпраект» Мiронiя ГУЦЬКО: «За праектамi мы бачымСёлета ў цэнтры ўвагi мясцовых дарожнiкаў Мiншчыны знаходзiлася задача па рэалiзацыi Дзяржаўнай праграмы адраджэння i развiцця вёскi. Як адзначаў у iнтэрв’ю нашай газеце генеральны дырэктар КУП «Мiнскаблдарбуд» Валерый КАРМАНОВIЧ, добраўпарадкаваць аграгарадкоў патрэбна было ўдвая больш, чым летась. А для гэтага спатрэбiлася ў два разы ўзмацнiць вытворчыя намаганнi, удвая ўзняць актыўнасць работнiкаў, удвая павысiць эфектыўнасць працы... Забеспячэнне ўзросшых аб’ёмаў работ праектна-каштарыснай дакументацыяй лягло на плечы даччынага прадпрыемства аблдарбуда — КУП «Аблдарпраект». Бо, як бы там нi было, i вулiца ў аграгарадку, i дарога да школы, i мост, i зернепляцоўка пачынаюцца менавiта з iдэi — праекта. Задача перад прадпрыемствам стаяла не з лёгкiх. Але i «Аблдарпраект» сёння ўжо зусiм не колiшнi аддзел комплекснага праектавання аблдарбуда. Тут працуюць 153 высокакласныя спецыялiсты, арганiзацыя забяспечана сучаснай камп’ютарнай тэхнiкай. Дастаткова сказаць, што за год прадпрыемства рыхтуе дакументацыю больш як па тысячы аб’ектаў! Хоць яшчэ колькi гадоў таму нiхто са спецыялiстаў нават не паверыў бы ў тое, што былы аддзел абласной дарожнай арганiзацыi калiсьцi зможа канкурыраваць нават з галiновым iнстытутам «Белгiпрадар». Напярэдаднi нашага прафесiйнага свята я хачу падзякаваць вам за самаадданую працу i пажадаць доўгай i гладкай дарогi ў жыццi». Дырэктар КУП «Аблдарпраект» Мiронiя ГУЦЬКО. СЛОВА КIРАЎНIКУ — Асноўным накiрункам нашай дзейнасцi застаецца праектаванне аўтамабiльных дарог ад II катэгорыi i нiжэй, а таксама штучных збудаванняў на iх, — расказала дырэктар КУП «Аблдарпраект» Мiронiя Гуцько. — Рост аб’ёмаў работ прадпрыемства сёлета працягваецца i гэта нягледзячы на тое, што летась «Аблдарпраект» актыўна працаваў на падрыхтоўцы Слуцка да рэспублiканскага фестывалю-кiрамашу «Дажынкi». У гэтым годзе аб’ёмы даводзiцца набiраць за кошт вялiкай колькасцi дробных i недарагiх аб’ектаў, у асноўным, у аграгарадках. Нягледзячы на гэта, ужо зараз мы перавысiлi ўзровень 2005 года прыкладна на 4 працэнты. За 10 месяцаў 2006 года прадпрыемствам выканана каля 1200 праектаў. Увогуле прадпрыемства бярэ самы актыўны ўдзел у рэалiзацыi Праграмы адраджэння i развiцця вёскi. Сёлета мы працавалi па 69 аграгарадках Мiнскай вобласцi. Праектавалi вулiцы, пад’езды да школ, фельчарска-акушэрскiх пунктаў, клубаў, фермаў, мехдвароў, зернепляцоўкi... Распрацоўвалi i праекты будаўнiцтва, добраўпарадкавання i рэканструкцыi фермаў. Сумесна з «Мiнскаблдарбудам» завяршылi абследаванне 64 аграгарадкоў, добраўпарадкаванне якiх дарожнiкi будуць праводзiць у наступным 2007 годзе. Таксама наша прадпрыемства працавала па праграмах рамонту вулiц гарадоў i сельскiх населеных пунктаў. Удзел у iх рэалiзацыi мы бяром ужо не перш год, аднак сёлета аб’ёмы былi больш сур’ёзныя. Даволi паказальная наша работа па добраўпарадкаванню Лагойскага i Мядзельскага раёнаў. — Мiронiя Мiхайлаўна, з ростам аб’ёмаў работ не задумваецеся аб пашырэннi штатаў? — Летась адбылася рэарганiзацыя дарожнай галiны. Ад нас сышлi 12 чалавек з тэхнагляду. Засталося 135 спецыялiстаў. Сёння iх ужо 153 чалавекi. Хоць i гэтага недастаткова. Лiчу, што павялiчваць штат патрэбна хоць бы да 180 чалавек. У асноўным плануем пашыраць сектары на раёнах. У Мiнску плошчы невялiкiя, а штосьцi арандаваць вельмi дорага. Таму ў першую чаргу выкарыстоўваем базы ДРБУ Мiнскаблдарбуда. Пастаянна размяшчаем аб’явы ў мясцовых газетах з запрашэннем на працу. Запатрабаваны праекцiроўшчыкi-дарожнiкi, праекцiроўшчыкi прамыслова-грамадзянскага будаўнiцтва, вышукальнiкi, геолагi. Эканамiсты i юрысты не патрабуюцца. Заробкi ў нас даволi прыстойныя. Каго зацiкавiць прапанова, звяртайцеся ў КУП «Аблдарпраект». Нашы сектары працуюць у Слуцкiм, Чэрвеньскiм, Маладзечанскiм, Вiлейскiм, Нясвiжскiм i Дзяржынскiм раёнах, таксама мы плануем стварыць сектары ў Барысаве цi Беразiно, i дзесьцi ў паўднёвай зоне — Салiгорск, Старыя Дарогi, Старобiн... Увогуле з кадрамi, асаблiва з iнжынерамi-праекцiроўшчыкамi, сёння склалася даволi складаная сiтуацыя. 40—45-гадовыя спецыялiсты, якiя ў свой час з-за адсутнасцi работы пайшлi гандляваць на рынак, страцiлi квалiфiкацыю. Сёння яны б i рады вярнуцца, але... Таму ў першую чаргу мы разлiчваем на моладзь. Падчас вытворчай практыкi, якую ў нас праходзяць студэнты некалькiх ВНУ, мы да iх уважлiва прыглядаемся. Маладыя спецыялiсты сёння даволi добра падрыхтаваны. Пасля работы па дагавору падраду на практыцы яны ўжо добра ведаюць свае абавязкi, выдатна з iмi спраўляюцца. Таму мы смела набiраем такую моладзь. Штогод — каля 10 маладых спецыялiстаў. Вучым, выхоўваем, рыхтуем. На жаль, замацавацца ў сталiцы могуць не ўсе. Асноўны ж касцяк прадпрыемства — працэнтаў 60 — спецыялiсты, якiя працуюць у сiстэме аблдарбуда далёка не першы год, а многiя — 15 i больш гадоў. Таму мы маем упэўненасць ва ўласных сiлах i пэўны запас трываласцi. Сёння прадпрыемства заняло на рынку сваю нiшу i моцна стаiць на нагах. З ГIСТОРЫI ПРАДПРЫЕМСТВА У студзенi 1989 года загадам Мiнiстэрства дарожнага будаўнiцтва БССР былi арганiзаваны аддзелы комплекснага праектавання ва ўсiх аблдарбудах. Да студзеня 1998 года, калi калектыў узначалiла Мiронiя Гуцько, аддзел складаўся ўсяго з 69 чалавек. Яго тэрмiновае пашырэнне i развiццё было выклiкана вялiкай патрэбай у праектна-каштарыснай дакументацыi, якая ўзнiкла пасля таго, як Мiнскаблдарбуд згодна з пастановай урада прыняў на свой баланс унутрыгаспадарчыя дарогi ад сельгаспрадпрыемстваў вобласцi. Новы iмпульс развiцця атрымала i дарожна-будаўнiчая лабараторыя. Першапачаткова яна размяшчалася ў Заслаўi пры ДРБУ-194. У нейкi перыяд нават была лiквiдавана. Натуральна, будаваць дарогi без уваходнага кантролю матэрыялаў немагчыма. Таму ў хуткiм часе лабараторыю было вырашана аднавiць у Мiнску або Сенiцы. Але паколькi нi там, нi там падыходзячых памяшканняў не знайшлося, выбар выпаў на Нясвiж, дзе на балансе прадпрыемства меўся шасцiпавярховы корпус, якi не быў у эксплуатацыi. Было прынята рашэнне на базе «Iндорса» (былая назва КУП «Абл-дарпраект») стварыць лабараторна-дыягнастычны цэнтр, падобны на той, што iснаваў пры «Масквааўтадар». У 1999 годзе цэнтр распачаў сваю работу. Адразу быў пераведзены на гаспадарчы разлiк i па сёння поўнасцю сябе акупляе. «ПРАТАКОЛ НАШАГА ЦЭНТРА — СВОЕАСАБЛIВЫ ЗНАК ЯКАСЦI» — Лабараторна-дыягнастычны цэнтр складаецца з лабараторыi, праектна-разведвальнага сектара i групы дыягностыкi, — расказвае начальнiк цэнтра Васiль Лаўцоў. — Лабараторыя займаецца падборам асфальтабетонных сумесяў. Да нядаўняга часу сярод нашых асноўных заказчыкаў былi ДРБУ Мiнскаблдарбуда, якiя не мелi адпаведнай атэстацыi. Зараз iх лабараторыi закупiлi новае абсталяванне, прайшлi атэстацыю на выпрабаванне асфальтабетона, але ў нас засталася функцыя кантролю. Акрамя таго, наша лабараторыя праводзiць выпрабаваннi дарожна-будаўнiчых матэрыялаў, кантралюе выпуск прадукцыi. Праводзiм iнспекцыйныя паверкi, аказваем метадычную дапамогу лабараторыям ДРБУ аб’яднання (усяго 26 лабараторый). Цэнтр плённа ўзаемадзейнiчае з аддзелам якасцi i тэхнiчнага кантролю Мiнаблдарбуда. Калi ўзнiкае неабходнасць, нашы прадстаўнiкi выязджаюць у любую «гарачую» кропку i вядуць там кантроль за якасцю матэрыялаў i работ на будаўнiцтве дарог, у тым лiку — у аграгарадках. Дзяржбуднагляд, iншыя незалежныя тэхнагляды поўнасцю давяраюць пратаколам нашага цэнтра. Пры здачы аб’ектаў гэты дакумент з’яўляецца своеасаблiвым знакам якасцi. Трэба адзначыць, што ў параўнаннi з мiнулым сезонам якасць асфальтабетонных пакрыццяў, якiя ўкладваюць ДРБУ аблдарбуда, стала больш высокай. Лiчу, што ў гэтым ёсць i наша заслуга. Па меры выхаду новага СТБ, мы павышаем сваю квалiфiкацыю, праходзiм адпаведную падрыхтоўку, а потым праводзiм семiнары з галоўнымi iнжынерамi, лабарантамi ДРБУ. Увогуле лабараторыя пастаянна знаходзiцца ў стадыi развiцця: увесь час расшыраецца вобласць акрэдытацыi, закупляецца новае абсталяванне, павышаецца якасць i дакладнасць даследаванняў. Сёлета заканчваецца акрэдытацыя нашага цэнтра. Мы збiраемся прайсцi пераакрэдытацыю з пашырэннем вiдаў паслуг. Сярод новых стандартаў — экспрэс-метад стварэння асфальтабетону, рэабiлiтацыя дарожнага пакрыцця. Зараз усе ДРБУ актыўна рыхтуюцца да зiмовага ўтрымання сеткi аўтадарог. У сувязi з гэтым мы праводзiм праверку якасцi падрыхтаванай саляна-пясчанай сумесi. Увогуле працуем не толькi на аб’ектах аблдарбуда, але i з iншымi падрадчыкамi. Аднак наша галоўная задача — кантроль якасцi дарожных пакрыццяў у аграгарадках, усе сiлы сканцэнтраваны там. Праектная група актыўна працуе на аб’ектах Нясвiжскага, Капыльскага, Клецкага раёнаў. Група дыягностыкi, укамплектаваная машынай КП 514 МП для вымярэння геаметрычных параметраў, трываласцi дарожнай вопраткi, счаплення кола аўтамабiля з пакрыццём дарогi, сёлета ўжо завяршыла дыягностыку аўтамабiльных дарог. Усе атрыманыя звесткi закладваюцца ў спецыяльную праграму, створаную «Белгiпрадарам» па заказу Мiнскаблдарбуда, якая разлiчвае транспартна-эксплуатацыйны стан i аб’ём фiнансавых сродкаў, неабходны для таго, каб павысiць узровень надзейнасцi дарогi. Таксама абсалютна дакладна, а не на вока, можна вызначыць усе ўчасткi, якiя патрабуюць тэрмiновага рамонту, разлiчыць неабходны аб’ём фiнансавання. У наступным годзе работа па дыягностыцы будзе працягвацца. Зараз працуем над акрэдытацыяй гэтага вiду дзейнасцi. У перспектыўных планах — стварэнне лабараторыi па дыягностыцы дарог. Нягледзячы на значныя аб’ёмы выконваемай работы i вялiкую загрузку, у Цэнтры па-ранейшаму працуюць усяго 14 чалавек. Малады i перспектыўны кiраўнiк за даволi кароткi час здолеў згуртаваць калектыў, настроiць на актыўную i плённую працу. I, па ўсiм вiдаць, спыняцца на дасягнутым яны не збiраюцца. «ПА АДНАМУ З НАШЫХ ПРАЕКТАЎ ПIШУЦЬ ДЫСЕРТАЦЫЮ...» Як адзначыў начальнiк аддзела праектавання штучных збудаванняў Георгiй Казарцаў, у гэтым годзе аддзел распрацаваў больш за 20 праектаў, галоўным чынам, гэта капiтальны i бягучы рамонты, — расказаў Георгiй Канстанцiнавiч. — Ёсць, канешне, i праекты будаўнiцтва новых аб’ектаў. Да нядаўняга часу ўсе патрэбы КУП «Мiнскаблдарбуд» у праектаваннi мастоў поўнасцю закрываў наш аддзел. Зараз у рэспублiцы ствараецца база ўпраўлення станам маставых збудаванняў — Белмост. Арганiзацыi, якiя абслугоўваюць мiжнародныя аўтамагiстралi i рэспублiканскiя аўтадарогi, ужо завяршылi дыягностыку мастоў i пуцеправодаў, якiя знаходзяцца на iх балансе. Аблдарбуды да гэтай працы сёлета толькi прыступiлi. Увогуле дыягностыка ўяўляе сабой збор iнфармацыi аб стане мастоў, якiя абслугоўвае аблдарбуд. Усяго iх у нас 660. Сёлета мы павiнны прадыягнаставаць каля 200 мастоў i ўнесцi звесткi пра iх у рэспублiканскую базу. Гэта сiстэма задумана для таго, каб больш эфектыўна размяркоўваць сродкi на падтрыманне мастоў у спраўным стане. Мы працуем ва ўсiх 23 раёнах Мiнскай вобласцi. У першую чаргу ў поле зроку трапляюць збудаваннi, пра якiя ўвогуле няма нiякай iнфармацыi. На сёння мы прадыягнаставалi звыш 100 мастоў. Стан многiх з iх сведчыць пра тое, што ў блiжэйшы час работы аддзелу хопiць. Буйнейшы наш праект у гэтым годзе — мост праз раку Гайна, якi звязвае дзве вёскi ў Лагойскiм раёне: Гасцiлавiчы i Рудню. Уласна кажучы, мост там быў i раней — драўляны. Аднак ён прыйшоў у крытычны стан — фактычна быў разбураны. Мясцовым жыхарам даводзiлася рабiць крук у добры дзесятак кiламетраў, каб трапiць на другі бераг ракi. Праект новага маставога пераходу ў гэтым месцы iснаваў i раней, аднак ён прадугледжваў узвядзенне зборнага моста. Мы выкарысталi iншую больш сучасную канструкцыю, за кошт чаго дабiлiся змяншэння даўжынi самога моста — метраў на пяць, што, адпаведна, дазволiла зэканомiць матэрыялы i зрабiць праект таннейшым. Гэта наша сумесная работа з Беларускiм навукова-даследчым iнстытутам будаўнiцтва. Яны выконвалi разлiкi канструкцый, а непасрэдна праект — ужо наша заслуга. Гаворачы пра адметнасць гэтай работы, трэба адзначыць, што такi мост у Беларусi пабудаваны ўпершыню. Канструктыўная схема збудавання — маналiтная чатырохпралётная неразразная рама. За кошт рамнай канструкцыi ўдалося дасягнуць знiжэння расходу бетону i арматуры. Зборных канструкцый, акрамя паляў, якiя выраблялiся на заводзе, у праекце няма ўвогуле. Усе астатнiя работы выкананы сiламi нашых падрадчыкаў. Сёння мост ужо ўведзены ў эксплуатацыю. Дарэчы, па гэтаму праекту ў НДIБ рыхтуецца дысертацыя. У аддзеле па-ранейшаму працуюць пяць чалавек. Зараз нагрузка на маставiкоў вялiкая, работы хапае. Сярод буйных сёлетнiх работ аддзела можна назваць таксама праект маставога маналiтнага пераходу ў Смалявiцкiм раёне. Ёсць праекты новых мастоў у зборных варыянтах у Капыльскiм, Стаўбцоўскiм, Маладзечанскiм раёнах. Iх будаўнiцтва запланавана на наступны год. «ЖЫЛЛЁ Ў ВЁСЦЫ ПАВIННА БЫЦЬ НЕ ТОЛЬКI ТАННЫМ, АЛЕ I СУЧАСНЫМ» — Аддзел праектавання прамысловага i грамадскага будаўнiцтва невялiкi — 8 чалавек — нефармальна дзелiцца на два сектары, — адзначыў яго начальнiк Леў Лiопа. — Першы займаецца праектаваннем асфальта-бетонных баз. Як правiла, гэта рэканструкцыя. Другi сектар праводзiць абследаванне iснуючых будынкаў i збудаванняў. Адпаведную лiцэнзiю мы атрымалi каля двух гадоў таму. Сёлета асноўныя сiлы аддзела былi кiнуты на праектаванне дзесяцi домiкаў, якiя па прэзiдэнцкай праграме ўводзiлiся ў Лагойскiм раёне. Гэта была наша першая падобная работа. Дастаткова аб’ёмная i карпатлiвая. Тыпавыя праекты домiкаў давялося iстотна перарабiць: кажучы нашай мовай — «прывязаць» да мясцовых умоў. Гэта было звязана з неабходнасцю зрабiць праекты больш таннымi, адаптаваць пад даступныя матэрыялы. З другога боку, мы павiнны былi ўлiчыць пажаданне кiраўнiка дзяржавы, якое ён выказаў падчас адной з нядаўнiх паездак па рэгiёнах: пры ўсёй эканомii жыллё для спецыялiстаў у вёсцы павiнна мець таварны выгляд, быць зручным. Згодна з такой устаноўкай, мы замянiлi, напрыклад, шыферны дах на чарапiчны. Вулiца адразу стала не толькi больш прыгожай, але i больш сучаснай. Таксама нашым аддзелам разам з домiкамi былi запраектаваны ўсе iнжынерныя сеткi i камунiкацыi. Кожны домiк атрымаў газавы кацёл, водаправод. Запраектавалi нават агароджы, якiя раней кожны гаспадар рабiў самастойна. Працавалi мы адразу з трыма тыповымi праектамi. Плошча ўсiх iх прыкладна аднолькавая — каля 100 квадратных метраў. Плюс пабудова са склепам. Лiчу, што з пастаўленай задачай аддзел справiўся. Асаблiва хачу адзначыць работу галоўнага канструктара Наталлi Мiрончык, вядучага спецыялiста Наталлi Касковай, на плечы якой лягла работа па падрыхтоўцы каштарыснай дакументацыi, тэхнiка Сяргея Яглеева, якi сярод iншага займаўся выкананнем каляровага рашэння фасадаў дамоў. Натуральна, акрамя гэтай работы аддзел займаўся сваiмi непасрэднымi абавязкамi. Сярод апошнiх аб’ектаў можна ўзгадаць праекты бiтума- i мазутасховiшча на базе ДРБУ-165. Другi вялiкi накiрунак нашай дзейнасцi — абследаванне жыллёвага фонду, будынкаў i збудаванняў на прадмет вызначэння нясучай здольнасцi канструкцый. Патрэба ў абследаваннi ўзнiкае, скажам, пры ўстаноўцы новага абсталявання, укараненнi новых тэхналогiй у прамысловых будынках. Нават пры замене даху ў жылых памяшканнях. Да таго ж трэба паглядзець, у якiм стане знаходзiцца будынак, цi не страцiў ён нясучай здольнасцi i г.д. Сёлета актыўна аказвалi паслугi насельнiцтву. Да нас iдуць людзi, якiя ў свой час зрабiлi перапланiроўку кватэры, а зараз хочуць яе ўзаконiць i атрымаць тэхпашпарт. Для гэтага патрэбна заключэнне спецыялiзаванай арганiзацыi, якая вызначыць, цi не змянiлася нясучая здольнасць канструкцый i выдасць адпаведнае заключэнне. Нашы цэны на парадак меншыя, чым у камерцыйных арганiзацый, таму ад жадаючых скарыстацца гэтай паслугай, як кажуць, адбою няма. Праўда, з-за нашай асноўнай работы, мы не заўсёды маем час iм дапамагчы. Сёлета такiм чынам мы абследавалi 25 кватэр у сталiцы. «ЯКАСЦЬ РАБОТ ПАЦВЕРДЗIМ СЕРТЫФIКАТАМ» — На нашым прадпрыемстве функцыянуе сiстэма менеджменту якасцi на адпаведнасць патрабаванням СТБ ISO 9001-2001, — адзначыла iнжынер першай катэгорыi Наталля Васiльева. — У 2002 годзе адпаведны сертыфiкат быў атрыманы КУП «Мiнскаблдарбуд». Зараз вядзецца падрыхтоўка для пацвярджэння гэтага сертыфiката. Паколькi КУП «Аблдарпраект» з’яўляецца даччыным прадпрыемствам Мiнскага аблдарбуда, мы хацелi б атрымаць яшчэ i свой асобны сертыфiкат на праектаванне. На сертыфiкацыю будзем выстаўляць тры працэсы: аналiз заключэння кантрактаў дагавораў; праектна-пошукавыя работы, якiя будуць уключаць ў сябе пошук, дыягностыку i праектаванне; працэс афармлення выпуску праектаў. Зараз вядзецца актуалiзацыя iснуючых стандартаў, у iх унесены iстотныя змяненнi, распрацавана новая рэдакцыя кiраўнiцтва па якасцi. 22 лiстапада чакаем камiсiю з Беларускага дзяржаўнага iнстытута метралогii. Сяргей ПРОТАС, Алена ДАЎЖАНОК, Аляксей СУПРУН (фота). Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Дырэктар камунальнага ўнiтарнага прадпрыемства «Аблдарпраект» Мiронiя ГУЦЬКО: «За праектамi мы бачым Сёлета ў цэнтры ўвагi мясцовых дарожнiкаў Мiншчыны знаходзiлася задача па рэалiзацыi Дзяржаўнай праграмы адраджэння i развiцця вёскi
|
|