21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Перад зазiмкам

25.08.2009 22:06 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Валянцiна ДОЎНАР

Простая мова

...Няёмка за сябе: як акын, што бачу, тое i пiшу. Але ж (прабачце, зноў пачынаю. Здалёку. — Аўт.)...

Вы ведаеце, напрыклад, чаму ў жанчын так тапкi «гараць» (у сэнсе — зношваюцца)? Правiльна — таму, што топчуцца, топчуцца, топчуцца... Па гаспадарцы, па хаце, па кухнi. Рана, нi свет нi зара, удзень, увечары, у буднi, у выхадны...

У той — замежны госць у нас быў. З Украiны. Досыць сталага веку. Снедаў, прыехаўшы. Як гусь на блiскавiцу, глядзеў на экран (гэта ж нам прывычна (?), што праграма «Добрай ранiцы, Беларусь!» iдзе на iншай мове) пакуль гаварыла вядучая, пакуль iшлi навiны... Калi ж чарга дайшла да народнага календара i нейкая дыктарка стала казаць, што сёння (умоўна) — «Филипп» i што (гэта — ўжо даслоўна) «наши предки — примечали: яркие звезды в этот день к морозу», скрынку выключыў. Каб больш за час гасцявання — не ўключыць нi разу. Тут, у гэтай зямлi, ягоныя продкi...

Яны — з большага непiсьменныя i насамрэч чаго нi прыкмячалi (можна ўявiць, як iм гэта «лёгка» было) — пра надвор’е, ураджай, жыццё. Ды i мы туды ж...

На фiнiшы года

— Дажылiся, во дажылiся! — крыўдзiцца з-за плоту сусед па дачы, — хацеў, хоць некаму, яблыкаў даць. А-нi-хто не бярэ. Свае ва ўсiх! Яблычны сёлета год.

— Не, не яблычны, — рашуча папраўляе яго жонка (дзiўна было б, каб згадзiлася. — Аўт.), а агурочны. Гэта ж мы iх — аж да Пакроваў салiлi!.. Цi ў крайнiм выпадку, можа, грыбны. Помнiш — кашамi ж насiлi?..

— А кукуруза, кукуруза якая была! На калгасным полi... Ты сама казала: «Век жыву, такой — не бачыла!» — лезе ў «Бутырку» сусед. I потым, скарыстаўшы паўзу, цяжка ўздыхнуўшы, зазначае. — Шкада — Хрушчоў не дажыў.

...Пасаджанае, пасеянае (што восенню вiдаць, як нiколi) ўзыходзiць, расце i дае свой плён.

Жывуць i (здараецца) перамагаюць мары i справы людзей. У тым лiку — палiтыкаў.


Слова? Сiла!

«Стомленыя, але шчаслiвыя яны вярталiся дадому». Гэта — пра нас: разам з каляжанкай, у аўтобусе, мы едзем з работы. I нават не проста так, а з «музыкай». Яна — у выглядзе досыць гучнага «ду-дух, ду-дух, ду-дух», як молатам, б’е па вушах. Усiм на задняй пляцоўцы. Што гаварыць пра хлапца, якi слухае ўсё... праз навушнiкi.

— Бедныя перапонкi! — цяжка ўздыхнуўшы, зазначае прыяцелька, — а ўжо мазгi...

— калi яны ёсць? — удакладняе адзiн з пасажыраў.

I музыка ўжо... гучыць весялей. Прычым, здаецца, для ўсёй пляцоўкi.


Дэфiцыт

Веньямiнаўна з маладосцi яшчэ (ды напоўнiцу!) хапiўшы i голаду i холаду, жыцця па чужых вуглах, касцьмi рашыла легчы, а нашчадкаў сваiх падстрахаваць — катэдж за Мiнскам будуе. Ну каб разам усе i паасобку (у сваiх пакоях), каб ружы пад вокнамi, каб тут жа, у садзе, альтанкi, каб гаражы пад бокам, лазня свая, басейн...

Яна ведала, што гэта дорага, яна ведала, што гэта —цяжка. Не ведала, што так... Дзевятая брыгада на будоўлi працуе (дом пад страхой ужо) — яшчэ тыя майстры:

— Цвiк забiў, — плачацца кабета, — долар, а калi два — усе пяць. Прычым да абеду яшчэ неяк iх б’юць, пасля — у магазiн схадзiлi i кропка — квасяць сядзяць. Кажу iм: «Хлопчыкi, вы ж маладыя... Вам жа сама зарабляць, сама жыць цяпер! Як не сорамна?». Яны мне: «Гэта вам павiнна быць сорамна». «Мне? За што?! — пытаюся. — Я ж з 13 гадоў працую. Мне ж дарма — нiхто капейкi не даў...». Кажуць: «А вам даўно на могiлках трэба ляжаць, рукi склаўшы, а вы тут будоўлю распачалi, галовы нам дурыце». Хацела iм сказаць, што я ж плачу. Стрымалася. Не дай Бог пакрыўдзяцца...

Парадокс: майстроў, нават такiх, як гэныя, куды меней, чым людзей, гатовых плацiць?


Прыкметы часу

У горадзе (гэта — першая...) чым блiжэй да цэнтра, тым больш нейкiх страўняў, харчэўняў, пiўных, рэстаранаў, проста забягалавак, маленькiх цi большых кафэ, дзе можна спынiцца, узяць якога соку цi кавы, пасядзець (у добрае надвор’е — тут жа, пад парасонам, на свежым паветры), перакусiць, паглядзець на людзей...

За столiкам злева — хлопец з дзяўчынай: сядзяць, моўчкi пацягваюць пiва i смаляць (абое), справа — стомленая пажылая кабета (вяскоўка, вiдаць) з бутэлькай «Дарыды». Паводдаль, на лавачцы — ужо напiўшыся (i не яе...), седзячы, спiць мужык — малады, не бедна апрануты.

Да яго (недзе праз хвiльку) падсаджваецца прыкладна такая ж кабета, кладзе руку... на сцягно, акуратна абмацвае бакавую кiшэню, вычэквае крыху, прасоўвае руку да задняй...

— Правiльна, — ухваляе яе вяскоўка. — Хоць нейкую капейку ўратуе, забярэ для дзяцей. Гэта ж жонка, вiдаць?

— Не, — прымаючы са стала лiшнi посуд, тлумачыць афiцыянтка, — гэта — даiльшчыца. Багаце кiшэнi, як чысцiць.

— I што — нiхто не заступiцца?

— За каго?..

Чытай (прымета другая. — Аўт.): тут цвярозы не патрэбен нiкому, а ўжо п’яны...


Праз вулiцу

Яны жылi вокны ў вокны i адна адну цiха ненавiдзелi. Гэта значыць — мiж сабой не гаварылi (так, «дабрыдзень-бывай»), але i не сварылiся. Казалi толькi, што першая звала (за вочы) другую (яна сямёх нарадзiла) карэлiцай, дурнем, трусiхай, а другая (адпаведна — першую) — проста iндычкай.

Таму, калi сын яе, менавiта з гэтай сямёркi, выбраў дзяўчо, — зямлю стала рыць: бэсцiла (як толькi магла) i тую абраннiцу, i тую сям’ю, крычала, плакала, не пускала на вулiцу, а ўжо шлюб браць...

Хлопцу ж — як свет засланiла: нiчога не чуў.

— Ну калi так, — прамовiла ўрэшце, — жанiся. Толькi ведай, што пасля гэтага — ты мне не сын, а я табе болей — не мацi.

Тыдзень той дома сядзеў, думаў, курыў. Потым — забраў дакументы, бацькаву фотку i пайшоў. На другi бок вулiцы.

Вяселле там было. Хоць i сцiплае. Дзецi з’явiлiся, а потым i ўнукi. Без малога — чвэрць веку прайшло! Але i пагэтуль мацi не даравала яму, ён — не дараваў ёй.

Так i жывуць. Вокны ў вокны. Праз вулiцу.


Людзей слухай...

Загадка (зноў жа ад продкаў): што любiш, ды нi ў кога не купiш, што не любiш, ды нiкому не прадасi? Правiльна: маладосць i старасць.

Яна (не вам кажучы) рознай бывае — прыгожай i непрыгожай, шчаслiвай i бядотнай. Баба Лена вось з кватэры не выходзiць. Пяты год ужо. Ногi баляць.

Хто ў тым вiнаваты? Зразумела ж вайна, што пакiнула яе без бацькi, без хаты нармальнай, без адзення i ежы. А яшчэ (яна кажа) — мода:

— На зiму i на лета адна зрэбная спаднiчка была, адны туфлi. Потым — на гумовiкi неяк узбiлася. I на пончохi з капрону. Горай у iх, чым босы! А яшчэ як снегу навалiцца... Але ж модна. Галаву б зняла таму «мадэльеру»!

...Чужую, як правiла, мы схiльны «шукаць» часцей.

Пытанне, дзе была ўласная, упэўнена, раней цi пазней але «дастане» абсалютную большасць дзяўчат, што да «болей няма куды» агаляюць сёння жываткi i спiны, грудзi i ногi.


...Не дочкi

Звонку тая хата як хата, як большасць — яшчэ за плотам, калiсьцi шаляваная, калiсьцi фарбаваная. А вось унутры...

Ля дзвярэй яшчэ ледзь з ног не звалiла: цяжкае, спёртае паветра, на столi, на сценах — старыя зжаўцелыя шпалеры, пад нагамi — збiтыя палавiкi, у куце — нямая чорная печ. А на покуце, на стале... букет — вялiкi, блiскучы, нахабны.

Зрэшты, думаць пра яго можна ўсё, што заўгодна. Гаварыць — адно:

— Бацюхны, якая прыгажосць! I адкуль жа гэта?

— Юбiлей быў, — святлее твар гаспадынi. — 75 гадочкаў пражыла. Дык сыны прыязджалi. «Шампанскага» прывезлi, падарунак ад унукаў i кветкi во — «ад ня-явестак».

...Грэх на душу, але дочкi, напярэдаднi, найперш ачысцiлi б хату, пераклеiлi шпалеры, перамылi адзежу. «Ня-явесткi» (бабуля так прамаўляе) — прыслалi букет.


Перад зазiмкам

...Не пра тапкi. Але ж гэта цi не спрадвечнае ў нашых жанчын — да пачатку зiмы прыбраць кармiцельку-зямлю, перагледзець летнiя апраткi, перамыць iх (вясёлыя, яркiя, лёгкiя...), папрасаваць i схаваць падалей да насамрэч лепшых часоў, дастаць цёплыя, падрыхтаваць дом. Гэта значыць, вычысцiць дываны, унесцi ў хату вазоны, вымыць i ўцяплiць вокны...

Толькi ўзялася, толькi зняла «адзенне» з першага, адчынiла фрамугу, у кухню (шосты паверх, канец кастрычнiка...) муха ўляцела — вялiкая, чорная. Верталётам загула пад столлю, важна «прайшлася» па стале, зноў закружыла, прысела на шафку. А там — ужо гаспадар. З газетай...

Пакуль мыла тое акно, думала: раптоўная, лёгкая смерць... Але ж недарэчная. I, галоўнае, з-за чаго? З-за дурасцi. Ну пашчасцiла табе, ну ўляцела ты ў цёплую хату, дык не нарывайся ж, забiся дзе ў кут i сядзi. Хоць перазiмуеш... Не, ёй, трэба характар паказаць.

Гэта я пра муху? Цi пра сябе?

А можа, пра вас?

Прырода вучыць чалавека. Чалавек таксама мог бы... Навучаны...



 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Вы ведаеце, напрыклад, чаму ў жанчын так тапкi «гараць» (у сэнсе — зношваюцца)? Правiльна — таму, што топчуцца, топчуцца, топчуцца... Па гаспадарцы, п
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика