Як вырашыцца жыллёвая праблема шматдзетнай сям’i?
Сяргей РАСОЛЬКА
«Гарачы» тэлефон «Звязды» 287-17-41 Сям’я Навацкiх з вёскi Чарноцкае Петрыкаўскага раёна — шматдзетная, у ёй выхоўваюцца 6 дзяцей, пяцёра з якiх з’яўляюцца непаўналетнiмi. Гаспадыня Наталля Iванаўна працуе цялятнiцай, яе муж — iнвалiд II групы. Сям’я з васьмi чалавек пражывала ў саўгасным домiку на плошчы, як паведамiла Наталля Iванаўна, 14 квадратных метраў. Згодна з указам Прэзiдэнта шматдзетную сям’ю на працягу года павiнны забяспечыць уласнай жыллёвай плошчай. Быццам бы i варыянт падыходзячы з’явiўся, але...— У суседняй вёсцы Велаўск мы нагледзелi цагляны дом плошчай 96 квадратных метраў. I хоць мы маем права на большую плошчу, у прынцыпе жыллё нас задавальняе. Аднак гаспадары просяць за дом 8 тысяч долараў, з якiх палову мы павiнны заплацiць самi. Але ж у нашай сям’i такiх грошай няма. Што нам рабiць? Сiтуацыю па просьбе рэдакцыi пракаментавала галоўны спецыялiст аддзела архiтэктуры i будаўнiцтва Петрыкаўскага райвыканкама Галiна ПЫРКО. — У адпаведнасцi з Указам № 185, iльготныя крэдыты для шматдзетных сем’яў могуць прадастаўляцца як для будаўнiцтва, так i набыцця жылля на другасным рынку. Улiчваючы, што такiя катэгорыi грамадзян павiнны быць забяспечаны жыллём на працягу года, аблвыканкам даў дазвол на вырашэнне праблемы найперш праз набыццё жылля, — патлумачыла Галiна Фёдараўна. — Згодна з ацэначным коштам, памянёны дом у вёсцы Велаўск, каштуе 15,1 мiльёна рублёў. Дагаворная цана гаспадароў супадае з гэтай лiчбай. Але пры кожным выканкаме ёсць спецыяльная камiсiя, якая дае жыллю камiсiйную (iншымi словамi, рынкавую) ацэнку, што склалася на дадзены момант у сельскай мясцовасцi. Паводле даных гэтай камiсii, рыначны кошт згаданага дома складае 9 мiльёнаў 183 тысячы рублёў. Усе тры лiчбы ўносяцца ў дагавор, але пры выдачы крэдыту банк кiруецца апошняй, найменшай лiчбай. Гаспадары ж жылля жадаюць атрымаць больш, адпаведна паўстае пытанне: як быць? Як паразважала далей Галiна Пырко, праблема, магчыма, у тым, што i самi пакупнiкi не збiваюць цану, ведаючы, што дзяржава шматдзетнай сям’i ўсё роўна акажа матэрыяльную падтрымку. Прадаўцы, ведаючы тое ж, таксама пакуль не хочуць знiжаць цану, хоць, паводле iнфармацыi Галiны Фёдараўны, iншых пакупнiкоў, акрамя сям’i Навацкiх, у iх пакуль таксама няма. Што ж рабiць нашым заяўнiкам? Па-першае, як ужо сказалi, збiваць цану на дом. Па-другое, нядаўна з’явiўся яшчэ адзiн варыянт з магчымым жыллём для сям’i (хоць, па праўдзе, яго гаспадары таксама хацелi б атрымаць больш грошай). У адваротным жа выпадку давядзецца адмяняць рашэнне аб дазволе на набыццё дома на другасным рынку. Можна будзе разлiчваць на атрыманне крэдыту на будаўнiцтва. Але сям’я Навацкiх, заўважыла Галiна Пырко, ужо зараз адмаўляецца ад гэтага варыянта: гэта i больш дорага, i больш складана. Застаецца чакаць кансэнсусу памiж прадаўцамi i пакупнiкамi дома, якi задаволiў бы абодва бакi?..
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сям’я Навацкiх з вёскi Чарноцкае Петрыкаўскага раёна — шматдзетная, у ёй выхоўваюцца 6 дзяцей, пяцёра з якiх з’яўляюцца непаўналетнiмi
|
|