Галоўны стымул нараджальнасцi — патрэба сем’яў у дзецях
Надзея НIКАЛАЕВА
У пасляваенны перыяд аж да пачатку 90-х гадоў колькасць насельнiцтва ў Беларусi пастаянна расла. Праўда, тэмпы гэтага росту паступова знiжалiся: у 80-я гады ў параўнаннi з 50-мi натуральны прырост насельнiцтва зменшыўся ў 2 разы. А ў 1993 годзе ўпершыню колькасць памерлых перавысiла колькасць нованароджаных. За апошнiя пяць гадоў (з 2001 па 2006 гг.) насельнiцтва Беларусi зменшылася на 240 тысяч чалавек. Кожны год наша краiна страчвае каля 50 тысяч чалавек, што адпавядае колькасцi насельнiцтва такога раённага цэнтра, як Слонiм цi Кобрын. Сёння ўзровень нараджальнасцi ў Беларусi нават нiжэйшы, чым у гады Вялiкай Айчыннай вайны. Аналiз дэмаграфiчнай сiтуацыi сведчыць аб тым, што наша краiна не ўзнаўляе сваё насельнiцтва ўжо больш за два дзесяцiгоддзi...
— Для звычайнага ўзнаўлення насельнiцтва кожная жанчына, якая знаходзiцца ў рэпрадуктыўным узросце, павiнна нарадзiць больш як 2 дзiцяцi, — тлумачыць журналiсту «Звязды» начальнiк аддзела дэмаграфiчных даследаванняў НДI статыстыкi Мiнiстэрства статыстыкi Рэспублiкi Беларусь Вольга ФIЛIПАВА. — А ў нас сумарны каэфiцыент нараджальнасцi знаходзiцца зараз на ўзроўнi 1,2, гэта значыць, што пры захаваннi нараджальнасцi на сучасным узроўнi кожная жанчына на працягу рэпрадуктыўнага перыяду з 16 i да 49 гадоў народзiць толькi 1,2 дзiцяцi. Прычым дэмографы схiляюцца да думкi, што нават пры здзяйсненнi самых аптымiстычных прагнозаў да канца гэтага дзесяцiгоддзя каэфiцыент сумарнай нараджальнасцi не перавысiць паказчык у 1,4 дзiцяцi. Ва ўсякiм выпадку ўстойлiвых тэндэнцый да яго росту пакуль не прасочваецца. Больш таго, iнтэнсiўнасць нараджэнняў скарачаецца ў найбольш рэпрадуктыўным узросце — ад 20 да 29 гадоў. Сёння ў гэты ўзрост уступiла шматлiкае пакаленне, нарожданае ў 80-я гады, таму i адбылося нязначнае павелiчэнне колькасцi нованароджаных. Колькасць жанчын ва ўзросце ад 20 да 29 гадоў складае зараз каля 750 тысяч чалавек. Але калi маладыя жанчыны рэалiзуюць свае рэпрадуктыўныя ўстаноўкi (адно — максiмум два дзiцяцi), нас зноў чакае дэмаграфiчны правал. Прычым яшчэ больш глыбокi, чым сёння... — Вольга Уладзiмiраўна, а наколькi актуальная для беларусаў заходняя мадэль: найперш адукацыя, кар’ера i толькi затым — з’яўленне дзяцей? У якiм узросце маладыя людзi ствараюць сем’i i нараджаюць дзяцей? — Узрост уступлення ў шлюб устойлiва павышаецца. Так, у 2005 годзе сярэднi ўзрост уступлення ў першы шлюб беларускiх мужчын складаў 25,7 года, а жанчын — 23,5 года. Сярэднi ўзрост з’яўлення на свет першага дзiцяцi складаў 23,9 года i гэты паказчык таксама мае тэндэнцыю да павышэння. Увогуле ўсе змяненнi ў шлюбнасцi насельнiцтва Беларусi адпавядаюць еўрапейскiм тэндэнцыям: i стварэнне сем’яў, i з’яўленне дзяцей адкладваюцца на больш познi час. Жанчыны iмкнуцца спачатку зрабiць кар’еру, замацавацца ў грамадстве. Прычым сярэднi ўзрост стварэння сям’i вар’iруецца ў залежнасцi ад рэгiёна. Статыстычнае мадэлiраванне шлюбнасцi паказала, што самы познi тэрмiн уступлення ў першы шлюб назiраецца ў сталiцы: у мужчын — гэта 26,7 года, а ў жанчын — 24,7 года (дадзеныя на канец XX стагоддзя). Пры захаваннi сучаснага ўзроўню шлюбнасцi з кола цяперашнiх 16-гадовых мужчын да 30 гадоў возьмуць шлюб толькi 74,8 працэнта. I тут таксама прасочваюцца тэрытарыяльныя адрозненнi. Скажам, з мужчын-мiнчан возьмуць шлюб да 30-цi гадоў толькi 70,2 працэнта. У Вiцебскай вобласцi — 73,2 працэнта мужчын, а ў Брэсцкай — 79,2 працэнта (гэта самы лепшы па краiне паказчык). Калi паглядзець на жаночае насельнiцтва Беларусi, то з кола цяперашнiх 16-гадовых дзяўчат возьмуць першы шлюб да 30-цi гадоў 82,7 працэнта. Пры гэтым у Брэсцкай, Гродзенскай i Мiнскай абласцях возьмуць шлюб да 30 гадоў ад 85,7 да 87 працэнтаў жанчын. У Вiцебскай, Гомельскай i Магiлёўскай абласцях — ад 82,7 да 83,1 працэнта, а ў сталiцы — толькi 75 працэнтаў. Трэба зазначыць, што шлюбы, заключаныя да 30 гадоў, з’яўляюцца найбольш дзетнымi, таму iх колькасць аказвае ўплыў на натуральнае ўзнаўленне насельнiцтва, нават нягледзячы на шырокае выкарыстанне сем’ямi метадаў рэгулявання нараджальнасцi. Апошнiм часам усё часцей беларусы свядома адмаўляюцца ад рэгiстрацыi стварэння сям’i. Аб гэтым можна меркаваць хоць бы па таму, што кожнае чацвёртае дзiця нараджаецца па-за зарэгiстраваным шлюбам, а ў сельскай мясцовасцi — нават кожнае трэцяе дзiця. На 1 тысячу насельнiцтва летась прыпадала 7,5 заключаных i 3,1 — скасаваных шлюбаў. Сутыкнулiся мы i з такой нехарактэрнай раней для беларусаў з’явай, як з’яўленне новых формаў шлюбнага жыцця. Напрыклад, гэта асобнае пражыванне на розных кватэрах мужа i жонкi. Наўрад цi такая форма сям’i спрыяе нараджэнню дзяцей. — А цi шмат у нашым грамадстве людзей, якiя застаюцца на ўсё жыццё адзiнокiмi? — У дэмографаў ёсць такое паняцце як канчатковая першасная бясшлюбнасць — гэта доля асобаў, якiя да 50-цi гадоў нiколi не былі ў шлюбе. Па дадзеных апошняга перапiсу яна невялiкая — каля 4 працэнтаў. Аднак нашы даследаваннi сведчаць, што пры захаваннi сярод мужчынскага насельнiцтва сучаснага ўзроўню шлюбнасцi гэта можа стаць дастаткова распаўсюджанай з’явай — да 50 гадоў так i не возьмуць шлюб 13,3 працэнта мужчын. Найбольш нiзкi ўзровень канчатковай бясшлюбнасцi адзначаецца ў Брэсцкай i Гомельскай абласцях — 10,9 i 12,3 працэнта адпаведна, а таксама ў Мiнску — 11,7 працэнта, а самы высокi — у Вiцебскай i Магiлёўскай абласцях (каля 15 працэнтаў). Сярэднi рэспублiканскi паказчык канчатковай жаночай бясшлюбнасцi, разлiчаны для сучаснага пакалення 16-гадовых, роўны 9,2 працэнта. Па абласцях доля нiколi не браўшых шлюб 50-гадовых жанчын вагаецца ад 6,5 (Мiнская вобласць) да 9,2—9,4 працэнта (Гомельская i Вiцебская вобласцi), а ў Мiнску дасягае 13,5 працэнта. Патлумачу, што на характарыстыкi шлюбнасцi аказваюць уздзеянне культурна-гiстарычная спадчыннасць i каштоўнасцi жыхароў той цi iншай мясцовасцi. Для заходнiх рэгiёнаў характэрныя больш трывалыя сем’i i нiзкая колькасць грамадзянскiх шлюбаў, што з’яўляецца следствам больш моцнай арыентацыi на заключэнне шлюбаў. Мае свае адметнасцi таксама i Мiнск. Статус сталiчнага горада абумоўлiвае спецыфiчныя сацыяльна-эканамiчныя i сацыякультурныя ўмовы, у тым лiку больш высокiя даходы насельніцтва, дарагоўлю жыцця ў мегаполiсе, яркае праяўленне каштоўнасцяў iндывiдуалiзму. Адзiнота ў маладым узросце з’яўляецца для мiнчан своеасаблiвым стылем жыцця. — А наколькi iстотна ўплывае на рэпрадуктыўныя ўстаноўкi насельнiцтва сацыяльна-эканамiчная сiтуацыя ў краiне? — У пачатку 90-х гадоў, калi ў эканомiцы адбывалiся глыбокiя негатыўныя працэсы, агульнае збядненне насельнiцтва i няўпэўненасць у заўтрашнiм днi, бясспрэчна, паўплывалi на знiжэнне агульнага паказчыка нараджальнасцi. Аднак тлумачыць дэмаграфiчную сiтуацыю аднымi эканамiчнымi тэндэнцыямi — сур’ёзная памылка. Амаль напалову знiжэнне нараджальнасцi ў 90-я гады было прадвызначана асаблiвасцямi дэмаграфiчнай структуры. У 1989 годзе полаўзроставая структура насельнiцтва пачала дэфармавацца, таму што ў гэты час у актыўны дзетародны ўзрост уступiлi малаколькасныя кантынгенты, якiя нарадзiлiся ў 60-я гады. На пачатак 1995 года жанчын ва ўзросце ад 20 да 29 гадоў аказалася на 135 тысяч менш, чым у 1985 годзе — гэта значыць на 16 працэнтаў менш за ранейшую колькасць. Мяркую, што на сёння матэрыяльны дабрабыт грамадства ўплывае на рэпрадуктыўныя ўстаноўкi i iх рэалiзацыю ў значна меншай ступенi, чым дзесяцiгоддзе назад, хоць цалкам яго нельга скiдваць з рахункаў. Ёсць куды больш сур’ёзная прычына. У нашым грамадстве трывала ўкаранiлася ўстаноўка на аднадзетную, максiмум двухдзетную сям’ю, а шматдзетныя сем’i сёння не ў модзе. Кола пазашлюбных iнтарэсаў працягвае расцi: моладзь аддае перавагу атрыманню адукацыi, кар’ернаму росту, вандроўкам i гэтак далей, а дзецi, вядома, гэтаму перашкаджаюць. Нават калi мы заўтра будзем жыць у поўным дастатку, усё роўна нараджальнасць у нас рэзка не павысiцца. Дастаткова паглядзець на заможныя еўрапейскiя краiны, дзе так востра не стаiць праблема забеспячэння сем’яў жыллём, i над еўрапейцамi не вiсiць пагроза выжывання, тым не менш нараджальнасць там таксама застаецца зусiм невысокай, i еўрапейскiя нацыi таксама самi сябе не ўзнаўляюць. Я абсалютна перакананая, што галоўны фактар, ад якога залежыць павышэнне нараджальнасцi, гэта патрэба ў вялікай колькасці дзяцей. — Але ў 80-я гады мiнулага стагоддзя ўладам усё ж такi ўдалося паўплываць на рост нараджальнасцi... — ...Гэта быў кароткачасовы ўсплёск, якi доўжыся з 1983 па 1986 год. Сёння дэмографы аднадушныя ў сваiх высновах: меры дзяржаўнай дэмаграфiчнай палiтыкi змаглi ўнесцi карэктывы галоўным чынам толькi ў так званы каляндар нараджэнняў. Гэта значыць, што павелiчэнне нараджальнасцi адбывалася галоўны чынам за кошт рэалiзацыi бацькамi ўжо iснуючых у iх установак аб жаданай колькасцi дзяцей у сям’i, якiя часова адкладвалiся па тых цi iншых прычынах. А на рашэнне бацькоў аб павелiчэннi колькасцi дзяцей у сям’i прынятыя меры нiяк не паўплывалi, пра што сведчыць знiжэнне нараджальнасцi ўжо ў 1987—1988 гадах. — Вольга Уладзiмiраўна, i ўсё ж такi якiмi дэмаграфiчнымi тэндэнцыямi сёння можна кiраваць i што трэба зрабiць, каб выкараскацца з дэмаграфiчнай ямы? — У першую чаргу трэба звярнуць увагу на працягласць жыцця i смяротнасць беларусаў. Устойлiвай тэндэнцыi павышэння сярэдняй чаканай працягласцi жыцця ў Беларусi не назiраецца, зараз яна складае 75,1 года ў жанчын i 62,9 года — у мужчын (дадзеныя за 2005 год). Рознiца ў 12 гадоў — проста ашаламляльная! Нi ў адно эканамiчна развiтай краiне свету не iснуе такога вялiкага разрыву ў сярэдняй чаканай працягласцi жыцця мужчынскага i жаночага насельнiцтва. Паказчык смяротнасцi мужчын у працаздольным ўзросце ў 4 разы перавышае паказчык смяротнасцi жанчын у аналагiчным узросце! А вяскоўцы жывуць менш, чым гараджане. Калi ў гараджан сярэдняя працягласць жыцця складае 70,5, то ў вяскоўцаў — 64,5 года. Нi ў адной эканамiчна развiтай краiне свету не iснуе такога вялiкага разрыву ў сярэдняй чаканай працягласцi жыцця гарадскога i сельскага насельнiцтва. — Няўжо прадказаннi песiмiстаў, што праз паўстагоддзя з беларускай зямлi можа знiкнуць апошнi вясковец, маюць шанцы спраўдзiцца? — Гэта цалкам рэальная пагроза. Смяротнасць у вёсцы ў некалькi разоў вышэйшая, чым у горадзе. Спецыялiсты тлумачаць гэты факт узроставым складам сельскага насельнiцтва, масавым распаўсюджваннем сярод вяскоўцаў алкагалiзму, знясiльваючай працай у грамадскай i ўласнай гаспадарцы, нiзкiм узроўнем дабрабыту, недастатковым развiццём на вёсцы сацыяльнай iнфраструктуры. Невыпадкова сёння ў Беларусi ўзяты курс на выроўнiванне сацыяльнага дабрабыту гараджан i вяскоўцаў i паляпшэнне медыцынскага абслугоўвання сельскага насельнiцтва. Гаворачы пра больш высокую смяротнасць у сельскай мясцовасцi, трэба ўлiчваць i тыя абставiны, што калi ў горадзе на сёння пенсiянерам з’яўляецца кожны пяты жыхар, то ў вёсцы — кожны трэцi...
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У пасляваенны перыяд аж да пачатку 90-х гадоў колькасць насельнiцтва ў Беларусi пастаянна расла. Праўда, тэмпы гэтага росту паступова знiжалiся: у 80-
|
|