Шчыруючы на прысядзiбным участку, большасць з нас у найменшай ступенi дбае пра эканамiчны эфект
Сяргей СТАРЫНАЎ
А на мой погляд... У сярэдзiне верасня, падчас масавай уборкi бульбы на прысядзiбных участках, калi памятаеце, мы праводзiлi апытанне: цi збiраецеся вы аказваць дапамогу вяскоўцам у правядзеннi сельскагаспадарчых работ. Тады ж мы паабяцалi працягнуць гэтую тэму, якая падалася нам цiкавай, але ў больш шырокiм сэнсе. А дакладней, прааналiзаваць сiтуацыю з панесенымi выдаткамi, што былi падчас сезона ўкладзены ў зямлю, i атрыманым у вынiку ўраджаем. Што ж, бурты, як кажуць, усе ужо закрылi, значыць, самы час «зводзiць дэбет з крэдытам».Якiя сродкi (матэрыяльныя, фiзiчныя, душэўныя) вы ўкладвалi на працягу сезона ў сваю дачу, зямельны ўчастак, агарод? Якi атрымалi восенню прыбытак (зноў жа — матэрыяльны, фiзiчны, душэўны)? Як вы асабiста ставiцеся да атрыманага канчатковага вынiку? Вiктар АМЕЛЬЯНОВIЧ, начальнiк Мiнскай гарадской iнспекцыi Камiтэта па каштоўных паперах пры Савеце Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь — Матэрыяльныя выдаткi, якiя нясе наша сям’я на працягу дачнага сезона, лiчу, не такiя ўжо i вялiкiя. Тыя ж саджанцы дрэў давялося набываць толькi аднойчы, усю далейшую селекцыю я праводжу сам. Хоць, канешне, увесну трэба заплацiць i за трактар, i за ўгнаеннi — арганiчныя i мiнеральныя, i яшчэ за што iншае. Зноў жа — кошт бензiну, каб ездзiць на дачу. За сезон, як мы падлiчылi, па ўсiх гэтых артыкулах выдаткаў «набягае» 300 тысяч рублёў. Як я ўжо сказаў, гэта, з аднаго боку, здаецца, i няшмат. З iншага, калi браць найперш эканамiчны бок пытання — зробленыя на асенне-зiмовы перыяд нарыхтоўкi — гэта нявыгадна. Бо за памянёную суму наша сям’я магла б забяспечыць сябе на зiму i капустай, i агуркамi, i памiдорамi. У гэтым сэнсе ўкладваць грошы ў дачу, участак, магчыма, i неапраўдана. А задавальненне?! Ад адпачынку, свежага паветра, шашлыкоў, зносiнаў з роднымi?! Ну, не было б у мяне дачы, што б я ў маiм сталым ужо ўзросце рабiў у горадзе ў выхадныя? Гуляў бы ў дамiно ў двары дома? А так атрымлiваю зарад бадзёрасцi, падчас працы забываю пра свае балячкi. Дарэчы, сам я — сялянскi сын, i ад фiзiчнай працы, калi ўсё зроблена на зямлi як след, атрымлiваю сапраўднае задавальненне. Як i мая жонка, дзецi, унукi. Побач з дачай лес, значыць, можна хадзiць у ягады-грыбы. Асабiста я найперш аматар «цiхага палявання». I яшчэ адзiн момант. Сёлета, як вядома, год быў багаты на яблыкi. У мяне з васьмi дрэў iх столькi было, што не ведаў, куды падзець. Зараз лiтаральна штодня нашу на працу па 15—20 яблыкаў i адорваю калег. I людзям карысць, i мне вельмi прыемна, бо вырашчаны яны сваiмi рукамi. Вольга СIДЗЕЛЬНIК, дырэктар дзяржаўнай установы «Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельнiцтва Шчучынскага раёна» — Сёлета ўвесну мы пасадзiлi недзе 30—35 сотак бульбы. Ураджай быў не вельмi багаты, бо самi памятаеце, якiя былi ўмовы надвор’я. Бульбу мы прадалi, але грошай пакуль яшчэ не атрымалi (смяецца). Дакладна, як вы кажаце, дэбет з крэдытам мы не параўноўвалi, але я думаю, што вынiк атрымаўся нулявы, г.зн. прыкладна што ўклалi, тое i атрымалi. Але i ў гэтым, i ў маральным плане я «не гружуся», нiякiх пакут у мяне не бывае. Бацькi жывуць у вёсцы, да такой працы я прызвычаiлася. Увогуле лiчу, працаваць фiзiчна карысна ўсiм. Хоць у нашай сям’i i бываюць спрэчкi (смяецца): муж хацеў бы жыць у кватэры, а я б вярнулася ў вёску, жыла б у прыватным доме... Так, на зямлi працаваць часам бывае цяжка, але галоўны вынiк такiх намаганняў для мяне ўсё роўна застаецца толькi станоўчым. Ад такой працы я атрымлiваю задавальненне. У рэшце рэшт, не ўсё ж можна вымяраць толькi грашыма!.. Людмiла КЛIМОВIЧ, начальнiк планавага аддзела РУП «Валожынскi жылкамунгас» — Шчыра скажу, мы такiя выдаткi — колькi грошай пайшло — нiколi не падлiчвалi. Канешне, сёлета давялося арганiку пад бульбу ўносiць, але гэтым пытаннем займалася мацi ў вёсцы. Сродкi, якiя iдуць на аплату праезду, таксама не падлiчвалi: трэба, дык едзем. Сёлетнi ўраджай убралi, але нават нiчога не ўзважвалi, не параўноўвалi. Для мяне такая праца — звыклая. Канешне, калi вось так пачаць аналiзаваць, дык, напрыклад, тую ж моркву можна было б купiць i на рынку, чым самому вырошчваць. Але ў нас нiколi такiх думак не было (смяецца). Наконт задавальнення... Так, дзецi цэлае лета правялi на рацэ, а я — у агародзе (смяецца). Ну а калi сур’ёзна, пагадзiцеся, прапалоць 20 сотак бульбы — прыемнага мала. Святлана НIКАЛАЕВА, пенсiянерка, г. Мiнск — Некалi мая свякроў увесь час непакоiлася: абы толькi на вялiкiм участку не было свабоднага месца. I не таму, што трэба было атрымаць большы ўраджай, закласцi нечага больш на захоўванне. Проста яна адносiлася да людзей таго пакалення, для якiх было непрымальным, каб зямля пуставала. Зараз гэты ўчастак сумесна апрацоўваюць некалькi сем’яў яе нашчадкаў. I хоць рабiць гэта зараз з-за ўзросту ўжо не так лёгка, мне ўвесь час прыгадваюцца тыя словы мацi мужа. Дарэчы, i дом, i зямля — гэта яшчэ i памяць аб iх, таму адмовiцца ад паездак туды я не магу... Сёлета не збiралася саджаць бульбу, але выпадкова трапiла неблагая насенка, пасадзiла лапiнку. Ураджай атрымаўся лепшы, чым звычайна, але ўсё роўна давялося набываць на зiму два мяхi. У нас велiзарны сад i сёлета было столькi яблыкаў, якiя фактычна давялося выкiнуць, што ў лiстападзе мы зрэзалi з паўтузiна дрэў. Каб не было маркотна адной ездзiць на ўчастак, я сваю «долю» падзялiла з сяброўкай, у якой дачы няма. Вырошчваем усяго патроху: капусту, моркву, часнок, сунiцы, клубнiцы — i сабе, i дзецям.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У сярэдзiне верасня, падчас масавай уборкi бульбы на прысядзiбных участках, калi памятаеце, мы праводзiлi апытанне: цi збiраецеся вы аказваць дапамогу |
|