«Пенсiйныя» справы з нюансамi
Сяргей ГРЫБ
На пытаннi чытачоў «Звязды» адказвае начальнiк галоўнага ўпраўлення пенсiйнага забеспячэння i сацыяльнага страхавання Мiнiстэрства працы i сацыяльнай абароны Валянцiна Вiкенцьеўна КАРАЛЁВА
(Заканчэнне. Пачатак у нумарах за 14—17, 21 лістапада) — Цi праўда, што з новага года памеры пенсiй «грамадзянскiм» працуючым пенсiянерам будуць зменшаны на 50 працэнтаў? Аляксей Сямёнавiч, г. Мiнск — Не, Аляксей Сямёнавiч, не праўда. Пытанне аб змяншэннi памераў выплат пенсiй па ўзросту пенсiянерам, якiя працягваюць працаваць, зараз нават не разглядаецца. Тым больш, нагадаю, што пэўнае абмежаванне для працуючых пенсiянераў, якiя не занятыя непасрэдна ў вытворчасцi сельгаспрадукцыi, ёсць ужо даўно — максiмальны каэфiцыент заробку, што ўплывае на iх пенсiю, не можа перавышаць 1,3. — У 2007 годзе буду афармляць працоўную пенсiю, таму цiкавяць адразу некалькi пытанняў. У прыватнасцi, цi варта чакаць змянення пенсiйнага ўзросту, цi пачнуць выплачваць пенсiю працуючым пенсiянерам у памеры 50 працэнтаў, цi будзе залiчвацца ў стаж час навучання ў ВНУ i за якi час разлiчаць iндывiдуальны каэфiцыент майго заробку? Ала Iванаўна Пятрова, г. Мiнск — Адразу падкрэслю, што змянення цяперашняй «планкi» пенсiйнага ўзросту ў нас пакуль не плануецца. Як зноў-такi не плануецца i ўвядзенне 50-працэнтнага абмежавання па выплаце пенсiй па ўзросту асобам, якiя працягнуць працу. Далей. Час навучання ў ВНУ ў стаж, безумоўна, увойдзе. Вядома, калi вы навучалiся на дзённым аддзяленнi i калi наконт гэтага ёсць пацвярджальныя дакументы. I, нарэшце, iндывiдуальны каэфiцыент заробку ў 2007 годзе будзе разлiчвацца за любыя 13 гадоў запар з 23 апошнiх гадоў працы. — З 1982 па 2005 год працаваў акумулятаршчыкам у сельгаспрадпрыемстве. У сувязi з гэтым, цi маю я права выйсцi на датэрмiновую пенсiю? Пётр Сямёнавiч Сокал, Валожынскi раён — У 55 гадоў права выйсцi на пенсiю па ўзросту па Спiсу № 2 даецца мужчынам, якiя занятыя поўны працоўны дзень на работах са шкоднымi i цяжкiмi ўмовамi i да таго ж маюць не менш чым 25 гадоў агульнага стажу, i ў тым лiку не менш чым 12 гадоў i 6 месяцаў — стажу на работах, прадугледжаных гэтым Спiсам. Пры наяўнасцi ж у мужчыны не менш чым паловы стажу са шкоднымi i цяжкiмi ўмовамi (6 гадоў 3 месяцаў) i не менш чым 25 гадоў агульнага стажу пенсiя прызначаецца са змяншэннем агульнаўсталяванага ўзросту — на 1 год за кожныя 2 гады 6 месяцаў такой работы. Адначасова трэба мець на ўвазе, што ў стаж са шкоднымi i асаблiвымi ўмовамi залiчваецца час, на працягу якога чалавек быў заняты поўны працоўны дзень непасрэдна выкананнем работ, якiя даюць права на датэрмiновую пенсiю па Спiсу № 2, а таксама перыяды часовай непрацаздольнасцi i час, на працягу якога за работнiкам ва ўстаноўленым парадку захоўвалася сярэдняя зарплата. I яшчэ адзiн вельмi важны момант. Спiсам № 2, якi выкарыстоўваўся для вызначэння спецыяльнага стажу да 1 студзеня 1992 года, прадугледжаны не ўсе акумулятаршчыкi, а толькi акумулятаршчыкi (зарадчыкi) i акумулятаршчыкi-слесары, занятыя на зарадцы акумулятараў. Прычым такая занятасць павiнна быць поўны працоўны дзень i пацвярджацца дакументамi. Неабходна таксама адзначыць, што права на датэрмiновую пенсiю акумулятаршчыкам прадастаўляецца ў выпадку, калi яны ў працэсе зарадкi акумулятараў да 1 студзеня 1992 года выконвалi такiя работы, як падрыхтоўка да зарадкi акумулятараў i лiквiдацыя дробных непаладак; выбар рэжыму зарадкi акумулятарных батарэй; складанне схем злучэння акумулятараў i рэгулiровачнага супрацiўлення ў ланцугу зарадкi ў залежнасцi ад ёмiстасцi, напружання акумулятараў i магутнасцi зараднага агрэгату, а таксама прыгатаванне электралiту, раствору шчолачы па вызначанай рэцэптуры; вызначэнне якасцi электралiту, замена электралiту або залiўка i далiўка банак электралiтам i дыстыляванай вадой. У той жа час выкананне акумулятаршчыкам работ па выяўленню i лiквiдацыi складаных непаладак акумулятарных батарэй, абсталявання зарадных агрэгатаў i апаратуры; зборка i разборка акумулятараў, мантаж i дэмантаж элементаў з праўкай i паяннем злучальных дэталяў; фармоўка пласцiн, замена акумулятарных банак, выпрабаванне акумулятарных батарэй i вызначэнне iх прыдатнасцi да далейшай эксплуатацыi; выдаленне шламу з элементаў працуючых батарэй, i ў тым лiку ў працэсе зарадкi акумулятараў, права на датэрмiновае пенсiйнае забеспячэнне не даюць. Такiм чынам, зыходзячы з Адзiнага тарыфна-квалiфiкацыйнага даведнiка работ i прафесiй рабочых, даводзiцца канстатаваць: работы, якiя даюць права на датэрмiновую пенсiю па ўзросту, звычайна выконваюцца акумулятаршчыкамi 1-га i 2-га разрадаў. Акумулятаршчыкi ж больш высокiх разрадаў могуць выконваць адначасова як работы, што даюць права на датэрмiновую пенсiю, так i работы, якiя такога права не даюць. Адпаведна, для акумулятаршчыкаў 3-га i больш высокiх разрадаў работа, вызначаная для прадастаўлення «льготнай» пенсii, патрабуе дакументальнага пацвярджэння. Крыху iншы парадак вылiчэння спецыяльнага стажу пасля 1 студзеня 1992 года. З гэтага моманту Спiсам № 2 прадугледжваюцца ўжо ўсе акумулятаршчыкi, незалежна ад таго, якую работу яны выконваюць. Аднак пры абавязковай умове — атэстацыi працоўных месцаў. Словам, работа акумулятаршчыка пасля 1 студзеня 1992 года можа быць залiчана ў спецыяльны стаж для прызначэння датэрмiновай пенсii пры пацвярджэннi фактычнай занятасцi ў гэтай якасцi на працягу поўнага працоўнага дня (не менш за 80 працэнтаў ад працягласцi штодзённай работы цi змены, вызначаных заканадаўствам) i пры пацвярджэннi асаблiвых умоў працы вынiкамi атэстацыi працоўных месцаў. Пры гэтым перыяды работы, на працягу якiх не была праведзена атэстацыя па вiне наймальнiка, могуць залiчвацца ў спецыяльны стаж для прызначэння льготнай пенсii з улiкам заключэння аб фактычнай занятасцi работнiка ў асаблiвых умовах, якое рыхтуецца органамi дзяржаўнай экспертызы ўмоў працы i ўпаўнаважанага прадстаўнiка прафсаюза. I ў такiм выпадку работадаўцы будуць абавязаны кампенсаваць выдаткi на выплату датэрмiновых пенсiй за «неатэставаныя» перыяды Фонду сацыяльнай абароны насельнiцтва ў поўным аб’ёме. — З 1969 па 1994 год мая жонка працавала ў клубе, потым пэўны час з’яўлялася беспрацоўнай, а з канца таго ж 1994 года ўладкавалася на ферму ў калгас. У сярэднiм мiнiмум працоўнага ўдзелу тут складаў 240 дзён. Пры гэтым, паколькi жонка працавала практычна без выхадных, да прыкладу, у 1995 годзе ёй удалося выпрацаваць 368, у 1996 годзе — 362, 1997 годзе — 376, 1998 годзе — 375, 1999 годзе — 389, 2000 годзе — 356, 2001 годзе — 321, 2002 годзе — 315, 2003 годзе — 344, 2004 годзе — 361, 2005 годзе — 300 норма-дзён. Чаму ж у такiм разе ў маi гэтага года жонцы прызначылi такую маленькую пенсiю — каля 150 тысяч рублёў? Пётр Антонавiч, Маладзечанскi раён — Як вядома, памер пенсii залежыць як ад стажу, так i ад былога заробку пенсiянера, i менавiта ад заробку — у большай ступенi. Уласна кажучы, гэтым i тлумачыцца невысокая пенсiя вашай жонкi — iндывiдуальны каэфiцыент яе заробку склаў толькi 0,33. Прычым гэты каэфiцыент быў вызначаны за перыяд з лiстапада 1988 па май 2001 года, калi ваша жонка мела найбольшы заробак за 22 апошнiя гады сваёй работы. — Я маю 42, а муж — 44 гады стажу. Наш каэфiцыент прыкладна аднолькавы — 1,3. Прыкладна аднолькавымi пяць гадоў таму былi i памеры пенсiй. Чаму ж у такiм разе з кожным чарговым пераразлiкам павялiчваецца iх рознiца, якая, да прыкладу, зараз ужо складае каля 7 тысяч рублёў? Таццяна Iванаўна Абрамовiч, Ашмянскi раён — Паводле заканадаўства, пераразлiк пенсiй грунтуецца на павелiчэннi сярэдняй зарплаты работнiкаў у нашай краiне. Прычым рост пенсiй вызначаецца ў адпаведнасцi з ростам зарплаты, таму павелiчэнне працоўных пенсiй (апроч пенсiй, прызначаных у мiнiмальным памеры) робiцца, як правiла, на аднолькавы працэнт. А гэта вядзе да таго, што рознiца ў самiх памерах пенсiй сапраўды ўвесь час павялiчваецца, iнакш кажучы, узрастае дыферэнцыяцыя ў памерах пенсiй у залежнасцi ад укладу работнiка ў фiнансаванне пенсiйнай сiстэмы.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На пытаннi чытачоў «Звязды» адказвае начальнiк галоўнага ўпраўлення пенсiйнага забеспячэння i сацыяльнага страхавання Мiнiстэрства працы i сацыяльнай
|
|