Дарогу старшыня СВК абяцаў падсыпаць. Але крыху пазней
Сяргей РАСОЛЬКА
«Гарачы» тэлефон «Звязды» 287-17-41 Бацькi жыхара Навагрудка, якi звярнуўся на рэдакцыйную «гарачую лiнiю», пражываюць у вёсцы Мiлушава аднайменнага раёна. Яна зусiм невялiкая — дамоў на 50, з якiх жылымi з’яўляюцца толькi каля 30. Але тут ёсць магазiн, ферма.— Праз вёску праходзiць дарога, некалi яна была заасфальтаванай, аднак ад таго пакрыцця не засталося ўжо i напамiну. Зараз гэта не дарога, а суцэльныя калдобiны. У непагадзь па ёй можна хадзiць толькi ў ботах. Увесну двойчы, калi наведваў бацькоў, машына лiтаральна «садзiлася» на той дарозе, — гаварыў нам заяўнiк. — Гады два таму звярталiся з гэтай бядой да старшынi мясцовага сельскага Савета, каб падсыпалi дарогу або разраўнялi яе. Нiчога не змянiлася. Увесну гэтага года тое ж пытанне задавалi старшынi сельскага Савета праз раённую газету. Той зноў абяцаў вырашыць праблему, аднак i потым нiчога не змянiлася... Мы набралi нумар тэлефона старшынi СВК «Нягневiчы» Уладзiмiра Дзешука. — Дарогу сапраўды трэба рабiць. Там ёсць праблема, — адразу прызнаў абгрунтаванасць скаргi Уладзiмiр Аляксандравiч. — Хоць вёска Мiлушава i невялiкая, але ж людзi там жывуць, ды i ў нас там у канцы населенага пункта ферма размешчана. Усяго трэба аднаўляць недзе з кiламетр дарогi, падсыпаць яе гравiем. Калi неабходныя работы будуць зроблены? На жаль, ужо не ў гэтым годзе. Паводле слоў Уладзiмiра Дзешука, на дапамогу з раённага бюджэту разлiчваць не даводзiцца (пра сельскi Савет увогуле прамаўчым), значыць, увесь фiнансавы цяжар кладзецца на СВК «Нягневiчы». «А зараз у нас праблема з фiнансамi, у прыватнасцi, з палiвам. Толькi на абслугоўванне жывёлы штодзень па мiнiмуму трэба тона палiва». Паводле прыблiзных падлiкаў Уладзiмiра Аляксандравiча, на падсыпку дарогi спатрэбiцца каля 100 машын гравiю. На тэрыторыi гаспадаркi яго няма, значыць, давядзецца вазiць за 15—20 кiламетраў, што ў вынiку можа вылiцца прыкладна ў 20 мiльёнаў рублёў. Таму, улiчыўшы ўсе гэтыя абставiны i падумаўшы, старшыня СВК сказаў: дарогу праз вёску Мiлушава найбольш рэальна падсыпаць толькi ў першай палове наступнага года. Зразумела, вяскоўцы могуць быць незадаволены такiм адказам, аднак, на наш погляд, варта крыху пацярпець. Па-першае, дапамогi ўсё роўна чакаць, наколькi мы зразумелi, няма адкуль. Па-другое, аб’ектыўна — ну не падсыпаць жа яе ў зiмовых умовах, нават калi б была магчымасць?...
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Бацькi жыхара Навагрудка, якi звярнуўся на рэдакцыйную «гарачую лiнiю», пражываюць у вёсцы Мiлушава аднайменнага раёна
|
|