Попыт вызначае... узровень падрыхтоўкi
Сяргей ГРЫБ
На рынку працы краiны цягам апошняга дзесяцiгоддзя назiраецца па сутнасцi аднолькавы малюнак: амаль 80 працэнтаў ад агульнай колькасцi вакансiй прыпадае на рабочыя спецыяльнасцi. Пры гэтым найбольш высокiм попытам зараз карыстаюцца газаэлектразваршыкi, муляры, цесляры, слесары, токары, тынкоўшчыкi, механiзатары, жывёлаводы i аператары машыннага даення. Аднак у той жа час не сакрэт, што проста наяўнасць рабочай прафесii — яшчэ не стопрацэнтная гарантыя працаўладкавання. У першую чаргу наймальнiкаў цiкавяць высокаквалiфiкаваныя спецыялiсты. I лiтаральна з кожным годам узровень падрыхтоўкi адыгрывае ўсё большую ролю.
Будаўнiцтва плюс «вясковыя» паслугi За апошнiя пяць гадоў вытворчасць прадукцыi сельскай гаспадаркi ў Мiнскай вобласцi павялiчылася амаль удвая, прычым хуткi рост аб’ёмаў збожжа, мяса i малака працягваецца i зараз. Як вынiк, адзначае начальнiк аддзела па навуковаму забеспячэнню, укараненню новых тэхналогiй i рэфармаванню ўласнасцi камiтэта па сельскай гаспадарцы i харчаванню Мiнаблвыканкама Мiкалай Манько, у сельгасвытворчасцi становiцца ўсё больш актуальным так званае «кадравае пытанне». I асаблiва гэта датычыцца прадстаўнiкоў рабочых спецыяльнасцяў. Даводзiцца канстатаваць, што аграрнаму сектару рэгiёна патрабуецца 80 тыс. работнiкаў. Але фактычна тут занята крыху больш за 76 тыс. чалавек. I, у прыватнасцi, сельгаспрадпрыемствам не хапае 1175 трактарыстаў, 517 вадзiцеляў, а таксама каля 800 работнiкаў жывёлагадоўлi. Пры гэтым амаль 15 працэнтаў механiзатараў, 20 працэнтаў жывёлаводаў i 21 працэнт вадзiцеляў маюць даволi «паважны» ўзрост — ад 50 гадоў i вышэй. Аднак сама па сабе сiтуацыя падаецца неадназначнай. Паводле слоў Мiкалая Манько, да канца 2010 года «пад праграму» адраджэння вёскi вобласць павiнна атрымаць 1800 збожжаўборачных камбайнаў, 1400 трактароў i звыш 400 адзiнак самаходнай тэхнiкi. I тут маюцца на ўвазе менавiта машыны новага пакалення. Такiм чынам, становiцца вiдавочным, што, з аднаго боку, у блiжэйшы час на вёсцы прыкметна ўзрасце попыт на адукаваных спецыялiстаў. А з iншага — тая ж замена тэхнiкi можа прывесцi да... паступовага змяншэння колькасцi людзей, што працуюць непасрэдна ў сельгасвытворчасцi. Адначасова, сцвярджаюць у Мiнiстэрстве адукацыi, у сувязi са стварэннем аграгарадкоў, павiнна павялiчыцца патрэба ў кадрах для сацыяльнай iнфраструктуры вёскi. Другiм жа, таксама перспектыўным, напрамкам прафесiйна-тэхнiчнай падрыхтоўкi можна назваць будаўнiцтва. Так, не сакрэт, што зараз стаiць задача павелiчэння магутнасцяў цяперашнiх будаўнiчых арганiзацый да 100 чалавек ужо ў 2008 i да 200 чалавек — у 2010 годзе. I прычым лiтаральна ў кожным раёне. Словам, прагноз iснуе. Таму, на думку начальнiка ўпраўлення адукацыi Мiнаблвыканкама Таiсы Данiлевiч, планы па прыёму на навучанне павiнны знаходзiцца ў больш шчыльнай «звязцы» з кан’юнктурай рынку працы. Толькi за апошнiя тры гады ў рэгiёне на падставе пажаданняў наймальнiкаў спынiўся набор адразу па 39 рабочых прафесiях. I ў той жа час распачалася падрыхтоўка па 55 новых, найбольш запатрабаваных спецыяльнасцях, якiя ў тым лiку дазваляюць займацца iндывiдуальнай працоўнай дзейнасцю. У сваю чаргу навучанне па канкрэтных дагаворах i заяўках перавысiла 90-працэнтную адзнаку. А гэта прывяло да змяншэння праблем з працаўладкаваннем выпускнiкоў i ў рэшце рэшт — да павелiчэння зацiкаўленасцi ў атрыманнi прафесiйна-тэхнiчнай адукацыi. Праўда, адно няпростае пытанне тут усё ж застаецца. А датычыцца яно... даступнасцi навучальных устаноў для моладзi. Калi не ПТВ, то фiлiял? Сёння на тэрыторыi Мiншчыны працуюць 2 прафесiйна-тэхнiчныя каледжы, 13 прафесiйных лiцэяў i 10 ПТВ. Прычым апошнiм часам у вынiку рэарганiзацыi i злучэння некалькiх размешчаных на блiзкай адлегласцi «навучальных пляцовак» у Барысаве, Вiлейцы, Слуцку i Маладзечне ўдалося стварыць буйныя, больш мабiльныя i шматпрофiльныя навучальныя ўстановы. Гэта — бясспрэчны «плюс». Аднак тут жа выпадае казаць i аб адным «мiнусе». У вобласцi налiчваецца 22 адмiнiстрацыйныя раёны. I шэсць з iх «сваёй» прафесiянальна-тэхнiчнай установы, на жаль, не маюць. Адпаведна, лiчыць намеснiк мiнiстра адукацыi Барыс Iваноў, варта падумаць, як лiквiдаваць гэты «прагал». Варыянтам для раёнаў, што па тых цi iншых прычынах засталiся «за бортам», магло б стаць адкрыццё фiлiялаў ПТВ. Тым больш, што гэта цалкам стасавалася б з праграмай развiцця малых i сярэднiх гарадоў. Другая прапанова мiнiстэрства падаецца не менш цiкавай: паспрабаваць наладзiць «дадатковыя» прыёмы ў прафесiйныя каледжы, лiцэi i вучылiшчы ў I i IV кварталах. Прынамсi, заўважыў Барыс Iваноў, такi падыход можа быць карысным адразу для двух катэгорый моладзi — беспрацоўных i юнакоў, што дэмабiлiзуюцца са службы ў войску. Шэфы чакаюць падтрымкi I ўсё ж тэрытарыяльная размешчанасць навучальных устаноў — праблема не галоўная. Даўно мiнуў час, калi фактычна па адной «схеме» маглi працаваць некалькi пакаленняў запар. Сёння ўсё змянiлася з дакладнасцю наадварот — аднаму пакаленню трэба асвоiць адразу некалькi тэхналогiй. Таму якасць падрыхтоўкi рабочага становiцца пытаннем нумар адзiн. I пытаннем няпростым. Так, навучэнцу можна даць па-сапраўднаму добрыя тэарэтычныя веды. Аднак без практыкi яны нiшто. Тым часам не сакрэт: вартая практыка будзе толькi там, дзе ёсць сучасныя тэхнiка i абсталяванне. Зрухi да лепшага вiдавочныя. Выдаткi на прафесiйна-тэхнiчныя ўстановы Мiншчыны ўзрастаюць з кожным годам, ужо сёлета для навучання ўдалося купiць 28 адзiнак сельгастэхнiкi, 7 аўтамабiляў, пад сотню камп’ютараў. Апроч таго, набыццё яшчэ 6 адзiнак тэхнiкi было прафiнансавана за кошт рэспублiканскага фонду падтрымкi сельгаспрадукцыi. Аднак пакуль гэтага недастаткова. Прычым асаблiва няпростая сiтуацыя склалася з вучнёўскiм абсталяваннем для шыцця, зваркi, а таксама для апрацоўкi металаў i дрэва — яго фiзiчны i маральны знос практычна дасягнуў адзнакi 80 працэнтаў. Безумоўна, многае ў такой сiтуацыi залежыць зноў-такi ад бюджэтнага фiнансавання i пазабюджэтнай дзейнасцi. Але не толькi. Як мяркуюць у Мiнiстэрстве адукацыi, шмат у чым вырашыць «праблему тэхнiкi» зможа сувязь устаноў прафтэхадукацыi з прадпрыемствамi. Даволi паказальны ў дадзеным выпадку — Слуцкi дзяржаўны сельскагаспадарчы прафесiйны лiцэй. Зараз па 9 спецыяльнасцях тут праходзiць навучанне звыш 560 чалавек. I пасля заканчэння амаль кожны з iх атрымлiвае рабочае месца, паступае ў ССНУ цi ВНУ. — На працягу двух апошнiх гадоў з абласнога бюджэту на капiтальны рамонт сельскагаспадарчага лiцэя выдаткавана больш за 1,5 млрд рублёў, пачала паступаць новая сельгастэхнiка, — кажа дырэктар Мiкалай Кавальчук. — Ужо сёлета мы атрымалi абаротны плуг, самазвал, культыватар, раскiдвальнiк мiнеральных угнаенняў — 11 адзiнак абсталявання. I ў прынцыпе, праблемы, на чым праводзiць навучанне, зараз няма. Аднак не сакрэт, што тэхнiка змяняецца лiтаральна з кожным годам. Таму, каб паспець за яе развiццём, мы пайшлi на больш шчыльныя кантакты з буйнейшымi сельгасвытворцамi раёна. У прыватнасцi, дамовiлiся, што яны будуць браць навучэнцаў на практыку, а таксама — часова перадаваць у лiцэй сучасныя трактары i камбайны на час мiжсезоння. Са свайго ж боку сельгаспрадпрыемствы могуць разлiчваць на дапамогу нашай тэхнiкi ў час актыўных палявых работ i зразумела — на папаўненне высокаквалiфiкаванымi спецыялiстамi ў будучынi. БелАЗ i Жодзiнскi прафесiйны лiцэй, «Беларуськалiй» i Салiгорскае ПТВ, Слуцкi сыраробны камбiнат i Слуцкi прафесiйна-тэхнiчны каледж — прыклады супрацоўнiцтва можна працягваць. Кожная з прафесiйных навучальных устаноў вобласцi мае сваiх шэфаў. Аднак варта заўважыць, што самi памеры гэтай дапамогi атрымлiваюцца зусiм не аднолькавымi. Многае ў такой сiтуацыi залежыць асабiста ад кiраўнiкоў прадпрыемстваў. I зацiкавiць iх, на думку мiнiстра адукацыi Аляксандра Радзькова, можна шляхам прадастаўлення прэферэнцый. Прынамсi, у выпадку, калi суб’екты гаспадарання лiчаць «не лiшнiм» укладваць сродкi ў падрыхтоўку будучых рабочых. Мiнск—Слуцк.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На рынку працы краiны цягам апошняга дзесяцiгоддзя назiраецца па сутнасцi аднолькавы малюнак: амаль 80 працэнтаў ад агульнай колькасцi вакансiй прыпад
|
|