«Рэалiзую сябе цалкам...»
Алена БАРЫСЕВIЧ
Пакаленнi Мудрыя людзi кажуць, што сапраўдны талент здольны адчынiць любыя дзверы. Гэтую простую iсцiну выдатна пацвярджае гiсторыя Iрыны Лукашэвiч. Пра тое, як простая дзяўчынка з Баранавiчаў крыху падрасла, з «чырвоным» дыпломам скончыла ўнiверсiтэт i стала лепшым педагогам-арганiзатарам краiны! Усё вельмi проста... Таленавiтая i абаяльная дзяўчына Iрына зрабiла тое, што не ўдавалася мiнскiм прадстаўнiкам дзесятак гадоў. Перамога ў руках прадстаўнiцы Мiнска!Усё пачалося ў сярэдняй школе № 21 горада Баранавiчы, дзе сумленна вучылася наша гераiня. «Гледзячы на сваю першую настаўнiцу, я ўжо тады цвёрда вырашыла — ўсё, абавязкова стану настаўнiцай пачатковых класаў! — успамiнае Iрына. — Але праз некаторы час я пайшла вучыцца ў музычную школу. Там i зразумела, што хачу стаць настаўнiцай музыкi». У вынiку ж Iрына адразу здзейснiла i першую, i другую мары. Таму што скончыла Беларускi дзяржаўны педагагiчны ўнiверсiтэт iмя Максiма Танка i стала настаўнiцай пачатковай школы i ўрокаў музыкi. У час вучобы дзяўчына канчаткова пераканалася, што выбар зрабiла правiльны: гэта выдатна пацвердзiлi дзве педагагiчныя практыкi ў дзiцячым аздараўленчым лагеры «Гарызонт», куды накiроўвалася Iрына Лукашэвiч. Праца з дзецьмi прыносiла радасць, жаданне працаваць далей i шукаць усё новыя падыходы да выхавання школьнiкаў. ...У тым годзе накiраванне на працу ў Мiнск было ўсяго адно. Вось тут i спатрэбiўся Iрыне яе «чырвоны» дыплом: шчаслiвы бiлет дастаўся стараннай студэнтцы Лукашэвiч. Працаваць жа дзяўчына накiравалася ў гiмназiю № 56 горада Мiнска. Два гады працы педагогам-арганiзатарам праляцелi хутка. Калегi не нахваляцца. «Iрына ў нас дзяўчына творчая, таленавiтая, iнiцыятыўная. Ды i проста цiкавы i прыемны чалавек!» — прызнаецца Святлана Васiльеўна Камушэнка, намеснiк дырэктара па выхаваўчай рабоце гiмназii № 56. Зараз Iрына Аляксандраўна, як звяртаюцца да яе дзецi, — кiраўнiк хору пачатковых класаў. А гэта нi многа нi мала 26 маленькiх хлопчыкаў i дзяўчынак, да кожнага з якiх трэба знайсцi падыход, навучыць, дапамагчы, зразумець... I разгледзець таленты таксама трэба! Яшчэ адна пачэсная мiсiя — кiраўнiцтва вакальнай групай з 5 дзяўчат старэйшых класаў. Дадайце сюды падрыхтоўку i правядзенне шматлiкiх святаў, канцэртаў, мерапрыемстваў — i вы атрымаеце тыповую карцiну няпростай працы педагога-арганiзатара. Адкуль толькi сiлы на ўсё бяруцца? У адказ Iрына весела прызнаецца: «Не ведаю, як iншым, але мне праца з дзецьмi настрой толькi ўзнiмае. У маленькiх — проста неверагодная колькасць станоўчай энергii. Гэта так прыемна адчуваць! I не трэба казаць, што дзецi бываюць злыя. Проста ў некаторых недахопах нашых дзяцей ёсць i вiна бацькоў. На жаль... Бо дзецi самi па сабе дрэннымi не бываюць! Для педагога ж, мабыць, самае галоўнае — гэта зразумець маладога чалавечка, адчуць яго душу!» ...Мы сядзiм з Iрынай на сiнiх канапах ва ўтульным блакiтным пакоi за шкляным столiкам i цiха разважаем пра сучасную школу, дзяцей, мары. На маё пытанне, што не пашкодзiла б змянiць у сучаснай школе, Iрына задумваецца. «Ведаеце... Нам бы хоць крышачку «разгрузiць» нашых дзетак! Але каб на паспяховасцi i на вынiках прадметных алiмпiяд гэта не адбiлася негатыўна. Тады б дзецi маглi больш часу трацiць на адпачынак i на самавыхаванне. А гэта б пайшло на карысць i самiм школьнiкам, i iх бацькам, i настаўнiкам», — разважае Iрына. А пра самавыхаванне i рознабаковыя iнтарэсы Iрына ведае не выпадкова: чым толькi не займалася яна ў дзяцiнстве! I дзе толькi не праяўляла свае здольнасцi! У школе дзяўчынка асаблiва любiла рускую лiтаратуру, да таго ж цудоўна спявала, iграла на фартэпiяна, паспяхова займалася харэаграфiяй, вучылася ў мастацкай студыi. А аднойчы, пасля нейкага чарговага конкурсу альбо свята прызналася маме, што хоча быць... рэжысёрам! Цi то пажартаваўшы, цi то сур’ёзна мацi параiла стаць лепей педагогам: «Там, дачушка, будзеш i рэжысёрам, i сцэнарыстам...» I як у ваду глядзела! Дарэчы, у сваёй сям’i Iрына — адзiны педагог. Затое якi — лепшы ва ўсёй краiне! ...I вось тут наша размова плаўна вяртаецца да нядаўнiх падзей у лiцэi БДУ, дзе на працягу трох дзён праходзiў рэспублiканскi конкурс «Педагог-арганiзатар года-2006». «Але ж такой мэты — абавязкова стаць першымi — мы не ставiлi. Тым больш што канкурэнтаў, прычым вельмi дастойных, было сапраўды шмат. Я проста хацела выступiць так, каб гораду Мiнску не было за мяне сорамна! Першае месца... Значыць, сорамна за нас сапраўды не было! Усё атрымалася!» — у ясных блакiтных вачах Iрыны iскрыцца шчаслiвая ўсмешка. ...Ну i, канешне ж, мары. Лепшы педагог-арганiзатар Беларусi сёння марыць проста павялiчыць дзень, каб паспяваць яшчэ больш. «Калi ж сур’ёзна, то зараз я рэалiзоўваю сябе цалкам, а таму i задаволена». На гэтым наша размова падыходзiць да лагiчнага завяршэння. Iрына спяшаецца вярнуцца да працы — сцэнарый навагоднiх прыгод рыхтуецца самымi актыўнымi тэмпамi. Ёсць у педагога-арганiзатара такая прыемная адказнасць — сумленна i творча працаваць, каб потым нашы дзецi адпачывалi. Час, практыка i рэспублiканскi конкурс даказалi — у Iрыны Лукашэвiч гэта атрымлiваецца «на дзесятку»!
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Мудрыя людзi кажуць, што сапраўдны талент здольны адчынiць любыя дзверы. Гэтую простую iсцiну выдатна пацвярджае гiсторыя Iрыны Лукашэвiч. Пра тое, як
|
|