Пётра
Алесь КАСЦЕНЬ
Нявыдуманыя гiсторыi беларускай глыбiнкi Умаiх расказах пра дзядзьку Пётру, персанажа i рэальнага, i ў нечым прыдуманага, няма толькi аднаго — прыўнясення нерэальных фактаў i сiтуацый. Усё гэта было, ёсць i яшчэ будзе ў нашай сучаснай вёсцы. Пётра, па-сялянску абачлiвы, але не без хiтрынкi i не без таго, каб грабануць пад сябе. Як ён кажа, толькi курыца грабе ад сябе, але i то азiраецца: а што там з лепшага? Ды толькi бывае, што такая празмерная дзядзькава прагавiтасць мяжуе цi нават наблiжаецца ўшчыльную да артыкулаў, якiя прапiсаныя ў адной вельмi сур’ёзнай кнiжцы. Але жыццё плануецца не па кнiжках. А Пётра, не без сваёй хiтрынкi, кажа, што зрабiўшы нешта i не зусiм правiльнае — лепш пакаяцца. Яно, асаблiва пры хрышчонай вадзiцы, можа i абыдзецца. Бацькi-дзяды так i прыбаўлялiся, наступнiкаў гадавалi.Ды мяркуйце самi. Мулкiя мяхi Сядзiба дзядзькi Пётры ў Нырцах адным бокам выходзiць да возера, другiм — да мелiярацыйнага канала, за якiм пачынаецца вялiкае калгаснае поле. Дзядзька якраз i тоўкся па нейкiх справах на гэтым участку, калi ўбачыў, як з поля да вёскi шпарка кiруюць два «Беларусы». Пётра падышоў да самай канавы. Праз хвiлiну насупраць яго спынiлiся i трактары. На зямлю саскочылi Сяргей i Юрка, механiзатары, якiх Пётра помнiць яшчэ падшыванцамi. — Дзядзька, угнаеннi патрэбны? — гукнуў праз канаву Сяргей. — А як жа без iх. — Бутэлька — мех. У нас у трактарах па мяху. Так што бяжы да гаспадынi. I сала якога з цыбуляй прыхапi. Пакуль Пётра схадзiў у хату, патлумачыў Алiне — на што патрэбна гарэлка i закусь, пакуль вярнуўся, механiзатары перанеслi ўжо мяхi з салетрай цераз канаву, скiнулi iх за кустом. — Куды трэба траляваць? — Ды пад паветку. Неўзабаве гул трактароў сцiх за канавай. Прайшло яшчэ гадзiны са дзве. Пётра пайшоў пад паветку, трэба было вычасаць новае тапарышча. Глянуў: Алiна прыкрыла мяхi посцiлкай. Толькi ўзяўся за работу, як пачуў, што да хаты пад’ехала машына, заляскалi дзверцы. I ў дварышча дзядзькi зайшлi калгасны аграном i ўчастковы iнспектар. Непрыемная, халаднаватая хваля прабегла па дзядзькавым нутры. Але ён ветлiва адказаў на вiтанне. Паказаў гасцям на груду дошак ля паветкi — сядайце. Сам жа сеў насупраць на прыкрытыя посцiлкай мяхi, пацягнуўся за куравам. — Што, дзядзька, адсеяўся? — пачаў гаворку аграном. — Адсеяцца адсеяўся, цяпер вось надвор’е дазваляе. — Ну, а падкормлiваць вясною чым будзеш? Цяпер ужо не халадком, а гарачынёй жахнула дзядзьку. Ясна, па яго душу прыехалi. Няўжо хто падказаў? Цi гэныя байструкi прызналiся па п’янцы? Ох, не трэба было звязвацца, не трэба. Але ж i без угнаенняў нiяк. — Чым жа тут падкормiш асаблiва. Знайду якое вядзерца са старога. — Што тут хадзiць вакол! Былi ў цябе Юрка з Сяргеем? Прадалi што? — Ды не, якiя Юрка з Сяргеем? Не было нiкога, — дзядзьку стала вельмi мулка на мяхах. — Механiзатары. Еду я зараз, а яны валтузяцца. Сяргееў трактар з дарогi сцягнула. Юрка свой зачапiў i рые калёсамi зямлю. Абодва п’яныя. — Дзе, — кажу, — у Нырцах былi? Што прадалi? А гэты з канавы: «Што прадалi — таго ўжо няма». — Дык, можа, яны з Аўсянiкаў едуць, а на нас спецыяльна навялi, — падаў голас дзядзька. — З Аўсянiкаў? — участковы паглядзеў не столькi на дзядзьку, колькi на тое месца, дзе ён сядзiць, ад чаго ў Пётры зноў захаладнела пад рэбрамi. — Эх, патрэсцi б вашы хлявы. Я б i Аўсянiкi гэтыя, i... — ён зноў глянуў на дзядзьку, — усiх бы на вушы паставiў. — А як я пракантралюю? — Азваўся аграном, — ля кожнай сеялкi стаяць не будзеш. Аграном з участковым, ужо не зважаючы на дзядзьку, пайшлi са дварышча. Дзядзька не ўзняўся з месца. Калi ўжо запрацаваў рухавiк машыны, аграном вярнуўся: — Пётра, папрасi сваю старую, каб днi са два дапамагла перабiраць бульбу. — Канешне, канешне... На возеры Пагарэў. Гэта ж трэба — пагарэў. Столькi гадоў праносiла. I на табе. Наскочыў. Цяпер дабром не адпусцяць. Бач, як пазiраюць, нiбы хутары на зайца. Усе трое. А ў аднаго i аўтамат за плячыма. Не адпусцяць. Гэта не ўчастковы. Вось Алiна ўсчынiць: «Навошта паехаў? Я ж табе казала, калi-небудзь пападзешся! Вось цяпер i плацi!» Эх, пагарэў. Так думаў дзядзька Пётра, кiруючы сваю пласкадонку да берагу. Гэтай ранiцай ён вырашыў праверыць сеткi, якiя яшчэ з вечара паставiў на возеры. Але крыху прыпазнiўся. Пакуль праверыў, пакуль выбраў рыбу, сонца ўжо досыць высока ўзнялося над усходнiм берагам. У лодцы мех з рыбай i мярожа, якую Пётра зняў, каб дома адладаваць. Вiдаць, здаровы шчупак пашкуматаў яе. I вось толькi вывернуў з-за трыснягу ў шырокую затоку, якая якраз насупраць яго лазнi, убачыў на беразе трох. Зацiх з вяслом у руках. А з берагу крычаць: — Эй, дзед, давай сюды, чаго стаў! Памарудзiў Пётра. Што рабiць? Адвярнуць на возера. Але куды ты дзенешся. Iх трое. А вунь на машыне i маторка. Не ўцячэш. Пагарэў. На беразе яго сустрэлi нават весела. — Ну, дзед, колькi рыбкi налавiў? А вось i забароненая прылада лову. Адзiн узяў мех, вытрас рыбу на траву. — Так, нядрэнныя шчупакi, кiлаграмы па тры. I лiнь здаровы. А колькi ўсяго хвастоў? Будзем лiчыць. Другi ўзяўся за мярожу, вывалак яе з лодкi, патрос i звярнуўся да трэцяга з пiсталетам i бiноклем на грудзях, вiдаць, галоўнага сярод iх: — Не, Iванавiч. Гэтым гнiллём ён столькi рыбы злавiць не мог. Недзе ў яго добрая сетка стаiць. Iванавiч нейкi час моўчкi разглядаў Пётру. Потым пачаў нетаропка: — Вось што, стары, думаю, ты нашы парадкi ведаеш. За гэту прыладу, — ён агiдна пхнуў ботам мярожу, — i гэту рыбу мы табе ўвалiм штраф такi, што жонка з хаты выганiць. А можам iнакш. Аддай нам сетку, што ў цябе ў возеры стаiць — i хай сабе, даруем. Сетку i ўлоў канфiскуем — i гуляй сабе. Дзядзьку становiцца млосна. Пра памеры штрафу чуў. Ён спрабуе ўзяць жалем: — А, таварышкi ж дарагiя, ну што я такога зрабiў дрэннага? Ну, злавiў пару шчупакоў мярожай. Дык што тут такога? Усё жыццё лавiлi так. — Стоп, стары, — перабiвае яго Iванавiч, — ты тут слёзы не лi. Мы можам гэту сетку i самi знайсцi. Здымем маторку, патралюем ля берагоў — знойдзем. Але стамiлiся мы, усю ноч на нагах. Так што давай па-добраму, а не... Пётра разумее: знойдуць. Ды толькi не ягоныя ж гэта сеткi. Мярожа ягоная, а сеткi — не. Дачнiк Мiкiтавiч, той, ад’язджаючы, паказаў дзе ляжаць. «Карыстайся, дзядзька, што iм сохнуць». I вось цяпер трэба аддаваць. А то знойдуць абедзьве. Якую ж аддаць? Тую, што ў залiўчыку. Шкада, добрая сетка, высокая. Але ж i другая таксама добрая, 50 метраў. Дзядзька ў разгубленасцi. А затрымаўшыя разумеюць па-свойму. — Што ж, будзем складаць пратакол. — Не-не, чакайце. Дзядзька вырашыў ахвяраваць блiжэйшую, каб да другой i не даязджаць. Калi ён прывёз з возера сетку, старэйшы глянуў на яго з падазрэннем: — А больш няма? Нешта ў цябе твар, як у лiсы. Хоць такая сетка нямала каштуе, адкуль? — Ды дачнiкi падарылi, вось мяне чорт i паманiў... Рыбiнспектары загрузiлi сетку i ўлоў у кузаў аўтамашыны, паехалi. Мярожу, гнiллё гэта нават не забiралi. Да прыезду дачнiка Мiкiтавiча дзядзька Пётра ажно схуднеў. А той толькi пасмяяўся. «Ну адабралi. Купiм новую. Не бяры ў галаву». Ноч з iскрынкай Гэтай справай дзядзька Пётра займаецца зараз вельмi рэдка. Можна сказаць, для душы. Але гэтая студзеньская ноч для яго з iскрынкай. З вечара ён нашчапаў танчэй дроў, каб падтрымлiваць агонь на адным узроўнi, нанасiў вады. Лазня ў дзядзькi над возерам. I вось ужо закапала. Хутка зацурчыць. Дзядзька падстаўляе патрэбны посуд. Першая — гэта на лекi. Бутэлечку першаку. Тут, нiбыта той спiрт, моцна, але для нацiранняў. Ну а затым пакаштаваць — святая справа. У дзядзькi ў лазнi ўжо i цыбуля, i сала, каб Алiну тупатам не турбаваць. Кульнуўшы чарачку, закусiўшы, дзядзька расслабляецца. Цяпер толькi зрэдзь часу падкiдвай дровы, мяняй ваду. Справа пайшла. Колькi сябе помнiць — займалiся ў вёсцы гэтай справай. Пры паляках, казалi, не так: вельмi строга палiцыя сачыла, ды i тых, хто мог данесцi ў пастарунак, хапала. Затое ў вайну, Пётра гэта ўжо добра помнiць, самагонку гналi, як кажуць, шырокiм сцягам. Зерня ў людзей хапала. У тыя гады i прызвычаiлiся мясцовыя мужыкi не проста выпiваць для весялосцi, а пiць па-сапраўднаму. Шмат гналi i пасля вайны. Але ўжо на продаж. Трэба ж было пагарэльцам (згарэла iх вёска ў вайну) апрануцца, абуцца. Бывала i так, што гналi самагонку з апошняга зерня, а з выжымак расчынялi хлеб. Давялося i Пётру пакаштаваць таго хлеба. Раптам ён пачуў блiзкiя крокi ў начы. Без снегу нiчога не бачна. Але яўна нехта iдзе. Мiлiцыя? Цi, можа, Алiна. Прыйшла праверыць? Але гэта быў сусед, Юзiк. — Здароў, самагоншчык! — гукнуў ён. — Цiшэй ты. — А каго баяцца? Хто ў нашу глуш паедзе ўначы? Хоць, Пётра, з комiна iскрынкi часам пралятаюць. Я чаго i прыйшоў. Падняўся карову паглядзець — вось-вось расцелiцца, а з тваёй лазнi iскрынкi ляцяць. Гонiць! Юзiк прысеў на лаве ў прылазнiку ля цьмянага агеньчыка свечкi. Пётра прынёс бутэльку яшчэ цеплаватай, мутнаватай самагонкi. Гэта само сабой. Не прыйдзi Юзiк цяпер — ранiцой бы пачаставаў яго абавязкова. Ды i Юзiк пачастуе яго ў сваю чаргу. — I чаму хлебная заўжды мутнаватая? Цукроўка — як сляза. — Затое мяккая. I галава нiколi не балiць. Хлеб ён i ёсць хлеб. — А ведаеш, чым адрознiваецца вiнаград ад жыта? — Дык жа вiнаград — фрукт. — Не, з вiнаграду самаробная дазваляецца, а вось наша жытнёўка пад забаронай. — У нас i вiнаград той не расце. А з жыта пакрысе для сябе можна. Калi i ўчастковы, не дай бог, натрапiць — няўжо не даруе?.. Разагнала iх на досвiтку Алiна, устаўшы даiць карову. Прыбрала да рук увесь нагнаны скарб. Але за лазняй у Пётры ёсць яшчэ бутэлечка. Абы снегам не замяло.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Умаiх расказах пра дзядзьку Пётру, персанажа i рэальнага, i ў нечым прыдуманага, няма толькi аднаго — прыўнясення нерэальных фактаў i сiтуацый. Усё гэ
|
|