Прыгарад — не горад, або Некаторыя асаблiвасцi прысталiчнага жыцця
Хацежынскi сельскі Савет многiя яго жыхары жартам называюць «спальным раёнам» сталiцы. I сапраўды, 95 працэнтаў працаздольнага мясцовага насельнiцтва кожную ранiцу адпраўляецца на работу ў Мiнск — балазе, транспартныя зносiны з горадам наладжаны выдатна i 5—6 кiламетраў адлегласцi пераадольваюцца без праблем. Гэта ж самае «насельнiцтва», надыхаўшыся днём сталiчным паветрам, вяртаецца ўвечары дадому, у вёску. I мiжволi пачынае параўноўваць узровень гарадскога жыцця з узроўнем вясковага, няхай сабе i прысталiчнага...
Старшыня Хацежынскага сельскага Савета дэпутатаў Мiкалай Чырык лiчыць, што вялiкiх кантрастаў памiж iмi быць не павiнна. Раён — вiзiтная картка Мiнска, яго галоўныя «вароты», цi, калi хочаце, «падворак». Бо калi ў самiм доме парадак, а на падворку — кавардак, ствараецца дваякае ўражанне «Прамудрасцi» кiраўнiчай пасады Тры з паловай года таму, калi Мiкалая Пятровiча вылучылi на пасаду старшынi, ён i сам толкам не ўяўляў, чым, уласна кажучы, давядзецца займацца. Думаў, усё будзе проста — прыйшоў на працу, прыняў пару наведвальнiкаў, падпiсаў некалькi паперак... Каб пазбавiцца ад iлюзiй, хапiла месяца. — Добраўпарадкаваннем сельскiя Саветы раней амаль не займалiся, ды i ўстаноўкi такой не было... Усе грошы паглыналi гарады — iх i асфальтавалi, i асвятлялi, i прыбiралi. Вёска ж зарастала звалкамi i пацiху вымiрала... Спадчына Мiкалаю Чырыку дасталася складаная. Восем населеных пунктаў на тэрыторыi Хацежынскага сельскага Савета былi без вады. Патрабавалася аднавiць свiдравiны, закупiць новыя помпы, памяняць непрыгодныя да эксплуатацыi ўчасткi трубаправода... — Пашанцавала, што я прыйшоў, лiчы, з вытворчасцi — да гэтага працаваў намеснiкам старшынi калгаса. Ведаў, i як трубу замянiць, i з якога боку да свiдравiны падысцi... (Напэўна, «умелец» адзiн з ЖКГ, якi з новай помпай тады напартачыў, да гэтага часу мяне ўспамiнае.) А вось настаўнiкам цi работнiкам устаноў культуры, якiя на пасаду старшынь Саветаў прыходзяць, спачуваю. Сельскі Савет — гэта вялiкая вытворчасць, i тут без пэўнай падрыхтоўкi i кантактаў не абысцiся. Скажам, каб людзi на зiму без палiва не засталiся, трэба i ў лес паехаць, i дровы «прабiць», i з пiларамай дамовiцца... Або агароджа... З чаго яе рабiць, якой вышынi? Толькi калi па пальцу сабе малатком стукнеш — будзеш ведаць. Сам Мiкалай Пятровiч прызнаецца, што не адзiн гузак набiў, пакуль навучыўся ўсiм тонкасцям кiраўнiчай пасады. За тры гады правялi газ у раёне новай забудовы вёскi Хацежына, а гэта — 400 дамоў. На чарзе яшчэ 250 дамоў хацежынцаў, вёскі Старое Сяло i Казлоўка. Потым Пцiч, Багушова... Праз два—тры гады без газаправода нiзкага цiску на тэрыторыi сельскага Савета застануцца толькi маланаселеныя (10—20 чалавек) вёскi, паколькi iх жыхары, у пераважнай большасцi пенсiянеры, наўрад цi здолеюць аплацiць гэта задавальненне. Аднак, паводле слоў Мiкалая Пятровiча, старыя не ў крыўдзе — увесь свой век пражылi з дровамi i брыкетам. — А вось маладыя так жыць ужо не могуць, ды i не хочуць. Для iх лепш заплацiць 1000 долараў (менавiта столькi каштуе падвядзенне газу), чым валандацца з дровамi, хоць з забеспячэннем палiвам у нас нiякiх праблем няма. Учора — за iдэю, сёння — за грошы Але супраць амаладжэння насельнiцтва сельскага Савета старшыня нiчога не мае. Дэмаграфiчная праблема не абмiнула падуладныя яму населеныя пункты, i цяпер, каб «затрымаць» маладых, трэба думаць над тым, што ты можаш iм даць. — Гэта раней усе працавалi «за iдэю», цяпер жа патрабуюць годнай працы, зарплаты i ўмоў пражывання. Працоўнымi месцамi нас выручае сталiца, а вось за арганiзацыю будаўнiцтва жылля ўзяўся сельвыканкам. Стварылi жыллёва-будаўнiчы кааператыў на 100 кватэр, на чарзе яшчэ адзiн — на 60. Палепшыць свае жыллёвыя ўмовы такiм спосабам жадаюць сёння 154 чалавекi. Думаю, праз два гады ўсе яны будуць забяспечаны жыллём. Банк дае людзям пазыку — на 20 гадоў пад 5 працэнтаў таму, хто працуе ў сталiцы, i на 40 гадоў пад 3 працэнты — вяскоўцам. Гэта нармальная дапамога. Мы падлiчылi, што адзiн квадратны метр жылля будзе каштаваць чалавеку максiмум 500 долараў. Першы паверх 60-кватэрнага жылога дома плануецца аддаць пад бытавыя паслугi — гэта дазволiць сканцэнтраваць у адным месцы i цырульню, i хiмчыстку, i рамонт абутку, i iншыя паслугi, за якiм не наездзiшся ў сталiцу... Са з’яўленнем новых дамоў (плюс жыллёва-будаўнiчы кааператыў санаторыя «Аксакаўшчына») i, адпаведна, жыхароў з’явiцца патрэба i ў новай амбулаторыi, школе, дзiцячым садку... Гэта не самая блiзкая перспектыва, але аб ёй ужо задумваюцца ў сельвыканкаме. Мiнус смецце, плюс заробак Тут, дарэчы, абсалютна правiльна паступiлi, перадаўшы ў свой час на баланс адпаведных спецыялiзаваных службаў сiстэму водазабеспячэння, асвятленне i дарогi. Сёння за водаправодную сiстэму, напрыклад, адказвае жыллёва-будаўнiчая гаспадарка Мiнскага раёна. — Раней вадаправод быў «нiчыйным», што выклiкала шэраг праблем i нараканняў. Цяпер ЖКГ заключае з людзьмi дагаворы на абслугоўванне, кожны чалавек плацiць за гэта пэўную суму, i ўсе задаволены. Хоць, пагаджаецца Мiкалай Пятровiч, ёсць месцы, дзе з праблемамi па водазабеспячэнню выдатна спраўляюцца i сельскагаспадарчыя прадпрыемствы. Але так шанцуе далёка не ўсiм сельсаветам. «Пiк» добраўпарадкавання прыйшоўся на 2004—2006 гады. У пазамiнулым годзе ў «тэрыторыю» было ўкладзена 200 млн рублёў, летась — 100 млн. На сельвыканкам (штат якога складаецца з чатырох чалавек без улiку бухгалтэрыi) лягла вялiкая нагрузка. Куплялi лес i штыкет, ставiлi i фарбавалi кiламетры агароджы, будавалi зоны адпачынку i тонамi вывозiлi смецце. Аказалася, што самае складанае — пераадолець псiхалогiю вясковага чалавека, якi заўсёды выкiдваў смецце там, дзе было больш зручна... Але звалкi вывезлi, зрабiлi рэкультывацыю забруджаных зямель i... абавязалi ўсiх i кожнага выкiдваць адходы ў мяхi, за якiмi раз на тыдзень прыязджае трактар. Цяпер жыхары вёсак настолькi да гэтага прызвычаiлiся, што нават пачалi пiльна сачыць за суседзямi: цi не забруджваюць тыя тэрыторыю, i калi што не так — паведамляць старастам цi ў сельвыканкам. Грошы за вываз смецця паступаюць на рахунак КУПа — камунальнага ўнiтарнага прадпрыемства. Але, як сцвярджае Мiкалай Чырык, яны не пакрываюць затрат. I ўсё ж работу сваю КУП будзе працягваць. З узнiкненнем КУПа, дарэчы, у сельсавеце самi сабой «адпалi» пытаннi з падвозам вяскоўцам палiва, сена, саломы, з апрацоўкай прысядзiбных участкаў, уборкай ураджаю на падворках. Першы трактар выдзелiў райвыканкам, яшчэ адзiн — атрымалi за другое месца ў раённым спаборнiцтве па добраўпарадкаванню. Як «расцягнуць» працоўны тыдзень? Мiкалай Пятровiч прызнаецца, што ў свой час, калi яшчэ толькi вучыўся кiраваць i працаваць з людзьмi, рабiў шмат памылак, якiх сёння, дзякуючы салiднаму вопыту, стараецца пазбегнуць... Караючыя метады — не яго стыль. Караць — гэта занадта проста. Куды больш важна дабiцца таго, чаго чакаеш, знайсцi ўзаемаразуменне. Аднак год ад году рабiць гэта становiцца ўсё больш складана. Людзей на тэрыторыi сельсавета пражывае, здавалася б, не так ужо i многа — 2400 чалавек, аб’ёмы ж работ, звязаныя з прыёмам грамадзян, штогод павялiчваюцца ў геаметрычнай прагрэсii. Скажам, сельвыканкамы дзе-небудзь у брэсцкай глыбiнцы рэгiструюць 80—120 зваротаў за год. У Хацежынскi сельвыканкам за мiнулы год паступiла 1486 (толькi пiсьмовых!) зваротаў. За гэты ж час было прынята 947 рашэнняў, кожнае з якiх — гэта не аўтаматычны «росчырк пяра», а прадуманы i ўзважаны крок. — Я падлiчыла час, неабходны для выканання ўсiх заяў «знiзу» i патрабаванняў «зверху», — гаворыць сакратар Хацежынскага сельвыканкама Нiна Кiсялевiч. — Атрымалася, што асабiста мне патрэбна яго прыкладна ў тры разы больш, чым дазволена працоўным заканадаўствам. 40-гадзiнны працоўны тыдзень — гэта на паперы. На самай справе часта даводзiцца працаваць значна больш — да 8—9 гадзiн вечара i ў выхадныя. Iнакш з патокам заяў i зваротаў нам не справiцца. Мiкалай Чырык лiчыць, што нельга вызначаць штаты сельвыканкамаў зыходзячы толькi з колькасцi прапiсанага насельнiцтва, асаблiва калi гаворка iдзе пра Мiнскi раён. Да гэтага часу нiхто не прымаў да ўвагi такую акалiчнасць, як колькасць зваротаў грамадзян. За апошнi час патрабаваннi сельвыканкамаў сталi больш жорсткiмi, а штаты засталiся ранейшымi. А час патрабуе ўвядзення новых спецыялiстаў. — Зараз ва ўсiх на слыху «дэбюракратызацыя». Але нас не трэба дэбюракратызаваць. Паверце, кожны чалавек, у тым лiку i дзяржаўны служачы, хоча працаваць як мага лепш. Толькi для гэтага трэба спачатку стварыць яму ўмовы для нармальнай працы. I мы ўсё зробiм самi — якасна i ў належны тэрмiн, — упэўнена Нiна Мiкалаеўна. — Сёння ў нас iснуе адзiная камп’ютарная сетка, мы аб’яднаны з iншымi сельвыканкамамi i службамi раёна. I гэта выдатна. Але сакратар фiзiчна не ў стане выканаць ўсе нагрузкi «аднаго акна», калi ў месяц збiраецца 150—160 заяў i кожную трэба дасканала праверыць. Магчыма, ёсць сэнс перавесцi «адно акно» (там, дзе iдзе вялiкi паток зваротаў) на самаакупнасць? У такiм разе зарплата работнiка (лепш за ўсё юрыста), якi займаўся б выключна зборам даведак i iнфармацыi ў межах «аднаго акна», напрамую залежала б ад выпрацоўкi, ад колькасцi разгледжаных заяў... Карысць была б агульнай — i людзi не нервавалiся б з-за зацягвання тэрмiнаў, i нагрузка на выканкам зменшылася б. Вялiкiя нагрузкi — не адзiная праблема прысталiчнага сельвыканкама. Сёння, калi на ўсiх узроўнях жорстка ставiцца пытанне з дысцыплiнай i адказнасцю, той жа штогадовы пагаспадарчы абход падворкаў даводзiцца па-ранейшаму ўскладваць на грамадскасць. Таму што на тэрыторыi сельсавета 16 вёсак, 1015 двароў, i ўсе без выключэння трэба абысцi, зрабiць адпаведныя падлiкi, праверыць дамавыя кнiгi i тэхпашпарты. А ў штаце сельвыканкама — 4 чалавекi, два з якiх (спецыялiсты) займаюцца толькi падаткамi i воiнскiм улiкам. Застаюцца... старшыня i сакратар. Але калi яны пачнуць з ранiцы да вечара хадзiць па дварах, хто будзе выконваць iх непасрэдныя абавязкi? — Мэтазгодна было б праводзiць пагаспадарчы абход па аналогii з перапiсам насельнiцтва, — лiчыць Нiна Кiсялевiч. — Прызначылi б лiчыльнiкаў, аплацiлi б iм работу — i мы былi б упэўнены, што людзi зробяць усё «ад» i «да», а не абы з рук. А пакуль што за чужыя арыфметычныя памылкi (на простай мове гэта называецца «лiпа») адказнасць нясе сельвыканкам, i па поўнай праграме — штрафы складаюць да 100 базавых велiчынь. Нельга не пагадзiцца i яшчэ з адной заўвагай сакратара Хацежынскага сельвыканкама. Сёння цяжка знайсцi заканадаўчы акт, дзе не былi б прапiсаны задачы для нiзавога звяна ўлады — яны датычацца газiфiкацыi i зносу старых дамоў, страхавання i грамадскага правапарадку, процiпажарнай бяспекi i аховы навакольнага асяроддзя... На думку Нiны Кiсялевiч, усё, што датычыцца работы Саветаў i сельвыканкамаў, павiнна быць сабрана разам i прапiсана (у адпаведных раздзелах) у адным, асноўным, законе — «Аб мясцовым кiраваннi i самакiраваннi», што значна спрасцiла б работу сельвыканкамаў. Рацыянальнае зерне ў гэтай прапанове, мне падаецца, ёсць. Наталля КАРПЕНКА, Мiнскi раён.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Хацежынскi сельскі Савет многiя яго жыхары жартам называюць «спальным раёнам» сталiцы. I сапраўды, 95 працэнтаў працаздольнага мясцовага насельнiцтва
|
|