Агавам — культурная куманiка
«Хачу развесцi ў садзе ажыну. Што такое куманiка? Як паводзiць сябе гатунак Агавам», — прасiла расказаць чытачка.
Цiкавасць садаводаў-аматараў да гэтай культуры з кожным годам расце, але многiя заблыталiся ў назвах. Паспрабуем разабрацца. У дзiкiм выглядзе ажына сустракаецца ў лясах Беларусi, насельнiцтва даўно ласуецца пладамi гэтай ягады. Першыя ж прамысловыя гатункi ажыны з’явiлiся ў пачатку ХIХ ст. у ЗША, а ў другой палове гэтага ж стагоддзя яе пачалi вырошчваць у Еўропе. У Беларусi першыя гатункi ажыны з’явiлiся ў 30-х гадах ХХ ст. У прыродзе iснуюць два вiды ажыны: куманiка i расiянка. Гатунак Агавам адносiцца да культурнай куманiкi. Ён самы зiмастойкi, заваяваў папулярнасць у садаводаў-аматараў. У адрозненне ад дзiкага вiду, якi расце на ўзлесках, у ажыны Агавам больш смачныя, салодкiя без кiслiнкi ягады, вялiкi куст, большы ўраджай. Ажыну можна высаджваць вясной i ўвосень. Яна любiць урадлiвую глебу, сярэднiя суглiнкi, але не любiць чыста пясчаную i тарфяную. Вiльгацелюбiвая культура, пераносiць паўцень, але ўсё ж больш любiць святло, таму i ягады ў сонечным месцы выспяваюць раней. Высаджваць кусты лепш за ўсё на невялiкiх схiлах, размяшчаючы рады з поўначы на поўдзень, а садзiць у траншэi. Садаводы часцей за ўсё выкарыстоўваюць ямы глыбiнёй i дыяметрам 0,5 м. У кожную ямку трэба ўнесцi вядро перапрэлага кампосту, дзве шклянкi прасеянага драўнiннага попелу i дзве жменi комплекснага мiнеральнага ўгнаення. Усё гэта перамяшаць з выкапанай зямлёй i запоўнiць яму сумессю. Першыя два—тры гады пасля пасадкi кусты лепш падкормлiваць толькi разведзенымi ў вадзе азотнымi ўгнаеннямi (20 г мачавiны на вядро). У далейшым, рэкамендуюць практыкi, штогод вясной запраўляць у зямлю вядро перагною, дзве жменi комплекснага мiнеральнага ўгнаення i дзве шклянкi попелу на куст. Садзiць на такую глыбiню, каб буйныя пупышкi, якiя знаходзяцца ля каранёвай шыйкi, былi засыпаны не больш чым на 2 см. Не будзе памылкi, калi вы садзiце раслiну глыбей, але ў такiм выпадку пладаносiць яна будзе на год пазней. Пасля пасадкi саджанец абрэзаць, пакiнуўшы пянёк 25 см. Для таго, каб куст правiльна падвязаць, нацягваецца дрот у два рады. Аднагадовыя парасткi падвязваюць да верхняга, а парасткi, якiя вырастуць летам, — да нiжняга ў форме веера, пакiдаючы адлегласць памiж iмi такiм чынам, каб можна было лёгка збiраць ягады, а лiсце атрымлiвала больш святла. Пасля збору ўраджаю парасткi, якiя апладаносiлi, засыхаюць — iх варта абрэзаць сякатарам ля самай зямлi. Вясной у ажыны абразаецца верхавiна, бо, як правiла, яна заўсёды аказваецца падмарожанай. Гэты прыём дазваляе павялiчыць ураджай на 10—15 працэнтаў. Зразаць трэба да здаровай часткi. Па той прычыне, што ажына цвiце позна, у асноўным калi мiне небяспека замаразкаў, то i плады выспяваюць пазней, чым, напрыклад, у малiны. Кветкi ажыны ў час цвiцення збiраюць многа пчол, чмялёў i iншых насякомых. Калi ажыны дастаткова, то з яе можна зрабiць жывую агароджу. На ажыне амаль не бывае шкоднiкаў. Адзiнае — яна можа паражацца грыбковымi хваробамi, але гэтага можна пазбегнуць, калi фармiраваць не густы, а рыхлы куст, да якога добра пранiкае паветра. Чорныя ягады не азначаюць, што яны ўжо спелыя, i здымаць iх трэбы, калi касцянкi добра запоўняцца, стануць акруглымi. Ягады навобмацак мяккiя, лёгка здымаюцца. Ажына Агавам пладаносiць на мiнулагоднiх пяцiгранных парастках. Пакуль раслiна маладая, яна не дае высокiх сцёблаў, але, пачынаючы з трэцяга года плоданашэння, такiя парасткi вырастаюць да трохметровай вышынi. Увесь ураджай у асноўным фармiруецца на вышынi больш як 2 м. Каб парасткi не цягнулiся так высока, трэба праводзiць прышчыпку iх у маладым узросце на вышынi 2 м. Вясной усе падвязаныя бакавыя парасткi можна ўкарацiць да 50 см.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
«Хачу развесцi ў садзе ажыну. Што такое куманiка? Як паводзiць сябе гатунак Агавам», — прасiла расказаць чытачка
|
|