Iшоў, упаў, ачуняў — гiпс
Вольга ШАЎКО
Траўмапункт На сённяшнi дзень у структуры агульнай захворваемасцi траўма займае другое месца. Як адзначыў намеснiк дырэктара па лячэбнай рабоце Навукова-даследчага iнстытута траўматалогii i артапедыi Сяргей ЗАРЭЦКI, пачынаючы з 2006 года ўзровень дзiцячага траўматызму вырас на 8 працэнтаў, сярод дарослага насельнiцтва — на 3,5 працэнта. Штогод траўмы атрымлiваюць каля 800 тысяч жыхароў краiны.У зiмовы перыяд часцей сустракаюцца пераломы касцей галёнкi i прамянёвай косцi, удар кiсцi i пашкоджаннi звязак галёнкаступнёвага i каленнага суставаў. Аднак сёлетняя зiма ўнесла ў гэту праблему свае карэктывы. Адсутнасць снежнага покрыва i адносна цёплае надвор’е ў студзенi паспрыяла таму, што за навагоднi перыяд траўмы атрымалi ў два разы менш людзей, чым за гэты час летась. А вось з надыходам халадоў i снегападаў паказчык, наадварот, павялiчыўся ў два разы. У пацыентаў зараз пераважаюць пераломы касцей — 15 працэнтаў, вывiхi — 10 працэнтаў, астатнiя — гэта хворыя з ударамi, расцяжэннем звязак. У 80 працэнтах траўму атрымлiваюць людзi працаздольнага ўзросту. Дзецi да 15 гадоў складаюць 2 працэнты, пацярпелыя пасля 60 гадоў — 8 працэнтаў. — Зiмовы траўматызм сур’ёзна хвалюе траўматалагiчныя службы, — зазначыў галоўны траўматолаг Камiтэта па ахове здароўя Мiнгарвыканкама Аляксандр МАРЦIНОВIЧ. — Справа ў тым, што гэтыя вiды пашкоджанняў з’яўляюцца найменш кiруемымi. Толькi А мiж тым наступствы траўмаў самыя сумныя. Чалавек пакутуе працяглы час. Напрыклад, пры пераломе галёнкi пацыент становiцца непрацаздольным мiнiмум на 4—5 месяцаў. Акрамя таго, калi несвоечасова аказаць дапамогу, няправiльна лячыць, то наступствы могуць быць увогуле незваротнымi. 30 працэнтаў людзей пасля сур’ёзных траўмаў атрымлiваюць групу iнвалiднасцi. Гэта цягне за сабой вялiкiя эканамiчныя страты. Каб знiзiць узровень траўматызму, спецыялiсты раяць прытрымлiвацца пэўных рэкамендацый. Людзям сталага ўзросту трэба ўстрымацца ад непатрэбнага хаджэння па вулiцах. Для iх узросту характэрныя пэўныя вiды траўмаў, колькасць якiх у зiмовы час iстотна павялiчваецца. Той жа пералом шыйкi бядра — найцяжэйшая траўма, якая або робiць чалавека нерухомым на доўгi час, або патрабуе сур’ёзнага аператыўнага ўмяшання. Турбуе i неарганiзаваны спартыўны адпачынак, якi таксама з’яўляецца крынiцай траўматызму. Пакатацца на каньках, горных лыжах iмкнуцца людзi, якiя нiколi раней не займалiся гэтымi вiдамi спорту. I асаблiва небяспечна, калi гэтыя «спартсмены» ў святочны марозны дзень спрабуюць узбадзёрыць сябе алкагольнымi напоямi. — Пэўных правiлаў павiнны прытрымлiвацца i ўдзельнiкi дарожнага руху, — падкрэслiвае намеснiк начальнiка ўпраўлення ДАI Мiнiстэрства ўнутраных спраў Iгар ВАНIЦКI. — У студзенi мы зарэгiстравалi 646 дарожна-транспартных здарэнняў, у якiх загiнула 173 чалавекi. Пры цяперашнiх умовах надвор’я на аўтамабiлi абавязкова павiнна быць устаноўлена зiмовая гума, кожны вадзiцель павiнен выбiраць аптымальны хуткасны рэжым у залежнасцi ад надвор’я. Пешаходам варта ўлiчыць такiя моманты: быць надзвычай уважлiвымi пры пераходзе праезнай часткi асаблiва ў гарадах. Рэкамендуецца абазначыць сябе ў цёмны час сутак рознага роду святлоадбiвальнымi элементамi. Асаблiва гэта датычыцца жыхароў сельскай мясцовасцi. Людзi вяртаюцца з работы ў цёмны час або iдуць туды, калi свiтае позна. I часцей за ўсё яны рухаюцца па праезнай частцы, бо за яе межамi ў вёсцы пешаходных дарожак мала. А вадзiцель можа не заўважыць чалавека i не прыняць адпаведных мераў, каб пазбегнуць бяды. Калi ж пешаход абазначыць сябе элементам, якi свецiцца, то магчымасць атрымання траўмы iстотна знiзiцца. Што рабiць, калi траўма ўсё ж здарылася? Абавязкова звяртацца ў блiжэйшую медыцынскую ўстанову. Выклiкаць хуткую дапамогу, калi не атрымлiваецца рухацца самастойна. Першую медыцынскую дапамогу могуць аказаць супрацоўнiкi ДАI або людзi, якiя маюць пярвiчныя навыкi такой дапамогi. Пры вывiху. Пашкоджанаму суставу або канечнасцi трэба забяспечыць поўную нерухомасць. Для гэтага накладваюць фiксуючую павязку накшталт хусткi, руку можна прыбiнтаваць да тулава. Для змяншэння болю пацярпеламу ўнутр даюць таблетку анальгiну. Пры пераломе. Нi ў якiм разе нельга самiм правяраць рухомасць касцявых адросткаў, упраўляць iх, бо пры гэтым можна пашкодзiць мяккiя тканкi, сасуды, нервы i прычынiць пацярпеламу дадатковы боль. Пры закрытым пераломе варта прыняць меры, каб спынiць далейшае змяшчэнне адломкаў, пры адкрытым пераломе найперш трэба спынiць кровацячэнне i накласцi стэрыльную павязку. Пры ўдарах. Калi няма цяжкiх пашкоджанняў, трэба прыкласцi да месца ўдару пузыр з лёдам або ручнiк, змочаны халоднай вадой.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На сённяшнi дзень у структуры агульнай захворваемасцi траўма займае другое месца |
|