21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Свiслацкая талака: разам, але не за кошт iншага

25.08.2009 22:21 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

«Чалавечы фактар быў, ёсць i будзе асноўным у рабоце нашага калектыву» — пазiцыя старшынi СВК «Свiслач» Гродзенскага раёна Васiля Густыра

Калi прыязджаеш у вядомы на ўсю рэспублiку сельскагаспадарчы кааператыў «Свiслач» i наблiжаешся да яго адмiнiстрацыйнага будынка, то першая думка — не пра выдатныя ўраджаi збожжа i надоi малака, а пра павагу мясцовых жыхароў да сваёй мiнуўшчыны. Настолькi акуратна, прывабна выглядае былы палац графiнi Марты Красiнскай, дзе цяпер размяшчаюцца праўленне СВК, Дом культуры, бiблiятэка i iншыя ўстановы. А з нядаўняга часу тут адчынены музей не толькi гаспадаркi, але i ўсiх населеных пунктаў Квасоўскага сельскага Савета. Ажыццявiлася даўняя мара — не дзеля турыстаў, а для тутэйшых жыхароў, найперш каб моладзь ведала пра свае каранi i гiсторыю малой Радзiмы.

Надвор’е i прафесiяналiзм: хто каго?

Нядаўна працаўнiкi СВК «Свiслач» падвялi вынiкi сваёй работы за 2006 год. Часцей за ўсё як бывае ў справаздачах? Спачатку — аб дасягненнях, затым — аб недахопах i праблемах. Здавалася б, кiраўнiк гаспадаркi Васiль Густыр таксама мог пайсцi па гэтай наезджанай каляiне, тым больш што мiнулы год, хоць i не быў лепшым у яе найноўшай гiсторыi, але зноў не абышоўся без рэкордных паказчыкаў. На гэты раз — у жывёлагадоўлi. Вытворчасць малака на 100 гектараў сельгасугоддзяў склала 1836 цэнтнераў — самы высокi паказчык у вобласцi. Упершыню дзяржаве рэалiзавалi 5224 тоны малака i 585 тон ялавiчыны. На адну фуражную карову надаiлi 6616 кiлаграмаў малака. Выхад цялят — 98 галоў на 100 кароў.

Ды ў земляробстве такiя паказчыкi, аб якiх многiя калегi Васiля Мiкалаевiча пакуль толькi мараць. Як марыў i сам Густыр на пачатку свайго старшынства ў «Свiслачы». У 1978-м, па вынiках першага года працы на пасадзе тады яшчэ дырэктара саўгаса яго вiншавалi з ураджаем збожжа па 40 цэнтнераў з гектара. У той час гэта быў бясспрэчны поспех, але сёння — ужо даўно пройдзены этап. Мяркуйце самi. Летась ва ўмовах сумнапамятнай засухi атрымалi, з улiкам кукурузы, па 77 цэнтнераў збожжа з гектара. Занялi першае месца на Гродзеншчыне па вытворчасцi кармоў: нават пры ўзрослым пагалоўi i высокай шчыльнасцi буйной рагатай жывёлы на адзiнку плошчы маюць больш за 30 цэнтнераў кармавых адзiнак на ўмоўную галаву.

I вось на фоне такiх зайздросных лiчбаў старшыня пачынае свой справаздачны даклад з ... недапрацовак.

— Не за гарамi час, калi вытворчасць нiзкаякаснай i дарагой прадукцыi будзе не запатрабавана, а значыць, не будуць патрэбны дрэнныя спецыялiсты, асобныя фермы i, можа, нават некаторыя гаспадаркi, — лiчыць Васiль Густыр.

А надвор’е, кажа Васiль Мiкалаевiч, трэба прымаць такiм, якое яно ёсць, i замест спасылак на неспрыяльныя ўмовы лепш усёй талакой задумаемся, дзе нашы слабыя месцы, якiя рэзервы на палях i фермах трэба задзейнiчаць.

I тут жа — iнфармацыя для роздуму, скрупулёзны эканамiчны аналiз па кожнаму вiду прадукцыi, зыходзячы з працазатрат i выручкi ад рэалiзацыi. Аказваецца, найбольш працаёмкай пакуль з’яўляецца малочная жывёлагадоўля, а з найменшымi людскiмi затратамi ў «Свiслачы» вырошчваюць рапс i цукровыя буракi. Пры гэтым, аднак, прыбытак з кожнага гектара агароднiны разоў у шэсць большы, чым ад рапсу, i ўтрая, калi параўноўваць са збожжавымi. Засеяць усе палi капустай i морквай? Гэта зрабiць можна, а вось прадаць...

Дык, можа, варта больш увагi надаваць цыбулi i бульбе? Але тут праблема з уборкай i захоўваннем. Патрэбны сучасны ўнiверсальны камбайн для ўборкi бульбы, караняплодаў i цыбулi, а таксама агароднiнасховiшча, фундамент якога, дарэчы, ужо закладзены.

Хвалюе старшыню i такое пытанне, як рознiца ў надоях малака ад розных груп кароў. Калi б на ферме «Цэнтральная» ўсе працавалi на ўзроўнi лепшай даяркi Бранiславы Шаболiк (сярэднi ўдой на карову ў мiнулым годзе — 8042 кiлаграмы!), то гэта азначала б для кааператыва плюс прыкладна 500 тон малака. А адсюль i прапанова зоаветэрынарнай службе: на базе кароўнiка, дзе працуе гэты сапраўдны майстар сваёй справы, стварыць племянное ядро, адбiраючы туды лепшых цялушак i адпрацоўваючы пытаннi тэхналагiчнага ланцужка з карысцю для ўсёй гаспадаркi.

— Далейшы рост вытворчасцi патрабуе ад нас сапраўднага прафесiяналiзму, скарачэння затрат, эканомii кармоў, электраэнергii, беражлiвых адносiнаў да механiзмаў, строгай тэхналагiчнай дысцыплiны на кожным рабочым месцы, — падкрэслiў Васiль Густыр.

Да прыкладу, наколькi выгадна прымяненне мясцовых вiдаў палiва? У гаспадарцы зыходзяць з таго, што дровы не купляюць, а нарыхтоўваюць пры ачыстцы паркавай зоны i вёсак ад старых аварыйных дрэў i раскарчоўцы кiнутых хутароў. Па сутнасцi, вымушаная мера. Дык вось, на ўчастку Сяргея Урусава нарыхтавалi прыкладна 155 кубаметраў пры агульных затратах 1836 тысяч рублёў. Такiм чынам, адзiн кубаметр уласных дроў каштуе 11 850 рублёў, а лясгас прадае па 16—17 тысяч. Значыць, перавод кацельняў на мясцовае палiва цалкам апраўданы, тым больш з улiкам навядзення парадку на сваёй тэрыторыi i працаўладкавання людзей у зiмовы перыяд.

Што датычыцца электраэнергii, то, пачынаючы з красавiка, дадатковая аплата кiраўнiкам падраздзяленняў гаспадаркi будзе налiчвацца пры ўмове скарачэння яе спажывання на 10 працэнтаў пры адначасовым павелiчэннi вытворчасцi прадукцыi (жывёлагадоўля) i адсутнасцi зрываў у рабоце на iншых аб’ектах (пiларама, бетонны вузел, сталярка, зерняток, магазiны). Лагiчна: так, кааператыў — гэта адзiная сям’я, але за агульнымi паказчыкамi павiнен быць бачны ўклад кожнага.

А вось на чым у «Свiслачы» не эканомяць, дык гэта на здароўi i ахове працы людзей. 32 мiльёны рублёў затрацiлi летась на паляпшэнне санiтарна-бытавых умоў, сродкi аховы ад уплыву шкодных фактараў, забеспячэнне бяспекi абсталявання i тэхнiкi, iльготы i кампенсацыi па ўмовах працы, на навучанне i павышэнне квалiфiкацыi кадраў у вучэбных камбiнатах. Шмат грошай укладзена таксама ў рамонт майстэрняў, пячнога ацяплення, падтрыманне тэмпературнага рэжыму на рабочых месцах.

Асноўны фактар — чалавечы

— Чалавечы фактар быў, ёсць i будзе асноўным у рабоце нашага калектыву, — гаворыць Васiль Густыр. — Рабiлi, робiм i будзем рабiць усё, што ў нашых сiлах, для чалавека-працаўнiка, ветэранаў, якiя дзесяткi гадоў адпрацавалi ў гаспадарцы.

I гэта не прыгожыя словы, а рэальныя справы. Прычым у адносiнах не толькi працаўнiкоў палёў i фермаў. У «Свiслачы», калi справа датычыцца сацыяльных i iншых клопатаў, не робяць рознiцы памiж спецыялiстамi вытворчай сферы i медыкамi, настаўнiкамi, работнiкамi культуры, бытавога абслугоўвання i гандлю. Усе яны, да прыкладу, маюць роўныя правы на атрыманне жылля (цяпер падрадным спосабам будуюцца яшчэ тры чатырохкватэрныя дамы, а неўзабаве будуць закладзены чатыры аднакватэрныя) альбо на бясплатнае збожжа: даяркам i камбайнерам выдалi па 900 кiлаграмаў, астатнiм катэгорыям работнiкаў — па 800, пенсiянерам — па 400. На балансе кааператыва клубныя памяшканнi i бiблiятэка, ажно 160 мiльёнаў рублёў (!) затрачана на рамонт школы. А ФАП, каб пашырыць вiды медыцынскiх паслуг насельнiцтву, пабудаваны практычна наноў i будзе адной з лепшых падобных устаноў у вобласцi. Гэта запатрабавала ад гаспадаркi 150 мiльёнаў рублёў плюс яшчэ спатрэбяцца расходы на прыгожы выгляд фасаду будынка. Цяпер на парадку дня — праблема якасцi вады, вельмi патрэбна станцыя па яе абезжалезванню.

...Пасля таго, як свае праблемы i прапановы выказалi на сходзе работнiкi ўсiх структурных звёнаў гаспадаркi, былi прыняты правiлы ўнутранага працоўнага распарадку СВК «Свiслач», дзе дакладна вызначаны правы i абавязкi кожнага работнiка, у тым лiку што датычыцца заахвочванняў i спагнанняў, асабiстай падсобнай гаспадаркi i г.д. А затым знайшлi сваiх уладальнiкаў дзесяткi канвертаў з грашовымi прэмiямi. Сярод iх — загадчыкi ўчасткаў Вiктар Манкевiч, Генрых Гайдэль, механiзатар Юрый Шашура, якi намалацiў амаль 3000 тон збожжа. На сяўбе i доглядзе цукровых буракоў i кукурузы вызначыўся Генадзь Тапчылка, на ўборцы караняплодаў цукровых буракоў — Аляксандр Барэль, на нарыхтоўцы кармоў — Сяргей Берастоўскi i Анатоль Воўна, на ўборцы саломы, трамбоўцы сенажу i сiласу — Леанiд Майсейчык. А як працуе на «Амкадоры» Ян Бекiш — заглядзенне! А ёсць жа яшчэ Iван Скаржынскi, Анатоль Бажко, на плячах якiх кааператыўны агарод, Мiкалай Юшкевiч, Аляксандр Карпала, Валерый Скаржынскi, паляводы Вольга Капыцкая, Ларыса Хамiцкая, Вольга Арцюх, Марыя Шашура, цяплiчнiца Любоў Жукоўская, вадзiцелi Сяргей Рабчук, Аляксандр Абужынскi, Сяргей Жукоўскi...

Дарэчы, тым працаўнiкам гаспадаркi, чые заслугi адзначаны занясеннем на Дошку гонару, прэмiя «шматразовая»: спачатку — у памеры дзвюх базавых велiчынь, а затым штомесячна па адной плюс да зарплаты. Лепшым жа жывёлаводам у якасцi ўзнагароды — цяля. За першае месца — вагой 100 кiлаграмаў, за другое i трэцяе — адпаведна 90 i 80 кiлаграмаў. Падтрымалi i тых, каго праводзiлi на пенсiю.

Кветкi, апладысменты, усмешкi... Зрэшты, добры настрой быў не ва ўсiх, хтосьцi, пэўна, атрымаў i горкi ўрок на будучыню. Можна ўявiць сабе: ты сярод лiдараў па вытворчых паказчыках i практычна ўжо маеш салiдную прыбаўку да сямейнага бюджэту, аднак парушыў дысцыплiну i — бывай, прэмiя. Крыўдна, канешне. Але хiба ж не справядлiва?

Як гараджане сталi членамi сельгаскааператыва

Сярод удзельнiкаў сходу была i выступiла з трыбуны Нiна Валчкова, якая з’яўляецца членам кааператыва, але пры гэтым пражывае i працуе ў... Гродне. I не толькi яна, а ўсе 60 членаў яе працоўнага калектыву, таксама гараджане.

Як жа атрымалася вось такое яднанне горада i вёскi? А справа ў тым, што пяць гадоў таму сельгаспрадпрыемства купiла прадуктовы магазiн у абласным цэнтры (вул. Савецкiх пагранiчнiкаў, 116-а), i Нiна Валчкова на конкурснай аснове стала яго дырэктарам. У гандлi яна — не навiчок, аднак упершыню, кажа Нiна Мiкалаеўна, у яе, прызначаючы на пасаду, пацiкавiлiся не толькi чыста прафесiйнымi якасцямi, але i спыталi аб бацьках, дзецях. Прычым такi падыход быў характэрны не толькi да кiраўнiка магазiна, але i да ўсяго персаналу.

Сёння Нiна Валчкова i яе падначаленыя карыстаюцца такiмi ж правамi, як i iншыя члены кааператыва (у прыватнасцi, бясплатна альбо па чыста сiмвалiчнай цане забяспечваюцца капустай i бульбай), а магазiн сярод прадуктовых уваходзiць у дзесятку лепшых у Гродне. Толькi ў мiнулым годзе сельгаскааператыў затрацiў на ўдасканаленне яго матэрыяльнай базы i арганiзацыi гандлёвага працэсу больш за 300 мiльёнаў рублёў. Устаноўлены найноўшае халадзiльнае абсталяванне, сучасныя вiтрыны для раскладкi прадукцыi, укаранёна камп’ютарная сiстэма ўлiку тавараў i разлiку з пакупнiкамi. Штодзённы тавараабарот цяпер — каля 20 мiльёнаў рублёў, з гэтым гандлёвым прадпрыемствам з задавальненнем супрацоўнiчаюць больш за 100 пастаўшчыкоў самых розных тавараў. I, што вельмi радуе Нiну Мiкалаеўну, ужо традыцыйна даспадобы пакупнiкам агароднiна СВК «Свiслач» — i, скажам так, у першапачатковым выглядзе, i пасля цэха засолу, якi ёсць пры магазiне: з лiстапада прадалi ўжо шэсць тон квашанай капусты, засалiлi чатыры тоны агуркоў, каля тоны памiдораў. Якасць свiслацкай агароднiны — выдатная, цэны — самыя нiзкiя ў горадзе, а таму за пакупкамi прыязджаюць нават з iншых мiкрараёнаў. Да таго ж, гаспадарка пастаўляе ў магазiн збожжа, на якое ўжо таксама ёсць пастаянныя клiенты з прысядзiбных i дачных гаспадарак. Карыстаюцца попытам i булачкi, якiя тут выпякаюць у кандытарскiм цэху.

Тавараабарот фiрменнага гандлю СВК «Свiслач» (магазiнаў у Гродне i на тэрыторыi гаспадаркi) летась склаў 6695 мiльёнаў рублёў. Гэта азначае, што на аднаго занятага ў гандлi работнiка рэалiзавана тавараў на 111,6 мiльёна рублёў. Зайздросны паказчык! А таму ў сваiм справаздачным дакладзе Васiль Густыр нароўне з вытворцамi адзначыў i лепшых работнiкаў гандлю — Нiну Валчкову, Ларысу Сак, Алену Шэрэль, Валянцiну Пацына, Алену Палуянчык, Алену Халько, Людмiлу Скаржынскую, вадзiцеляў Леанiда Шыдлоўскага i Леанiда Лабкова.

Веранiка ХIЛЬКЕВIЧ,

Барыс ПРАКОПЧЫК.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
«Чалавечы фактар быў, ёсць i будзе асноўным у рабоце нашага калектыву» — пазiцыя старшынi СВК «Свiслач» Гродзенскага раёна Васiля Густыра
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика