ЦЭМЕНТ БУДЗЕ!У адпаведнасцi з урадавай пастановай прадпрыемства «Крычаўцэментнашыфер» выходзiць на новыя рубяжы ў вытворчасцi цэменту Дзякуючы айчынным чыгуначнiкам можна адчуць прастор краiны: цягнiк з Мiнска да Крычава iдзе роўна столькi ж часу, колькi з Мiнска да Масквы. I калi чыгуначнiкаў хуткасцi ХIХ стагоддзя задавальняюць, то крычаўскiх вытворцаў цэменту — анiяк. Прыняўшы на сябе клопат па будаўнiцтву новай печы, прадпрыемства «Крычаўцэментнашыфер» вызначылася менавiта як дзяржаўнае, якое дбае не толькi пра свой калектыў, але жыве клопатам усёй краiны. Да печкi Пра Мiкалая Мiкалаевiча Дудыку напiсана шмат: пачаць з рабочай прафесii i вырасцi да дырэктара — не многiм удаецца. А тым больш захаваць шчырасць, павагу да простага чалавека. У яго ж гэтыя якасцi навiдавоку. Вiхляць перад дырэктарам дарэмна: ён ведае кожнаму цану i вытворчасць да дробязяў. Поцiск рукi ў яго моцны, твар адкрыты. З такiм чалавекам i проста, i надзейна — так пра дырэктара гавораць супрацоўнiкi. I яны, вiдаць, маюць рацыю. Пры Дудыку вытворчасць пастаянна мадэрнiзуецца, удасканальваецца. Грошы расходуюцца ахайна, укладваюцца толькi ў жыццяздольныя праекты. Нездарма за кожным рухам «Крычаўцэментнашыфера» ўважлiва сочаць канкурэнты, вытворчасць тут iдзе па ўзрастаючай. Вось даныя за 2006 год. Капiталаўкладаннi ў вытворчасць склалi 14,4 млрд рублёў, што на 58 працэнтаў больш, чым у 2005 годзе, выпрацавана 1 млн 10 тыс. тон цэменту, што на 18 працэнтаў больш, чым у 2005 годзе, у супаставiмых цэнах рост аб’ёму вытворчасцi за 2006 год склаў амаль дванаццаць працэнтаў. Гэтыя лiчбы ў тых цi iншых спалучэннях прыводзяць шматлiкiя айчынныя i расiйскiя электронныя сродкi iнфармацыi. «Крычаўскi арол распраўляе крылы», — кажуць яны, i гэта сапраўды так. Аб’ём экспарту за мiнулы год склаў 12 млн долараў i ўзрос на 83 працэнты ў параўнаннi з 2005 годам. У замежжа пастаўлена 199 тыс. тон цэменту i 5,7 млн умоўных плiтак шыферу. Важкае значэнне крычаўскага цэменту для будаўнiчай галiны Расii адзначаюць усё тыя ж сродкi электроннай iнфармацыi. Напрыклад, iнфармацыйны партал www. dоrkоmstrоv.ru падкрэслiвае, што беларускi цэмент дазволiў значна знiзiць дэфiцыт цэменту ў Санкт-Пецярбургу, якi ў 2006 годзе складаў 0,8 млн тон. Зараз расiйскiя вытворцы цэменту таксама iнтэнсiўна нарошчваюць магутнасцi, але факт застаецца фактам: у цяжкую хвiлiну заняпаду расiйскiх цэментных заводаў менавiта крычаўскi цэмент дазваляў весцi будаўнiцтва ў блiжэйшых да Беларусi рэгiёнах. Зараз расiяне прынялi праграму будаўнiцтва даступнага жылля. Але яна вытворчасцю цэменту не падмацавана. Напрыклад, каб выканаць гэту праграму ў Цюменскай вобласцi, патрабуецца штогод 80 млн тон цэменту, вырабляецца ж яго ў вобласцi куды менш. Новыя заводы па вытворчасцi цэменту будаваць у Расii перашкаджаюць розныя бюракратычныя перашкоды. Так што экспартная складовая ў вытворчасцi крычаўскiх цэментнiкаў яшчэ доўга будзе крынiцай даходу. Якасць iх вырабу высокая. Яна адзначаецца не толькi сертыфiкатамi вытворцаў, а i незалежнымi экспертамi, якiя праводзяць кантроль якасцi крычаўскага цэменту ў спажыўцоў. Беларусы, расiяне, i шматлiкiя будаўнiчыя фiрмы Прыбалтыкi не маюць прэтэнзiй да крычаўскай маркi. Многiя з iх ведаюць, што ў 2004 годзе завод атрымаў прэмiю ўрада краiны за поспехi ў галiне якасцi. Сёлета настае час пацвердзiць высокае званне. I калектыў робiць шмат для таго, каб любы правяраючы змог пераканацца: якасць крычаўскага цэменту сапраўды закладваецца на заводзе. У ёй — добрыя i сыравiна, i яе перапрацоўка, дакладнае выкананне абавязкаў работнiкамi на ўсiм тэхналагiчным ланцужку. Адзначу, што заводу больш за семдзесят гадоў i тое, што ён у перадавiках — дзiва. Гэта заслуга ўсяго калектыву. I поспех дырэктара, таксама. Успомнiм мiнулагоднi дэфiцыт цэменту на ўнутраным рынку. Як толькi ён стаўся, адразу ж пачалiся праверкi на заво-дзе, маўляў, штучна ствараеце гэты самы дэфiцыт. Але праблема ляжала за варотамi прадпрыемства, у сферы гандлю i размеркавання. Усё, што выраблялася, адгружалася згодна з зацверджанымi разнарадкамi. Мiж тым да сiтуацыi на заводзе паставiлiся з разуменнем. Менавiта кампетэнцыя дырэктара, веданне ўсiх тонкасцяў вытворчасцi на родным заводзе дазволiлi ў найкарацейшы тэрмiн без значных затрат рэзка павялiчыць вытворчасць цэменту ды пры гэтым яшчэ знiзiць энергаёмiстасць вытворчасцi. Апiраўся дырэктар у гэтай справе на заводскiх спецыялiстаў: тэхнолагаў, канструктараў, механiкаў. Перш за ўсё за кошт арганiзацыi працы быў зменшаны тэхналагiчны прастой печаў (у тым лiку i ў рамонце). Адначасова быў павялiчаны выраб дабавачнага цэменту марак 500Д20, 400Д20 i маркi ШПЦ. Падчас апошняга буйнога рамонту печаў былi рэканструяваны ланцуговыя завесы, што дазволiла падняць прадукцыйнасць печаў на 5 тон у гадзiну, выйсцi на паказчык прадукцыйнасцi ў 57—58 тон i, дзякуючы гэтаму, знiзiць удзельныя паказчыкi энергаёмiстасцi. Адначасова на халадзiльных устаноўках быў рэалiзаваны праект другаснага выкарыстання цяпла, якое пачало накiроўвацца не ў атмасферу, а ў печ. Толькi два гэтыя мерапрыемствы дазволiлi значна знiзiць расход палiва (да 216 кг умоўнага палiва на адну тону клiнкера). За кошт укаранення самых розных тэхнiчных навiнак была дасягнута эканомiя электраэнергii (расход электраэнергii на тону цэменту на прадпрыемстве зараз складае 28—31 кВт пры нарматыве савецкiх часоў 37 кВт). 12 працэнтаў электраэнергii дазволiла зэканомiць укараненне спецыяльных прыстасаванняў у цэху памолу. Але найбольшы эфект у гэтым пытаннi быў дасягнуты дзякуючы мадэрнiзацыi пнеўмакамерных помпаў. Яны забяспечваюць транспарцiроўку гатовага цэменту з цэха памолу ў вежы-сiласы часовага захоўвання (у якiх адначасова можа знаходзiцца да 40 тыс. тон цэменту). Укараненне гэтага навуковага праекта ажыццяўлялася разам з расiйскай Белгарадскай акадэмiяй. Вынiк стаўся блiскучым: спажыванне сцiснутага паветра на некаторых млынах знiзiлася ў 2—2,5 раза. Гэта дазволiла адмовiцца ад выкарыстання аднаго кампрэсара з электрарухавiком магутнасцю ў 1,6 мегават, фiнансавыя ўкладаннi ў праект акупiлiся з лiшкам. У руху за эканомiю энергарэсурсаў не была забыта экалогiя. Тэхнiчныя мерапрыемствы не парушалi мiжнародны экалагiчны стандарт ISО 14000, пасведчанне на якi завод атрымаў першым у галiне яшчэ ў снежнi 2004 года. Штогод адпаведнасць гэтаму стандарту паспяхова пацвярджалася. Зараз вядзецца работа над праектам экалагiчна чыстай пагрузкi цэменту з сiласаў у чыгуначныя вагоны. Печка Трэцяя печ па вытворчасцi цэменту ў Крычаве ўзводзiцца на месцы двух старых i павiнна быць здадзена ў строй ў снежнi гэтага года. Яе ўвод дазволiць павялiчыць выраб цэменту да 500 тыс. тон у год. Пачынаючы з 2008 года крычаўскiя цэментнiкi плануюць вырабляць на трох печах па 1,6 млн тон цэменту ў год. Гэта вышэй паказчыкаў савецкага часу, калi на чатырох печах быў дасягнуты рэкорд у 1,4 млн тон. Прычым тыя печы хоць i адрознiвалiся вялiкiм спажываннем энергii, але так i не здолелi дасягнуць праектнай магутнасцi. Праект будаўнiцтва новай печы распрацаваны спецыялiстамi праектнага iнстытута «Гроднадзiпрабуд». У гэтага iнстытута ёсць вопыт праектавання такога аб’екта на цэментным заводзе ў Ваўкавыскiм раёне. Печ пастаўляе Электрастальскi завод цяжкага машынабудавання. Ён выйграў тэндар у трох канкурэнтаў. Паколькi печ будуецца як замена старым, то практычна не было неабходнасцi ў дадатковых магутнасцях: электрычнага сiлкавання завода, цэха горнай здабычы мелу ў Каменцы, па падрыхтоўцы сыравiны i памолу клiнкера. Аб тым, што дасць прадпрыемству i краiне ўвядзенне новай печы, мы размаўляем з галоўным iнжынерам прадпрыемства Аляксандрам Вiктаравiчам Баравiковым. Ён, ураджэнец Крычава, у 1995 годзе скончыў Беларускi нацыянальны тэхналагiчны ўнiверсiтэт, на пасадзе працуе чатыры гады. — Новая печ будзе працаваць па адпрацаванай у нас так званай мокрай тэхналогii, — кажа Аляксандр Вiктаравiч. — Гэты метад вызначаецца адносна высокай энергаёмiстасцю, але iншага шляху ў нас проста няма. Мел, якi мы здабываем у радовiшчы Каменка (за 7 кiламетраў ад прадпрыемства), вызначаецца павышанай вiльготнасцю (да трыццацi працэнтаў вады) i пастаўляецца ён на перапрацоўку па трубаправоду ў выглядзе вадкай суспензii (шламу). Печ будзе абсталявана самымi сучаснымi сродкамi аўтаматычнага кантролю i ў перспектыве будзе здольна працаваць не толькi на газе, але i на каменным вугалю. Мы сочым за навiнкамi ў сваёй галiне. Iснуючыя тэхналогii вытворчасцi цэменту па сухому спосабу асаблiва эфектыўныя (па ўсiх пытаннях) пры выкарыстаннi сыравiны горных парод, у якiх вiльготнасць не перавышае 4—9 працэнтаў. Гэтым жа вызначаюцца i тэхналогii, пабудаваныя на выкарыстаннi адходаў прамысловых прадпрыемстваў. Так што нам самiм лёсам наканавана вырабляць пакуль цэмент па традыцыйнай тэхналогii. — Няўжо спальванне каменнага вугалю танней? — У Еўропе ёсць цэментныя печы, якiя працуюць на вугалю. Урэшце, для нас важны не вiд палiва, а яго цеплатворная здольнасць. Каб вырабiць кiлаграм абпаленага клiнкера, мы павiнны затрацiць пэўную колькасць кiлакалорый. Найбольш цеплатворнымi з’яўляюцца арганiчныя вiды палiва: газ, вугаль, некаторыя вiды прамысловых адходаў. У Эстонii цэментны завод працуе на гаручых сланцах, ёсць заводы, якiя спажываюць у якасцi палiва адпрацаванае масла. — Ваўкавыскi завод «Краснасельскбудматэрыялы» плануе ўвесцi ў строй устаноўку па спальванню аўтапакрышак для атрымання цеплавой энергii. За кошт спальвання 10 тыс. тон пакрышак плануецца зэканомiць больш за 10 млн кубiчных метраў газу. Наколькi гэта перспектыўна? — Гэта магчыма. Тэхнiчнай праблемы тут няма. За мяжой такiя ўстаноўкi выкарыстоўваюцца. Але ў Беларусi збор i ўтылiзацыя аўтапакрышак не наладжаны. Хто гэтым павiнен заняцца — невядома. Ёсць пытаннi i па ачыстцы адыходзячых газаў. Як толькi гэтыя пытаннi будуць вырашаныя, мы будзем згодныя выкарыстоўваць гэты вiд палiва. Хоць наўрад цi хопiць тых беларускiх пакрышак на тры цэментныя заводы Беларусi. — За якiя сродкi завод будуе трэцюю печ? — Першапачатковы кошт праекта ў бiзнэс-плане ацэньваўся намi ў 2005 годзе ў 77 мiльярдаў рублёў. У гэты кошт уваходзiла ўзвядзенне самой печы, а таксама будаўнiцтва некаторых аб’ектаў у радовiшчы Каменка. У мiнулым годзе Мiнiстэрства архiтэктуры i будаўнiцтва выдаткавала нам на будаўнiцтва 13,4 мiльярда, 6 мiльярдаў мы пазычылi ў банку на набыццё абсталявання. Колькi дасць мiнiстэрства сёлета — невядома. Мы прасiлi з iнавацыйнага фонду на гэты год 43 мiльярды i хацелi б ад мiнiстэрства большай падтрымкi, бо мы вымушаны зноў звяртацца ў банк i зараз афармляем пазыку на 10 млрд рублёў. Перашкодзiла нашым першапачатковым планам i павышэнне цаны на энерганосьбiты. — Якiм чынам? Вы ж, вiдаць, цану таксама прапарцыянальна паднялi. — На ўнутраным рынку кантроль за цэнамi на цэмент ажыццяўляе дзяржава. — Ну, а экспарт? Можна ж кампенсаваць страты павышэннем цаны на экспарт. — А экспарт нам таксама абмежавалi — квотамi. Ды i цэны там — не бязмежныя. — Але ж буйным спажыўцам абяцалi ўстанавiць iльготныя цэны на газ. — Сапраўды такiя льготы ўстаноўлены. Для нас закупачная цана на газ знiжана на 5 працэнтаў. Прычым не на ўвесь аб’ём спажывання, якi сёлета складзе каля 160 млн кубаметраў, а толькi на яго частку ў 92,6 млн «кубоў». Прычым, калi летась мы плацiлi за тысячу кубаметраў газу па 76 долараў, то сёлета (з улiкам iльгот i падаткам на дадзеную вартасць) — 136 долараў. Прыблiзна такое ж становiшча i з электраэнергiяй. Нам устаноўлена 10-працэнтная скiдка з цаны. Але, калi ў 2006 годзе мы куплялi кiлават за 131 рубель, то зараз, з улiкам iльготы — па 149 рублёў. Што ж датычыцца цаны на цэмент, то нам дазволiлi падняць яе ўсяго на 17 працэнтаў у той час як рост энерганосьбiтаў прымушаў падняць яе на 40—45 працэнтаў. Зараз адна тона цэменту маркi М500Д0 каштуе без ПДВ 113 570 рублёў. З улiкам ПДВ гэта лiчба стане роўнай 134 013 рублёў, цi ўсяго 134 рублi за кiлаграм. — Выходзiць, мех цэменту ў паўсотню кiлаграмаў на заводзе каштуе усяго 6700 рублёў! Адкуль жа бяруцца шалёныя цэны на цэмент у рознiчным гандлi? — Пытанне не да нас. Мы адпускаем тавар па разнарадцы, па спiсах, зацверджаных у абласцях. Мы ведаем таксама, што быццам бы з ростам цаны на цэмент людзi звязваюць агульны рост кошту будаўнiцтва жылля. Зазначу, што ў сабекошце аднаго квадратнага метра гарадскога жылля кошт цэменту складае ўсяго 3—4 працэнты. — Дык адкуль бяруцца шалёныя кошты квадратнага метра жылля ў 1000 долараў у Мiнску? Зразумела, што дзяржаве выгадна за кошт дарагавiзны жылля стрымлiваць цiск грашовай масы на рынак. Яе негалосны альянс з будаўнiкамi зразумелы. У iншым выпадку яна б даўно абмежавала будаўнiкоў гэтак жа, як i вытворцаў цэменту: давяла б свае кошты кватэр, ды й годзе. Кажуць, дарагавiзна жылля абгрунтоўваецца быццам бы iснаваннем рынку, хоць, каб рынак той сапраўды iснаваў, то i вытворцы цэменту спажылi б з рэальнай цаны на сваю прадукцыю. Зараз жа, як я разумею, з высокага кошту будаўнiцтва жылля вытворцы будматэрыялаў нiчога не спажываюць. — Будаўнiцтва — не наша сфера... — Аляксандр Вiктаравiч, але ж на вашым прадпрыемстве таксама працуюць людзi. Дзiўна, але ў будаўнiцтве, там дзе звышпрыбытак, снуюць, у асноўным, прадпрымальнiкi i прадпрыемствы недзяржаўнай формы ўласнасцi, а тыя, хто забяспечвае iх даходы — вытворцы будматэрыялаў — знаходзяцца пад кантролем дзяржавы. Калi вы, вытворцы цэменту, такiя ўжо «дзяржаўцы», дык аддалi б увесь свой цэмент па фiксаваных цэнах на ўнутраны рынак i ўвогуле адмовiлiся ад экспарту. — Нам гэта гранiчна не выгадна. Валюта ад экспарту патрэбна i прадпрыемству, i краiне. Сёння мы хацелi б i можам пастаўляць на экспарт не 100 тысяч тон цэменту, як нас абмежавалi, а ў аб’ёме ўтрая большым. Пры гэтым замежных спажыўцоў не палохае наша новая цана ў 90 долараў за тону. Дарэчы, у мiнулым годзе, калi мы паставiлi на экспарт каля двухсот тысяч тон цэменту, пастаўкi на ўнутраны рынак былi забяспечаны. — Можна лiчыць, што вы паступiлi па-дзяржаўнаму. Але зноў жа, калi буйны айчынны будаўнiчы трэст адшукае раптам вялiкi падрад у блiжэйшым замежжы, то яго наўрад цi выручыць залiмiтаваны цэмент з Крычава. Беларускi трэст з-за адсутнасцi фондаў будзе вымушаны купляць цэмент недалёка ад аб’екта i тым самым падтрымлiваць замежнага вытворцу. Выйсце, вiдаць, адно — развiваць вытворчасць, нарошчваць аб’ёмы. — Згодна з пратаколам пасяджэння Прэзiдыума Саўмiна па развiццю цэментнай галiны, якое адбылося ў лiстападзе 2006 года, у 2010—2015 гадах плануецца будаўнiцтва новага цэментнага завода непасрэдна ў радовiшчы Каменка. Яго праектная магутнасць складзе да 3,5 млн тон цэменту ў год. Гэты завод будзе працаваць па новай, «сухой» тэхналогii. Але ажыццявiць праект будзе няпроста, бо, як я казаў, мел наш занадта вiльготны. Зараз наша задача — адшукаць iнвестара, якi б меў грошы i вопыт будаўнiцтва такiх заводаў. — У якую суму ацэньваецца праект? — Кожны праекцiроўшчык абгрунтоўвае свае лiчбы. Ёсць сума ў 260 млн, кiтайцы прапануюць пабудаваць за 160—180 млн долараў, нас ужо наведвалi прадстаўнiкi сусветна вядомай фiрмы «Роlizium», аўстрыйскай фiрмы «Аjtес». Умовы па будаўнiцтву агульнавядомыя, яны размешчаны на адным з сайтаў у Iнтэрнэце. Галоўнае наша патрабаванне — нiзкая энергаёмiстасць вытворчасцi. Да таго ж мы хочам, каб пераможца ў гэтым тэндары ўзяў на сябе клопат як па праектаванню завода, так i здачы яго «пад ключ». — Але цi хопiць мелу ў Каменцы пад такi грандыёзны праект? — Толькi разведаных запасаў мелу там на дзевяноста гадоў. Геолагi пастаянна праводзяць пошукавыя работы, залежы будуць павялiчвацца. З улiкам неўскрыванага яшчэ рэзервовага кар’ера мы ацэньваем запасы мелу ў радовiшчы мiнiмум на дзвесце гадоў. Града яго залежаў ад Крычава цягнецца да Касцюковiч i далей у Бранскую вобласць аж да Белгарада. Адзначу, што ўмовы здабычы мелу з цягам часу мянялiся. Калi ў 1933 годзе быў пушчаны наш завод, не было неабходнасцi весцi ўскрышныя работы — мел ляжаў амаль на паверхнi. Аднак паступова залежы яго пачалi iсцi ўглыб i сёння, для таго каб дабрацца да тэхналагiчнай сыравiны, трэба зняць i адвесцi ў адвалы слой зямлi таўшчынёй 5—8 метраў. Дзеля гэтага працуюць сёння чатыры шагаючых экскаватары i парк аўтамабiльнай тэхнiкi ў 15 адзiнак. Дарэчы, самазвалы Магiлёўскага аўтазавода мы набылi зусiм нядаўна, адмовiўшыся ад аўтапаслуг староннiх арганiзацый. Што датычыцца кадраў, то зараз недахопу ў iх няма. Крычаў — гарадок невялiкi. Тут усе так цi iнакш звязаны з нашай вытворчасцю. Як правiла, на завод iдуць падрыхтаваныя спецыялiсты — дзецi нашых работнiкаў, якiя скончылi ВНУ цi каледжы па спецыяльнасцях, што патрабуюцца заводу. Пры гэтым яны замяшчаюць тых, хто па самых розных прычынах пакiдае прадпрыемства. Зараз у нашым калектыве 1600 чалавек. Пуск новай трэцяй печы дазволiць дадаткова стварыць толькi ў цэху абпальвання яшчэ дванаццаць рабочых месцаў. Зразумела, што калi адбудзецца будаўнiцтва завода ў Каменцы, попыт на работнiкаў цэментнай прамысловасцi ў райцэнтры яшчэ больш вырасце. «Будучыня нашага прадпрыемства — перспектыўная, — кажа дырэктар. — Наперадзе — пашырэнне вытворчасцi, засваенне новых тэхналогiй. Ва ўмовах гарантаванага збыту гэта надоўга забяспечыць дабрабыт калектыву. Стабiльная работа дазволiць сiлкаваць падаткамi мясцовы бюджэт, а значыць, будзе развiвацца i ўвесь Крычаўскi раён. Мы i надалей будзем клапацiцца пра тое, каб супрацоўнiкi РУП «Крычаўцэментнашыфер» мелi магчымасць не толькi працаваць, а i развiвацца гарманiчна, з карысцю для сябе бавiць вольны час. Для iх i надалей будуць расчынены дзверы заводскага Дома культуры, бiблiятэкi, стадыёна». Вiктар Хурсiк. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У адпаведнасцi з урадавай пастановай прадпрыемства «Крычаўцэментнашыфер» выходзiць на новыя рубяжы ў вытворчасцi цэменту
|
|