Паспець, пакуль бярозы не зацвiтуць
Мiкалай ЛIТВIНАЎ
Першы этап веснавых работ у полi скончыўся: завяршаецца сяўба збожжавых, настаў час займацца iншымi культурамi. У сельскагаспадарчым вытворчым кааператыве «Сiвiца», што на Валожыншчыне, асноўную ўвагу зараз надаюць цукровым буракам. Пад «салодкi корань» сёлета вырашана адвесцi не менш чым паўсотнi гектараў. Паводле падлiкаў спецыялiстаў, гэтая культура даволi выгадная. Праўда, пры адной умове: ураджайнасць павiнна быць 450 цэнтнераў з гектара i вышэй. У «Сiвiцы» летась атрымалi ў сярэднiм па 467 ц/га, рэалiзавалi вырашчаную прадукцыю своечасова i зарабiлi добрыя грошы. Сёлета на ўраджай цукровых буракоў тут вельмi разлiчваюць.
Вельмi важна сяўбу правесцi ў аптымальныя тэрмiны, бо тутэйшыя глебы лёгкiя i хутка губляюць патрэбную для раслiн вiльгаць. Калi спазнiцца, то мiнеральныя ўгнаеннi проста не «спрацуюць» — сухавей выдзьме. Усе работы неабходна выконваць у «падвоеным фармаце», паколькi да «Сiвiцы» летась далучылi адстаючы СВК «Iвянецкi», у вынiку чаго агульная плошча сельскагаспадарчых палеткаў у аб’яднанай гаспадарцы зараз складае каля 5 тысяч гектараў. — Даводзiцца iсцi на пэўную рызыку: калi ранiцай пачынаем сеяць, то зямля яшчэ белая — уначы здараюцца замаразкi, — кажа старшыня СВК «Сiвiца» Iгар Часнок. — Аднак гэта не лiстападаўскiя маразы, а красавiцкiя, таму трэба выходзiць у поле. Не ўкласцiся ў тэрмiны сяўбы — значыць застацца без ураджаю. Тэхнiкi хапае, парк апошнiм часам значна абнавiлi. На сяўбе праходзiць «абкатку» нямецкi пасяўны агрэгат, якi гаспадарка набыла ў лiзiнг пад гарантыю райвыканкама. Замежная тэхнiка вельмi прадукцыйная — сеялка за адзiн праход выконвае адразу некалькi тэхналагiчных аперацый. Гэта дазваляе эканомiць палiва, паколькi хуткасць i якасць работы значна павялiчваюцца. Зразумела, што такую тэхнiку абы каму не даручыш. Генадзь Калоска — вопытны механiзатар, у гаспадарцы пятнаццаць гадоў. Таму замежную сеялку асвоiў без асаблiвых цяжкасцяў i зараз завiхаецца на палетках не горш, чым сапраўдны нямецкi фермер. «Трэба працаваць старанна, за сяўбу можна добра зарабiць, — дзелiцца Генадзь Раманавiч. — У сярэднiм зараз у дзень па 30 тысяч выходзiць». У гаспадарцы падлiчылi, што за пасяўную лепшыя механiзатары могуць зарабiць больш чым мiльён рублёў. Вынiкi штодня вывешваюцца каля канторы, таму кожны можа назiраць за тым, з чаго «складаецца» яго заробак. Пасля цукровых буракоў на чарзе кармавыя, а пасля трэба i за бульбу з агароднiнай брацца. — Усе веснавыя работы на полi неабходна выканаць, пакуль бяроза не зацвiце — ёсць такая народная прыкмета, — заўважае Iгар Часнок. — Трэба паспець... Валожынскi раён.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Першы этап веснавых работ у полi скончыўся: завяршаецца сяўба збожжавых, настаў час займацца iншымi культурамi
|
|