Аляксандр ЛУКАШЭНКА: «Беларусь мае намер нарошчваць супрацоўнiцтва з Iндыяй i Аманам»Прэзiдэнт Беларусi Аляксандр Лукашэнка 14—17 красавiка знаходзiўся з афiцыйнымi вiзiтамi ў Султанаце Аман i Iндыi. Сёння Аман — адна з вядучых i аўтарытэтных краiн у рэгiёне. Развiццё кантактаў з гэтай дзяржавай мае для Беларусi цiкавасць у святле намеру выбудоўваць больш актыўны дыялог з краiнамi Персiдскага залiва. Паколькi апошнiм часам Султанат праводзiць больш адкрытую палiтыку ў адносiнах да знешнеэканамiчных партнёраў, то малаасвоены аманскi рынак можа быць для Беларусi вельмi перспектыўны. Акрамя таго, Аман мае значныя iнвестыцыйныя рэсурсы, якiя Беларусь гатова прыцягнуць для ажыццяўлення ўзаемавыгадных праектаў. Перспектыўнае супрацоўнiцтва i ў сферы адукацыi. Беларусь i Аман плённа супрацоўнiчаюць у рамках ААН i iншых мiжнародных арганiзацый. Асноўны экспартны складальнiк у знешнiм гандлi Амана — нафта i нафтапрадукты, звадкаваны газ. 75 працэнтаў экспартных даходаў краiна атрымлiвае за кошт паставак вуглевадароднай сыравiны. 14 красавiка пасля прыбыцця ў Маскат Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з Султанам Амана Кабусам бен Саiдам, якi з’яўляецца кiраўнiком дзяржавы i займае ключавыя пасады ў краiне: прэм’ер-мiнiстра, Вярхоўнага галоўнакамандуючага Узброенымi сiламi, узначальвае Цэнтральны банк, Мiнiстэрства замежных спраў, Мiнiстэрства абароны i Мiнiстэрства фiнансаў. Цiкава, што кожны год Аман мэтанакiравана прымае не больш за дзве замежныя дэлегацыi такога высокага ўзроўню. Прэзiдэнт Беларусi i Султан Кабус бен Саiд вызначылi пералiк канкрэтных напрамкаў, па якiх бакi маюць намер развiваць узаемадзеянне, а таксама абмянялiся думкамi па актуальнай мiжнароднай тэматыцы. Гутарка прадаўжалася амаль паўгадзiны. 15 красавiка беларускi лiдар сустрэўся з намеснiкам прэм’ер-мiнiстра Султаната Аман Сейiдам Фахадам бен Махмудам аль-Саiдам. Аляксандр Лукашэнка выказаў перакананасць у тым, што ў Беларусi i Амана ёсць добрыя перспектывы для ўзаемадзеяння. Аляксандр Лукашэнка высока ацанiў маштабы i ўзровень развiцця Амана, якi практычна за тры з палавiнай дзесяцiгоддзi ў сваiм эканамiчным развiццi дабiўся значных поспехаў. У сваю чаргу Сейiд Фахад бен Махмуд аль-Саiд выказаў на- дзею, што вiзiт Прэзiдэнта Беларусi ў Аман прынясе адчувальныя станоўчыя вынiкi. У гэты ж дзень кiраўнiк беларускай дзяржавы правёў яшчэ адзiн раунд перагавораў з Султанам Амана Кабусам бен Саiдам, якiя прайшлi як у пашыраным складзе, так i ў фармаце сам-насам. Як заявiў Аляксандр Лукашэнка, Беларусь i Аман маюць агульныя iнтарэсы па шэрагу напрамкаў супрацоўнiцтва. «Мы зробiм усё, каб дастойна прадставiць Беларусь у Амане», — падкрэслiў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, гандлёва-эканамiчныя адносiны Беларусi i Амана павiнны мець трывалую нарматыўную базу. Султан Амана ў сваю чаргу выказаў зацiкаўленасць у развiццi супрацоўнiцтва з Беларуссю. У рамках вiзiту прэзiдэнта ў Аман прадстаўнiкi беларускiх мiнiстэрстваў, ведамстваў i прадпрыемстваў, якiя суправаджалi кiраўнiка дзяржавы, правялi двухбаковыя перагаворы з аманскiмi калегамi. Мiнiстр па падатках i зборах Ганна Дзяйко падпiсала з аманскiм бокам мiжурадавае пагадненне аб прадухiленнi двайнога падаткаабкладання i папярэджання ўхiлення ад выплаты падаткаў адносна падаткаў на даходы i капiтал. Заключана пагадненне аб супрацоўнiцтве памiж Беларускай прамысловай палатай i Гандлёва-прамысловай палатай Султаната Аман. Ад iмя Беларусi подпiс пад дакументам паставiў старшыня БелГПП Уладзiмiр Баброў. Рэзультатыўныя перагаворы ў Маскаце са сваiм аманскiм калегам правёў мэр Мiнска Мiхаiл Паўлаў. Як адзначыў сталiчны гораданачальнiк, улады беларускай сталiцы зацiкаўлены ў падпiсаннi пагаднення аб устанаўленнi сувязеў памiж Мiнскам i Маскатам. Пасля завяршэння вiзiту ў Аман Аляксандр Лукашэнка накiраваўся ў Iндыю. Адказваючы ў Нью-Дэлi на пытаннi прадстаўнiкоў СМI, Аляксандр Лукашэнка падкрэслiў, што Iндыя з’яўляецца не толькi прыярытэтным партнёрам, але i гонарам знешняй палiтыкi Беларусi. «Надыходзiць час Iндыi. Такая каласальная дзяржава, з такiм людскiм рэсурсам, вельмi вялiкiм эканамiчным патэнцыялам сёння не можа быць не запатрабавана ў свеце, сёння нi адно пытанне ў свеце не можа вырашацца без удзелу Iндыi», — сказаў Прэзiдэнт. Паводле яго слоў, асаблiвасць беларуска-iндыйскiх адносiнаў у тым, што ў аснову пакладзена навукова-тэхнiчнае супрацоўнiцтва. «Менавiта навука тут iдзе наперадзе, а не гандаль», — дадаў беларускi лiдар. У час перагавораў падрабязна абмеркаваны актуальныя пытаннi двухбаковых адносiнаў. Кiраўнiцтва Беларусi i Iндыi пацвердзiла гатоўнасць нарошчваць гандлёва-эканамiчнае супрацоўнiцтва i павысiць эфектыўнасць навукова-тэхнiчнага ўзаемадзеяння. Прэзiдэнт Iндыi паабяцаў аказаць падтрымку сумесным з Беларуссю праектам. Былi закрануты i актуальныя пытаннi мiжнароднага парадку дня. Аляксандр Лукашэнка падзякаваў iндыйскаму боку за падтрымку, якая аказваецца Беларусi ў рамках мiжнародных арганiзацый. У сваю чаргу Беларусь гатова аказваць аналагiчную падтрымку Iндыi па ўсiх напрамках. Паводле слоў Прэзiдэнта, Iндыя належыць да лiку важных знешнепалiтычных партнёраў Беларусi, разам з Кiтаем i Расiяй. «Мы маем магчымасць апiрацца на патэнцыял гэтых краiн для забеспячэння нашай незалежнасцi i суверэнiтэту», — сказаў ён. Прэзiдэнты дзвюх краiн прынялi сумесную дэкларацыю, у якой вызначаны напрамкi далейшага пашырэння беларуска-iндыйскага ўзаемадзеяння. Бакi пацвердзiлi прыхiльнасць да развiцця стратэгiчнага партнёрства, важнасць новых iнiцыятыў у галiне гандлю, эканомiкi, навукова-тэхнiчнай i iнвестыцыйнай сферах, уключаючы стварэнне сумесных прадпрыемстваў i прамысловага ўкаранення тэхналагiчных распрацовак. У дакуменце таксама з задавальненнем адзначана паспяховае завяршэнне беларуска-iндыйскiх перагавораў па ўступленню Беларусi ў Сусветную гандлёвую арганiзацыю. Вечарам 16 красавiка адбыўся афiцыйны абед у гонар Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь ад iмя прэзiдэнта Iндыi Абдула Калама. Беларускi бок, паводле слоў кiраўнiка дзяржавы, надае асаблiвае значэнне ўмацаванню стабiльных i ўзаемавыгадных адносiнаў з Iндыяй, якая з’яўляецца адным з прыярытэтных гандлёва-эканамiчных партнёраў у Азii. Аляксандр Лукашэнка дадаў, што пазiцыi Беларусi i Iндыi па большасцi пытанняў шматбаковага супрацоўнiцтва супадаюць. Прэзiдэнт нашай краiны таксама заявiў, што з’яўляецца прыхiльнiкам мэты, агучанай прэзiдэнтам Iндыi: да 2010 года павысiць тавараабарот памiж краiнамi да $0,5 млрд. «Iндыя разглядае Беларусь як блiзкага сябра. Мы з задавальненнем згадваем вынiкi вашага папярэдняга вiзiту ў Iндыю ў 1997 годзе, якi садзейнiчаў значнаму росту двухбаковых сувязеў у розных сферах. Несумненна, што i гэты вiзiт на вышэйшым узроўнi будзе садзейнiчаць умацаванню розных кантактаў памiж дзвюма краiнамi», — заявiў прэзiдэнт Iндыi, звяртаючыся да Аляксандра Лукашэнкi. У рамках вiзiту беларускай дэлегацыi падпiсана пяць дакументаў: Дагавор памiж Рэспублiкай Беларусь i Iндыяй аб выдачы, Пагадненне памiж Мiнiстэрствам сельскай гаспадаркi i харчавання Беларусi i Мiнiстэрствам сельскай гаспадаркi Iндыi аб супрацоўнiцтве ў галiне сельскай гаспадаркi, Праграма супрацоўнiцтва памiж урадам Беларусi i ўрадам Iндыi ў сферы культуры, мастацтва, адукацыi, СМI i друку на 2007—2009 гады, Пратакол аб далучэннi Рэспублiкi Беларусь да Сусветнай гандлёвай арганiзацыi памiж Беларуссю i Iндыяй, Выканаўчая праграма беларуска-iндыйскага супрацоўнiцтва ў галiне навукi i тэхнiкi на 2007—2010 гады. 17 красавiка кiраўнiк дзяржавы вярнуўся ў Мiнск. Прэс-служба Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Прэзiдэнт Беларусi Аляксандр Лукашэнка 14—17 красавiка знаходзiўся з афiцыйнымi вiзiтамi ў Султанаце Аман i Iндыi
|
|