Прыём вядуць урачы Родзiны. Ужо 43 гады
Уладзiмiр ПЕРНIКАЎ
У iх працоўных кнiжках адзiн толькi запiс: Свяцiлавiцкая ўчастковая бальнiца Веткаўскага раёна; што гэтую глыбiнку, якую густа пасыпаў чарнобыльскi попел, яны не пакiнулi ў самыя цяжкiя часы; што не прамянялi яе нi на Гомель, нi на Мiнск, куды iх запрашалi неаднаразова працаваць.
А з’явiлiся Родзiны ў Свяцiлавiчах у 1964 годзе пасля заканчэння вучобы ў сталiчным медыцынскiм iнстытуце з сынам на руках. Валерый спецыялiзаваўся ў iнстытуце па хiрургii, а Лiна — па педыятрыi. У Свяцiлавiцкай жа ўчастковай бальнiцы ён быў спачатку ўрачом агульнай практыкi яшчэ з адным доктарам, бо iншыя маладыя ўрачы доўга тут не затрымлiвалiся. Мы накiроўваемся з Валерыем Захаравiчам да возера, i ён расказвае, якое цяжкае ўражанне пакiдала тады гэта медыцынская ўстанова. Будынак яе быў стары, пахiлены, часоў так званай земскай медыцыны, цесны для размяшчэння 50 хворых самых розных профiляў — ад хiрургiчнага да акушэрска-гiнекалагiчнага. Чэргi на шпiталiзацыю, адсутнасць многага медыцынскага абсталявання. Праблемы з жыллём для прыезджага медперсаналу. Аўтатрасы да райцэнтра не было, а дабрацца да Гомеля можна было толькi самалётам-«кукурузнiкам». «Хуткая медыцынская дапамога» ўяўляла сабой каня, запрэжанага ў павозку... Валерый Захаравiч добра памятаў словы сваёй мацi, аперацыйнай сястры, аб тым, што чалавек не павiнен збягаць цi хавацца ад цяжкасцяў, а ўмець пераадольваць iх. Дарэчы, гэта да яе на працу любiў хадзiць хлапчуком Валерый (бацька быў настаўнiкам), што потым i вызначыла выбар прафесii. Так вось i засталiся Родзiны ў Свяцiлавiчах. На ўсё жыццё. Тут у iх нарадзiўся другi сын. Праз пяць гадоў работы ў бальнiцы яму прапанавалi стаць галоўным урачом. Валерый Захаравiч паставiў мэту зрабiць сваю ўчастковую бальнiцу ўзорна-паказальнай. Але як? Без новага будаўнiцтва, без жылля для медыкаў гэта немагчыма. Зразумела, дзяржаўных фiнансавых сродкаў — дэфiцыт. А калi паспрабаваць выйсцi на кiраўнiкоў калгасаў i саўгасаў? Паспрабаваў, выйшаўшы на кантакт са старшынямi калгасаў i дырэктарамi саўгасаў. Паабяцаў, што i медыкi не застануцца ўбаку — дапамогуць гаспадаркам у сельгасработах ды i на будоўлях бальнiчнага гарадка прыкладуць свае сiлы. Зразумелi добрыя намеры галоўнага ўрача Родзiна i ў райвыканкаме, i ў аблвыканкаме, i кiраўнiкi гаспадарак. Вядома ж, Валерыю Захаравiчу трэба было, як кажуць, круцiцца, узгадняць, узаемадзейнiчаць, спрачацца, пераконваць, угаворваць... I вось праз некаторы час у Свяцiлавiчах з’явiўся новы бальнiчны гарадок з палiклiнiкай, дзiцячым аддзяленнем, жаночай кансультацыяй, пральняй, хiрургiчным аддзяленнем, кацельняй i г.д. Паступова ўчастковая бальнiца пашырылася, i ў ёй адначасова на стацыянарным лячэннi магло знаходзiцца 110 хворых, а палiклiнiка вяла прыём па сямi спецыяльнасцях. У зоне яе абслугоўвання было каля 10 тысяч чалавек. Тут упершыню ў вобласцi цэнтралiзавалi прышчэпачную справу, адкрылi аддзяленне прафiлактыкi, ажыццявiлi ўсеагульную дыспансэрызацыю насельнiцтва. А па iмунапрафiлактыцы ў дзяцей Свяцiлавiцкая ўчастковая бальнiца наогул стала абласной i рэспублiканскай школай перадавога вопыту. За ўсiм гэтым, канешне ж, стаiць асоба галоўнага ўрача з яго калегамi, у лiку якiх i Лiна Акiмаўна. Менавiта яна з’явiлася iнiцыятарам i прыклала шмат намаганняў, каб у бальнiцы з’явiлася дзiцячая малочная кухня. Заўважым, першая ў рэспублiцы ў сельскай мясцовасцi. Менавiта яна была iнiцыятарам будаўнiцтва тут тыпавога дзiцячага аддзялення на 30 ложкаў i адкрыцця дзiцячай кансультацыi, на базе якой таксама праводзiлiся абласныя i рэспублiканскiя семiнары. Як кажуць у народзе, усё iшло накатаным шляхам. Да таго часу, пакуль не грымнуў выбух на Чарнобыльскай атамнай станцыi. У гэтай складанейшай сiтуацыi яшчэ больш праявiўся характар галоўнага ўрача Родзiна i яго адданай каляжанкi Лiны Акiмаўны. Добра ведаючы аб радыяцыйнай небяспецы, яны вырашылi заставацца тут, у Свяцiлавiчах, дзе на квадратным кiламетры «разбойнiчала» звыш 40 кюры. З’едзем мы, меркавалi яны, з’едзе i персанал бальнiцы. А з кiм застануцца людзi, бо далёка не ўсе адважацца пакiнуць свае родныя месцы. Людзi вытрымалi радыенуклiды, а вось будынкi бальнiчнага гарадка — не. Радыяцыя настолькi ўелася ў iх, што яны апынулiся ў магiльнiках. Але жыццё не стаiць на месцы. Так i ў гэтым выпадку. Яшчэ да Чарнобыля ў маляўнiчым бярозавым гаi ў Свяцiлавiчах была задума пабудаваць санаторый, ды толькi «мiрны атам» перашкодзiў гэтаму. I вось тады дзяржава выдзелiла капiтальныя ўкладаннi на ўзвядзенне тут участковай бальнiцы. Не трэба здагадвацца, што Валерыю Захаравiчу зноў давялося спалучаць сваю асноўную работу з будаўнiчай справай. Новы комплекс з’явiўся ў 1991 годзе, дзе праходзяць лячэнне вяскоўцы, а шэсць гадоў таму пры бальнiцы па iнiцыятыве Валерыя Захаравiча адкрылася мiжраённае аддзяленне ранняй медыцынскай рэабiлiтацыi хворых хiрургiчнага профiлю на 15 ложкаў i артапеда-траўматалагiчнага — на 25 ложкаў. Калi мы зайшлi туды, усе ложкi былi занятыя. Хворыя — з розных раёнаў Гомельшчыны з захворваннямi, як кажуць медыкi, апорна-рухальнага апарату i тыя, хто адчувае вострую патрэбу ў аднаўленнi здароўя пасля хiрургiчных аперацый страўнiкава-кiшачнага тракту. Гутарым з пацыентамi Лявонцiем Воiнавым, Валянцiнай Шэйка i Леанiдам Змушка з Веткi, Акцябрскага i Калiнкавiчаў. Яны ўсiм задаволеныя. I харчаваннем, i лячэннем, i бытавымi ўмовамi, i чулымi адносiнамi медперсаналу. — На тэрыторыi бальнiцы дзве свiдравiны, з якiх здабываецца выдатная мiнеральная вада. А вось лячэбныя гразi, — расказвае Валерый Захаравiч, — завозiм з Мiнскай вобласцi. Да дваццацi тон у год. — I дадае: — У нас выдатны калектыў. 121 чалавек працуе ў бальнiцы — урачы, медыцынскiя сёстры, санiтаркi. Прозвiшчы лепшых называць не буду — усе лепшыя. Валерый Захаравiч пяць гадоў запар не быў у водпуску. Кажа: на яго не хапае часу. Здзiвiўся, што па-ранейшаму яго сям’я жыве ў службовай кватэры. Iншага нам i не трэба, гаворыць. Асаблiва ён задаволены тым, што з Лiнай Акiмаўнай выхавалi добрых сыноў: Уладзiмiр пайшоў па бацькоўскай дарозе, працуе ўрачом у Мiнску, а Эдуард — у Стоўбцах iнжынерам-электроншчыкам. А аб чым мараць старэйшыя Родзiны? Каб iх унук стаў медыкам. Дай Бог...
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У iх працоўных кнiжках адзiн толькi запiс: Свяцiлавiцкая ўчастковая бальнiца Веткаўскага раёна; што гэтую глыбiнку, якую густа пасыпаў чарнобыльскi по
|
|