«Халява» ад Хусейна
Мiкола ДЗЯБЁЛА
Будзьце пiльнымi! Кiбермахляры прапануюць «падзялiцца» мiльёнамi былога прэзiдэнта IракаУ сетцы Iнтэрнэт з’явiлася новая пастка для ахвотнiкаў лёгка i хутка разбагацець. Як паведамiў начальнiк упраўлення па раскрыццю злачынстваў у сферы высокiх тэхналогiй МУС Беларусi Iгар Чарненка, апошнiм часам невядомыя асобы распаўсюджваюць у сусветным павуцiннi лiсты з прапановай прыняць удзел у «вывазе» з банкаўскiх рахункаў грошай былога прэзiдэнта Iрака Садама Хусейна i яго атачэння. Безумоўна, ласым да «хусейнавых» мiльёнаў вiртуальныя «дабрадзеi», у лепшых традыцыях Астапа Бендэра, прапануюць зрабiць першапачатковыя ўзносы, нiбыта на прадстаўнiчыя выдаткi. Пакуль у беларускай мiлiцыi няма звестак, што нехта з нашых суграмадзян праглынуў гэтую прынаду. Але Iгар Чарненка з вялiкай доляй верагоднасцi прадказвае, што аматары «халявы» ад Хусейна ўсё ж знойдуцца. Бо беларусы з упар- тасцю, вартай лепшага прымянення, пастаянна наступаюць на падобныя «граблi». Напрыклад, адзiн мiнскi бiзнэсмен амаль два гады таму стаў ахвярай гэтак званых «нiгерыйскiх лiстоў». Ад iмя урадавых чыноўнiкаў Нiгерыi кiбермахляры закiнулi на яго электронную скрынку прапанову аказаць, вядома ж, за шчодрыя камiсiйныя працэнты, дапамогу ў вывазе капiталаў з гэтай афрыканскай краiны. Беларус паверыў аферыстам, прыехаў у Лондан, дзе яго па-майстэрску абвялi вакол пальца: знялi офiс у прэстыжным раёне, iмiтавалi бурную дзелавую актыўнасць персаналу, i пераканалi такiм чынам раскашэлiцца на 260 тысяч долараў. Пасля таго як грошы былi пералiчаны, «нiгерыйцаў» i след прастыў. Зараз пошукам махляроў займаюцца праваахоўныя органы Беларусi, Вялiкабрытанii i Нiгерыi. Аднак знайсцi прайдзiсветаў будзе няпроста. Да таго ж, паводле брытанскiх законаў, наш суайчыннiк не з’яўляецца ахвярай махлярства, а наадварот, ён лiчыцца ўдзельнiкам злачыннай схемы адмывання брудных грошай. Дарэчы, гэта не адзiны прадстаўнiк нашай краiны, якi трапiў у пастку аўтараў «нiгерыйскiх лiстоў». Трое мiнчанак таксама паквапiлiся на шчодрыя камiсiйныя, абяцаныя нейкiм «афрыканскiм прынцам» i пералiчылi на яго рахунак агулам амаль 30 тысяч долараў. Увогуле, паводле слоў Iгара Чарненкi, толькi за апошнi год фiшэры (так называюць камп’ютарных махляроў) iстотна актывiзавалiся. Колькасць такiх злачынстваў летась ва ўсiм свеце вырасла ў 14 разоў. Не менш актыўныя i вынаходлiвыя беларускiя кiбермахляры. Напрыклад, студэнт адной з ВНУ Брэста праз Iнтэрнэт зарабляў грошы на цэнтралiзаваным тэсцiраваннi. Малады чалавек прадаваў за 100 тысяч рублёў адказы на пытаннi. Хоць, насамрэч, усе гэтыя «шпаргалкi» былi «лiпавыя», адказы на пытаннi былi недакладныя, кліенты знайшлiся: 26 чалавек «купiлi веды». Мiж iншым, гэты хлопец, не грэбаваў i вымаганнем грошай. Праз сайты знаёмстваў ён распаўсюджваў вiрус, а потым прапаноўваў уладальнiкам «хворых камп’ютараў» за пэўную аплату набыць адпаведную праграму, каб аднавiць базу даных. Усяго ахвярамi гэтага «вiртуальнага рэкецiра» сталi больш за 100 чалавек. Увогуле, у нашай краiне апошнiм часам кiберзлачынцы не толькi сталi больш нахабнымi, але i змянiлi прыярыятэты. Паводле слоў Iгара Чарненкi, калi ў перыяд з 1998-га па 2001 год беларускiя хакеры займалiся ў асноўным рабаваннем замежных Iнтэрнэт-крамаў, то зараз яны пачалi здзяйсняць дзёрзкiя атакi на сайты дзяржаўных устаноў, выкрадаць грошы з банкаўскiх рахункаў, шантажаваць людзей, вымагаць грошы з камерсантаў за нерассакрэчванне пэўнай iнфармацыi. Летась, напрыклад, падначаленымi Iгара Чарненкi выяўлена 847 камп’ютарных злачынстваў, з якiх 334 парушэннi закона, накiраваныя супраць iнфармацыйнай бяспекi. У першым квартале гэтага года зафiксавана 196 злачынстваў супраць iнфармацыйнай бяспекi. Для параўнання, за аналагiчны леташнi перыяд было зарэгiстравана крыху больш за 40 такiх злачынстваў. Расце i «легiён» айчынных хакераў. У «чорным спiсе» МУС зараз налiчваецца больш за 1300 асобаў, якiя маюць дачыненне да здзяйснення высокатэхналагiчных злачынстваў. На жаль, прагнозы на гэты год несуцяшальныя. Бо доступ да сусветнага павуцiння ў нашай краiне атрымлiваюць усё больш людзей. Зараз, паводле сацыялагiчных даследаванняў, Iнтэрнэтам карыстаюцца 2,5 мiльёна беларусаў. Паводле слоў Iгара Чарненкi, сёлета айчынная кiберзлачыннасць стане яшчэ больш арганiзаванай i ўмацуе свае эканамiчныя пазiцыi. Прагназуецца павелiчэнне аб’ёмаў гандлю шкоднымi праграмамi для правядзення хакерскiх атак, узрасце колькасць выпадкаў крадзяжу iнфармацыi. Аб’ектамi нападаў хакераў стануць не толькi камп’ютарныя базы даных прыватных асобаў i ўстаноў, але i мабiльныя тэлефоны грамадзян. Так што, паважаныя суграмадзяне, будзьце пiльнымi. Хакеры i фiшэры не дрэмлюць!
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Кiбермахляры прапануюць «падзялiцца» мiльёнамi былога прэзiдэнта Iрака
|
|