Мядзведзь TЕАMkа склiкае каманды
Iрына ПРЫМАК
Шайбу, шайбу! У пятнiцу, 27 красавiка, пачынаецца свята для аматараў хакея — 71-ы чэмпiянат свету. Першынство адбудзецца ў Расii, а яго пераможца стане вядомы 13 мая. Балельшчыкаў чакае прыкладна два тыднi лядовых баталiй з мноствам яскравых атак, прыгожых шайбаў i розных адкрыццяў. Талiсманам чэмпiянату-2007 стане стылiзаваны пад хакеiста мядзведзь Tеаmkа. Яго iмя гучыць па-руску Цiмка, але ўтварылася ад англiйскага слова «каманда». Цiкава, што менавiта талiсман мядзведзь тройчы прыносiў удачу савецкай зборнай на хатнiм турнiры ў Маскве. Калi ж чэмпiянат праходзiў у Санкт-Пецярбургу i яго сiмвалам з’яўляўся лось, расiяне занялi толькi 11-е месца. Цiкава, што ў гэтым годзе спаўняецца 50 гадоў з дня, калi чэмпiянат свету ўпершыню прымала Масква (1957).У расiйскай сталiцы зборныя будуць гуляць на новай арэне на Хадынскiм полi, якая не так даўно была адкрыта да 60-годдзя расiйскага хакея. Беларуская зборная выступiць на сямiтысячнай арэне «Мыцiшчы», што лiчыцца адной з лепшых лядовых пляцовак Расii (была адкрыта ў лiстападзе 2005 года). Сапернiкамi нашай дружыны ў групе «В» стануць чэхi (27 красавiка), амерыканцы (29 красавiка) i аўстрыйцы (1 мая). Тры мацнейшыя каманды квартэта на наступным этапе сустрэнуцца з трыма лепшымi зборнымi групы «С», якую склалi Канада, Славакiя, Германiя, Нарвегiя. У квартэце «А» выступаюць Швецыя, Швейцарыя, Латвiя i Iталiя, у групе «D» — Фiнляндыя, Расiя, Украiна i Данiя. Наколькi моцна выглядае сёлета склад беларускай каманды? Менш за ўсё непакоiць варатарская пазiцыя: супакойвае наяўнасць у камандзе цуда-галкiпера Андрэя Мезiна. Праблемы ёсць у нападаючых: iх рады падкасiў шэраг траўмаў. Форвард уфiмскага «Салавата Юлаева» Яраслаў Чупрыс ужо дакладна не паедзе на чэмпiянат, толькi вярнулiся на лёд пасля траўм Дзмiтрый Мялешка i Аляксей Страхаў, аднаўляецца пасля траўмы капiтан беларускай зборнай Канстанцiн Кальцоў. I ўсё ж галоўны трэнер беларусаў Курт Фрэйзер запэўнiў, што разлiчвае на гэтых iгракоў, як i на нападаючых Андрэя Касцiцына i Мiхаiла Грабоўскага, але iх прыезд адкладваецца з-за выступлення хакеiстаў у Амерыканскай хакейнай лiзе за клуб «Гамiльтан бульдогз». А вось тыя, хто мог бы ўзмацнiць склад нашай зборнай, але не зробiць гэтага па розных прычынах: «зорка» НХЛ Руслан Салей з-за нараджэння другога дзiцяцi, аўтар легендарнай перамогi над шведамi на Алiмпiядзе-2002 Уладзiмiр Копаць (не выклiканы ў зборную) i лепшы бамбардзiр расiйскай суперлiгi Аляксей Калюжны (да яго, быццам, не дазванiлiся). На леташнiм чэмпiянаце ў Рызе беларусы пад кiраўнiцтвам Глена Хэнлана прадэманстравалi сваю найлепшую гульню i занялi высокае шостае месца. Сёлета нацыянальную зборную ўзначальвае Курт Фрэйзер. Паглядзiм, цi зможа амерыканскi спецыялiст палепшыць дасягненне свайго сябра. Першы трафей пад кiраўнiцтвам новага важака беларусы сёлета ўжо здабылi: у лютым на мiжнародным турнiры «Кубак Палесся» ў Гомелi. З поспехам наша зборная правяла i падрыхтоўчы этап да чэмпiянату свету-2007: перамагла ва ўсiх шасцi спарынгах — са славенцамi (5:2), з iтальянцамi (4:1, 3:1), нарвежцамi (3:1, 5:4) i славакамi (2:1). За некалькi дзён да чэмпiянату зборная наведала плошчу Перамогi ў Мiнску. Пэўна, каб натхнiцца на будучыя выйгрышы.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У пятнiцу, 27 красавiка, пачынаецца свята для аматараў хакея — 71-ы чэмпiянат свету. Першынство адбудзецца ў Расii, а яго пераможца стане вядомы 13 ма
|
|