Нараджэнне паводле высокiх тэхналогiй
Святлана БАРЫСЕНКА
Выкарыстанне высокiх тэхналогiй у Рэспублiканскiм навукова-практычным цэнтры «Мацi i дзiця» дазваляе цяжарным жанчынам з цяжкiмi экстрагенiтальнымi паталогiямi вынасiць i нарадзiць дзiця, а паколькi дзецi ў такiх выпадках часта нараджаюцца заўчасна, то абавязкова варта гаварыць i пра магчымасцi iх выходжвання.
Днямi ў цэнтр «Мацi i дзiця» ў цяжкiм стане быў дастаўлены пасля свайго з’яўлення на свет у 3-й клiнiчнай мiнскай бальнiцы 990-грамовы малыш. Зараз ён пакрысе набiрае вагу, i спецыялiсты спадзяюцца на лепшае. Як вядома, для дзяцей з нiзкай масай цела характэрна недастатковасць дыхальнай дзейнасцi, яны маюць патрэбу ў штучнай вентыляцыi лёгкiх. У аддзяленнi анастэзiялогii i рэанiмацыi з палатамi для тэрапii нованароджаных дзяцей штодня знаходзяцца каля 30 пацыентаў, кожны трэцi з якiх важыць менш за кiлаграм. Паводле слоў дырэктара РНПЦ «Мацi i дзiця» Канстанцiна ВIЛЬЧУКА, выхадзiць дзяцей з нiзкай масай цела дазваляюць спецыяльныя iнкубатары высокага класа. Абсталяванне замежнай вытворчасцi дазваляе не толькi ажыццяўляць штучную вентыляцыю лёгкiх, але i ўводзiць неабходныя лекавыя прэпараты, сачыць за масай цела дзiцяцi, яго дыхальнай i сардэчна-сасудзiстай дзейнасцю, дастаўкай кiсларода ў кроў. «Згодна з сусветнай практыкай, у нашым цэнтры таксама можна забяспечыць выходжванне дзяцей з масай цела ад 500 грамаў, што адпавядае 26-тыднёваму тэрмiну цяжарнасцi», — адзначае Канстанцiн Усцiнавiч. Поспехаў у лячэннi iншай распаўсюджанай паталогii нованароджаных — неанатальнай жаўтухi, або гiпербiлiрубiнемii (з такiм адхiленнем у здароўi з’яўляецца на свет 40 на 1000 нованароджаных) дазваляе дабiцца фотатэрапеўтычны апарат «Малыш» на падставе звышяркiх святлодыёдаў. Гэта сумесная распрацоўка цэнтра «Мацi i дзiця» з Iнстытутам фiзiкi НАН Беларусi. На цяперашнi момант выраблена 155 апаратаў «Малыш», 115 з якiх ужо актыўна выкарыстоўваюцца ў лячэбна-прафiлактычных установах краiны. У прыватнасцi, 52 апараты знаходзяцца ў Мiнску i Мiнскай вобласцi, 30 — у Гродзенскай, 27 — у Брэсцкай, 4 — у Вiцебскай i 2 — у Магiлёўскай абласцях. — Уздзеянне апарата «Малыш» заснавана на святле з хвалямi пэўнай даўжынi, — тлумачыць Канстанцiн Вiльчук. — Яны пераводзяць таксiчныя формы бiлiрубiну ў нетаксiчныя. Паспяховага вынiку ў лячэннi мы можам цяпер дасягнуць за чатыры днi, а не за шэсць-сем i больш, як гэта было падчас выкарыстання апаратаў з люмiнiсцэнтнымi лямпамi. Зараз тыя ж прадпрыемствы, якiя распрацавалi i вырабiлi «Малыш», занятыя новым праектам — распрацоўкай i асваеннем у вытворчасцi дыягнастычнага апарата «Спектр» для неiнвазiўнага кантролю ўзроўню бiлiрубiну ў крывi нованароджаных... Варта нагадаць, што цэнтр «Мацi i дзiця» створаны яшчэ ў 2004 годзе, калi былi аб’яднаныя 7-я клiнiчная бальнiца г. Мiнска, Iнстытут прыроджаных i спадчынных захворванняў, а таксама Iнстытут аховы мацярынства i дзяцiнства. Цэнтр мае чацвёрты, самы высокi ўзровень аказання перынатальнай дапамогi, i таму сюды накiроўваюцца складаныя пацыенткi з захворваннямi сардэчна-сасудзiстай, дыхальнай, эндакрыннай, мочапалавой, крывятворнай i iншых сiстэм. Прыкладна кожная трэцяя жанчына — з рэгiёна. Кантроль за станам будучых мацi з цяжкiмi экстрагенiтальнымi паталогiямi ажыццяўляецца з дапамогай найсучаснай апаратуры, закупленай у розных краiнах. Дастаткова, напрыклад, сказаць, што тыя ж вынiкi бiяхiмiчнага i iншых аналiзаў крывi можна атрымаць за лiчаныя хвiлiны. Летась у цэнтры адкрылася i першае ў краiне дзяржаўнае аддзяленне экстракарпаральнага апладнення. Да таго моманту бясплодным парам, якiя маглi паспрабаваць зачаць дзiця толькi такiм чынам, падобныя паслугi аказвалi камерцыйныя цэнтры ў Мiнску — рэпрадуктыўнай медыцыны i «Эмбрыа», i Гомелi, дзе выконваецца невялiкая колькасць працэдур. Паколькi гаворка iдзе пра выкарыстанне высокiх тэхналогiй, то падобныя паслугi з’яўляюцца, безумоўна, платнымi. Але ў дзяржаўнай структуры кошт тэхналогii дзесьцi ў два разы таннейшы за камерцыйны — каля 3 мiльёнаў рублёў. Грашовыя крэдыты на такую справу пакуль не выдаюцца, да таго ж, згодна з сусветнай практыкай, у вынiку экстракарпаральнага апладнення станоўчы вынiк — дзiця чакае толькi каля 20 працэнтаў пар. Цэнтр «Мацi i дзiця» падрыхтаваў да праходжання высокiх манiпуляцый звыш 50 пар. Да 2009 года РНПЦ «Мацi i дзiця» пачне функцыянаваць на поўную моц i, што называецца, ва ўсiм бляску. Летась пасля рэканструкцыi адкрыўся корпус радзiльнага дома, на чарзе — рэканструкцыя акушэрска-гiнекалагiчнага корпуса, далей — педыятрычнага, пасля — паталогii цяжарных i, нарэшце, харчовага блоку i iншых памяшканняў.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Выкарыстанне высокiх тэхналогiй у Рэспублiканскiм навукова-практычным цэнтры «Мацi i дзiця» дазваляе цяжарным жанчынам з цяжкiмi экстрагенiтальнымi па
|
|