Лыжачку за тату, лыжачку за мамуДзiцячае харчаванне Нiхто не стане спрачацца з тым, што мацярынскае малако з’яўляецца для немаўляцi найлепшым прадуктам харчавання. Пры грудным выкормлiваннi малыя менш хварэюць, найбольш застрахаваныя ад розных iнфекцый. Грудное малако стэрыльнае, у iм шмат абарончых фактараў, якiмi «зараджаецца» iмунiтэт немаўляцi. Але што рабiць, калi малака не хапае? Трэба пераводзiць малое на штучнае харчаванне.— Хачу адразу папярэдзiць бацькоў, — гаворыць галоўны педыятр Мiнiстэрства аховы здароўя Рэспублiкi Беларусь Наталля Галькевiч. — Нi ў якiм разе нельга кармiць у такiм выпадку сваiх дзяцей неадаптаванымi малочнымi сумесямi: неразведзеным каровiным малаком i кефiрам. Гэтыя прадукты ўтрымлiваюць вялiкую колькасць бялку, што негатыўна ўплывае на «неразвiтыя» ныркi малога i можа справакаваць кiшэчныя кровацячэннi. Грудное выкормлiванне трэба замянiць штучнымi сухiмi сумесямi, кансервамi. Канешне, грудное малако нельга поўнасцю аднавiць штучным чынам, бо яно, акрамя асноўных харчовых рэчываў, утрымлiвае гармоны, высокаактыўныя ферменты. Iмуналагiчныя сумесi, якiя ствараюцца для штучнага выкормлiвання дзяцей, павiнны быць не толькi максiмальна наблiжаны да саставу жаночага малака, але i адпавядаць метабалiчным магчымасцям першага года жыцця, каб быць засвоенымi. Менавiта на гэта накiравана рэспублiканская падпраграма «Дзiцячае харчаванне» на 2006—2010 гады, якая выконваецца ў рамках прэзiдэнцкай праграмы «Дзецi Беларусi». Зараз, як адзначае начальнiк аддзела перапрацоўкi прадукцыi жывёлагадоўлi Мiнiстэрства сельскай гаспадаркi i харчавання Ларыса Сцепаненка, вялiкiх праблем з забеспячэннем малых дзiцячым харчаваннем няма. Аднак навуковыя падраздзяленнi мiнiстэрства пастаянна працуюць над распрацоўкай новых вiдаў прадукцыi i пашырэннем яе асартыменту. На сёння вырабляецца сем найменняў вадкай i пастападобнай прадукцыi. Сухiя сумесi для дзiцячага харчавання налiчваюць 15 вiдаў i выпускаюцца на Ваўкавыскiм ААТ «Беллакт». На Аршанскiм мясакансервавым камбiнаце наладжаны выпуск разнастайных мясных, мяса-раслiнных i рыбных кансерваў. Iх больш за 80 найменняў. Гэта кансервы з ялавiчыны, свiнiны, птушкi з дабаўленнем субпрадуктаў, гарбуза, морквы, iншай агароднiны. Вытворчасць плодаагароднiнных кансерваў у асартыменце больш чым 100 найменняў ажыццяўляецца на кансервавых заводах у Клецку, Маларыце, Вiцебску. Прычым, як падкрэслiла начальнiк аддзела тэхналогii кансервавання харчовых прадуктаў НПЦ Нацыянальнай акадэмii навук па харчаванню Людмiла Паўлоўская, па жаданню матуль быў распрацаваны асартымент новых вiдаў прадукцыi без дабаўлення цукру. За апошнi год зроблена 25 такiх рэцэптур. Вучоныя прапанавалi таксама кансервы з панiжаным утрыманнем цукру i з заменай цукру фруктозай. Яшчэ адзiн напрамак у распрацоўках — выраб новых вiдаў прадукцыi павышанай харчовай каштоўнасцi. Гэта робiцца за кошт абагачэння дзiцячага харчавання вiтамiнамi i шляхам увядзення дабавак, якiя ўтрымлiваюць натуральныя кампаненты. Напрыклад, для лiквiдацыi ёднай недастатковасцi распрацавана прадукцыя з дабаўленнем марской капусты. Абагачэнне цынкам таксама iдзе за яе кошт, жалезам — за кошт увядзення чарнаслiву, чарнiц. Унiтарным прадпрыемствам «Цэнтр экспертыз i выпрабаванняў у ахове здароўя» вызначаны клiнiчныя базы для правядзення выпрабаванняў новых вiдаў лячэбных сумесяў: 2-я гарадская дзiцячая клiнiчная бальнiца г. Мiнска, гарадская дзiцячая iнфекцыйная клiнiчная бальнiца г. Мiнска, РНПЦ «Мацi i дзiця», РНПЦ дзiцячай анкалогii i гематалогii. КАЛI ЎВОДЗIЦЬ ПРЫКОРМ? Нават калi ў мамы дастаткова малака, у 5—7 месяцаў уводзiцца прыкорм, а дзецям, якiя знаходзяцца на штучным выкормлiваннi, гэта робiцца на месяц раней. Прычым варта запомнiць пэўныя правiлы: — не ўводзiць прыкорм нездароваму дзiцяцi; — уводзiць яго паступова, з 1—2 чайных лыжак перад малочным кармленнем цi змешваючы з малаком у бутэлечцы; — колькасць прыкорму павялiчваецца паступова i праз 2—3 тыднi дзiцяцi дадаюць ужо 100 г пюрэ з агароднiны з лыжачкi; — ежа павiнна быць слабасалёнай, бо ныркi дзiцяцi яшчэ неразвiтыя i дрэнна выводзяць соль з арганiзма; — нiколi не ўводзiць у адзiн дзень некалькi вiдаў адной ежы. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Нiхто не стане спрачацца з тым, што мацярынскае малако з’яўляецца для немаўляцi найлепшым прадуктам харчавання
|
|