21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Чыя баразна?

26.08.2009 08:40 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

З расповедаў дзядзькi Пётры

Жонка Алiна прыбегла да Пётры ўся ў слязах.

— Сядзiш, тэлевiзар свой глядзiш. А там Юзiк ад нашага ўзмежка зноў адараў.

— Што адараў? Не крычы ты.

— Бульбу яны за садам садзяць. Iдзi паглядзi. Зноў на наш узмежак залез.

Дзядзька Пётра неахвотна ўзняўся. Стамiўся за дзень. А тут бабскiя разборкi. Ды куды ты дзенешся, жонка не адступiцца. Калi ён выйшаў у сад, Юзiк ужо выпраг з плуга каня. Пётра кiнуў вокам на ўзмежак. А ўзмежак гэты быў месцам гiстарычным. Калiсьцi дзядуля ягоны i дзядуля Юзiкаў хадзiлi тут «у калы». I таксама з-за лiшня адрэзанай баразны. Бацькi таксама не тое што варагавалi, але, бывала, не вiталiся. Але нi Алiна, нi Юзiкава Ганна ўжо не маглi нiяк уцягнуць мужыкоў у шматгадовую спрэчку. Iм, былым калгасным механiзатарам, лiшняя баразна нiчога ўжо не значыла. Яны прызвычаiлiся глядзець на кавалак зямлi — як на будучую работу, а не як сваю ўласнасць. Што ж да боку юрыдычнага — то узмежак быў пакiнуты дзеля таго, каб можна было па iм праехаць на павозцы. I належаў ён да Пётравых сотак, касiў яго Пётра.

Але Юзiк сустрэў суседа весела:

— Ну што, паслалi на вайну?

— А няго ж.

— I я са сваёй пабрахаўся. Кажу: досыць садзiць, не будзе чым закрыць бульбу. А яна: «Яшчэ баразёнку». Вось i адараў крыху твайго дзiрвана.

— Ну i добра, не так разрастацца будзе.

— Закурым?

— Закурым.

Мужыкi дружна прыселi на месца спрэчак.

— Цiкавае, Пётра, жыццё ў нашым свеце. Ехаў я тут з раённай бальнiцы дадому — другiя зубы ўжо мяняю, можа, жую зашмат, як тая карова. Дык вось разгаварыўся на аўтастанцыi з адным. Маладзён яшчэ, гадоў трыццаць. I расказаў ён мне пра Грэцыю, Пётра. Ездзiў туды на заробкi. Апельсiны-мандарыны збiрае, яшчэ нешта, не помню. «А што: мясцовыя фермеры цi сяляне разам з вамi працуюць, цi як?» А ён расказвае, што iхнiя сяляне на полi i не паказваюцца. Вырас ураджай — прадаюць яго на каранi нейкай фiрме. А ў той ужо свой клопат — ураджай спарадкаваць, для гэтага наймiты. А мы з табой? — А ўсё роўна ад вясны да восенi пяклуем. Толькi зiмой i сядзiм, пакуль жонкi ў дровы не пагоняць...

— Спадчына. Атрымаў той грэк гектараў трыста саду. Вось i сядзiць сабе за кавай. А колькi б мы з табой атрымалi? У маiх было сем гектараў на пяць сыноў, ды i ў тваiх не нашмат больш. Ды i апельсiны ў нас не растуць. Бульбачка ў нас.

— Як ты, Пётра, памарыць не дасi. Ну, а скажы, хацеў бы ты нарадзiцца селянiнам у Грэцыi? I каб саду таго гектараў...

— Яно, канешне, лацвей. Але ж там, кажуць, спякота круглы год. Я спёкi не люблю. А ў нас? На Каляды закладу сваю кабылу ў санi. А ў сена бутэльку жытнёвай, каўбасы, сала вэнджанага. Ды ў Вiшнёўку да швагры. Кабыла бяжыць, застаялася, мароз прабiрае. А кругом чыста, цiха. Занясеш бутэлечку ў хату, паставiш на стол. А яна, родная, запатнее, чакае. Вечарам цёмна — ужо зоркi на небе. Кабыла сама дарогу ведае, давязе. Хораша.

Мужыкi задумалiся. А за садам вёска поўнiлася вечаровымi гукамi. Праехаў некуды трактар, замычэлi, прыгнаныя з пашы каровы. Падала свой голас Алiна. На Юзiкавым дварышчы забразгатаў у студнi цэп.

— Трэба б было нашых баб памiрыць неяк. А то цi баразна лiшняя, цi куры куды зайшлi...

— Няхай сабе. Можа, iм так весялей.

Былы старшыня

Кiрмаш у самым разгары. Добра прыпякае веснавое сонца. Кiрмашовыя размовы, спрэчкi, жарты перараслi ў адзiн высокi гуд. Гандаль у дзядзькi Пётры iдзе добра. Прывёз ён на продаж бульбу. Што пасадзiў, што пакiнуў свiнням — але ўбачыў: шмат застаецца добрай, буйной. Таму i ўкiнуў у воз з дзесятак мяхоў, яшчэ цёмным запрог кабылу. I вось ён на грашовым «рысталiшчы». Бульба ў дзядзькi выдатная. Не ссохла, не прарасла. Адляжала ў капцы, у суханькiм пясочку на высокiм грудку памiж соснаў. Таму яна цяпер нiбыта толькi што выкапаная. Пакупнiкоў хапае. Вiдаць, падбiлiся гараджане, не разлiчылi. Бяруць па вядру, па два. А хто, патрымаўшы ў руцэ дзядзькаву бульбiну, i больш. Ён спора насыпае вёдры. Не надта таргуецца, калi просяць збавiць цану. Не везцi ж мяхi назад, у такую дарогу.

Падыходзiць стараваты ўжо, але не пацяганы жыццём мужчына. I калi Пётра, насыпаўшы ў торбу бульбу, працягвае руку за грашыма — пазнае чалавека. Тут жа пазнае яго i пакупнiк.

— Прывiтанне, Пётра.

— Прывiтанне, Францавiч. Вось дык пакупнiк у мяне. Былы старшыня.

Але насядае новы пакупнiк, таму дзядзька адварочваецца. Калi разлiчваецца, бачыць, ад воза не адышоўся, стаiць, чакаючы размовы.

Так i размаўляюць яны, перапыняючыся, пакуль Пётра чарговаму пакупнiку насыпае чарговае вядро.

— Каб ведаў, што ты, то папрасiў бы скiдкi — усё-такi былы мой калгаснiк. I нiчога дрэннага я табе не зрабiў.

— I я вас адразу не пазнаў. А чаму за бульбай?

— Ды жонка памерла. Дзецi з’ехалi. Жыву адзiн.

— Пра дзяцей помню. Вы ж сыну пры старшынстве ў Полацку дом будавалi. А пенсiя, вiдаць, больш за маю.

— У цябе ж да пенсii гарод вялiкi, а ў мяне — асмалак.

— Дык кiдайце свой асабняк — у вёску.

— Не тыя сiлы.

— Помнiцца, вы i касiць, i араць умелi.

— Ты, Пётра, усё з падкавыркай. А я дык вось рады цябе пабачыць. Бульбы вунь якой прывёз. Крэпкi яшчэ. А ў мяне хвароб тых... Ад нерваў, вiдаць. Работа была такая.

— Што казаць, цягалi вас па райкамах. Сёння старшыням прасцей.

— Чым?

— А вось у нас новы старшыня вядзе гаспадарку, як хоча. Што сее, што садзiць, што будуе — сам.

— Ну, нешта ад яго патрабуюць таксама.

— Ведаеш, за сваё жыццё я шмат старшынь у калгасе пабачыў. Прыедуць, агледзяцца. Маладыя, вёрткiя. Дом дзе-небудзь пабудуе — i няма яго. А цяперашнi наш старшыня накрэпка ў калгасе асеў. Тут пабудаваўся. Жыве ў нашых Нырцах — людзей з боку запрашае. Фермы аднавiў, нейкiя цэхi будуе. Але людзям грошы плацiць.

— Ну, гэта яшчэ як паглядзець.

— А мы i глядзiм. Ну што, Францавiч, сядай, давязу цябе дадому, мой гандаль скончыўся. А дзе твой дамок, я помню — па дарозе.

А бульба, якая засталася ў мяху, Пётра помнiў, дастанецца ягонаму былому старшынi.

Алесь КАСЦЕНЬ.

Вiцебская вобласць.


 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Жонка Алiна прыбегла да Пётры ўся ў слязах. — Сядзiш, тэлевiзар свой глядзiш. А там Юзiк ад нашага ўзмежка зноў адараў
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика