Камбiнат на пераломе?
Летась мэр горада Масквы Юрый Лужкоў, прэм’ер-мiнiстр Рэспублiкi Беларусь Сяргей Сiдорскi i старшыня Гомельскага абласнога выканаўчага камiтэта Аляксандр Якабсон прынялi ўдзел у закладцы капсулы на месцы будаўнiцтва Палаца гульнявых вiдаў спорту ў сталiцы Расii. Справа ў тым, што, знаходзячыся ў Гомелi, афiцыйная дэлегацыя Паўднёва-Заходняй акругi Масквы, якая ўжо некалькi гадоў падтрымлiвае сувязi з горадам на Сожы, мела магчымасць пазнаёмiцца з яго славутасцямi. Гасцям вельмi спадабаўся тады Палац гульнявых вiдаў спорту, i яны на афiцыйным узроўнi выказалi пажаданне мець такое арыгiнальнае збудаванне ў сябе з той умовай, што ён будзе ўзводзiцца з прымяненнем канструкцыйных, iнжынерных i тэхналагiчных беларускiх рашэнняў. А калi дакладней, дык гомельскiх рашэнняў, бо самыя асноўныя работы па вырабу клееных драўляных канструкцый (КДК) i iх мантажу былi выкананы калектывам мясцовага камбiната будаўнiчых канструкцый. Адным словам, быў заключаны адпаведны дагавор, i гамяльчане пачалi выконваць заказ масквiчоў, якi ўжо часткова аплачаны.
Тут трэба сказаць, што Гомельскi камбiнат будаўнiчых канструкцый з’яўляецца ў нашай краiне адзiным прадпрыемствам, якое вырабляе буйнагабарытныя клееныя драўляныя канструкцыi, што выкарыстоўваюцца ў будаўнiцтве вялiкапралётных (да 60 метраў) будынкаў i збудаванняў. Новы цэх з сушыльным аддзяленнем i складам гатовай прадукцыi, iмпартным абсталяваннем уступiў у строй у 1974 годзе. Да гэтага на базе цэха паганажных вырабаў выпускалiся драўляныя перакрыццi даўжынёй дванаццаць—васемнаццаць метраў для будаўнiцтва жывёлагадоўчых памяшканняў. Новы ж цэх значна пашырыў магчымасцi камбiната, упiсаў яркую старонку ў яго летапiс. А менавiта: у Мiнску былi пабудаваны алiмпiйскi трэнiровачны манеж «Стайкi», Палац спорту «Працоўныя рэзервы», «Маладзёжны цэнтр», крытыя рынкi ў Брэсце, Мазыры, Краснадары, Петразаводску, Гомелi. У сваiм родным горадзе калектыў камбiната даў жыццё конна-спартыўнаму манежу, лёгкаатлетычнаму манежу «Дынама», Палацу гульнявых вiдаў спорту i г.д. Заказы на клееныя драўляныя канструкцыi паступалi з Расii, Казахстана, Польшчы, Фiнляндыi, Iталii, i прадпрыемствы спраўлялiся з усiмi пастаўленымi задачамi. А потым, як кажуць, у сувязi з распадам Савецкага Саюза адбыўся аблом. Нават з нашай рэспублiкi ў пяць—шэсць разоў зменшылiся заказы, i гэты негатыўны пералом балюча ўдарыў па калектыву. Тым больш што адзiн за адным мянялiся кiраўнiкi прадпрыемства, якiя дапускалi памылкi ў тыя цяжкiя часы, не ўдзялялася дастатковай увагi мадэрнiзацыi вытворчасцi, закупцы новага тэхналагiчнага абсталявання. Настрой у работнiкаў камбiната знаходзiўся ледзь не на нулявой адзнацы, многiя высокаквалiфiкаваныя кадры пакiнулi прадпрыемства ў пошуках лепшай долi. Раўнацэнную замену iм знайсцi было цяжка. Ды i хто з паважаючых сябе пойдзе на прадпрыемства, што стаяла на такой мяжы, якая называецца крызiсам, гатовым вось-вось перайсцi ў банкруцтва. Каб гэтага не здарылася, трэба было ажыццявiць карэнныя пераўтварэннi, якiя б не толькi спынiлi апiсаную вышэй сiтуацыю, але i дазволiлi б камбiнату пайсцi наперад. Таму Мiнiстэрства архiтэктуры i будаўнiцтва рэспублiкi i Гомельскi аблвыканкам прынялi рашэнне далучыць яго да адкрытага акцыянернага таварыства «Гомельшкло», задачай якога было надаць яму сiл, рэанiмаваць вытворчасць. Вядома ж, на прадпрыемства прыйшло i новае кiраўнiцтва ў асобе Уладзiмiра Башарымава, якi займаў высокую пасаду ў «Гомельшкле». Дэталёва вывучыўшы сiтуацыю i прыйшоўшы да высновы, што на прадпрыемстве няма належнай вытворчай, тэхналагiчнай ды i працоўнай дысцыплiны, сапраўднай барацьбы за якасць прадукцыi, ён замянiў некалькiх кiраўнiкоў, прыняўшы на работу новых, у тым лiку галоўнага iнжынера i намеснiка дырэктара па камерцыйных пытаннях. Як гаворыцца, дыхаць стала лягчэй пасля таго, як «Гомельшкло» зрабiла камбiнату вялiкiя фiнансавыя ўлiваннi, а мiнiстэрства пачало дапамагаць тэхнiчна перааснашчаць камбiнат, бо многiя станкi i вытворча-тэхналагiчнае абсталяванне на 90—98 працэнтаў было зношана. Адразу была скарочана i запазычанасць пастаўшчыкам, iншым арганiзацыям. Новае кiраўнiцтва прадпрыемства вырашыла выпраўляць справы менавiта з рэанiмацыi вытворчасцi драўлянаклееных канструкцый, за першае паўгоддзе 2005 года аб’ёмы якога склалi ўсяго... дзесяць кубаметраў. За другое ж — трыста кубаметраў. Наступны 2006 год даў новы штуршок у гэтай справе, i ўдзельная вага iх у агульным аб’ёме вытворчасцi склала ўжо 27, а зараз — каля 35 працэнтаў. Вялiкая заслуга ў аднаўленнi вытворчасцi i павелiчэннi аб’ёмаў рэалiзацыi клееных драўляных канструкцый належыць фiлiялу ўнiтарнага прадпрыемства «БелНДIС Навукова-тэхнiчны цэнтр» (г. Брэст) пад кiраўнiцтвам яго дырэктара, доктара тэхнiчных навук Анатоля Якаўлевiча Найчука i яго вядучых спецыялiстаў Мiхаiла Анатольевiча Мажэнштэйна i Сяргея Мiкалаевiча Васiльева. З гэтым калектывам зараз заключаны дагавор аб навукова-тэхнiчным суправаджэннi вытворчасцi i мантажу КДК. Да поспехаў калектыву, у якiм звыш чатырохсот чалавек, можна аднесцi i тое, што ў сёлетнiм сакавiку ўпершыню за апошнiя гады затраты на адзiн рубель таварнай прадукцыi, гаворачы мовай фiнансiстаў, склалi 95 капеек. А гэта дае пэўную надзею на тое, што на камбiнаце праглядваецца бясстратная работа. Далей. Зарплата ў сярэднiм у калектыве павялiчылася з 290 тысяч рублёў да больш чым 500 тысяч. На прадпрыемстве пабудаваны за гэты час новы лесапiльны цэх, набытыя дзве стужачныя пiларамы i зараз робяцца спробы вывесцi той цэх на поўную праектную магутнасць. Сёння на аснове сучаснага абсталявання ў iм нарыхтоўваецца да 800 кубаметраў абразнога матэрыялу, што цалкам не можа забяспечыць патрэбы вытворчасцi ў пiламатэрыялах, бо камбiнат зараз перапрацоўвае iх каля дзвюх тысяч кубаметраў, а магутнасцi для гэтага недастатковыя. Зараз прадпрыемствам заключаны два кантракты на экспарт КДК у Расiю i ва Украiну на агульную суму 800 тысяч амерыканскiх долараў. Маецца магчымасць i надалей нарошчваць экспартныя пастаўкi ў гэтыя краiны. Аднак рэзкi скачок цэн на пiловачнiк на бiржы робiць неканкурэнтаздольнай прадукцыю камбiната за мяжой. Справа даходзiць да абсурду: бязлесная Украiна прапаноўвае ўказаны матэрыял танней, чым ён каштуе ў Беларусi. Зразумела, што ўказанае вядзе да рызыкi страт экспартных кантрактаў. Вялiкай праблемай з’яўляецца кошт асноўнай сыравiны камбiната — лесу, кубаметр якога (пiловачнiка) «цягнуў» на 50 тысяч рублёў. Але пасля пераходу на закупку яго праз таварную бiржу цана ўзрасла ў чатыры—пяць разоў. Для прадпрыемства, якое з’яўляецца, паўторымся, стратным, яна, скажам так, непад’ёмная. Таму з гэтым пытаннем давялося звярнуцца ў Савет Мiнiстраў з просьбай дазволiць камбiнату самому, сваiмi брыгадамi, нарыхтоўваць лес на пнi. Дазвол такi быў атрыманы, i на гэты год павiнна была дзейнiчаць адпаведная лiцэнзiя па нарыхтоўцы ўказаным спосабам 20 тысяч кубаметраў лесу, у тым лiку 15 тысяч пiловачнiку хваёвых парод, адзiнага матэрыялу, якi выкарыстоўваецца пры вытворчасцi клееных драўляных канструкцый. У першым квартале было выдзелена 4,5 тысячы кубаметраў лесу, а потым гэты працэс прыпынiлi. Указам Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь ад 7 мая 2007 года № 214 камбiнат пазбаўлены права купляць лес на пнi па таксаваму кошту ў адрозненне ад прадпрыемстваў Беларускага вытворча-гандлёвага канцэрна лясной, дрэваапрацоўчай i цэлюлозна-папяровай прамысловасцi, хоць будаўнiцтва з выкарыстаннем КДК у нашай краiне ажыццяўляецца за кошт бюджэтных сродкаў, другая ж частка КДК экспартуецца за мяжу. Лагiчным было б выдзяленне лесу на пнi па таксавай цане пад праграму вытворчасцi КДК для ААТ «Гомельскi камбiнат будаўнiчых канструкцый». У той жа час абнадзейвае Указ Прэзiдэнта краiны ад 28 жнiўня 2006 года № 538, якi прадугледжвае адтэрмiноўку плацяжоў-запазычанасцяў усiмi прадпрыемствамi, у тым лiку i адкрытых акцыянерных таварыстваў, якiм з’яўляецца i камбiнат, пры тых умовах, што ўсе iх акцыi будуць перададзены дзяржаве. У вынiку прадпрыемства атрымала тую адтэрмiноўку на 5 гадоў i абавязалася выконваць усе паказчыкi па бягучых платах згодна з распрацаваным на гэты перыяд бiзнэс-планам, якi зацверджаны Мiнiстэрствам архiтэктуры i будаўнiцтва. — Перавагi клееных драўляных канструкцый, — гаворыць Уладзiмiр Сямёнавiч, — перад iншымi будаўнiчымi матэрыяламi вiдавочныя. З iх атрымлiваюцца маналiтныя элементы практычна любых памераў i формаў. Яны маюць малую аб’ёмную вагу, павышаную нясучую здольнасць, карозiястойкiя, даўгавечныя, надзейныя. Толькi адзiн прыклад. У Маскве манеж з iх праслужыў 185 гадоў. У сучасным будаўнiцтве выкарыстоўваюцца розныя вiды нясучых канструкцый — аркi, бэлькi, рамы, фермы. А будаўнiцтва спартыўных i iншых аб’ектаў без нашых клееных драўляных канструкцый не абыходзiцца. Мы зараз працуем з Гродна, выйшлi на рынкi Расii i Украiны, а гэта азначае, што наша прадукцыя запатрабаваная. Прадпрыемства вырабляе таксама дзверы, вокны, вагонку, дошкi для падлогi, плiнтусы i г.д., якiя таксама патрэбны спажыўцу, у тым лiку i для адраджэння вёскi. Мы адчуваем сваю адказнасць перад дзяржавай i спадзяёмся з яе дапамогай пераадолець цяжкасцi. Матэрыял падрыхтаваў Уладзiмiр ПЕРНIКАЎ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Летась мэр горада Масквы Юрый Лужкоў, прэм’ер-мiнiстр Рэспублiкi Беларусь Сяргей Сiдорскi i старшыня Гомельскага абласнога выканаўчага камiтэта Алякса
|
|