21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Са «Зброяй Перамогi» — да «сцен рэйхстага»

26.08.2009 08:48 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Сяргей РАСОЛЬКА

Векапомнае

З кожным годам усё менш застаецца ветэранаў-франтавiкоў, партызан, падпольшчыкаў — тых, хто са зброяй у руках здабыў для нас Перамогу. Адпаведна, усё менш шанцаў для нашчадкаў пачуць з першых вуснаў, што гэта была за зброя, супраць чаго i каго яна была павернутая. Мастацкiя кiнастужкi пра вайну не могуць быць памочнiкамi ў гэтай справе для маладога пакалення, паколькi па шэрагу прычын скажаюць гiстарычныя нюансы. Тыповы штамп у iх: немцы ўжо з першых дзён вайны ў масавым парадку ўзброеныя аўтаматамi, як прынята гаварыць, «шмайсерамi». Насамрэч нямецкая пяхотная дывiзiя (а гэта больш за 10 тысяч чалавек) узору пачатку Вялiкай Айчыннай вайны мела на ўзбраеннi ўсяго 312 адзiнак аўтаматычнай зброi, прычым яе насiлi экiпажы бронемашын, мiнамётныя i артылерыйскiя разлiкi, зрэдку — камандзiры ўзводаў. Астатнiя карысталiся вiнтоўкамi i карабiнамi, якiх па штату налiчвалася 12 609 адзiнак. Ды i не аўтамат гэта (у iм выкарыстоўваецца прамежкавы — памiж вiнтовачным i пiсталетным — патрон), а пiсталет-кулямёт Фольмера МР-40 (Хуга Шмайсер стварыў знешне падобны пiсталет-кулямёт, але з драўляным прыкладам). Дзе людзi, якiя цiкавяцца гiсторыяй, маглi пра гэта даведацца? Цяпер жа i пачуць, i пабачыць многае на свае вочы можна ў Беларускiм дзяржаўным музеi гiсторыi Вялiкай Айчыннай вайны, дзе ўпершыню разгарнулася i працуе ўнiкальная спецыялiзаваная комплексная выстаўка «Зброя Перамогi».

Унiкальнасць яе ў тым, што шырокаму колу наведвальнiкаў прадстаўлена звыш 100 адзiнак халоднай i агнястрэльнай зброi, што была на ўзбраеннi Чырвонай Армii (СССР), вермахта (Германiя), трафейнай зброi еўрапейскай вытворчасцi, калекцыя самаробнай партызанскай зброi — усё, што да нядаўняга часу захоўвалася ў запаснiках музея i што маглi бачыць толькi яго работнiкi. Экспазiцыя мае чатыры раздзелы.

У першым прадстаўлена зброя Чырвонай Армii савецкай вытворчасцi. Напрыклад, рэвальвер сiстэмы «Наган» узору 1895 года i аўтаматычны пiсталет Токарава («ТТ») узору 1933 года — зброя камандзiраў i камiсараў. Дарэчы, за страту табельнай зброi пагражаў трыбунал, але частымi былi выпадкi, калi камандзiры здавалi на склад той жа «ТТ» i ваявалi з трафейнымi «Парабелумамi», «Вальтэрамi» i iнш. Тут жа знаходзiцца ўнiкальны экспанат — доследны ўзор 1941 года пiсталета сiстэмы Ваяводзiна (гл. здымак 2).

— Гэты аўтаматычны 18-зарадны пiсталет з двухрадным размяшчэннем патронаў у магазiне павiнен быў прыйсцi на змену «Нагану» i «ТТ», але перашкодзiла вайна, — расказвае аўтар навуковай канцэпцыi выстаўкi, навуковы супрацоўнiк навукова-даследчага аддзела фондавай работы музея Сяргей Лапароў. — Было выраблена толькi крыху больш за 1000 адзiнак такой зброi. На сённяшнi дзень экспануюцца толькi тры пiсталеты сiстэмы Ваяводзiна: у Маскве, Санкт-Пецярбургу i ў нас. Гэты экзэмпляр быў падораны начальнiку Цэнтральнага штаба партызанскага руху П.К. Панамарэнку.

Стальны шлем узору 1936 года (так званая «халхiнголка») з характэрнымi «вушамi» па баках — першы ўзор пасля грамадзянскай вайны. Паводле легенды, сам славуты маршал С.М. Будзённы правяраў яго на трываласць шашкай («вушы» якраз i прызначаны для таго, каб удары саслiзвалi). Але баявыя дзеяннi паказалi недасканаласць стальнога шлема.

Аснова ўзбраення радавога саставу Чырвонай Армii — вiнтоўка сiстэмы Мосiна ўзору 1891/1930 гадоў — надзейная, якасная зброя. Праўда, былi i недахопы, у прыватнасцi, страляць яна магла толькi з прымкнёным штыком. Павялiчаная такiм чынам вага i даўжыня вiнтоўкi перашкаджалi бою ў замкнёнай прасторы. Даволi рэдкi, цiкавы экспанат — самазарадная вiнтоўка Токарава («СВТ») узору 1940 года. Чырвоная Армiя была адной з нямногiх, дзе яна перад вайной знаходзiлася на масавым узбраеннi (Германiя здолела зрабiць падобнае толькi ў 1941 годзе). У руках снайпераў СВТ была надзвычай грознай зброяй, а вось у руках байцоў, якiя не ўмелi з ёй як след абыходзiцца, самазарадная вiнтоўка даволi часта выходзiла са строю.

На думку вядучых спецыялiстаў-збройнiкаў, як савецкiх, так i замежных, пiсталет-кулямёт Судаева ўзору 1943 года быў адным з лепшых пiсталетаў-кулямётаў Другой сусветнай вайны. Асаблiва незаменным ён быў ва ўмовах гарадскога бою. Тут жа ў экспазiцыi прадстаўлена даволi рэдкая рэч — глушыцель гуку выстралу. Яго мелi на ўзбраеннi разведчыкi, спецгрупы НКУС, якiя закiдвалiся ў тыл ворага, выкарыстоўвалi яго i партызаны.

Адным з самых любiмых i масавых у Чырвонай Армii быў добра вядомы па фiльмах пра вайну, кiнахронiцы пiсталет-кулямёт Шпагiна ўзору 1941 года. «ППШ» быў простым i надзейным, «працаваў» пры тэмпературах ад -35°С да + 40°С. Адзiнае, пры стральбе доўгiмi чэргамi дыскавы магазiн на 71 патрон магло пераклiнiць, таму з 1943 года яго замянiлi ражковым 35-зарадным.

Адна з рэлiквiй музея — танкавы кулямёт сiстэмы Дзегцярова, якi быў зняты з аднаго з танкаў, што вялi бой за вызваленне Мiнска ў лiпенi 1944 года. Не менш цiкавая легенда звязана з авiяцыйным скарастрэльным кулямётам Шпiтальнага-Камарыцкага (ШКАС) узору 1934 года. Гэта быў першы ў свеце спецыялiзаваны кулямёт для авiяцыi, самым дасканалым ён заставаўся да сярэдзiны Другой сусветнай вайны. Гавораць, што калi ў канцы вайны савецкiя байцы трапiлi ў кабiнет Гiтлера, у адным з куткоў пад шкляной вiтрынай яны ўбачылi ШКАС. Быццам бы Гiтлер, калi ён упершыню азнаёмiўся з характарыстыкамi авiяцыйнага кулямёта, заявiў канструктарам i ваенным: гэты ШКАС будзе стаяць у маiм кабiнеце да той пары, пакуль вы не створыце хоць бы яго падабенства. Там ён i заставаўся да мая 1945-га...

Другi раздзел выстаўкi прысвечаны самаробнай партызанскай зброi. Такой унiкальнай калекцыi няма больш нiдзе ў свеце. «Звязда» адной з першых рэспублiканскiх газет пiсала пра яе ў нумары за 12 мая 2006 года. Нагадаем толькi, што пабачыць тут можна шэраг узораў самаробнай зброi (наступальную гранату, адназарадны партызанскi пiсталет, вяршыню збройнага майстэрства — самаробны партызанскi пiсталет-кулямёт канструктара Далганава ўзору 1943 года, пiсталет-кулямёт схаванага нашэння канструкцыi Сяргеева i iнш.).

Трэцi раздзел выстаўкi — нямецкая зброя. Усе прадстаўленыя ўзоры былi захоплены партызанамi i выкарыстоўвалiся супраць сваiх ранейшых гаспадароў. У гэтым раздзеле паказаны практычна ўвесь спектр стралковага ўзбраення германскай армii — ад асноўных вiнтоўкi i карабiна сiстэмы Маузера адпаведна ўзораў 1898 i 1935 гадоў да шматлiкiх пiсталетаў розных сiстэм i таго самага МР-40 канструктара Фольмера, якi першапачаткова задумваўся для ўзбраення парашутыстаў, экiпажаў танкаў, артылерыйскiх разлiкаў. У экспазiцыi выстаўлены шэраг сiстэм ручных i станкавых нямецкiх кулямётаў, прычым, пачынаючы з перыяду Першай сусветнай вайны (ва ўмовах недахопу ўзбраення немцам давялося выкарыстоўваць i такую зброю). Тут жа прадстаўлена халодная зброя, напрыклад, нож радавога саставу германскага Чырвонага Крыжа, у якога спiлаваны кончык, каб нельга было выкарыстоўваць у якасцi баявой зброi. Колькi слоў пра экспанат, якi многiм кiнецца ў вочы сваiм нiбы сучасным аблiччам. Гэта вельмi рэдкая рэч — штурмавая вiнтоўка Шмайсера ўзору 1944 года. Па сутнасцi, першы ў свеце масавы аўтамат. Знешне ён вельмi падобны на славуты аўтамат Калашнiкава ўзору 1947 года, што ў далейшым дало многiм падставы сцвярджаць, быццам Калашнiкаў у многiм скапiраваў штурмавую вiнтоўку.

Нарэшце, апошнi, чацвёрты, раздзел — зброя вытворчасцi еўрапейскiх краiн: Чэхаславакii, Польшчы, Iталii, Бельгii, Францыi i iнш. Тут прадстаўлены станкавыя i ручныя кулямёты, пiсталеты-кулямёты, вiнтоўкi, пiсталеты... Некаторыя з гэтых краiн ваявалi на баку Германii, у iншых выпадках немцы, захапiўшы тую цi iншую дзяржаву, выкарыстоўвалi ў сваёй армii трафейную зброю. Сярод самых цiкавых экспанатаў гэтага раздзела хацелася б адзначыць сапраўдны рарытэт — 20-мiлiметровую швейцарскую зенiтку, захопленую партызанамi ў 1944 годзе (гл. здымак 1 на першай стар.. Народным мсцiўцам тады дасталiся дзве такiя зенiткi, яны ўдзельнiчалi ў партызанскiм парадзе i адна з iх зараз знаходзiцца ў музеi, займаючы на выставе «Зброя Перамогi» цэнтральнае месца (другая знаходзiцца ў Санкт-Пецярбургу).

— Уласна самой зброяй канцэпцыя выстаўкi не абмяжоўваецца, — гаворыць Сяргей Лапароў. — Паглядзiце, праз усю залу на падлозе пралягае незвычайны дыван з геаграфiчных i ваенных карт часоў вайны, фотаздымкаў розных ваенных гадоў. Шлях пачынаецца ад беларускiх гарадоў (Мiнска, Слуцка, Гродна) i заканчваецца ўяўным Берлiнам, сцяной рэйхстага. На гэтым фотапано на аснове рэальных здымкаў, закрытым пластыкам, любы наведвальнiк можа распiсацца спецыяльным маркерам. Прайшоўшы па «дывану» з умоўнай назвай «Дарога Перамогi» ад Беларусi да германскай сталiцы, напiсаць: «Мы дайшлi!» — як некалi рабiлi нашы дзяды-вызвалiцелi, сфатаграфавацца на гэтым фоне.

Усяго такiх iнтэрактыўных частак на выстаўцы чатыры. Акрамя «Дарогi Перамогi», гэта камандны пункт Чырвонай Армii з устаноўленым у баявой байнiцы станкавым кулямётам Максiм узору 1910/1930 гадоў (куды можна зайсцi, «нацiснуць» на гашэтку кулямёта); памянёная ўжо швейцарская зенiтка, на якую таксама можна прысесцi i пакруцiць махавiкi вертыкальнай i гарызантальнай наводкi; i камп’ютар — своеасаблiвы iнфацэнтр, скарыстаўшы базу якога, кожны жадаючы наведвальнiк можа атрымаць дадатковую падрабязную iнфармацыю амаль пра любы выстаўлены экспанат i канструктараў.


 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
З кожным годам усё менш застаецца ветэранаў-франтавiкоў, партызан, падпольшчыкаў — тых, хто са зброяй у руках здабыў для нас Перамогу. Адпаведна, усё
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика