Веды па ўласнаму жаданню
Мiкалай ЛIТВIНАЎ
Сучасныя патрабаваннi пры прыёме на працу даволi жорсткiя. Яно i зразумела: работадаўца мяркуе атрымаць патрэбнага спецыялiста з пэўнай квалiфiкацыяй. Тут усё, у рэшце рэшт, залежыць ад узроўню ведаў, таму да «дарослага жыцця» дзяцей пачынаюць сур’ёзна рыхтаваць ледзьве не з дзiцячага садка. Выбар навучальнай установы — справа няпростая, звычайна ўлетку гэтае пытанне набывае асаблiвую актуальнасць. Вядома, кожны з бацькоў жадае, каб iх дзiця атрымала трывалыя веды на сучасным узроўнi. Для гэтага ў цэнтральным рэгiёне iмкнуцца стварыць усе належныя ўмовы. Як адзначаюць ва ўпраўленнi адукацыi Мiнскага аблвыканкама, зараз параўнанне адукацыйных магчымасцяў у раёнах далёка не заўсёды схiляецца на карысць той жа сталiцы. Каб пераканацца ў гэтым, завiтаў у Валожын. Якiя тут для бацькоў i дзяцей iснуюць прапановы?
У раённым цэнтры працуе дашкольны цэнтр развiцця дзiцяцi «Расiнка» — вельмi цiкавая ўстанова. Спачатку гэта быў звычайны садок (утвораны ў 1983-м), а новы статус установа атрымала пазалетась. Зараз тут 130 выхаванцаў, працуюць сем груп. — Акрамя ўсяго iншага мы прапаноўваем шэраг дадатковых паслуг, — заўважае дырэктар цэнтра Валянцiна Залеская, — сярод якiх — заняткi па нямецкай i англiйскай мовах (навучанне праводзiцца пачынаючы з пяцi гадоў), харэаграфii. Працуе студыя харэаграфii, фальклорны гурток «Вянок», дзiцячы аркестр. Кожны зможа знайсцi сабе занятак па душы. Адкрыты дзве санаторныя групы, дзе прапаноўваюцца лячэбна-аздараўленчыя, медыцынскiя паслугi — iнгаляцыi, ароматэрапiя, iмунатэрапiя, тубуснае апраменьванне носаглоткi i iнш. З улiкам груп здароўя праводзяцца спартыўныя заняткi, нават працуе гурток дзiцячага баскетбола. Адна з адметнасцяў цэнтра — увасабленне экацэнтрычнай сiстэмы выхавання. Кажучы прасцей, дзяцей з самага ранняга ўзросту вучаць адчуваць сябе часцiнкай прыроды, з якой чалавек павiнен iснаваць у гарманiчным узаемадзеяннi. Вось ужо дзесяць гадоў «Расiнка» з’яўляецца ў раёне базавай установай па экалагiчнаму выхаванню дашкольнiкаў, тут працуе адпаведная абласная iнавацыйная пляцоўка. На навакольнай тэрыторыi створаны самы сапраўдны музей пад адкрытым небам. Кожны з участкаў замацаваны за пэўнай групай, дзецi старанна даглядаюць «свае» палеткi. Як кажа Валянцiна Залеская, яны гуляюць i працуюць, усё тое хараство малыя разам з педагогамi стварылi ўласнымi рукамi. А зрабiць давялося шмат — справа ў тым, што тутэйшая глеба даволi «праблемная» (пясок, глiна, камянi) i вельмi складана нешта вырасцiць. Вакол цэнтра зараз самы сапраўдны фруктовы сад (паўсотнi дрэў), а таксама шмат iншых раслiн. Ёсць нават «iнсталяцыя» самага сапраўднага беларускага падворка — з калодзежам, драбiнамi i плеценым плотам. Дзецi павiнны ведаць свае каранi — так тут лiчаць. А ў Валожынскай гiмназii, куды выпускнiкi «Расiнкi» звычайна i паступаюць, экалагiчны i этнаграфiчны накiрункi лагiчна працягваюцца. Зразумела, на iншым узроўнi. Тут ёсць свая традыцыя: першакласнiкам звычайна прапаноўваюць прайсцi «слядамi шчасця». Увогуле ж адмысловая кампазiцыя мае назву «У нагу з часам» — гэта такiя вялiкiя сляды. Настаўнiкi перакананыя, што калi дзецi загадаюць нейкае жаданне, то варта сюды ступiць i яно абавязкова збудзецца. Мабыць, так яно i ёсць, бо па слядах ходзяць не толькi першаклашкi. Валожынская гiмназiя ўжо прайшла дзве спецыяльныя атэстацыi i з гонарам пацвердзiла свой высокi статус. Па вынiках мiнулага года яна прызнана лепшай у раёне ўстановай адукацыi. А па вобласцi ўваходзiць у дзесятку лепшых гiмназiй. I яно сапраўды так — тут практыкуецца шматпрофiльнае навучанне. — Вучнi набываюць веды па ўласнаму жаданню — можна выбраць патрэбны профiль, — кажа дырэктар Валожынскай гiмназii Валянцiна Чарнышова. — З першага класа дзецi вывучаюць замежную мову, а з пятага — яшчэ адну. У 11 класе мультыпрофiльнае навучанне. Такi падыход вельмi плённы: больш чым 70 працэнтаў выпускнiкоў паступаюць у вышэйшыя навучальныя ўстановы. I яшчэ адзiн, на мой погляд, вельмi цiкавы факт: у гiмназii з мiнулага года выпускаюць свой часопiс «Каўчэг». Дзецi актыўна ўдзельнiчаюць у падрыхтоўцы разнастайных матэрыялаў, рэпар- тажаў аб жыццi гiмназiстаў. Летась «Каўчэг» заняў другое месца ў рэспублiканскiм конкурсе школьнай прэсы. Так што адукацыйныя магчымасцi ў валожынскай дзятвы вялiкiя, галоўнае — было б жаданне. Валожынскi раён.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сучасныя патрабаваннi пры прыёме на працу даволi жорсткiя. Яно i зразумела: работадаўца мяркуе атрымаць патрэбнага спецыялiста з пэўнай квалiфiкацыяй.
|
|