Лета з плюсамДзённiк Вiкi Ц. 21.06.2007 Недзе глыбока ў душы я iстота аптымiстычная, i спрабую ў падзеях бачыць добрае, а потым ужо ўсё астатняе. Бо добра памятаю пра паўшклянкi — для аднаго гэтая шклянка напалову поўная, для другога напалову пустая, рознiца толькi ў падыходзе. Але далёка не ўсё так адназначна, як падаецца ў тэорыi i на паперы. Скажам, холад — гэта добра цi дрэнна? Калi халоднае марожанае — добра. А калi халоднае марожанае ды на хворае горла? Або халодная вада. Як быццам нiчога асаблiвага. А калi ў вас толькi ўчора на няпэўны тэрмiн адключылi гарачую?.. Асабiста ў мяне адносiны з холадам складаныя, мы адзiн аднаго недалюблiваем. I наадварот, з павышэннем тэмпературы настрой таксама павышаецца. Прынамсi, у мяне. Многiя знаёмыя, наадварот, стогнуць — «ну колькi ж можна гэтай гарачынi, хоць бы адзiн градус на мiнус пайшоў!». Днямi якраз — не ведаю, хто там рабiў тэрмiновы заказ у нябеснай канцылярыi — збылося. I пахаладала, i дажджом зверху палiло як след. Я (аднаго колеру з хмарамi, разумеючы, што персанальнага клiматычнага кантролю ў нас не iснуе) прыцягнулася на работу, спадзеючыся, што хоць зараз гэтыя аматары прахалоды задаволеныя жыццём. Ага, зараз жа. Такое адчуванне, што кожны з калег збiраўся выклiкаць на дуэль не толькi сiноптыкаў, але за кампанiю i нашага пастаяннага «адказнага за надвор’е» карэспандэнта. Ледзьве адбiлi. Шляхам асцярожных роспытаў высветлiлi, што «так, як было» ўсё ж лепей, чым «тое, што робiцца зараз». Нейкi дзяжурны анёл, вiдаць, нас пачуў, i лета — нармальнае такое, цёплае i пазiтыўнае лета — вярнулася. Як толькi яно вярнулася, вырашылi з сяброўкамi пасля работы ездзiць купацца — калi не набыць загар, то хоць змыць з сябе офiсны пыл. Практычна абсалютнае шчасце, напоўненае аранжавымi захадамi сонца i вадой «а-ля сырадой», доўжылася ўсяго некалькi дзён. А потым у Мiнску закрылi для купання ўсе вадаёмы. Лiтаральна ўсе. Большасцi народу гэта, канешне, не перашкаджае па-ранейшаму плёскацца ў «закрытых» сажалках цi нават у фантанах. Але для нас гэтыя крынiцы пазiтыву вычарпаныя, трэба шукаць натхненне ў чымсьцi iншым. Многiя лiчаць важнейшай складовай шчасця — працу. Не проста працу, як канстытуцыйнае права i высакародны абавязак, а канкрэтную справу, якую ты зрабiў i — iдзi сабе на ўсе чатыры бакi, атрымлiвай глыбокае маральнае задавальненне. Але ў тым i штука, што атрымаць задавальненне, скажам, у маiм выпадку, можна толькi тады, калi паставiш апошнюю кропку ў тэксце, перачытаеш, не знойдзеш нiчога лiшняга i выведзеш на друк. I лепш пры гэтым не знаходзiцца ў пастаянным цэйтноце пад з’едлiвыя каментарыі кiраўнiцтва, што, маўляў, гэта трэба было зрабiць яшчэ ўчора. А калi назаўтра раскрыеш газету i не знойдзеш там сябе, любiмага — якое ж тут шчасце, адны перажываннi: i грошай не зарабiў, i час змарнаваў, i ўвогуле — нiкому я не патрэбны, нiхто мяне не чы- тае... Такiя стрэсы паглыбляць нельга, iх трэба перамагаць. Напрыклад, заесцi. Але, каб не выклiкаць потым новы стрэс («А яшчэ я тоўста-ая...»), лепш заядаць чымсьцi смачным i карысным. Балазе, летам з гэтым праблем няма. Свежая гароднiна, зяленiва, ягады... Во, ягады! Сунiцы, клубнiцы, чарэшнi, — смаката! Вiтамiны напалам з пазiтывам. I з агаворкай «але». Бо калi ў цябе над душой стаяць i спрабуюць скармiць паўтара кiлаграма чарэшнi: «Скушай, доченька, яйцо диетическое!» — потым можа ўвогуле не захочацца нават глядзець на тыя вiтамiны. Як жартуе мая знаёмая, пачуццё меры прыходзiць з пяцiхвiлiнным спазненнем i потым адгукаецца з паўгода. Можа, падсiлкоўваць сябе марамi пра адпачынак? Водпуск... Водпуск — гэта добра. Якое там добра, гэта класна! Схiляю галаву перад усiмi ўпартымi працаголiкамi, але адмаўляцца ад законнага адпачынку не стану — зарабiла. Водпуск — гэта магчымасць патрацiць назапашаныя грошы не проста так, неўпрыкмет, а мэтанакiравана i з задавальненнем: на мора, сонца, новы купальнiк, вандроўкi i пасядзелкi з сябрамi. I ўсё гэта добра, але... Але не хутка. I каб не прыпаўзцi да яго зусiм разбiтай i разраджанай на мiнус, як старая батарэйка, я шукаю «плюсы». Цвiце акацыя — добра (у мяне ж алергii няма). Раве ўвечары дрыль у суседа — выдатна (а мог бы i ў выхадныя зранку!). Электрычнасць вырубiлi — цудоўна (а iнакш нашто мне падораныя араматычныя свечкi?). I гэтак далей, далей, далей... Чаго i вам жадаю. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Часам, бывае, сядзiш за камп’ютарам — а ў галаве так пуста i светла, як у акенцы Wоrd. I нiводнай думкi. I жадання працаваць — нуль цэлых нуль дзесяты
|
|