«У беларусаў — дзве малітвы»
Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.
Калi гэты нумар выйдзе ў друк, ужо будзе вядома, хто з удзельнiкаў на Мiжнародным конкурсе маладых выканаўцаў эстраднай песнi «Вiцебск-2007» набраў па вынiках 2 дзён найбольшую колькасць балаў, i мы разам з мiльёнамi беларусаў будзем святкаваць перамогу або перажываць... А пакуль — Вiцебск жыве па сваiм уласным, фестывальным часе. I калi верыць у шчаслiвыя супадзеннi, то хронiка апошнiх падзей унушае аптымiзм.
Скажам, беларускiм канкурснтам шанцуе на «двойкi»: акрамя Георгiя Калдуна, якому дастаўся 2-i конкурсны нумар, пад гэткiм самым нумарам сёння выступае ў дзiцячым конкурсе наша Крысцiна Святлiчная. Выхаванец Нацыянальнага цэнтра мастацтваў iмя У. Мулявiна Андрэй Кунец на жараб’ёўцы выцягнуў нумар 22. Дарэчы, дзiцячая жараб’ёўка выглядала як «палегчаны» варыянт дарослай: толькi дарослыя выбiралi свае «шчаслiвыя нумары» з саламяных капелюшоў, што былi па-мастацку развешаны на паркане (усiм юнакам прапаноўвалiся толькi цотныя нумары, дзяўчатам пераважна няцотныя), а дзецi — з капялюшыкаў, што ляжалi на каленях у дзяўчат з танцавальнага калектыву. Гэтаксама ўсiм без выключэння дасталiся партфелi — але не дыпламатычныя i не школьныя, а сувенiрныя — на памяць пра Вiцебск-2007... А яшчэ ў беларусаў — дзве «Малiтвы». У першы конкурсны дзень пад фанаграму «мiнус 1» Аня Благава выканала песню з такой назвай (на вершы княгiнi Вольгi Раманавай, музыка — аўтарства самой Анi), у другi — Георгiй Калдун у суправаджэннi Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусi пад кiраўнiцтвам Мiхаiла Фiнберга пераасэнсаваў знакамiтую мулявiнскую «Малiтву» (яе на словы Янкi Купалы напiсаў кампазiтар Алег Молчан). I, нарэшце, двойчы на фестывалi гучала трэцяя «Малiтва» — песня пераможцы «Еўрабачання-2007» Марыi Шэрыфавiч. Зрэшты, абодва беларускiя канкурсанты сцвярджаюць, што гэтае апошняе супадзенне выпадковае i на вынiкi не паўплывае. Магчыма, яно i так — крытэрыi ацэнкi журы выпрацоўвалiся за зачыненымi дзвярыма i будуць абвешчаны, верагодна, толькi сёння на цырымонii ўзнагароджання пераможцаў. Дарэчы, нагадаем, што па вынiках двух конкурсных дзён 1-я, 2-я i 3-я прэмii (6, 4 i 2 тысячы долараў адпаведна) прысуджаюцца менавiта канкурсантам, якiя набралi найбольшую колькасць балаў. Прычым 2-я i 3-я прэмii могуць быць падзелены, калi ва ўдзельнiкаў аднолькавыя адзнакi або рознiца памiж iмi нязначная (да 2 балаў). А вось лёс гран-пры — 10 тысяч долараў — больш складаны, бо яго суддзi могуць вырашыць i не аддаць нiкому. Акрамя таго, дадаткова прымаецца рашэнне аб уручэннi прэмii iмя Уладзiмiра Мулявiна, а таксама прысуджае двум выканаўцам свае спецыяльныя прызы — сучасныя ноўтбукi — Пастаянны Камiтэт Саюзнай дзяржавы, i тут ужо важныя не столькi арыфметычныя адзнакi, колькi ўражанне, якое канкурсантам удалося пакiнуць аб сабе. У любым выпадку, незалежна ад занятага ў фiнале месца, радок «дыпламант конкурсу маладых выканаўцаў на «Славянскiм базары ў Вiцебску» — гэта цэлы важны раздзел у творчай бiяграфii кожнага з выканаўцаў. А гледачы, у адрозненне ад строгiх суддзяў, свае «дзесяткi» паставiлi ўжо ўсiм — апладысментамi i гарачай падтрымкай.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Калi гэты нумар выйдзе ў друк, ужо будзе вядома, хто з удзельнiкаў на Мiжнародным конкурсе маладых выканаўцаў эстраднай песнi «Вiцебск-2007» набраў па
|
|