ФОРМУЛА ПОСПЕХУ РЭАЛIСТА ПАЎЛА ЯКУБОВIЧА
Таццяна ПАДАЛЯК.
Сёння газета «Советская Белоруссия» адзначае 80-гадовы юбiлей Апошняе дзесяцiгоддзе гiсторыi гэтага ўплывовага штодзённага выдання непасрэдна звязана з iмем вядомага журналiста, таленавiтага галоўнага рэдактара Паўла ЯКУБОВIЧА — сённяшняга госця «Звязды». Юбiлей «Советской Белоруссии» («СБ») стаў нагодай для падрабязнай размовы пра ўчора-сёння-заўтра ўсёй айчыннай журналiстыкi. — «Советская Белоруссия» пачыналася як газета «Рабочий» у жнiўнi 1927 года... — Гэта было вельмi рамантычнае выданне, якое мела нават свой рэдакцыйны вагон — ён прычапляўся да саставаў, якiя курсiравалi па ўсiх будоўлях, не абмiналi i першыя калгасы, i манеўры Беларускай ваеннай акругi. Газета — у духу тых часоў — была вельмi баявым i дынамiчным выданнем. Працавалi ў рэдакцыi цiкавыя журналiсты — i старыя, яшчэ дарэвалюцыйныя рэпарцёры, i маладыя журналiсты, якiя прыйшлi з рабфакаў, як гаворыцца, ад плуга, ад станка, з Чырвонай Армii. Магчыма, iм не хапала лiтаратурнага бляску, але затое было велiзарнае жаданне будаваць, ствараць i фанатычная вера ў тое, што яны робяць святую справу. I сапраўды, газета, асаблiва ў глыбiнцы, атаясамлiвалася з падручнiкам жыцця, суразмоўцам, абаронцам. — У сённяшнiм нумары «СБ» (размова адбывалася ў аўторак. — Рэд.) апублiкаваны цiкавы матэрыял аб агульнай старонцы ў гiсторыi «Звязды» i «Советской Белоруссии». — Нашы газеты пэўны час былi адной сям’ёй, i гэта нядзiўна. Нацыянальны архiў удакладнiў: 21 верасня 1941 года на базе дзвюх газет, «Звязды» i «Советской Белоруссии» з’явiлася новае выданне — беларускамоўная «Совецкая Беларусь»; яе ўзначалiў рэдактар даваеннай «СБ» Iван Фешчанка. Усяго выйшла 126 нумароў газеты, апошнi — 8 лiпеня 1944 года ў Гомелi. А ўжо 9 лiпеня 1944 года наша газета выйшла на рускай мове i са знаёмым з даваеннага часу лагатыпам, праўда, захавала фармат i нумарацыю «Совецкай Беларусi», хоць гэта была нумарацыя... даваеннай «Звязды». Толькi ў 1947 годзе «СБ» удакладнiла сваю бiяграфiю: 23 красавiка выйшаў № 82 (8395), а 25 красавiка — № 83 (5023). У падшыўцы 1944 года беларускамоўная «Совецкая Беларусь» i рускамоўная «Советская Белоруссия» — побач. Факт надзвычай цiкавы: i «Звязда», i «СБ» разам ваявалi з нямецка-фашысцкiмi захопнiкамi ў час Вялiкай Айчыннай вайны. «Звязда» была падпольшчыцай, змагалася ў антыфашысцкiм падполлi ў Мiнску, а потым у партызанскай зоне на востраве Зыслаў на Любаншчыне. Гэта гераiчная, легендарная старонка гiсторыi — без усялякага перабольшання. А «СБ» ваявала ў складзе рэгулярнай армii. Яе закiдвалi i сюды, за лiнiю фронту, парашутамi; яна распаўсюджвалася i ў часцях франтоў, якiя тады знаходзiлiся яшчэ далёка ад Беларусi... Дзве газеты — нiбы дзве рукi агульнай патрыятычнай барацьбы з ворагам. — Яшчэ раз пераконваешся, якая ўнiкальная гiсторыя нашай Бацькаўшчыны i — нашай прафесii. Магчыма, наспеў час для стварэння музея гiсторыi беларускай журналiстыкi? Пачаў выходзiць часопiс «Журналист», прафесiйная садружнасць з кожным годам пашыраецца i мацуецца... — Згодны: з’яўленне часопiса — гэта першая ластаўка, якая сведчыць, што патрэбны новыя формы для таго, каб ажывiць i палепшыць нашу прафесiйную карпарацыю. Але музей — гэта заўсёды iнiцыятыва энтузiястаў (размова ж не пра памяшканне цi адпаведнае ўрадавае рашэнне!). I такiя энтузiясты ў нас ёсць. Мяркую, музей гiсторыi беларускай журналiстыкi можа атрымацца надзвычай цiкавым — прафесiя захоўвае шмат гераічных i трагiчных старонак, бiяграфii вялiкiх талентаў i падзвiжнiкаў. — Павел Iзотавiч, прыемна адзначыць, што i ў «СБ» заўсёды працавалi моцныя, таленавiтыя журналiсты, якiя ў пэўным сэнсе сфармiравалi твар айчыннай журналiстыкi, заклалi традыцыi... Якiя, на ваш погляд, урокi «СБ» актуальныя для сённяшняй журналiстыкi? — Журналiсты, якiя працавалi ў «СБ» у тыя — хрэстаматыйныя ўжо — часы, былi людзьмi больш адметна значнымi, i не толькi ў прафесiйным вымярэннi. Гэта невыпадкова: за плячамi ў многiх была сур’ёзная бiяграфiя: у кагосьцi фронт цi iнтэнсiўнае i складанае пасляваеннае будаўнiцтва, вялiкая гаспадарчая цi партыйная работа... Незалежна ад таго, каго Гасподзь узнагародзiў талентам у большай цi меншай ступенi, гэта былi людзi, здольныя выклiкаць цiкавасць да свайго погляду на падзеi. Я часта перагортваю старыя падшыўкi i здзiўляюся, як у часы, якiя ў нас традыцыйна называюць «застоем» або «глухой савецкай эпохай», — як скрупулёзна, цiкава, самабытна пiсалi лепшыя пёры «СБ»! А зараз па розных прычынах журналiстыка становiцца... падобная на цяперашнi футбол. Раней мiнскiя балельшчыкi натоўпамi iшлi на стадыён паглядзець, як сёння сыграе той цi iншы футбалiст сваёй каманды, чым адкажа Лабаноўскi з Кiева. У кожнай каманды былi «зоркi» — вельмi адметныя, своеасаблiвыя. I гэта рабiла футбол не толькi вiдовiшчным, але i захапляльным спектаклем (дазволю сабе так сказаць), дзе iмправiзацыi было — як у джазе... Чаму сёння не ходзяць на футбол? Таму што ўсе каманды ў прынцыпе паказваюць аднолькавы ўзровень гульнi: усе аднолькава падрыхтаваныя, усе прайшлi адпаведныя футбольныя школы, усе трэнiравалiся па адных i тых жа методыках... I зараз гэта ўжо не вiдовiшча, а звычайнае перакочванне мяча... Хоць усе квалiфiкаваныя прафесiйныя iгракi, выдзелiць нiкога немагчыма. Баюся, што i самi яны не iмкнуцца выдзелiцца... — Калi правiльна вас зразумела, гэта пэўны знак часу: «Раньше были времена, а теперь — минутки»?.. — Я хачу сказаць, што самая вялiкая небяспека для любога творчага чалавека (у футболе, журналiстыцы, балеце i г.д.) — небяспека ўнiфiкаванасцi. Нiвелюецца сама прырода творчасцi: свайго роду «асобасны глабалiзм»... Журналiсты прыходзяць у рэдакцыi газет, радыё, тэлебачання — часта пры ўсiм жаданнi немагчыма ўбачыць чалавека, якi мае ўласнае «я». Ва ўсiх амаль аднолькавыя бiяграфii, амаль ва ўсiх аднолькавыя адчуваннi, ацэнкi жыцця... I таму сёння складана чакаць, што з’явiцца новы Аграноўскi цi ўнiкальныя пёры «СБ», пра якiя мы гаварылi. — Павел Iзотавiч, вы песiмiст? Альбо, як у тым жартоўным афарызме, «песiмiст — гэта добра iнфармаваны аптымiст»?.. — Я рэалiст. Бо працую з журналiстамi. Мне даводзiцца — па прычыне пасады — чакаць ад iх чагосьцi арыгiнальнага, самабытнага, цiкавага. Але падстаў для радасцi ў гэтым сэнсе малавата. Будзем спадзявацца, што паступова колькасць перарасце ў якасць. — Газета «Рабочий» выйшла ў перыяд iндустрыялiзацыi, першапачатковая канцэпцыя была адпаведная. А праз 80 гадоў, у пачатку ХХI стагоддзя, як бы вы абазначылi канцэптуальнае крэда «СБ»? — Яно выражана ў нашым слогане: «Беларусь сегодня». Гэта i iндустрыялiзацыя, i электрыфiкацыя, i культурная рэвалюцыя, i яшчэ сто тысяч з’яў, якiя складаюць тканiну жыцця. Мы пiшам аб усiм i, спадзяюся, у нас будзе прыбаўляцца чытачоў — у першую чаргу не тых, якiх нам дадае «адмiнiстрацыйны рэсурс» праз ведамасную падпiску на газету; для нас больш важна, калi людзi падпiсваюцца самi або шукаюць выданне ў кiёсках. Для гэтага газета павiнна быць па-сапраўднаму «рынкавай», г.зн. канкурыраваць у тым лiку з газетамi, якiя ставяць перад сабой крыху iншыя задачы. Наша мэта — iнфармацыя, каментарыi, уплыў. А ёсць газеты, што ставяць на мэце толькi атрыманне прыбытку, — таблоiды, што не саромеюцца нi ў выразах, нi ў прыёмах, нi ў формах падачы iнфармацыi. Але паколькi яны ляжаць побач на адной палiцы ў кiёсках, то нам трэба з iмi канкурыраваць i перамагаць. — Наконт «тыражнага» пытання... Мяжа 2004 i 2005 гадоў — тыраж «СБ» вырас ледзь не ў два разы. Гэты феномен можна разглядаць як своеасаблiвую сенсацыю ў журналiстыцы. А як бы вы пракаментавалi сiтуацыю — як адмiнiстратар, рэдактар, творчая асоба? — Мы паставiлi задачу змянiць структуру чытацкай аўдыторыi. Таму што «СБ» на працягу 80—90-х гадоў пазiцыянавала сябе як газета для старэйшага пакалення, для пенсiянераў. З улiкам гэтага i будавалася рэдакцыйная палiтыка. Персанал газеты, у тым лiку журналiсты, таксама былi людзi пераважна пажылыя, якiм лёгка размаўлялася з равеснiкамi. Чытачы бiялагiчна старэлi, iх усё задавальняла... А што далей? У такiм выглядзе нiякай перспектывы, абсалютны тупiк. Неабходна было прыцягнуць да газеты новыя, больш маладыя слаi чытачоў. Спатрэбiлася ў чымсьцi ўзаемавыключальная работа, каб не адвярнуць ад газеты даўнiх сяброў i ў той жа час прыцягнуць моладзь. Для гэтага трэба было змянiць структуру журналiсцкага корпусу, каб у газету прыйшлi людзi, здольныя разумець сутнасць праблематыкi для маладых чытачоў i мець той жа «тэмбр голасу». Гэтая нялёгкая работа працягвалася не месяц i нават не год. Але, згодна з вынiкамi аднаго з апошнiх манiторынгаў, сярод нашых чытачоў значна больш высокi працэнт маладых чытачоў, чым сталых. Што датычыцца нашай тыражнай сiтуацыi, пра якую вельмi шмат гавораць: сябры — з радасцю, нядобразычлiўцы — з зубоўным скрыгатам... У нас каля 400 тысяч падпiсчыкаў: людзi, якiя галасуюць сваiмi кашалькамi за газету. Напрыклад, у Гомельскай вобласцi — прыкладна каля 70 тысяч, падобная сiтуацыя i па iншых абласцях. Найменш падпiсчыкаў у Мiнску, i гэта зразумела: у сталiцы газету звычайна чытаюць ранiцай, калi iдуць на працу. Мы ўлiчваем усе нюансы, выкарыстоўваем разнастайныя прыёмы падачы iнфармацыi, змяненне фармату, графiкi, каб газета была зручнай для метро, iншага транспарту, для ранiшняга чытання. У звычайныя днi ў рознiцу прадаецца да 12—15 тысяч экзэмпляраў «СБ», у пятніцу — каля 100 тысяч. Астатняе (каля 70 тысяч) — ведамасная падпiска. Яна ў нас звычайна была каля 30 тысяч. Але потым за справу ўзялiся мясцовыя органы ўлады, якiя iмкнуцца на ўсе СМI пашырыць падпiску. Мяркую, справа гэта карысная, дзяржаўная. Таму што газета, сузаснавальнiкам якой з’яўляецца Адмiнiстрацыя Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь i якая публiкуе найважнейшыя дзяржаўныя дакументы i матэрыялы, з’яўляецца неабходнай i актуальнай для працоўных калектываў. Але, паўтараю, у нашым тыражы гэта толькi 50 тысяч. Калi б iх не было, прынцыпова нiчога не змянiлася б. ...I ўсё ж гэта служыць пастаяннай нагодай для «шпiлек», уколаў, спекуляцый. — Вы гэта адчуваеце? — Безумоўна. Хто гэтага не адчувае?.. Напачатку я перажываў, запрашаў розных паважаных апанентаў: калi ласка, прааналiзуйце, што такое для вялiкай газеты 50 тысяч? Будуць яны цi не — усё роўна; 400 тысяч экзэмпляраў — тыраж для Еўропы грандыёзны, а для краiны ў 10 мiльёнаў чалавек... Прычым газета нятанная (на жаль, не ўсе ў нас могуць дазволiць сабе такую раскошу — выпiсваць або купляць газету). Мае аргументы на апанентаў не дзейнiчаюць: звычайная дробная зайздрасць альбо нежаданне разабрацца ў сiтуацыi... Вядуцца, ведаю, i такiя размовы: нiбыта «СБ» сядзiць на карку падаткаплацельшчыкаў... Нярэдка чую прэтэнзii: «Чаму мяне не друкуеце?!» Звычайна адказваю: не друкую вас, сябры, таму што вы дрэнна пiшаце. Вось i ўсё, мяне не цiкавяць рэгалii, памкненнi, фiзiчная i палiтычная вага. Напiшаце добра — адразу апублiкуем! А што датычыцца «на карку падаткаплацельшчыкаў»... Пачаўся жнiвень, i за 8 месяцаў 2007 года мы не ўзялi ў казне нiводнай капейкi. — «Советская Белоруссия» выйшла на самаакупнасць? — Мы не бяром грошай у дзяржавы. Слова «самаакупнасць» — не эканамiчнае. Да нас з бюджэту не паступае нi капейкi. — Iнакш кажучы, рэдакцыя выпускае газету за свой кошт: падпiска, рэклама i... — ... i рознiца. — I ўсё сыходзiцца, выдатна зводзяцца канцы з канцамi? — Ды не, зусiм не выдатна «ўсё сыходзiцца», бо штомесяц мы выплачваем каля 300 мiльёнаў рублёў падаткаў. Давайце падлiчым: 300 х 8 = 2400. Два мiльярды чатырыста мiльёнаў рублёў — прыкладна менавiта на гэту суму папоўнiўся бюджэт нашага роднага Савецкага раёна г. Мiнска. — Апошнiм часам «СБ» значна змянiлася i па падачы iнфармацыi, i чыста знешне. Частка нумара друкуецца на глянцавай паперы. — Толькi для Мiнска. — Магчыма, «СБ» паступова ператворыцца з газеты ў штодзённы часопiс? — Ды не, навошта?! Глянцавая папера — гэта iмкненне разнастаiць дызайн. У Беларусi пакуль што недастатковыя (скажам мякка) палiграфiчныя магутнасцi. Калi газету з Мiнска ў Кобрын вязуць на аўтамабiлi, а адтуль падпiсчыку ў вёску — яшчэ за 40 км па бездарожжу i, магчыма, разгiльдзяйству... Такая газета не можа быць аператыўнай, а значыць, гэта ўжо пародыя на газету. У абласных цэнтрах павiнны з’яўляцца друкарнi, куды можна было б, выкарыстоўваючы найноўшыя камунiкацыi, перадаць газету — у тую ж хвiлiну, як яна ў Мiнску паступае ў друкарню. Тэрмiн дастаўкi да падпiсчыка скароцiцца на палову сутак. Давайце адкрыта скажам i пра тое, што вельмi мала краiн у Еўропе, дзе можна ўбачыць чорна-белую газету. Гэта дакор... Хоць на гэты конт ёсць розныя думкi. — У некаторых краiнах газеты выходзяць менавiта на «газетнай», а не на белай i не на глянцавай паперы, бо тэкст лягчэй чытаецца, зусiм iншая кантрастнасць — адпаведныя даследаваннi праводзiлiся... — Ёсць мноства самых розных поглядаў. Але ўсе маркетынгавыя даследаваннi сведчаць: людзi аддаюць перавагу каляровым газетам. Сiтуацыя, аналагiчная кiнематаграфiчнай. Многiя гледачы iмкнуцца глядзець каляровае кiно, хоць некаторыя рэжысёры аддаюць перавагу чорна-беламу, бо гэта дае больш сэнсавых, iнтанацыйных магчымасцяў... Так цi iнакш, у Беларусi павiнны быць сучасныя друкарнi. — Павел Iзотавiч, на сёння вы прадстаўляеце не толькi штодзённую газету, але цэлы холдынг, у складзе якога газеты «Minsk timеs», «Голас Радзiмы», часопiс «Беларусь». А што ў перспектыве? Магчыма — выдавецтва, выдавецкi дом, радыё- або тэлеканал? — Не. Вельмi не люблю слова «холдынг». Яно скампраментаванае разнастайнымi iнтэрпрэтатарамi падобных з’яў. «Холдынг» азначае зусiм не збор жабракоў (у нашым выпадку немаёмасных выданняў), якiя жывуць на датацыю дзяржавы. (Ну якi гэта холдынг?!). Холдынг — сукупнасць вытворчых структур, адны з якiх з’яўляюцца фiнансавымi донарамi для iншых. А сядзець на бюджэтнай iголцы... Было прынята рашэнне, згодна з якiм пры рэдакцыi «СБ» выходзяць выданнi для замежнага чытача. Але... Часопiс «Беларусь» за мiнулы год (з жахам падлiчылi!) прынёс страт на 380 млн рублёў, паколькi мiнiстэрствы i ведамствы, здавалася б, зацiкаўленыя ў гэтым выданнi, з намi проста... забылiся расплацiцца. Вялiкiя надзеi мы ўскладалi на гэты часопiс. Пачалi выпускаць яго на англiйскай, французскай, нямецкай, iспанскай, партугальскай, польскай, iтальянскай мовах. У сувязi з фiнансавымi праблемамi зараз скарацiлi мовы да англiйскай, французскай, нямецкай. Але iспанскую трэба вяртаць — адкрываецца велiзарны накiрунак у Лацiнскай Амерыцы... Газета «Minsk timеs» таксама фiнансава стратная. Яна выходзiць на добрай англiйскай мове, яе перакладаюць у Вашынгтоне (заключаны адпаведныя дамовы). Газета карыстаецца вялiкай цiкавасцю на Захадзе, яе чытаюць. Канцэпцыя створанай у 50-х гадах газеты «Голас Радзiмы» ўстарэла. Работа з дыяспарамi была калiсьцi клопатам i культуралагiчных арганiзацый, i органаў дзяржбяспекi, разведкi i iншых зацiкаўленых ведамстваў. Тады важна было, каб беларуская дыяспара ў розных краiнах была ўцягнута ў жыццё БССР... Газета запакоўвалася ў канверт i дасылалася на адрас канкрэтнага чытача. Але часы змянiлiся, увогуле гэта вельмi стратная справа... Таму я iстотна змянiў канцэпцыю. Зарэгiстраваны дыяспары больш чым у 40 краiнах свету, гэта ў асноўным нашчадкi беларускiх эмiгрантаў, якiя не хочуць губляць сувязь з гiстарычнай Радзiмай. «Голас Радзiмы» застаецца газетай, дзе можна атрымаць усю неабходную iнфармацыю, але асноўную «дынамiчную» частку я перавёў у сетку, у форумы, дзе людзi могуць знаёмiцца, абменьвацца вопытам работы сваiх суполак, дыскутаваць... Думаю, гэта правiльна. А што да самiх цэнтраў дыяспар — праз Пасольства Беларусi ў Расii мы накiроўваем «Голас Радзiмы» ў iнфармацыйных пакетах разам з iншымi патрэбнымi для падтрымкi дыяспар матэрыяламi. Найбольш буйная выдавецкая структура, разлiчаная на знешнеiнфармацыйную дзейнасць, — газета «Саюз», рэдакцыя якой знаходзiцца ў Маскве i ў Мiнску. «Российская газета» i «СБ» — «ракетаносьбiты» гэтага выдання. За шэсць гадоў нiводнага зрыву не было, хоць часам складана дабiвацца кансенсусу: у расiйскай часткi рэдакцыi свае погляды на праблемы Саюзнай дзяржавы, на ролю Беларусi. Яны хацелi б дамiнаваць нават у iнфармацыйным плане... Нямала сiл i часу iшло на тое, каб праз кампрамiсы выходзiць на пазiцыю кансенсусу ў вельмi складаных i далiкатных праблемах (такiх, як энергетычны крызiс). Наша агульнае выданне рабiла ўсё, каб «кошка» не прабегла памiж беларускiмi i расiйскiмi чытачамi. Мяркую, гэта адзiны сур’ёзны жыццяздольны, эфектыўны медыйны праект, якi дапамагае зблiжэнню i разуменню памiж чытачамi нашых краiн. I не толькi памiж чытачамi. Галоўны вектар, з якiм я звязваю развiццё газеты, — глабальная сетка. Значную частку газеты мы перавялi ў вiртуальную прастору. Наш форум саступае на сёння хiба што iнфармацыйным агенцтвам... Колькасць карыстальнiкаў вельмi высокая, мы сярод лiдараў. — Не выцеснiць «вiртуальнасць» папяровую газету, не адчуваеце такой небяспекi? — Не выцеснiць! На наш век хопiць. Хоць над гэтым вельмi сур’ёзна думаем... А наконт выдавецкiх дамоў i iншага — кожны павiнен займацца сваёй справай. — Павел Iзотавiч, напрыканцы, калi дазволiце, некалькi асабiстых пытанняў... Праходзiла iнфармацыя, што вы зусiм выпадкова знайшлiся са сваiм знакамiтым траюрадным братам Леанiдам Якубовiчам, вядучым тэлепраграмы «Поле цудаў». Гэта газетныя «штучкi» альбо... насамрэч праўда? — Праўда. Нашы бацькi — стрыечныя браты, якiх развёў лёс. Мой бацька застаўся ў Магiлёве, а брат паехаў у Маскву. Наша радство аднавiў Леанiд Аркадзьевiч. Мне вельмi хацелася пазнаёмiцца, але ж ён ужо быў зоркай «усесавецкай» вядомасцi — не хацелася быць, як у Чэхава, тоўстым i тонкiм. Сустрэлiся ўпершыню ў Мiнску пасля канцэрта. Гэта была вельмi цiкавая хвалюючая сцэна, ён пачаў клiкаць розных знакамiтасцяў: «Гэта мой брат!..» — Вы вельмi падобныя чыста знешне... — Мы пасябравалi. Мяне радуе, што ён не тыповы маскоўскi тэлевiзiёншчык, не нахабны, у яго добрая душа... Папулярнасць яго неверагодная, але пры гэтым ён застаецца душэўным, мiлым, дасцiпным, стомленым i добрым чалавекам. — Хадзiлi чуткi, што нiбыта вы збiраеце старыя прыёмнiкi... — I гэта праўда. У дзяцiнстве мне вельмi хацелася мець радыёпрыёмнiк. Але бацькi былi бедныя, такую раскошу дазволiць не маглi... Раптам мне, даросламу ўжо чалавеку, здалося, што можна ажыццявiць сваю дзiцячую мару. I стаў збiраць прыёмнiкi — яны нагадвалi мне пра дзяцiнства. Дый кожны апарат нясе адбiтак эпохi: савецкiя, нямецкiя, амерыканскiя, англiйскiя, французскiя... — У вас вялiкая калекцыя? — Сабраў усе прыёмнiкi, якiя выпускалiся з другой паловы 1930-х гадоў i да таго часу, калi яны саступiлi месца маленькiм транзiстарам... Iх у мяне шмат, няма куды ставiць. Па дачы з цяжкасцю рухаюся, яны выцясняюць мяне з жылля... — Колькi слоў пра вашу сям’ю. Цiкава, жонка мае адносiны да журналiстыкi? — Не. Зараз яна хатняя гаспадыня. Па прафесii — гiд-перакладчык (французская мова), працавала ў «Iнтурысце». Сын — студэнт БДУ. Шчыра вiншуем усiх супрацоўнiкаў i чытачоў «Советской Белоруссии» з юбiлеем! Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Апошняе дзесяцiгоддзе гiсторыi гэтага ўплывовага штодзённага выдання непасрэдна звязана з iмем вядомага журналiста, таленавiтага галоўнага рэдактара П
|
|