Аўгустоўскi канал: у чаканнi
Барыс ПРАКОПЧЫК
Працяг тэмы Артыкул «Аўгустоўскi канал: водныя падарожжы i бюракратычныя перашкоды» («Звязда» за 12 лiпеня) быў прысвечаны праблемам, якiя не дазваляюць зрабiць беларускую частку гэтай славутай воднай артэрыi куды больш прыцягальнай для турыстаў з замежжа, чым сёння. Гэта i пытаннi адкрыцця пагранпераходаў для рэалiзацыi iдэi супер-маршруту па каналу i Нёману «Польшча—Беларусь—Лiтва», а таксама суправаджэння турыстаў-воднiкаў аўтамабiльным транспартам. I вялiзная колькасць дакументаў, якую даводзiцца запаўняць нашым гасцям. I значна больш высокiя для iх цэны ў гатэлях пры, мякка кажучы, далёкiм ад еўрапейскага ўзроўню сэрвiсе.А цяпер задумаемся: а хто ж на канале сёння гаспадар? Дакладней, хто займаецца развiццём iнфраструктуры турызму? Хто вызначае прыярытэты? Хто аналiзуе вышэйпамянёныя i iншыя праблемы на шляху турыстыкi i дамагаецца ў абласных i рэспублiканскiх структурах iх вырашэння? Нарэшце, хто сочыць за элементарным парадкам на тэрыторыi гэтага ўнiкальнага прыроднага комплексу? Вось некаторыя факты i меркаваннi на гэты конт. Звалка ля назiральнай вышкi Па дарозе з Сапоцкiна на Аўгустоўскi канал турысты, калi iм пашанцавала з гiдам, абавязкова спыняцца ў раёне вёскi Новiкi. Там размешчана назiральная вышка, з якой тутэйшае ляснiцтва ажыццяўляе кантроль за наваколлем у пажаранебяспечны перыяд. Якое дачыненне яна мае да турызму? А справа ў тым, што з гэтай вышкi зацiкаўленаму позiрку адкрываецца вельмi маляўнiчая панарама пасёлка Сапоцкiн i Аўгустоўскай пушчы, у тым лiку шэраг дотаў 68-га Гродзенскага ўмацавальнага раёна (так званая лiнiя Молатава), якi будаваўся ў 1939—1941 гадах. Дабрацца да гэтага, можна сказаць, аб’екта турыстыкi няцяжка, што мы з кiраўнiком турыстычнай фiрмы «Нямнова-Тур» Сяргеем Калядой i зрабiлi. Шкада толькi, што на гэтым шляху цябе сустракае... смеццевая звалка, куды вывозяць адходы з пасёлка Сапоцкiн. Размясцiлi яе тут задоўга да таго, як пачалася рэканструкцыя Аўгустоўскага канала, калi, мусiць, нiхто i не думаў пра гэту вышку з пункту гледжання турызму. Ды i каго гэта хвалюе цяпер? Так, хвалюе Сяргея Каляду, якi ўжо шмат турыстаў, у тым лiку з замежжа, правёз па гэтых мясцiнах, журналiста. Але ж не ў iх кампетэнцыi рашэнне аб пераносе сметнiка ў iншае месца. I такiх пытанняў, якiя патрабуюць аператыўнага вырашэння, мноства. Накiроўваемся ў Нямнова, дзе Сяргей Каляда, адзiн з пакуль нешматлiкiх iнвестараў, будуе турыстычны прытулак пад аднайменнай назвай, якi павiнен стаць паркам актыўнага адпачынку для аматараў водных падарожжаў i iншых турыстаў. Зрэшты, пакуль не будуе, а рыхтуе праектную дакументацыю, праходзiць розныя ўзгадненнi. Патрабуецца, кажа, гара папер, тым больш што гэта прыродная зона з асаблiвым статусам. Нiчога нельга нармальна ўзгаднiць: з узроўню раёна пасылаюць у аблвыканкам, адтуль — у Мiнск. Упраўленнi культуры, архiтэктуры, геалогii i геадэзii... Прычым у сталiцы вырашыць пытанне бывае прасцей, чым на месцы. Скажам, Нацыянальнае агенцтва па турызму ўжо сертыфiкавала фiрме «Нямнова — Тур» тры водныя маршруты. Па адным з iх, якi называецца «Аўгустоўскае колца», сёлета ўпершыню правялi рэспублiканскiя спаборнiцтвы па воднаму арыентаванню, падчас якога, дарэчы, дзве каманды ...заблудзiлiся. Дык вось, у сталiцы ўсё што трэба па гэтых маршрутах ужо ўзгоднена, а побач... У жнiўнi мiнулага года турфiрма прадставiла адпаведныя дакументы ў Гродзенскi райвыканкам — зарэгiстравалi iх толькi ў пачатку сёлетняга года. А ў маi Сяргею Iванавiчу патэлефанавалi i паведамiлi, што ўзгадненнi з санiтарнай i экалагiчнай службамi — гэта яго праблемы, прынцып «аднаго акна», пра якi сёння так многа гаворыцца, тут не дзейнiчае. Каляда прынцыпова больш нiкуды хадзiць не стаў, а адказу па ўзгадненню турыстычных маршрутаў яму з раёна дагэтуль не далi. У адпаведным аддзеле райвыканкама займаюцца спортам, а турызм для iх, як шчыра прызналiся iнвестару, — «хвосцiк». Альбо раптам высвятляецца, што на той тэрыторыi, якая афiцыйна выдзелена iнвестару i ўжо даўно не выкарыстоўваецца ў сельгасвытворчасцi, птушкафабрыка быццам атрымлiвала каласальныя ўраджаi трыцiкале, пад 80 цэнтнераў з гектара. I iнвестару трэба будзе разлiчыцца за страчаную гэтым прадпрыемствам выгаду... — Я з жахам думаю: а што будзе, калi мы там пачнём нешта будаваць? — разважае Сяргей Каляда. — Рыдлёўку ж без дазволу нельга ўваткнуць. Стварэннем iнфраструктуры вакол Аўгустоўскага канала, аказаннем дапамогi iнвестарам у ажыццяўленнi iх праектаў павiнна займацца ўпраўленне капiтальнага будаўнiцтва аблвыканкама, дзе, у адрозненне ад упраўлення спорту i турызму, ёсць спецыялiсты, якiя разумеюць, што такое праект, будоўля. I ўвогуле было б някепска правесцi для работнiкаў мясцовых уладных структур выязны семiнар на Аўгустоўскiм канале з удзелам турыстычных фiрмаў, iнвестараў. Дзiўная рэч: многiя з чыноўнiкаў там наогул не былi i не разумеюць, пра што мы гаворым. Хоць ёсць шмат пытанняў, якiя павiнны вырашацца на месцы, у цесным кантакце. Скажам, нядаўна прыязджалi масквiчы i, верагодна, чакалi прапаноў па супраўнiцтву i ў галiне турызму. Мажлiва, па некаторых праектах можна было б аб’яднаць намаганнi: адзiн прайшоў падрыхтоўчы этап, а другi — мае грошы i жаданне атрымаць ад iх аддачу. Але нас на гэту сустрэчу нiхто не запрасiў. На сёння, па вялiкаму рахунку, iнфраструктуры турыстыкi на беларускай частцы Аўгустоўскага канала практычна не iснуе. Мажлiва, адпаведную падрыхтоўку да будаўнiцтва гэтых аб’ектаў трэба было весцi паралельна з рэканструкцыяй воднага шляху, каб пасля яе завяршэння мець ужо гатовыя i ўзгодненыя ва ўсiх iнстанцыях праекты i, не марудзячы, прыступiць да непасрэдных работ на выдзеленых iнвестарам пляцоўках. Тым не менш тое-сёе зроблена. У прыватнасцi, прадпрыемства «Гроднамелiяводгас», якое займалася рэканструкцыяй канала, а цяпер яго эксплуатуе i абслугоўвае, пабудавала сем драўляных павецяў для пiкнiкоў (кошт карыстання iм цяпер складае 54 тысячы рублёў за светлавы дзень). Рэканструяваны тры старадаўнiя цагляныя дамы (100 тысяч рублёў за суткi). Арганiзаваны пракат малых суднаў (гэту паслугу таксама прапануе прадпрымальнiк Сяргей Зыбель). Прадпрыемству перадалi пабудаваны за сродкi абласнога бюджэту цеплаход «Нёман», якi разлiчаны на 50 чалавек (кошт арэнды — 165 тысяч рублёў у гадзiну). Праўда, не ва ўсiх застаюцца прыемныя ўражаннi ад падарожжа на гэтым судне. Рухавiк працуе так шумна, што цяжка пачуць экскурсавода. Музычнае суправаджэнне — надакучлiвая «папса». Паводле iнфармацыi начальнiка аддзела ўпраўлення капiтальнага будаўнiцтва Гродзенскага аблвыканкама Анатоля Мiхалюка, у блiжэйшай перспектыве ў зоне канала за сродкi абласнога бюджэту запланавана пабудаваць два кафэ, гасцiнiцу, летнюю эстраду. Што ж датычыцца прыватных iнвестараў, то, акрамя Сяргея Каляды i Сяргея Зыбеля, сур’ёзныя намеры на гэты момант мае хiба што Аляксандр Шумель: яго прадпрыемства ў канцы гэтага альбо пачатку наступнага года разлiчвае пачаць будаўнiцтва спартыўна-гасцiнiчнага комплексу каля вёскi Сонiчы. А вось Аляксандр Гардон, якi меў намер пабудаваць так званую «рыбацкую вёску», паведамiў карэспандэнту «Звязды», што пакуль гэтым займацца не будзе. Зрэшты, ужо сёння ля Аўгустоўскага канала размешчаны ўнiкальныя для турыстыкi аб’екты, якiя не патрабуюць вялiзных капукладанняў. Узяць тыя ж доты. Практычна ўся лiнiя 68-га Гродзенскага ўмацаванага раёна знаходзiцца ў непасрэднай блiзкасцi ад беларускай часткi канала — ад 50 метраў да 7 кiламетраў. На сёння вядомыя каля 90 аб’ектаў у рознай захаванасцi, якiя ўяўляюць сабой цэласны гiсторыка-ландшафтны комплекс i заслугоўваюць статуса помнiка ваенна-iнжынернага мастацтва. Гэты комплекс проста грэх не ўключыць у турысцкiя маршруты, для чаго аб’екты трэба ачысцiць ад смецця, абсталяваць зручныя падыходы i пад’езды, а некаторыя доты — музеефiкаваць з аднаўленнем гiстарычнага ўзбраення i абсталявання. На кожным ваяваўшым доце павiнны быць устаноўлены памятныя дошкi з прозвiшчамi абаронцаў. Акрамя таго, развiццю турызму ў зоне Аўгустоўскага канала, на думку Сяргея Каляды, садзейнiчала б зняцце пагранiчнай зоны ў раёне вёсак Новiкi, Баляненты, Доргунь, Пралейкi, Галынка (лiнiя Молатава), Маркаўцы (Першая сусветная вайна), Кадыш («Лiсiная Гара» — магiла паўстанцаў 1863 года), Галавенчыцы (помнiк абаронцам загiнулай заставы), рэчышча р. Чорная Ганьча, раён вёсак Кадыш, Гарачкi (водны турыстычны маршрут). Зноў жа, хто павiнен асэнсоўваць усе гэтыя пытаннi, знаходзiць кампрамiс памiж iнтарэсамi пагранiчнiкаў i арганiзатараў турызму? Канешне ж, не кiраўнiк «Гроднамелiяводгаса» Барыс Багданец, чыя задача — эксплуатаваць канал, а не арганiзоўваць турызм, бо кожная справа атрымаецца на дастойным узроўнi толькi тады, калi за яе бярэцца прафесiянал. Чыя паляна? На пляцоўках, якiя замацаваны за прадпрыемствам Сяргея Каляды, устаноўлены кантэйнеры для смецця, за яго вываз ён плацiць райжылкамунгасу. Прыязджаем — катэйнеры перапоўненыя, адпрацоўваць атрыманыя грошы не спяшаюцца. Хто абавязаны жорстка рэагаваць на падобныя дзеяннi, а дакладней, бяздзейнасць у асаблiва ахоўнай прыроднай зоне? Якiм чынам будуць спыняцца пiкнiкi, якiя ўжо ўвайшлi ў норму, не ў вышэйпамянёных павецях, а ўсюды, дзе пажадаюць «турысты»? Крыху адышоў ад афiцыйных месцаў, i зусiм бясплатна можна рабiць што хочаш — секчы лес на дровы для «шашлычных» вогнiшчаў, ссыпаць горы смецця пад кусты... Нашы суседзi, якiя ўжо даўно развiваюць турызм на сваёй частцы Аўгустоўскага канала, папярэджваюць, што калi мы прамарудзiм з кантролем за прыродаахоўным рэжымам, то ўжо ў хуткiм часе атрымаем пад бокам у канала такi сметнiк, што не здолеем яго разгрэбцi. I гатовы падзялiцца сваiм вопытам, у прыватнасцi, што датычыцца палян у лясных масiвах. Тэрыторыя ўздоўж канала, якая выкарыстоўваецца для турызму, перадаецца на сезон у арэнду нейкай арганiзацыi. Па дагавору з адмiнiстрацыяй канала гэта структура (адна з палян у Аўгустове, да прыкладу, належыць палiцыi) абавязана абсталяваць месцы для палатак, вогнiшчаў, устанавiць павецi, прыбiральнi, кантэйнеры для смецця. Адпачываюць тут за мiнiмальную, чыста сiмвалiчную суму, але ўвогуле грошай хапае, каб заплацiць таму, хто сочыць за парадкам на гэтай паляне. Пры адмiнiстрацыi горада Аўгустова, згодна з iнфармацыяй намеснiка начальнiка ўпраўлення спорту i турызму Гродзенскага аблвыканкама Мiхаiла Кажуры, створаны экспертны савет з удзелам спецыялiстаў розных галiн, якi абмяркоўвае ўсе прапановы па аб’ектах iнфраструктуры канала, у прыватнасцi, аб прэферэнцыях на пэўны перыяд iнвестарам. Падобны савет дырэктараў i iнвестараў (альбо з iншай назвай, але абавязкова з кантрольнымi i кiруючымi функцыямi) мог бы стаць каардынуючым цэнтрам па развiццю турыстыкi i ў нас. Бо менавiта калектыўная думка зацiкаўленых людзей здольная прадухiлiць памылкi цi нейкiя прымiтыўныя, неадпавядаючыя сучасным патрабаванням рашэннi i выпрацаваць найбольш эфектыўныя варыянты па таму цi iншаму пытанню. Скажам, чым трэба дапамагчы iнвестарам для хутчэйшай рэалiзацыi iх праектаў на агульную карысць турыстыкi? Якой павiнна быць сiстэма кантролю за санiтарным станам тэрыторый у зоне канала, недапушчэннем самавольных вогнiшчаў? Альбо цi варта так захапляцца пастаянным павышэннем тарыфаў на шлюзаванне плаўсродкаў i iншыя паслугi? Наколькi абгрунтавана бярэцца плата за халасты прабег цеплахода «Нёман»? Як пры гэтым ўзаемазвязаны iнтарэсы канкрэтнай арганiзацыi i турызму ў цэлым? Што трэба зрабiць для арганiзацыi ўздоўж канала пешаходных, веласiпедных маршрутаў? Якiя пытаннi трэба абмеркаваць разам з пагранiчнiкамi? Дарэчы, нiводны суразмоўца карэспандэнта «Звязды», у тым лiку кiраўнiк «Гроднамелiяводгаса» Барыс Багданец, не аспрэчыў неабходнасць такога каардынуючага органа. Падтрымлiвае гэту iдэю i Мiнiстэрства спорту i турызму, якое нядаўна накiравала пiсьмо Гродзенскаму аблвыканкаму з просьбай разгледзець пытаннi аб стварэннi савета дырэктараў i iнвестараў турыстычнага комплексу Аўгустоўскi канал з кантрольнымi i кiруючымi функцыямi, а таксама аб ходзе будаўнiцтва аб’ектаў iнфраструктуры турызму. I сапраўды, турызм ХХI стагоддзя — гэта не калектыўны адпачынак з чаркай i шкваркай пад павеццю. Няхай будзе i гэта, але прыярытэты павiнны быць такiмi, каб людзi iмкнулiся паспаборнiчаць на водных маршрутах, азнаёмiцца з гiстарычнымi славутасцямi. Працы ў гэтым накiрунку непачаты край...
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Артыкул «Аўгустоўскi канал: водныя падарожжы i бюракратычныя перашкоды» («Звязда» за 12 лiпеня) быў прысвечаны праблемам, якiя не дазваляюць зрабiць б
|
|