Юрка, жыцьцё працягваецца!Бадай што я не буду любіць зімовую рыбалку. У мінулую пятніцу напрыканцы працоўнага дня мой сябар падхапіў ёмістыя сумкі з рыбацкімі прыстасаваньнямі і што да іх, выслухаў пажаданьні добрых выхадных ды паехаў вудзіць рыбу. Раніцай у нядзелю ягонае цела знайшлі на смаргонскай вуліцы «без відавочных пашкоджаньняў». Гэта Юра Шырокі. Не хачу пісаць «быў», ды й ніхто не паверыць. Як не хацелі верыць тыя, хто ўчора тэлефанаваў, пачуўшы гэтую жудасную вестку. Насамрэч, як можна зьмірыцца, што больш няма Юры, Юркі, Юрася, душы любой кампаніі і перадусім — кампаніі БелаПАН, завадатара і жартаўніка, гасьціннага гаспадара лецішча на Сьвіслачы, які лучыўся здароўем, рэгулярна абстаўляў супернікаў на тэнісным корце, воднай дарожцы і більярдным стале, меў энцыклапедычныя веды, выключныя здольнасьці да замежных моў і шчыра любіў родную, ганарыўся слуцка-капыльскімі каранямі і даражыў нават далёкай раднёй, не трываў несправядлівасьць і стаяў за праўду... Яго кароткае жыцьцё было яскравым і насычаным. Падзеямі, сябрамі, эмоцыямі, справамі. Пачаўшы працоўны шлях у першым для рэспублікі прадпрыемстве мабільнай сувязі, папрацаваўшы перакладчыкам у амбасадах — на нямецкага канцлера і брытанскую каралеву, Юра Шырокі стала атабарыўся ў беларускай інфармацыйнай кампаніі БелаПАН. Выдатны менеджэр, генератар ідэй, надзейны паплечнік, журналіст і сапраўдны сябра. Актыўны ўдзельнік кожнага БелаПАНаўскага праекту, будзь тое інтэрнэт-газета «Белорусские новости», адмысловы сайт «Выбары ў Беларусі» ці стварэньне першай у краіне Рэдакцыі мультымедыйных навінаў... Шматлікія званкі, эсэмэскі, электронныя лісты. Зь Беларусі, Расеі, Арменіі, Латвіі, Італіі... У яго застаюцца сябры па ўсім зямным шары. І хаця ягоны шлях так рана і недарэчна скончыўся, тут паўсюль — знакі ягонай прысутнасьці. На зямлі. У офісе БелаПАН. У інтэрнэце. У нашых сэрцах. Жыцьцё працягваецца. Юрка, тваё жыцьцё. Фотагалерэя Юрыя Шырокага Кніга Жалобы па Юрку Шырокаму Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Бадай што я не буду любіць зімовую рыбалку. |
|