21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Сімвал магутнасцi роду Сапегаў Ружанскi палац будзе часткова адноўлены

26.08.2009 09:59 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Сімвал магутнасцi роду Сапегаў Ружанскi палац будзе часткова адноўлены

Акцыя "Звязды": Рыштаванні Бацькаўшчыны

Што пераўтварае безаблiчнае i сумнаватае паняцце "геаграфiчная тэрыторыя" ў пазнавальны, адметны край, краiну, якую мы называем сваёй Бацькаўшчынай i якую з цеплынёй згадваем, асаблiва ад`ехаўшы за яе межы? Вiдаць, у кожнага будзе свой адказ на гэтае пытанне. Але наўрад цi абмiнем мы тое, што пакiдалi нам у спадчыну многiя (i вельмi розныя!) пакаленнi беларусаў. Адны з iх будавалi храмы i прыгожыя палацы, другiя — разбуралi, каб увекавечыць iншыя часы i iншыя iдэалы. Дзецi i ўнукi тых, хто цягаў цаглiны з парушанай царквы на будаўнiцтва ўласнага склепа, сёння зачаравана замiраюць перад iмклiвымi зводамi старадаўняга касцёла цi ўтульнай прадуманасцю i трываласцю сядзiбы знакамiтага роду. Гэта ўсё — i набыткi, i разбурэннi, у тым лiку i свядомасцi, — наша спадчына, наша самасцвярджэнне як нацыi. I рыштаваннi над рэшткамi, часам над руiнамi калiсьцi велiчных пабудоў — цi не самы лепшы сiмвал вяртання да той краiны, якую доўга i цяжка будавалi нашы вельмi розныя продкi з адною мэтаю — пакiнуць яе нам, сваiм наступнiкам, не распылiцца ў гiсторыi, не застацца безназоўнымi. Будуем Беларусь, Бацькаўшчыну, памятаючы ўсiх, хто складаў яе гонар, хто хацеў бачыць лепшай у свеце. "Звязда" бярэ пад сваю ўвагу ўсё, што робiцца па ўзнаўленнi нашай спадчыны. Сёння — першы матэрыял пад рубрыкай "Рыштаваннi Бацькаўшчыны".

Дзiва, але нават цяпер, калi ад былога палацава-паркавага ансамбля засталiся адны руiны, ён усё роўна ўражвае велiччу i магутнасцю. Можа ад таго, што векавыя муры стаяць на пагорку, i з вышынi нiбы падпарадкоўваюць. "I цяпер яны могуць вось так уздзейнiчаць", — кажа старшыня Ружанскага пасялковага Савета Леанiд Маскалевiч. — А ўявiць сабе колькi стагоддзяў таму, калi на сапраўдную велiчную раскошу глядзеў бедны селянiн! Яна не магла не выклiкаць трымценне". Нiхто ў Ружанах апошнiм часам i не верыў, што былая рэзiдэнцыя Сапегаў можа быць як-небудзь адноўленая. Няўмольнымi былi да яе людзi i час. Засталося некалькi сцен ды руiны. У сярэдзiне былога палацава-паркавага ансамбля летам звычайна пасуцца козы. Часам пад’язджаюць, спыняюцца турысцкiя аўтобусы. А то i проста залятаюць праз галоўную ўязную браму iншамаркi. Моладзь, здараецца, ладзiць пiкнiкi. Далёка не заўсёды аматары адпачыць у гiстарычнай мясцiне прыбiраюць за сабой.

Гiсторыя, легенды, паданнi

З асобай канцлера Вялiкага княства Лiтоўскага Льва Сапегi няпроста паставiць каго-небудзь з сучаснiкаў, каб магчыма было параўнаць талент палiтычнага i дзяржаўнага дзеяча, дыпламата. Усе ведаюць яго як складальнiка Статута ВКЛ. А вось за iнiцыятыву 1587 года яго можна назваць дыпламатам, што значна апярэдзiў свой час. Цяжка ўявiць, але менавiта ў названым годзе Сапега прапаноўваў аб’яднаць у федэрацыю Польшчу, ВКЛ i Маскоўскую дзяржаву. Па сiле магутнасцi i велiчы дзяржаўнаму фармiраванню, вiдавочна, не было б роўных, ды лiтоўскага канцлера не падтрымалi.

У ХVI стагоддзi Сапегi былi надзвычай багатым родам i мелi ў Беларусi больш за 15 маёнткаў. Але Ружанская рэзiдэнцыя стала галоўнай. Леў Сапега выкупiў Ружаны ў вяльможаў Бруханскiх у 1598 годзе. I ўжо на пачатку новага стагоддзя ўзвёў тут раскошны палац. Сцены яго бачылi i каранаваных асобаў, i выдатных вучоных, мастакоў, палiтычных дзеячаў. Тут у розны час сустракалi каралёў Жыгiмонта I i Уладзiслава IV, а ў 1784 годзе Аляксандр, нашчадак Льва, прымаў у адноўленай ужо рэзiдэнцыi Станiслава Аўгуста Панятоўскага, апошняга караля Рэчы Паспалiтай.

З’яўленню паданняў спрыялi, несумненна, палацавыя падвалы-лабiрынты. Па павер’i, яны такiя глыбокiя, што ад недахопу кiслароду там затухаюць свечкi. I быццам бы адсюль разыходзяцца падземныя сцяжыны да Бярозы, Косава, Слонiма. У тое, што быў падземны ход да Косаўскага палаца, многiя i цяпер вераць.

Пра падземныя дарогi дакументальных звестак не засталося. Затое дакладна вядома, якiм быў тэатр у Ружанах. Будынак найбуйнейшага ў Беларусi тэатра, як i ўвесь палац, будаваў архiтэктар Самуэль Бекер. Тут знайшлi спалучэнне iтальянская i французская школы архiтэктуры. Глыбокая тэатральная сцэна мела сем планаў кулiс, якiя давалi магчымасць тройчы за спектакль мяняць дэкарацыi. У тэатры працавалi балетная трупа i аркестр. Калектыў тэатра складаўся з выхаванцаў прыватнай школы прыгонных акцёраў. Засталося сведчанне, што кароль Станiслаў Аўгуст Панятоўскi з задавальненнем глядзеў у Ружанах балет "Лiтасцiвасць Цiта" i музычную камедыю Малiнэ "Чарадзейнае дрэва".

Знакамiтай была i бiблiятэка Сапегаў. Спачатку яе збiраў канцлер Леў Сапега. Складальнiк "Статута ВКЛ", паводле выказванняў сучаснiкаў, усё жыццё не мог пазбавiцца ад "мiлага палону кнiжак". Яго калекцыю ўтваралi працы Арыстоцеля, Вергiлiя, Авiдыя, Эразма Ратэрдамскага i iншых вядомых мыслiцеляў. Знаходзiлiся там i выданнi Брэсцкай друкарнi Мiкалая Радзiвiла Чорнага.

Па тых рэштках будынкаў, што засталiся, цяпер складана ўявiць форму i памеры памесця. Хiба толькi здымак, зроблены з вышынi птушынага палёту, можа даць схематычнае ўяўленне пра сцены, якiя злучалi карпусы. "Першапачатковы палац Льва Сапегi, — пiша ў кнiзе "Замкi, палацы, паркi Берасцейшчыны Х—ХХ стагоддзяў" Леанiд Несцярчук, — уяўляў сабой крэпасць — двухпавярховы крыжападобны ў плане аб’ём, якi дапаўнялi тры чатырохгранныя мураваныя вежы. Пад будынкам у вялiзных скляпах захоўвалiся баявы арсенал, харчаванне, архiў з дзяржаўнымi дакументамi".

Рэзiдэнцыя цярпела ад усiх войнаў, што пракацiлiся па нашай зямлi. Яшчэ не закончылася поўнасцю рэканструкцыя, пра якую гаварылася вышэй, як тагачасны гаспадар Аляксандр Сапега пачаў прыстасоўваць шэраг будынкаў пад суконную фабрыку.

У 1914 годзе палацава-паркавы ансамбль згарэў. Пры Польшчы ў 1930 годзе яго часткова рэстаўравалi. А ў 1944 годзе ён быў фактычна разбураны. Старэйшыя з ружанцаў памятаюць, як жорстка абаранялiся фашысты пры адступленнi.

I з пакалення ў пакаленне перадаюцца ў Ружанах i навакольных вёсках паданнi пра мiфiчныя палацавыя скарбы. Адны расказваюць, што прыязджала нiбыта адна з Сапегавых нашчадкаў з Польшчы, хадзiла, усюды заглядвала, нечага шукала. Бывала, заезджыя турысты доўга абстуквалi сцены, мабыць, золата шукалi. А вось гiсторыю з чорнай "Волгай" ведае амаль кожны ў пасёлку. Недзе ў 70-х гадах падышла рэдкая для гэтых мясцiн машына на Замкавую гару i праз некаторы час павярнула назад. Пасля гэтага ў адной са сцен брамы месцiчы заўважылi нiшу. Тады было аднадушна вырашана, што ружанскi скарб знойдзены.

Ружаны тады i цяпер

У пачатку ХVII стагоддзя Ружаны ўваходзiлi ў Слонiмскi павет Вялiкага княства Лiтоўскага i былi заможным мястэчкам. У павятовых кнiгах значылася больш за 400 двароў. У 1637 годзе населены пункт атрымаў магдэбургскае права i свой герб. Здавён тут працавалi цагельны i каф00ляны заводы, а таксама мануфактуры па вытворчасцi сукна, дываноў, паясоў, абрусаў. Былi ў Ружанах базiлiянская школа, два манастыры, царква, касцёл. Асноўную частку насельнiцтва складалi рамеснiкi i гандляры. Кожны панядзелак у мястэчку ладзiлiся кiрмашы, на якiя з’язджалiся пакупнiкi з усёй акругi. Бо стаяў (i зараз стаiць) пасёлак на скрыжаваннi ўсiх дарог, на рагу. Адсюль, паводле некаторых меркаванняў, i назва. Старэйшыя бабулькi з навакольных вёсак так i гавораць, як гаварылi iх продкi: "Ражана, або паехаць да Ражаны".

На пачатку мiнулага стагоддзя насельнiцтва Ружан складалi каля пяцi тысяч чалавек. Большая частка з iх былi яўрэi. Былы прэм’ер-мiнiстр Iзраiля Iцхак Рабiн паходзiць з тутэйшых мясцiн.

Цяпер у пасёлку жыве 3200 чалавек. Тут працуюць некалькi прадпрыемстваў, адно з iх мэблевае — вельмi паспяховае. Нядаўна адкрыўся суперсучасны санаторый "Ружанскi". Ёсць перспектыва ў мясцовых сельгаспрадпрыемстваў. Iх узялi пад сваё фiнансавае крыло эканамiчна моцныя арганiзацыi, адна з iх — Нацыянальны банк. На фоне iншых былых райцэнтраў вобласцi Ружаны выглядаюць прыстойна. Гiсторыю сваю ў пасёлку ведаюць. I з вялiкай цiкавасцю сустрэлi вестку пра будучую рэстаўрацыю галоўнай славутасцi.

Праект аднаўлення

Ад былога палаца засталiся цяпер частка галоўнага i ўсходняга карпусоў i ўязная брама, да якой прымыкаюць рэшткi флiгеляў. Вось гэтую браму з флiгелямi i вырашана адрэстаўраваць. Трэба зазначыць, што захады адрадзiць сiмвал магутнасцi роду Сапегаў радзiлiся яшчэ ў часы СССР. I мабыць, справу давялi б да канца, каб не падзеi пачатку 90-х. Тады правялi частку работ па кансервацыi, падрыхтавалi праект. Той дакумент, зразумела, устарэў. I сёлета Брэсцкi аблвыканкам выдзелiў 30 мiльёнаў рублёў на мадэрнiзацыю праекта. Такую ж суму дабавiў i Пружанскi райвыканкам. А нядаўна стала вядома, што з рэспублiканскiх сродкаў выдзелена 500 мiльёнаў на рэстаўрацыю. Пачатак добрай справы ёсць. Па задумцы архiтэктараў, у адноўленых флiгелях будуць размешчаны музей, кавярня, iншыя аб’екты турыстычнай iнфраструктуры.

Святлана ЯСКЕВIЧ.

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА.

Пружанскi раён.

 

 

 

 

 

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Што пераўтварае безаблiчнае i сумнаватае паняцце "геаграфiчная тэрыторыя" ў пазнавальны, адметны край, краiну, якую мы называем сваёй Бацька
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика