21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

До, рэ, мі...

26.08.2009 10:10 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

До, рэ, мі...

У рэдакцыю прыйшоў калектыўны лiст, падпiсаны 399 выкладчыкамi дзiцячых музычных школ i школ мастацтваў з Ваўкавыска, Пiнска, Слонiма, Браслава, Бераставiцы, а таксама гарадскiх пасёлкаў i вёсак краiны.

"Пазбаўленне выкладчыкаў дзiцячых школ мастацтваў i дзiцячых музычных школ (далей ДШМ i ДМШ) 32 каляндарных дзён водпуску з належных раней на працягу многiх дзесяцiгоддзяў 56 дзён асноўнага водпуску з’яўляецца неабгрунтаванай дыскрымiнацыяй iх працы i прафесii ў параўнаннi з iншымi выкладчыкамi, у якiх захаваны водпуск у памеры 56 каляндарных дзён. Усе выкладчыкi школ рэспублiкi павiнны быць роўныя ў сваiх правах, у тым лiку i ў праве на роўны водпуск. Мы рады за сваiх калег выкладчыкаў дзiцячых спартыўных школ, у якiх водпуск павялiчыўся з 42 да 56 каляндарных дзён, мы шчыра рады за выкладчыкаў агульнаадукацыйных школ — у iх асноўны водпуск пакiнуты без змянення — 56 дзён. За што пакараны выкладчыкi ДШМ i ДМШ?

Згодна з Законам Рэспублiкi Беларусь "Аб адукацыi", ДШМ i ДМШ уваходзяць у агульную сiстэму адукацыi краiны, дзе няма падзелу выкладчыкаў па iх значнасцi. У адпаведнасцi з артыкулам 12 вышэйназванага Закона, тыпавымi вучэбнымi планамi i вучэбнымi праграмамi ўстаноў адукацыi, уключаючы ДШМ i ДМШ, прадугледжваюцца: арганiзацыя адукацыйнага працэсу, тэрмiны i формы атэстацыi навучэнцаў (экзамены, залiкi), пачатак i заканчэнне навучальнага года, а таксама працягласць канiкулаў. <...>

ДШМ i ДМШ не з’яўляюцца клубнымi ўстановамi з гурткамi па iнтарэсах, яны былi i застаюцца школай, дзе ў аснове на 90 працэнтаў пакладзена iндывiдуальнае навучанне, дапоўненае некалькiмi спецыяльнымi групавымi прадметамi (сальфеджыо, музычная лiтаратура i iнш.). У сувязi з гэтым Мiнiстэрству адукацыi неабходна ўнесцi змяненнi ў спiсы пазашкольных устаноў адукацыi i не ўключаць у iх ДШМ i ДМШ, таксама як не ўключаны ў гэтыя спiсы спартыўныя школы. Школы не могуць быць пазашкольнымi ўстановамi адукацыi. У сувязi з вышэйвыкладзеным можна зрабiць адназначную выснову, што Закон Рэспублiкi Беларусь "Аб адукацыi" не з’яўляецца падставай для змяншэння на 32 каляндарныя днi водпуску выкладчыкаў дзiцячых школ мастацтваў i дзiцячых музычных школ. Не вытрымлiваюць крытыкi "абгрунтаваннi", якiя дазволiлi Мiнiстэрству працы i сацыяльнай абароны (пiсьмо ад 19.03.2008 г., № 20-03-16/138-502-Ма за подпiсам намеснiка мiнiстра Грушнiка П.П.) "не знайсцi падстаў для ўстанаўлення выкладчыкам дзiцячых школ мастацтваў i дзiцячых музычных школ асноўнага водпуску працягласцю 56 каляндарных дзён"... На думку Мiнiстэрства працы i сацыяльнай абароны, выкладчыкi ДШМ i ДМШ не могуць прэтэндаваць на раней iснуючы ў iх (нараўне з iншымi выкладчыкамi рэспублiкi) водпуск у 56 каляндарных дзён, бо на iх распаўсюджваецца падпункт 2.5 пункта 2 Дэкрэта Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь ад 26.06.1999 г. № 29 "Аб дадатковых мерах па ўдасканальваннi працоўных адносiнаў, умацаваннi працоўнай i выканаўчай дысцыплiны", дзе прадугледжваецца заахвочвальны водпуск да 5 каляндарных дзён. Аднак Мiнiстэрству працы добра вядома, што дадзены заахвочвальны водпуск, таксама як i iншыя заахвочвальныя водпускi, не могуць быць рэалiзаваны ў бюджэтных арганiзацыях з-за адсутнасцi сродкаў i тым больш кампенсаваць аднятыя 32 днi водпуску. Водпуск выкладчыкам ДШМ i ДМШ заўсёды прадастаўляўся ў колькасцi 56 каляндарных дзён у перыяд летнiх канiкулаў, яго прадастаўленне не патрабуе дадатковага фiнансавання з бюджэту. Пасля шматлiкiх зваротаў выкладчыкаў i больш уважлiвага вывучэння пытання, Мiнiстэрства працы змянiла сваю думку i прапануе ўстанавiць водпуск выкладчыкам ДШМ i ДМШ працягласцю 30 каляндарных дзён.

Мы не можам пагадзiцца з такiм меркаваннем, паколькi пытанне дыскрымiнацыi выкладчыкаў дзiцячых школ мастацтваў i дзiцячых музычных школ застаецца нявырашаным... За роўную педагагiчную працу выкладчыкам павiнен прадастаўляцца i роўны водпуск".

 

Перш чым звярнуцца па афiцыйныя каментарыi, яшчэ раз удакладнiла "танальнасць" праблемы.

Аказваецца, i сапраўды:

— адзiн i той жа выкладчык, працуючы ў школе мастацтваў i ў агульнаадукацыйнай школе з музычным (эстэтычным) ухiлам, — з аднолькавай вучэбнай нагрузкай, аднолькавай iнтэнсiўнасцю працы — мае кардынальна розную працягласць працоўнага водпуску;

— трэнерам-выкладчыкам водпуск не зменшаны, а, наадварот, павялiчаны (хоць з пазiцый элементарнага разважнага сэнсу: гэта "два бакi аднаго медаля").

Чым будуць займацца выкладчыкi ў летнюю спёку, калi вучнi на канiкулах? Проста сядзець побач са сваiмi музычнымi iнструментамi? Цi працаваць на iншых работах (рамонтных, сельскагаспадарчых i г.д.) — толькi вось як гэта стасуецца з Працоўным кодэксам i ўмовамi кантрактаў?..

n n n

Алена Шчарбацэвiч, галоўны юрысконсульт Цэнтральнага камiтэта Беларускага прафсаюза работнiкаў культуры, паказвае тоўстыя стосы зваротаў ад выкладчыкаў дзiцячых музычных, мастацкiх школ i школ мастацтваў.

— Звароты пайшлi ў сувязi з тым, што ў Пералiк арганiзацый i пасад педагагiчных работнiкаў, працягласць асноўнага водпуску якiх складае больш як 24 каляндарныя днi, зацверджаны пастановай Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь ад 24 студзеня 2008 года № 100, не прадугледжаны такiя водпускi для выкладчыкаў дзiцячых музычных, мастацкiх школ сiстэмы Мiнiстэрства культуры краiны. Таму да нас паступаюць звароты з сотнямi подпiсаў з усiх рэгiёнаў Беларусi. А напрыклад, ад сталiчных педагогаў — 1024 подпiсы. Усяго звярнулiся да нас каля дзвюх тысяч чалавек, 52 юрыдычныя асобы, — гаворыць Алена Паўлаўна.

Беларускi прафсаюз работнiкаў культуры, у сваю чаргу, накiраваў лiсты ў падтрымку педагогаў на адрас прэм’ер-мiнiстра краiны, старшынi Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу, у Камiсiю па адукацыi, культуры, навуцы i навукова-тэхнiчным прагрэсе ПП НС.

Прамежкавыя вынiкi ўжо ёсць.

Па нашай просьбе старшыня Камiсii па адукацыi, культуры, навуцы i навукова-тэхнiчным прагрэсе Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Уладзiмiр Здановiч i дэпутат Марыя Худая (да яе таксама паступiлi скаргi) звярнулiся ў Савет Мiнiстраў. У адказе, падпiсаным намеснiкам прэм’ер-мiнiстра Аляксандрам Косiнцам, адзначаецца, што працавала пагаджальная камiсiя з удзелам Мiнкультуры, Мiнадукацыi, Мiнпрацы i сацабароны, Мiнфiна: разглядалася пытанне аб павелiчэннi асноўнага працоўнага водпуску выкладчыкам дзiцячых школ мастацтваў. Былi выказаны розныя меркаваннi, у большасцi — у падтрымку выкладчыкаў. Аднак у Мiнпрацы i сацабароны iншая пазiцыя. Яе абгрунтаванне досыць няпэўнае: звяртаецца ўвага на неабходнасць прымянення Дэкрэта Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь ад 26.07.1999 г. № 29 "Аб дадатковых мерах па ўдасканаленнi працоўных адносiнаў, умацаваннi працоўнай i выканаўчай дысцыплiны", дзе прадугледжана ўстанаўленне дадатковай меры стымулявання працы работнiкаў, што працуюць па кантракце, — прадастаўленне дадатковага заахвочвальнага водпуску з захаваннем заработнай платы працягласцю да 5 каляндарных дзён.

Але хiба можна кампенсаваць пяццю днямi тое, што страчваецца? Да таго ж, даволi праблематычна ў бюджэтных арганiзацыях наогул прымянiць гэту норму дэкрэта, паколькi ў iх мэтавае фiнансаванне на заработную плату, iншых сродкаў няма...

Мiнпрацы i сацабароны мяркуе магчымым разгледзець пытанне аб павелiчэннi працягласцi асноўнага працоўнага водпуску выкладчыкаў да 30 каляндарных дзён.

Савет Мiнiстраў даручыў усiм зацiкаўленым бакам дадаткова вывучыць пытанне для прыняцця канчатковага рашэння.

n n n

Звярнулася ў Мiнiстэрства працы i сацыяльнай абароны Рэспублiкi Беларусь, каб больш акрэслена асэнсаваць пазiцыю "супраць".

У якасцi каментарыю ў дыктафонным запiсе толькi адзiн сказ:

— Гэта пытанне знаходзiцца ў кампетэнцыi Мiнiстэрства культуры.

n n n

Пазiцыя Мiнiстэрства культуры адназначная: падтрымаць выкладчыкаў i пакiнуць працягласць асноўнага водпуску 56 каляндарных дзён.

Дзiцячыя школы мастацтваў ажыццяўляюць навучанне па тыпавых вучэбных планах, зацверджаных Мiнiстэрствам культуры i ўзгодненых з мiнiстэрствамi адукацыi i фiнансаў. Дакладна вызначаны i мэты навучання: адна частка вучняў атрымлiвае агульную эстэтычную падрыхтоўку, другая — рыхтуецца да працягу адукацыi ў сярэднiх спецыяльных установах. Па вынiках навучання адбываецца бягучая i падагульняючая атэстацыя навучэнцаў (акадэмiчныя канцэрты, тэхнiчныя залiкi, паказы, выстаўкi i г.д.). Пасля заканчэння школы навучэнцам выдаецца пасведчанне ўстаноўленага ўзору, якое з’яўляецца бланкам строгай справаздачнасцi. Такiм чынам, навучанне ў ДШМ не з’яўляецца гуртковай або студыйнай работай.

Практычна не iснуе рознiцы ў рабоце выкладчыкаў музычных i мастацкiх дысцыплiн агульнаадукацыйных школ з эстэтычным ухiлам i дзiцячых школ мастацтваў. Па адзiным нарматыўным прававым дакуменце праводзiцца атэстацыя выкладчыкаў ДШМ i агульнаадукацыйных школ. Не адрознiваецца ўстаноўленая норма гадзiн на стаўку, вучэбная нагрузка, формы навучання (групавыя i iндывiдуальныя заняткi), сiстэма аплаты працы выкладчыкаў, шасцiдзённы рабочы тыдзень. Выкладчыкi эстэтычных дысцыплiн агульнаадукацыйных школ з эстэтычным ухiлам i выкладчыкi дзiцячых школ мастацтваў заканчваюць адны навучальныя ўстановы i маюць аднолькавую квалiфiкацыю. А значыць адзiнымi павiнны быць i працоўныя правы, у прыватнасцi, працягласць працоўнага водпуску.

Акрамя таго, згодна з пунктам 2 Палажэння аб парадку ўнясення платы за навучанне дзяцей у дзiцячых школах мастацтваў, зацверджанага пастановай Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь ад 27 лютага 2008 г. № 281, вучэбны год у дзiцячых школах мастацтваў устаноўлены з 1 верасня па 30 чэрвеня. Значыць, у лiпенi-жнiўнi навучанне ў дзiцячых школах мастацтваў не ажыццяўляецца, паколькi вучнi знаходзяцца на канiкулах.

Са скарачэннем працягласцi працоўнага водпуску неабходна будзе ўскласцi дадатковыя абавязкi на выкладчыкаў. Напрыклад, па ўзгадненнi бакоў можна далучыць iх да выканання дробнага рамонту памяшканняў у навучальных установах. А ў асобных раёнах запланавана "выкарыстанне рабочых рук" выкладчыкаў на нарыхтоўцы кармоў... Безумоўна, сельскагаспадарчай вытворчасцi неабходна аказваць дапамогу i садзейнiчанне, у тым лiку i сiламi калектываў дзiцячых школ мастацтваў. Але займаць педагагiчных работнiкаў такiм чынам у летнi час, калi дзецi адпачываюць на канiкулах, неразумна. Такi падыход да арганiзацыi работы выкладчыкаў прывядзе да адтоку вядучых спецыялiстаў школ у iншыя навучальныя ўстановы, а ў вынiку прыкметна аслабiць сiстэму музычна-мастацкай адукацыi i выхавання.

Навучанне ў дзiцячых школах мастацтваў мае i прававыя наступствы. У адпаведнасцi з Указам Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь ад 7 лютага 2006 г. № 80 "Аб Правiлах прыёму ў вышэйшыя i сярэднiя спецыяльныя навучальныя ўстановы", пераможцы мiжнародных i рэспублiканскiх творчых конкурсаў i фестываляў, алiмпiяд па прадметах культуры i мастацтва залiчваюцца ў ВНУ i ССНУ на спецыяльнасцi культуры i мастацтва без уступных iспытаў. У большасцi выпадкаў удзельнiкамi такiх конкурсаў i алiмпiяд з’яўляюцца навучэнцы ДШМ i агульнаадукацыйных школ з эстэтычным ухiлам. Выпускнiкi ДШМ складаюць аснову кантынгенту ССНУ — да 80 працэнтаў.

У краiне працуюць 518 ДШМ, у якiх выкладаюць 12 052 педагогi. Навучаюцца 98 811 дзяцей i падлеткаў, 1390 чалавек i 53 калектывы — пераможцы мiжнародных конкурсаў, якiя заахвочаны Спецыяльным фондам Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь па падтрымцы таленавiтай моладзi. З кожным годам дзяржава надае ўсё больш увагi развiццю сеткi ДШМ. У адпаведнасцi з Дзяржаўнай праграмай адраджэння i развiцця вёскi адкрываюцца новыя фiлiялы i класы школ мастацтваў у аграгарадках. Так, за 2005—2007 гады ў iх адкрыты 192 фiлiялы i класы школ мастацтваў, што дазволiла прыцягнуць у актыўны працэс эстэтычнага выхавання 2136 дзяцей.

Усе гэтыя важкiя аргументы занатаваны ў лiсце мiнiстэрства культуры да ўрада краiны.

Мiнiстэрства культуры, дарэчы, звяртае ўвагу i на фiнансавы складнiк пытання, якое атрымала шырокi рэзананс. Захаванне працягласцi працоўнага водпуску, фiнансаванне якога ажыццяўляецца за кошт сродкаў мясцовых бюджэтаў, дадатковых асiгнаванняў на выплату заработнай платы не патрабуе. Фонд заработнай платы выкладчыкаў школ мастацтваў на 2008 год разлiчаны з улiкам водпуску працягласцю 56 каляндарных дзён, iснуючай колькасцi i ў адпаведнасцi з дзеючымi нарматыўнымi дакументамi па аплаце працы.

У Мiнкультуры паступiў лiст у падтрымку ад мiнiстэрства адукацыi краіны. У лісце адзначана, што асноўным накiрункам дзейнасцi школ мастацтваў з’яўляецца "рэалiзацыя вучэбна-выхаваўчых праграм па развiццi творчых здольнасцяў дзяцей i моладзi", работа педагогаў "звязана з вялiкiмi псiхалагiчнымi i эмацыянальнымi нагрузкамi". Мiнадукацыi прапануе ўстанавiць водпуск працягласцю 42 каляндарныя днi, паколькi да прыняцця пастановы № 100 выкладчыкi ўстаноў пазашкольнага навучання i выхавання мелi менавiта такi водпуск — г. зн. аднавiць тое, што было раней.

— У Мiнiстэрства культуры звярнулася 104 юрыдычныя i фiзiчныя асобы ад iмя больш як 5 тысяч работнiкаў культуры. I скаргi працягваюць паступаць, — адзначае Таццяна Сянько, вядучы спецыялiст упраўлення навучальных устаноў i кадраў Мiнiстэрства культуры Беларусi. Калi зруйнаваць iснуючую сiстэму, скарацiўшы працоўны водпуск выкладчыку школы мастацтваў, дык ён пойдзе працаваць у агульнаадукацыйную школу з эстэтычным цi харавым ухiлам.

— Змянiўшы месца працы, ён павялiчыць водпуск да 56 дзён?

— Так. Ну, пагадзiцеся, сiтуацыю цяжка зразумець: выкладчык па баяну музычнай школы мае 24 днi водпуску — калi такi ж выкладчык па баяну агульнаадукацыйнай школы мае 56 дзён. Дзе ж справядлiвасць? У будучым мы можам страцiць каштоўныя кадры — i тады ўжо не будзе каму весцi юныя таленты Беларусi да перамог на прэстыжных мiжнародных творчых конкурсах. А поспехi нашай краiны ў гэтым накiрунку — несумненныя!

* * *

Канчатковае рашэнне адносна ўстанаўлення большай працягласцi асноўнага працоўнага водпуску выкладчыкам дзiцячых школ мастацтваў будзе прынята пасля дадатковай прапрацоўкi гэтага пытання.

Таццяна ПАДАЛЯК.

 

 

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У рэдакцыю прыйшоў калектыўны лiст, падпiсаны 399 выкладчыкамi дзiцячых музычных школ i школ мастацтваў з Ваўкавыска, Пiнска, Слонiма, Браслава, Берас
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика