Дождж
Дождж
Гараджанін i вясковец па-рознаму глядзяць у пахмурнае неба, гадаючы: будзе дождж цi не. Для гараджанiна ў асноўным усё зводзiцца да таго, цi вырашаць праблему, як спяваецца ў папулярным шлягеры "з дапамогаю парасона". У вяскоўца стаўленне iншае. Веснавою парою ён чакае дожджыкаў на маладую збажыну. А вось у час нарыхтоўкi сена просiць неба i там iсных наадварот. Ды далёка не заўсёды атрымлiваецца як у народнай прыказцы: хто дажджом косiць, той пагодай сушыць. А вось лiвень цi, як у нас на Вiцебшчыне гавораць, залеву аднолькава не любяць i гараджане, i вяскоўцы. Залева першым можа нават для праезду аўтамабiляў перакрыць вулiцы ў месцах, дзе не спраўляецца лiўнёвая каналiзацыя. А ў полi здольная залева пакласцi, пакруцiць усё тую ж збажыну так, што даводзiцца потым адмаўляцца ад камбайнавай уборкi, брацца за косы. Увогуле, няма, напэўна, у свеце паэта, у Беларусi дык дакладна, якi б не меў паэтычных стасункаў з дажджом. У абраннiкаў Музы i плачуць яны, i смяюцца, i шэпчуць, i грымяць... І колеры ў iх разнастайнейшыя. Мiж iншым, дажджы сапраўды могуць мець колеры — жоўты, чырвоны, аранжавы, iншыя — iх афарбоўваюць некаторыя рэчывы, што трапляюць у высокiя слаi атмасферы. Прыгожа то прыгожа, а вось цi на карысць наваколлю i чалавеку? Неяк у 70-х гадах мiнулага стагоддзя патрапiла мне ў рукi кнiга Пiмена Панчанкi "Пры святле маланак". Невялiкая па аб’ёму, яна сапраўды стала маланкай у маiм светаўяўленнi. Неяк далей адышлi жывыя тады яшчэ класiкi. I Танк, i Куляшоў... Гэта была кнiга i сапраўды паэта, i сапраўды грамадзянiна. I ў той жа час такi лiрызм! Успомнiў кнiгу i ўзгадалася, што там шмат якраз дажджоў. I тут жа ён вясковец, адтуль, дзе пачатак яго дарогi. I куды часцей заглядаеш, адчуваючы дарогi той канец. "З табой блукаў тут да свiтанкаў... Цяпер з-пад сосен Гляджу адзiн, як гром маланкай Дождж белы косiць". Тут паэт насуперак народнай прымаўцы "З вялiкага грому дажджу не бывае", аб’яднаў у паэтычным вобразе i гром, i маланку, i дождж белага колеру. Прыгожа, але i шчымлiва-сумнавата. Можна было б цытаваць з гэтай кнiгi i далей. А колькi ўстойлiвых выразаў, звязаных з дажджом. Зорны дождж — гэта той жа зарапад, калi адначасна ў небе шмат метэораў. Сляпы дождж — яго яшчэ называюць цыганскiм, калi i сонейка на небе свецiць, i адначасна дожджык сыпле. Залаты дождж — калi абрынулiся на чалавека вялiкiя грошы, прыбыткi. Грыбны дождж — цiхi i цёплы дожджык. Яшчэ ў народзе называюць яго грыбасеем. I ў гародзе часам нешта расце, як грыбы пасля дажджу.. Дажджом могуць сыпацца iскры, а могуць i асколкi ў час бою. А ёсць жа яшчэ аблажны цi заложны дождж, якi расцягваецца на шмат гадзiн, а то i на некалькi сутак. Лiвень, ужо згаданы вышэй. Раней нашы дзяды такiя дажджы называлi ўлеўнымi, улевай, нават хлябай i плюхаццю. Корнi гэтых слоў зразумелыя, ад таго, што прыносiць вялiкая колькасць вады з неба. Дробненькi зусiм дожджык у нас называюць iмжой, iмжакай, iмглой. У Станiслава Шушкевiча чытаем: "Звоняць бомы, звоняць бомы, Цемень. Дождж iмжыцца". Iмгла можа быць ледзяною. У Аркадзя Куляшова: "Час прыйшоў уставаць, пачынала свiтаць, За мяцельнай трухою дарог не вiдаць. Як развiтваўся з ёй, снег сляпiў iх iмглой". Па некалькi разоў на дзень мы ўглядаемся ў экраны тэлевiзараў, шукаючы на картах, якiя там падаюцца, умоўныя абазначэннi дажджу цi сонечнага надвор’я, слухаем прагнозы сiноптыкаў. Нават калi ты заўтра i з хаты выходзiць не збiраешся — прагноз надвор’я мусiш праслухаць абавязкова. У апошнi час да сiноптыкаў не так i шмат нараканняў, але бываюць, бываюць i нярэдка выпадкi, пра адзiн з якiх некалi пiсаў Максiм Лужанiн: "Дзень без ападкаў — грымiць перадача, А дзень той з ранiцы слёзна плача". А якi ж дождж без навальнiцы? З дзяцiнства мы прызвычаiлiся, што вясною, на пачатку лета вельмi шмат навальнiц з маланкамi, громам, дажджом, а то нават i градам. Праходзiлi яны, як правiла, ноччу. А ранiца сустракала светлым, лагодным сонцам, свежым пахам абмытай зелянiны. Клiмат увачавiдкi мяняецца. Цяпер грымоты ў небе сустракаюцца i ў зiмовы час, ды i дажджы то звыш нормы рупяцца, а то зусiм знiкаюць. Навальнiцы могуць быць не толькi ў небе, але i ў жыццi — грамадства i чалавека. Нездарма Уладзiмiр Дубоўка некалi жадаў Радзiме: "Каб ты не ведала нiякiх навальнiц". У дзяцiнстве хто не баяўся навальнiц? Нездарма ж ёсць устойлiвыя выразы. Як гром з яснага неба — прыходзiць нешта раптоўна, зусiм нечакана-неспадзявана. Пакуль гром не грымне, мужык не перажагнаецца — пра чалавечую неабачлiвасць, а то i абыякавасць. Ды не так страшыў гром, якi сатрасае наваколле, як маланкi, што паласуюць начное неба. Мы малымi ведалi iх небяспеку, неяк маланка ў навальнiцу на некалькi метраў абчасала ствол шматвекавога дуба, што стаяў усяго ў некалькiх дзесятках метраў ад нашай местачковай вулiцы. Ранiцою, пасля навальнiцы сабралася ля дуба ўся дзятва. Прыкладалi даланi да вялiзнай раны на целе велiкана, дзiвiлiся i страшылiся такой моцы аднаго ўдара. А потым давялося пабачыць у полi i каня, забiтага маланкай. "Маланкамi" некалi называлi i вельмi тэрмiновыя тэлеграмы, i невялiкiя насценныя газеты. Вось з апошнiмi мне давялося сутыкнуцца ў час тэрмiновай службы. Нейкi час адказваў за iх выпуск у нашай восьмай мотастралковай роце. Няў-дзячны гэта занятак. Пасля палiгона, стомлены, не адпачываеш, а нешта выдумляеш пра поспехi сваiх таварышаў, якiя ранiцой з тваiх iдэалагiчных старанняў яшчэ i пасмяюцца. Што ж да дажджу, то салдату ён прыносiў, ды i прыносiць, бадай што адны непрыемнасцi. Былi ў нас плашч-палаткi, але ў залеўны цi аблажны дождж дапамагалi яны слаба. Ёсць i такi салдацкi ўспамiн. Батальён спынiўся ў чыстым полi. Выгрузiлiся з баявых машын пяхоты, i тыя некуды ад’ехалi. У машынах начаваць не дазваляецца, быў выпадак, што салдаты ў адной з iх угарэлi. А дождж стаiць сцяной. Хоць i канец жнiўня — халадок прабiрае. На зямлю не апусцiцца, бо там хлюпае набраклая глеба. I тут самы вопытны сяржант загадвае: "Надзець АЗК!" Агульнавайсковы засцерагальны камплект складаецца з гумавага плашча да пят, якi зашпiльваецца i запраўляецца ў высокiя гумовыя боты. Яшчэ даўгiя гумавыя рукавiцы i процiвагаз на галаву. Так апрануўшыся — можаш ратавацца ад варожых газаў i iншых "паражаючых фактараў". Вада не прасочыцца таксама. Апранаем АЗК хутка, як па нарматывах. Кладзёмся ў багну, засынаем. Але толькi на гадзiну. Праз гадзiну трэба ўставаць, вылiваць з процiвагазаў пот. I выгляд нашага абмундзiравання ранiцой, канешне, быў далёка не прэзентабельны. Але ж пераначавалi. Сёння бачу, што плашчы ад АЗК вельмi ўпадабалi вясковыя пастухi. З такiм плашчом нiякi лiвень не прамочыць. Карыстаюцца iмi i рыбакi, якiм i боты вайсковыя даспадобы. Зарнiца i блiскавiца — блiзкiя да маланкi, але гэта яркiя ўспышкi ў небе без грому, напамiнак аб тым, што навальнiца недзе далёка. Ёсць у праваслаўным календары беларусаў прысвятак — Iлля. Ёсць i прыказка: прыйшоў Iлля — наробiць гнiлля. З прыходам Iллi пачынаюцца асеннiя дажджы, халаднее. Гэта iмя з народнай мiфалогii, у свой час царква падладзiла пад яго сваё свята. Потым, у час ваяўнiчага атэiзму, змагалiся i з iм, як нароўнi i з iншымi святымi. Прыклаў да гэтага руку ў свой час i Кандрат Крапiва. "Дык вось кiнь, Iлья, хвалiцца Сваiм громам, блiскавiцай; Твая тэхнiка — старая, У архiў даўно пара ёй". Навукоўцы зараблялi капiтал, даказваючы, што нiякiя, нават саракадзённыя залевы не могуць прывесцi да сусветнага патопу. Прайшлi i часы атэiзму. Усё праходзiць, як пiсаў на сваiм кальцы адзiн з цароў Iудэi. Праходзяць i дажджы, якiмi б нi былi яны залiўнымi. Чысцее неба, знiкаюць хмары. Няхай i ў нашых душах менш будзе пахмурных дзён. Алесь Касцень, г. Паставы.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Гараджанін i вясковец па-рознаму глядзяць у пахмурнае неба, гадаючы: будзе дождж цi не. Для гараджанiна ў асноўным усё зводзiцца да таго, цi вырашаць
|
|