Усмешка каня
Усмешка каня
Шаўковы шлях Канём ні беларуса, нi кiтайца не здзiвiш. Але гаворка пойдзе менавiта пра яго. Правiнцыя Сiньцзян якраз тое месца, дзе каня ў "адстаўку" нiколi не выпраўлялi. Самы паважаны сябар у кожным вялiкiм i малым паселiшчы абапал славутага Шаўковага шляху менавiта конь. Цi гэта гарадскi "таксiст", цi працаўнiк на будоўлi горнай дарогi, цi стэпавы скакун-пастух, цi памочнiк гандляра на колах.Канём не проста цешацца — яго любяць i ўпрыгожваюць нiбы тую кралю-паненку. За два дзесяткi дзён вандроўкi па старажытным шляху я рэдка калi бачыў каня без аздобы. Збруя, сядло, хамут — заўсёды пазначаны карункамi ручной працы i выглядаюць творамi дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Сiньцзянскi конь у такiм убраннi — сапраўдная асоба. Вопратка сялян з горных i стэпавых паселiшчаў часта выглядае небагата, але свайго памочнiка гэтыя людзi апранаюць, як кажуць, па "поўнай праграме". "Ад куцюр" для коней прадаецца на тых жа кiрмашах, дзе гандлююць жывёлай, альбо ў любым iншым гандлярскiм месцы. Наўрад цi хто дакладна ведае, з якiх часоў доўжыцца завядзёнка ўпрыгожваць коней, колькi ёй стагоддзяў. У горадзе Корла давялося патрапiць на кiрмаш i ўбачыць безлiч упрыгожаных конскiх пыс. З асалодаю здымаў i ў вынiку атрымалася серыя "фотапартрэтаў". Адзiн падлетак, якi сумаваў у чаканнi бацькоў, не хаваў радасцi i жадання трапiць у кадр разам з буланым сябрам. У вынiку атрымалася шчырая "ўсмешка" каня. Недзе ў падножжы гор Цянь-Шаня, непадалёк ад мяжы з Манголiяй, дзе качэўнага жыцця без коней проста не iснуе, сiлуэт вершнiка на цыбатым жарабцы — неад’емная частка горнага краявiду. А калi ўдасца патрапiць блiжэй да статнай жывёлы, дык вачэй не адвесцi ад хараства на iм — у грыву ўплецена стужка, сядло абшыта ледзь не залатымі махрамі, збруя ў заклёпках, страмёны начышчаныя. А на конскiх грудзях красуецца каляровы фартушок. У Сiньцзяне гаспадары сапраўды стараюцца адзiн перад адным, каб вылучыць свайго сябра найярчэйшай аздобай. А ўсё таму, што гэтая жывёла — сапраўднае ўпрыгажэнне iхняга жыцця. Варта дадаць, што нароўнi з канём гэткаю ж пашанаю надзелены i сiньцзянскiя мулы. Убачыўшы такi маскарад, мiжволi падкрадаецца адчуванне нерэальнасцi, нiбы патрапiў у казку. Анатоль Кляшчук. Фота аўтара.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Канём ні беларуса, нi кiтайца не здзiвiш. Але гаворка пойдзе менавiта пра яго. Правiнцыя Сiньцзян якраз тое месца, дзе каня ў "адстаўку" нiк
|
|