100 балаў на ЦТ па матэматыцы — у 55 абітурыентаў
100 балаў на ЦТ па матэматыцы — у 55 абітурыентаў
У суботу, 28 чэрвеня, была пастаўлена фiнiшная кропка ў цэнтралiзаваным тэсцiраваннi. Апошнiмi ў пункты правядзення ЦТ прыйшлi абiтурыенты, якiм для паступлення трэба было здаваць тэст-экзамен па хiмii. Прадастаўленай iм магчымасцю скарысталiся 15 931 чалавек, а прапусцiлi экзамен 1 тыс. 560 чалавек. Днём раней абiтурыенты беларускiх ВНУ экзаменавалi свае веды па замежных мовах: 34 779 юнакоў i дзяўчат здавалi ў пятнiцу тэсты па англiйскай, нямецкай, французскай i iспанскай мовах. Мабiльныя тэлефоны сталi прычынай выдалення з аўдыторый шасцi чалавек. I 4807 чалавек, якiя зарэгiстравалiся для ўдзелу ў тэсцiраваннi, экзамен па нейкай прычыне праiгнаравалi. Не выключана, што кагосьцi выбыць заўчасна з экзаменацыйнага марафона прымусiла невысокая колькасць балаў, атрыманая на цэнтралiзаваным тэсцiраваннi па дзяржаўнай мове. Аднак менавiта ў пятнiцу стала вядома аб знiжэннi мяжы тэставага бала, якi дазваляе абiтурыентам удзельнiчаць у конкурсе. Гэта было звязана з нiзкiмi вынiкамi даволi вялiкай колькасцi ўдзельнiкаў ЦТ па рускай i беларускай мовах, якiя не дацягвалi да ўстаноўленага раней 20-бальнага парога. Фактычна ўжо пасля цэнтралiзаваннага тэсцiравання па дзяржаўных мовах з абiтурыенцкай кампанii выбываў цi не кожны трэцi прэтэндэнт на званне студэнта... Таму Дзяржаўная камiсiя па кантролi за ходам падрыхтоўкi i правядзеннем уступных iспытаў рэкамендавала Мiнiстэрству адукацыi ўстанавiць новую нiжнюю мяжу тэставага бала для прэтэндэнтаў на атрыманне вышэйшай цi сярэдняй спецыяльнай адукацыi i падоўжыць на адзiн дзень тэрмiны рэгiстрацыi для ўдзелу ў цэнтралiзаваным тэсцiраваннi ў рэзервовы дзень. Згодна з пастановай Мiнiстэрства адукацыi Рэспублiкi Беларусь ад 27 чэрвеня № 51, у гэтым годзе нiжняя мяжа пераводнай шкалы вынiкаў ЦТ будзе разлiчвацца, зыходзячы з 10 працэнтаў самых нiзкiх вынiкаў асобна па кожнай вучэбнай дысцыплiне. Гэта значыць, што на кожным прадмеце будуць "адсейвацца" па 10 працэнтаў абiтурыентаў з самымi нiзкiмi баламi. Так, на рускай i беларускай мове прапускнымi для абiтурыентаў сталi 13 балаў замест ранейшых 20. А па матэматыцы i ўвогуле ўсяго 8 балаў... — Хачу звярнуць увагу ўсiх на тую акалiчнасць, што 100 балаў на цэнтралiзаваным тэсцiраваннi па матэматыцы здолелi набраць у гэтым годзе па краiне 55 чалавек — гэта рэкордная колькасць. Напрыклад, у папярэднiм годзе 100-бальным вынiкам маглi пахвалiцца толькi 13 абiтурыентаў, — паведамiў журналiсту "Звязды" дырэктар Рэспублiканскага iнстытута кантролю ведаў Мiкалай Фяськоў. — А 90 балаў i вышэй набралi сёлета 466 абiтурыентаў. Я неаднаразова падкрэслiваў, што вялiкая колькасць высокiх адзнак сур’ёзна б ускладнiла работу прыёмных камiсiй. Задача ж тэсцiравання заключаецца перш за ўсё ў ранжыраваннi абiтурыентаў. I ўсё ж такi менавiта наяўнасць 100-бальных вынiкаў з’яўляецца сведчаннем таго, што з тэстам цалкам можна справiцца, i гэта лепшы адказ апанентам, якiя папракаюць нашы тэсты ў iх празмернай складанасцi... Адначасова з гэтым даводзiцца канстатаваць, што матэматычная падрыхтоўка даволi значнай колькасцi абiтурыентаў застаецца нездавальняючай. Так, заданне на вымярэнне плошчы кухнi не змаглi выканаць больш як 40 працэнтаў удзельнiкаў тэсцiравання. Але ж матэматыка з’яўляецца прафiлюючай дысцыплiнай... Учора сталi вядомыя таксама вынiкi ўдзельнiкаў цэнтралiзаванага тэсцiравання па гiсторыi Беларусi i Сусветнай гiсторыi навейшага часу. 100-бальны вынiк па гiсторыi Беларусi — у чатырох маладых людзей (летась, нагадаем, максiмальны вынiк быў — 97 тэставых балаў). А 90 балаў i вышэй набралi 60 чалавек. Па Сусветнай гiсторыi навейшага часу 100-бальных вынiкаў не зарэгiстравана. А 90 балаў i вышэй набралі ўсяго два чалавекi. Зыходзячы з новага нiжняга парога (10 % самых нiзкiх вынiкаў), прахаднымi для ўдзельнiкаў цэнтралiзаванага тэсцiравання па гiсторыi Беларусi будуць 16 тэставых балаў, якiя дазволяць iм удзельнiчаць у конкурсным адборы. Мiкалай Фяськоў паведамiў таксама, што сёння рыхтуюцца да друку зборнiкi з матэрыяламi прайшоўшага цэнтралiзаванага тэсцiравання па ўсiх дысцыплiнах i правiльнымi адказамi. "Мы будзем iмкнуцца ўпiсацца ў новыя часавыя рамкi i як мага хутчэй "рассакрэцiць" для шырокай грамадскасцi матэрыялы цэнтралiзаванага тэсцiравання", — дадаў Мiкалай Фяськоў. Надзея НIКАЛАЕВА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У суботу, 28 чэрвеня, была пастаўлена фiнiшная кропка ў цэнтралiзаваным тэсцiраваннi. Апошнiмi ў пункты правядзення ЦТ прыйшлi абiтурыенты, якiм для п
|
|