Пенсія ў звязцы... з сукупным даходам?
Пенсія ў звязцы... з сукупным даходам?
Цi праўда, што працуючыя пенсiянеры будуць атрымлiваць толькi палову сваёй пенсii? Варта заўважыць, што зараз такое пытанне даводзiцца чуць усё часцей. Аднак таксама не сакрэт: размовы аб увядзеннi новых абмежаванняў па пенсiйных выплатах усiм тым, хто не пакiдае работу, час ад часу з’яўляюцца на працягу вось ужо некалькiх гадоў запар. І ўсё ж цi маюць такiя размовы падставы i чаго чакаць працуючым пенсiянерам у будучынi? Такiм чынам, па каментарый мы вырашылi звярнуцца да начальнiка аддзела развiцця пенсiйнай сiстэмы Мiнiстэрства працы i сацыяльнай абароны Таццяны Аляксандраўны ПАГОНЫШАВАЙ. — Для пачатку давайце ўдакладнiм: колькi пенсiянераў працуе ў Беларусi цяпер? — Як паказвае статыстыка, у Беларусi пасля прызначэння пенсii працягвае працаваць 551,3 тыс. чалавек, i ў тым лiку 199,5 тыс. мужчын i 351,8 тыс. жанчын. У прыватнасцi, пасля выхаду на пенсiю не пакiнулi работу 36,4 тыс. мужчын i 60,2 тыс. жанчын ва ўзросце да 55 гадоў (зразумела, што гаворка тут iдзе аб пенсiянерах-датэрмiноўшчыках); 35,4 тыс. мужчын (зноў-такi датэрмiноўшчыкаў) i 163,7 тыс. жанчын ва ўзросце 55—59 гадоў; 65 тыс. мужчын i 64,5 тыс. жанчын ва ўзросце 60—64 гады, 36,8 тыс. мужчын i 41,6 тыс. жанчын ва ўзросце 65—69 гадоў. Сярод тых, каму прызначылi пенсiю сёлета, засталiся працаваць 75 працэнтаў жанчын i амаль 70 працэнтаў мужчын. Прычым доля працуючых грамадзян у агульнай колькасцi пенсiянераў працягвае пакрысе ўзрастаць — сёння гэта доля складае 22,5 працэнта. — Прычына — у нiзкiх памерах пенсiй? — Гэта чамусьцi сапраўды ўзгадваецца ў першую чаргу. Аднак адначасова ўсе забываюцца на iншае: на памерах пенсiй адбiваюцца якраз выплаты працуючым. На фiнансаванне пенсiй тым, хто працягвае працаваць, накiроўваецца больш за 20 працэнтаў пенсiйных сродкаў. Iнакш кажучы, гэтыя сродкi на справе аднiмаюцца ад тых, для каго пенсiя з’яўляецца адзiнай крынiцай даходаў, i стрымлiвае павелiчэнне памераў выплат грамадзянам, якiя з-за ўзросту цi стану здароўя працаваць ужо не могуць. — Сёння ў заканадаўстве ёсць норма: у працуючых пенсiянераў выкарыстоўваецца iндывiдуальны каэфiцыент заробку да 1,3, тады як у пенсiянераў непрацуючых — часткова i каэфiцыент ад 1,3 да 4,0. Словам, абмежавальнiк iснуе. Ён дастатковы?— На наш погляд, падобная норма патрабуе пэўнай карэкцiроўкi. Па сутнасцi цяпер абмежаванне пенсiй "па каэфiцыенце" працуючым пенсiянерам звязанае з iх мiнулымi даходамi. Аднак часта мiнулыя даходы не супадаюць з бягучымi — скажам, цалкам верагодна, што некалi высокадаходны работнiк сёння ўладкаваўся на нiзкааплатную работу або займаецца падпрацоўкай. Таму больш правiльным быў бы iншы падыход — выплата пенсii ў залежнасцi ад сукупнага (пенсiя плюс зарплата) бягучага даходу. Тым больш, што магчымасцi адсочваць цяперашнi сукупны даход працуючага пенсiянера ёсць. У прыватнасцi, для гэтага iснуюць даныя iндывiдуальнага персанiфiкаванага ўлiку сродкаў дзяржаўнага сацыяльнага страхавання. Прычым такiмi звесткамi раённыя ўпраўленнi па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне карыстаюцца ўжо цяпер, таму забывацца iнфармаваць гэтыя службы аб сваiм працаўладкаваннi пенсiянеру нi ў якiм разе нельга. Дарэчы, нормы па абмежаваннi выплат пенсiй у залежнасцi ад цяперашняга сукупнага даходу шырока выкарыстоўваюцца ў Германii, Канадзе i iншых развiтых краiнах свету. Была падобная практыка i ў нас — у час iснавання СССР. Нягледзячы на адсутнасць беспрацоўя i недахоп працоўнай сiлы пенсiя разам з заробкам у месяц не магла перавышаць агульную суму ў 150 рублёў, а для рабочых i малодшага абслуговага персаналу паталок быў вызначаны ў 300 рублёў. Як вынiк, з улiкам сярэдняй зарплаты ў 1990 годзе ў 269 i сярэдняй пенсii ў 110 рублёў часта атрымлiвалася, што памер пенсii таго ж працуючага пенсiянера-рабочага складаў 31 рубель. Як бачна, абмежаваннi былi больш жорсткiмi.— Адразу ж напрошваецца пытанне: як можна вызначыць падобны паталок зараз? — Пакуль адназначнага адказу на гэта пытанне няма. Прынамсi, пакуль тут ёсць некалькi прапаноў. Па-першае, вызначыць "планку" сукупнага даходу ў залежнасцi ад заробку чалавека перад выхадам на пенсiю. Цi, па-другое, найбольшай велiчынёй можа стаць пэўная колькасць бюджэтаў пражытковага мiнiмуму пенсiянера. Словам, варыянты ёсць, i канкрэтныя прапановы будуць рыхтавацца ў рамках работы над новым заканадаўствам аб увядзеннi ў пенсiйную сiстэму ўмоўна-накапляльных рахункаў. Пры гэтым пенсiя будзе вылiчвацца зыходзячы з аб’ёмаў узносаў, выплачаных работнiкам на пенсiйнае страхаванне. Дарэчы, закончыць работу над гэтым законапраектам плануецца да канца 2009 года.— Тым часам не сакрэт, што зараз многiя пенсiянеры займаюць працоўныя месцы не прывабныя для моладзi — скажам, працуюць лiфцёрамi, вахцёрамi, гардэробшчыкамi, прыбiральшчыкамi. Цi не прывядзе новаўвядзенне да таго, што ахвотнiкаў працаваць на гэтых пасадах проста не будзе? — Гэта сiтуацыя вядомая, таму новыя падыходы будуць распрацоўвацца з улiкам таго, каб вывесцi з-пад абмежаванняў пенсii тых, хто займаецца работай з невысокай аплатай.— Давайце ўдакладнiм яшчэ раз: прапановы выплачваць пенсii працуючым пенсiянерам у памеры 50 працэнтаў не будзе? — Менавiта такi варыянт не разглядаецца. Бо спроба вырашыць сiтуацыю такiм чынам прывядзе да iншых праблем. Пагадзiцеся, што прынцыпова няправiльна падыходзiць з аднолькавым абмежаваннем да пенсiй у 200 i ў 500 тысяч рублёў.— Яшчэ адна няпростая тэма. Як вядома, сёння работа пасля прызначэння пенсii на яе памер ужо не ўплывае. Аднак пры гэтым працуючы пенсiянер працягвае рабiць узносы на пенсiйнае страхаванне. Чаму?— Пенсiянер, якi застаецца на рынку працы, мае ўсе як правы, так i абавязкi работнiка — i ў тым лiку абавязкi па выплаце падатковага падатку i ўзносаў дзяржаўнага сацыяльнага страхавання. Пры гэтым карэкцiроўка салiдарных абавязкаў работнiка па падтрымцы бюджэту i сацыяльнага фонду здаецца непрымальнай, бо ад гэтых абавязкаў залежаць як сацыяльныя выдаткi на ахову здароўя, адукацыю, iнфраструктуру населеных пунктаў i г.д., так i памеры пенсiй. Менавiта гэтым i тлумачыцца цяперашнiя нормы. Разам з тым прапановы вызвалiць працуючых пенсiянераў (але не iх работадаўцаў) ад выплаты пенсiйных узносаў ёсць. Магчымасць рэалiзацыi такiх прапаноў будзе вывучацца разам з iншымi рацыянальнымi падыходамi — перш-наперш павышэннем пенсiйнага ўзросту i iстотным абмежаваннi пенсiй пры высокiх бягучых заробках.— Мiж тым, цi захаваецца ў будучынi норма, паводле якой ёсць магчымасць павялiчваць памер пенсii на 1 працэнт ад заробку — за кожныя два месяцы работы пры добраахвотнай адмове ад атрымання пенсiйных выплат? — Больш познi зварот па пенсiю прэмiяваць пенсiйная сiстэма проста абавязана. Таму такi падыход застанецца, i больш за тое, не выключана, што ў такiм выпадку будзе прапаноўвацца больш адчувальная дабаўка да пенсii. Сяргей ГРЫБ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Цi праўда, што працуючыя пенсiянеры будуць атрымлiваць толькi палову сваёй пенсii? Варта заўважыць, што зараз такое пытанне даводзiцца чуць усё часцей
|
|