Праверка на канстытуцыйнасць. Прынятыя апошнім часам законапраекты яе паспяхова вытрымалi
Праверка на канстытуцыйнасць. Прынятыя апошнім часам законапраекты яе паспяхова вытрымалi
Паўнамоцтваў у Канстытуцыйнага Суда Беларусi стала больш. З прыняццем адпаведнага Дэкрэта кiраўнiка дзяржавы "Аб некаторых мерах па ўдасканаленнi дзейнасцi Канстытуцыйнага Суда Рэспублiкi Беларусь". Пашырэнне выклiкана таксама i тым, што апошнiм часам колькасць зваротаў у гэту ўстанову была зведзена да мiнiмуму. Аб гэтым паведамiў старшыня Канстытуцыйнага Суда краiны Пётр Мiклашэвiч падчас сустрэчы з журналiстамi. Такую "пасiўнасць" суб’ектаў заканадаўчай iнiцыятывы ён патлумачыў стабiльнасцю адносiнаў памiж галiнамi ўлады, адсутнасцю супярэчнасцяў. І прывёў цiкавую статыстыку: за ўсю гiсторыю iснавання Канстытуцыйнага Суда ў Беларусi (наступны год для якога, дарэчы, юбiлейны — пятнаццаты па лiку) Прэзiдэнт звяртаўся туды больш за 10 разоў, парламент — прыкладна столькi ж. Для параўнання: паводле iнфармацыi Пятра Мiклашэвiча, у суседняй Украiне прэзiдэнт толькi за апошнi час 20 разоў звяртаўся ў орган канстытуцыйнага кантролю наконт работы Кабiнета мiнiстраў. Вышэйшы гаспадарчы суд Беларусi скарыстаўся сваiм правам звяртацца ў орган канстытуцыйнага кантролю чатыры цi пяць разоў, а Вярхоўны Суд i таго менш — толькi аднойчы. Нагадаем, што правам звароту ў Канстытуцыйны Суд валодаюць у нашай краiне толькi кiраўнiк дзяржавы, абедзве палаты парламента, Урад i два вышэй памянёныя суды. Пётр Мiклашэвiч назваў такую расстаноўку "класiчным для многiх краiн Еўропы падыходам". З нядаўняга часу работы ў Канстытуцыйнага Суда стала прыкметна больш. Заканадаўчую базу краiны ён цяпер правярае на канстытуцыйнасць яшчэ да падпiсання Прэзiдэнтам нарматыўна-прававых актаў. Прэвентыўны кантроль, паводле слоў Пятра Мiклашэвiча, дазволiць не дапусцiць уступлення ў сiлу такiх нормаў законаў, якiя пярэчаць Канстытуцыi. Тым самым удасца прадухiлiць магчымыя негатыўныя наступствы — i сацыяльныя, i прававыя. З дня ўступлення дэкрэта ў сiлу (з 28 чэрвеня) Канстытуцыйны Суд ужо актыўна рэалiзуе гэтыя новыя паўнамоцтвы: — Намi разгледжана ў парадку абавязковага папярэдняга кантролю 65 законаў, з iх 23 — аб ратыфiкацыi мiжнародных дагавораў. Усе яны прызнаныя адпаведнымi Канстытуцыi, — запэўнiў Пётр Мiклашэвiч. У тым лiку не выяўлена разыходжанняў з Асноўным Законам краiны i ў праекце закона аб сродках масавай iнфармацыi. А вось у некаторых iншых законапраектах сёе-тое выклiкала заўвагi Канстытуцыйнага Суда. У прыватнасцi, асобныя нормы некаторых законаў, паводле меркавання суда, сфармуляваны недастаткова выразна i ясна. "На практыцы гэта можа прывесцi да iх неадназначнага разумення i прымянення", — выказаў занепакоенасць старшыня Канстытуцыйнага Суда. Заўвагi атрымалi, у прыватнасцi, праекты законаў аб Савеце Мiнiстраў, аб нарматворчай дзейнасцi, аб абароне правоў спажыўцоў жыллёва-камунальных паслуг. Пётр Мiклашэвiч выказаў спадзяванне, што заўвагi Канстытуцыйнага Суда будуць улiчаны ў далейшай рабоце парламента. У цэлым Пётр Пятровiч высока ацанiў прафесiйны ўзровень цяперашняга складу дэпутатаў. На карысць гэтага кажа i тое, што органам канстытуцыйнага кантролю не было выяўлена ў тэкстах законапраектаў грубых памылак, якiя б пярэчылi Асноўнаму Закону краiны. Пры ўсiм тым наяўнасць папярэдняга канстытуцыйнага кантролю зусiм не выключае яго адсутнасць у далейшым. Так, адносна, скажам, закона аб СМI Пётр Мiклашэвiч запэўнiў, што калi на практыцы пачнецца правапрымяненне ў iншым аспекце, тады Канстытуцыйны Суд вернецца да гэтага закона. А згадваючы мiжнародны вопыт, адзначыў: "Мы выходзiм прыкладна на тое, што ў Францыi — там спалучаецца папярэднi i наступны канстытуцыйны кантроль". Апроч iншага, сярод паўнамоцтваў Канстытуцыйнага Суда будзе таксама выказванне пазiцыi аб канстытуцыйнасцi мiжнародных дагавораў Беларусi (зноў-такi яшчэ да падпiсання iх Прэзiдэнтам). Орган канстытуцыйнага кантролю таксама атрымаў права даваць афiцыйнае тлумачэнне дэкрэтаў i ўказаў кiраўнiка дзяржавы, якiя датычацца канстытуцыйных правоў, свабод i абавязкаў грамадзян. Канстытуцыйны Суд таксама будзе праводзiць праверку канстытуцыйнасцi пэўных накiрункаў нарматворчай дзейнасцi i правапрымяняльнай практыкi судоў, праваахоўных i iншых дзяржаўных органаў. Акрамя таго, у яго кампетэнцыi будзе прыняцце рашэнняў аб наяўнасцi сiстэматычных цi грубых парушэнняў мясцовымi Саветамi дэпутатаў патрабаванняў заканадаўства. I ў пэўных выпадках прыняцце рашэння аб iх роспуску. Ала МАЧАЛАВА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Паўнамоцтваў у Канстытуцыйнага Суда Беларусi стала больш. З прыняццем адпаведнага Дэкрэта кiраўнiка дзяржавы "Аб некаторых мерах па ўдасканаленнi
|
|