Кашалёк
Кашалёк
Мы яшчэ не школьнiкi. Але засталося некалькi месяцаў да той школы. Прападаем на вулiцы, займаемся абы чым, прадчуваючы хуткую няволю вучнёўства. Едзе нарыхтоўшчык, як тады казалi, другаснай сыравiны, што жыве недалёка. Спынiўся. — Што, абiбокi? Няма куды час дзяваць? Вы б лепш па гародах пахадзiлi, касцей назбiралi — я вам нешта i заплацiў бы. А чаму б i не? Тады нашы бацькi трымалi ў хлявах свiней, з вёсак яшчэ нестарыя нашы дзядулi i бабулi прывозiлi пасля забою жывёлы мяса. Так што ў зiмовыя мясаеды касцей на гародах сапраўды хапала. Пачалi збiраць — захапiлiся. А галоўнае, што грошы заробiм. І вось зацягнулi тыя косцi нарыхтоўшчыку. Ён ускiнуў iх на вагi. Нешта падлiчыў. Потым дастае з кiшэнi кашалёк. Вядома ж, гэта было дзiцячае ўражанне, але здаўся ён мне вялiкiм-вялiкiм. А калi гаспадар яго раскрыў — грошай там было незлiчона. Нарыхтоўшчык пакорпаўся i даў нам траiм па рублю. З якою радасцю беглi мы дадому! Цяпер жа не трэба прасiць у мацi на марожанае. Дома бацька паглядзеў на зароблены мною рубель i засмяяўся. Тады я яго тлумачэннi слаба зразумеў. Цяпер ведаю, што якраз у 1961-м адбылася грашовая рэформа, якая праводзiла абмен знакаў 10 да 1. Такiм чынам, даўшы нам па старому рублю, якi яшчэ быў у абарачэннi, нарыхтоўшчык заплацiў нам па 10 капеек новымi. Вось чаму бацька i смяяўся. У яго самога не было кашалька. Ды i навошта. Атрымлiваючы за сваю працу цесляром 480 рублёў, ён пасля рэформы стаў атрымлiваць 48. Мацi не працавала. Дапамагала кароўка, свiннi ды куры, а яшчэ тое, што прыносiлi iх бацькi з вёскi. Такi вось успамiн маленства i першая мая сустрэча з кашальком. Першыя грошы, якiя прыходзiлi на замену менаваму гандлю (калi нейкi тавар мяняўся на iншы), узнiклi яшчэ ў глыбокiх стагоддзях мiнулай эры. Былi яны самымi разнастайнымi — ад марскiх ракавiнак да кавалкаў солi. Потым грошы паступова набылi выгляд манет. I практычна яшчэ нядаўняе вынаходнiцтва чалавецтва — банкноты. А калi ж узнiклi першыя кашалькi? Дазвольце не зусiм гiстарычнае адступленне. Iснуе грэчаскi мiф пра арганаўтаў. Грэчаскi герой Ясон са спадарожнiкамi адпраўляецца на караблi "Арго" ў далёкую Калхiду (цяперашняя незалежная Грузiя) па залатое руно (скуру) чароўнага барана. Але ж гэта не зусiм паэтычная фантазiя — залатарунны баран. Ёсць i крыху рэальная аснова. У старажытнасцi людзi засвоiлi простую тэхналогiю здабычы золата. Яны прамывалi зямлю, дзе было золата, на аўчынах. Шэрсць затрымлiвала цяжкiя залатыя зярняткi, а лёгкiя пяскi сцякалi разам з вадой. Дык вось мая ўсмешлiвая гiпотэза: згарнуў такую залатаносную аўчыну ў некалькi столак — чым вам не першы кашалёк? Якiмi, напрыклад, былi кашалькi ў сярэднявеччы, калi пра банкноты яшчэ i не ведалi, абыходзiлiся манетамi з золата, срэбра, медзi? Па старых карцiнах, па касцюмаваных кiнафiльмах, якiя рэканструююць той побыт, ведаем — скураныя цi з iншага матэрыялу мяшэчкi. Зацягнуў вяровачку — i хавай такi кашалёк цi ў кiшэню, цi пад рубаху, калi толькi яна на плячах, цi за шырокi пояс. А хочаш пахвалiцца — падвесь на гэты пояс. У старой беларускай мове захавалася шмат назваў менавiта такiх кашалькоў-торбачак. Кеса, кеска, гамалейка, магалейка, кабза. "... i паказаў магалейку з чырвонцамi". Ёсць i такое слова — капшук. Таксама мяшэчак для тытуню, махоркi, якi сцягваецца шнурком. Але ў такiх капшуках насiлi i дробныя грошы. Не згубiцца, i заўсёды пад рукою. Некалi, апiсваючы вясковае жыццё, я выкарыстаў яго i ў тым, i ў другiм значэннi. Выходзiць ранак — цэўкай кволы, Капшук згубiўся абы дзе. Сусед ад вечара вясёлы Да крамы з кошыкам брыдзе. Вiдаць, з рускай у беларускую мову перайшло i слова калiта. Яно азначае не толькi сумку для грошай, вялiкi кашалёк, але i самi грошы, багацце. А ў абласным значэннi проста паходную торбу. У Сяргея Грахоўскага: Дастае тоўстую кнiгу Дзед з вялiкай калiты. У ХIV стагоддзi ў рускiх землях быў такi князь Iван I. Потым стаў ён i вялiкiм князем Уладзiмiрскiм. Увогуле збiраў рускiя землi, закладаў асновы палiтычнай i эканамiчнай цэласнасцi будучай дзяржавы. Пры iм рэзiдэнцыю рускага мiтрапалiта перанеслi з Уладзiмiра ў Маскву. Землi яшчэ залежалi ад татар, дык вось ён, Iван I, дабiўся ў Залатой Арды права збору мангола-татарскай данiны на Русi. Зразумела, што перападала не толькi татарам, але i зборшчыку. I ўвогуле быў прыжымiсты, капейку збiраў. Таму i ўвайшоў у расiйскую гiсторыю як Iван Калiта. Партманет — гэта таксама кашалёк для грошай, дакументаў, але гэта ўжо ганарова, фацэтна, як гавораць нашы мясцовыя каталiкi. Дарэчы, слова паходзiць ад французскага роrtе-mоnnаiе. Партманет дастаюць з кiшэнi паважна, не спяшаючыся. Раскрываюць яго з адчуваннем сваёй годнасцi i веданнем таго, што тут ляжыць. А хто любiць выхвалiцца, дык зробiць так, што суседзi ўбачаць, колькi ў яго там грошай. — гэта таксама кашалёк для грошай, дакументаў, але гэта ўжо ганарова, фацэтна, як гавораць нашы мясцовыя каталiкi. Дарэчы, слова паходзiць ад французскага роrtе-mоnnаiе. Партманет дастаюць з кiшэнi паважна, не спяшаючыся. Раскрываюць яго з адчуваннем сваёй годнасцi i веданнем таго, што тут ляжыць. А хто любiць выхвалiцца, дык зробiць так, што суседзi ўбачаць, колькi ў яго там грошай.Мiж iншым, ёсць у мяне жыццёвая гiсторыя, не столькi смешная, колькi павучальная, звязаная менавiта з партманетам. Адбылася яна з адным з блiзкiх маiх сяброў. I за даўнасцю, без iмёнаў, магчыма яе расказаць. Служыў ён у Германii афiцэрам. I вось чарговы адпачынак. Прыехаў у Брэст. Тут атрымаў грошы — i немалыя. Тое, што набегла ў савецкiх рублях за год бездакорнай службы, адпускныя. Склаў iх у партманет. А да цягнiка, каб дабрацца дадому, яшчэ шмат часу. Пахадзiў па горадзе, зайшоў павячэраць у рэстаран. I там пазнаёмiўся з жанчынай. Яшчэ малады, яшчэ з аднаго погляду не пазнае, якога гэта кшталту жанчына. Слова за слова. Добра пасядзелi. Яна яго i запрасiла да сябе. — Пакуль той цягнiк ранiцай, пойдзем да мяне адпачнём. Пайшлi, з сабою вiна прыкупiлi. Ну, а ў той хаце на цiхай вулачцы доўга не заседжвалiся. Распранулiся. I толькi прылеглi — заходзяць у хату два моцненькiя мужчыны. Ну, сiстэма адпрацаваная. Рэўнасць, гвалт, пагрозы. А потым: "Давай грошы!" — Бярыце, што ёсць у кiшэнях. Тыя перапаролi ўсё адзенне — нейкая драбяза, на дарогу цi ў рэстаране пасядзець. — Ты каго прывяла? — ужо адкрыта на жанчыну. Тая ў слёзы, апраўдваецца. А сябар, заходзячы ў хату, выняў партманет i ў ганку засунуў яго пад бэльку. Як потым прызнаваўся — чыста аўтаматычна. Малайцы пайшлi, жанчына плача. А ён хуценька апрануўся — i на вакзал. З партманетам, вядома ж. Асабiста я не нашу кашалёк, грошы добра змяшчаюцца ў кiшэнi. Абы яны былi. I мяркуючы па ўстойлiвых народных выразах, большасць простых беларусаў таксама тых кашалькоў не мела. Мяркуйце. Пра кашалёк. Пусты кашалёк — пра адсутнасць грошай. — пра адсутнасць грошай.Тугi кашалёк — пра наяўнасць вялiкiх грошай. — пра наяўнасць вялiкiх грошай.А пра кiшэнь у тым жа значэннi колькi! Бiць па кiшэнi — змушаць на трату грошай. — змушаць на трату грошай.Вецер гуляе ў кiшэнi — няма там нiчога з грошай. — няма там нiчога з грошай.Класцi сабе ў кiшэнь — нешта прысвоiць не сваё. — нешта прысвоiць не сваё.Набiць кiшэнь — прысвоiць вельмi шмат. — прысвоiць вельмi шмат.Не па кiшэнi — дарагавата, хацеў бы, ды не магу ўзяць. — дарагавата, хацеў бы, ды не магу ўзяць.Пустыя кiшэнi — пра беднага чалавека. — пра беднага чалавека.Тоўстыя кiшэнi — наадварот, пра чалавека, якi мае грошы. — наадварот, пра чалавека, якi мае грошы.Калацiць кiшэнi — збiраць самае апошняе, вытужвацца. — збiраць самае апошняе, вытужвацца.Сучаснасць наша такая, што грошы носяцца ў багатых людзей ужо не ў партманетах цi кашальках, а ў "дыпламатах" i кофрах. Вось-вось, пра кофр. Успомнiў. Ва Eладзiмiра Караткевiча ёсць аповесць "Зброя". Гэта своеасаблiвы працяг яго вядомага рамана "Каласы пад сярпом тваiм". Галоўны герой той жа — князь, будучы паўстанец 1863 года Алесь Загорскi прыязджае ў Маскву для закупкi зброi для паўстання. I тут ён сустракаецца з стараабрадцам, чалавекам вялiкiх магчымасцяў i вялiкiх грошай Чыўiным, якi ў рэшце рэшт i дапамог ва ўсiм. А вось першая сустрэча: "Ён азiрнуўся i ўбачыў старога ў янотавым футры. Стары — па выглядзе купец з небагатых — цягнуўся да iх па жыжцы, валюхаючы, бо падпiхваў каленам цяжкi кофр. Усе змоўклi. Купец дацягнуўся да iх i з палёгкай паставiў кофр". Гэта адбывалася ў чаканнi рамiзнiка. Сёння чакаюць таксi, а ўладальнiкi кофраў з вялiкiмi грашыма — персанальных замежных аўто. I на заканчэнне размовы аб такой простай рэчы таксама ўсмешлiвае, але не вельмi — гiсторыя, якая магла адбыцца i з аўтарам. 1983 год. У маладога чалавека выйшла першая, тоненькая кнiжка паэзii. Трэба ехаць у Мiнск па ганарар. А ганарар, аказваецца, не такi i малы — каля тысячы рублёў. Практычна амаль што гадавая зарплата. Чалавек атрымаў яго. Ну як тут не адзначыць падзею. I ў рэдакцыi, i па-за яе межамi выпiта некалькi бутэлек каньяку з паэтамi вышэйшай годнасцi. I разабрала маладога чалавека. Прачнуўся ён у мiнскiм тралейбусе на нейкiм прыпынку. Выйшаў, сеў на лавачку. Крыху ачуняў. Лап-лап па кiшэнях — а грошай-то i няма. Ператрос наноў i пiнжак, i ўсе кiшэнi ў нагавiцах. Няма! Вось табе i ганарар. Скрушаны чалавек закурыў. Пасядзеў яшчэ. Кiнуў недакурак пад ногi. А потым сагнуўся, каб выкiнуць яго ў патрэбнае месца — i нешта зашуршэла ў назе. Нагнуўся — памацаў. Ёсць яны, грошы, засунутыя ў шкарпэтку. Такiя яны, нашы кашалькi. Алесь Касцень, г. Паставы. г. Паставы.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Мы яшчэ не школьнiкi. Але засталося некалькi месяцаў да той школы. Прападаем на вулiцы, займаемся абы чым, прадчуваючы хуткую няволю вучнёўства. Едзе
|
|