Сеем сквапна — збіраем шчодра, альбо Як з аднаго зярнятка вырасцiць дзесяткi каласкоў
Сеем сквапна — збіраем шчодра, альбо Як з аднаго зярнятка вырасцiць дзесяткi каласкоў
Магiлёўскi пенсiянер выпрабоўвае на сваiм дачным участку найноўшую агратэхналогiю. Замест угнаенняў у ёй выкарыстоўваюцца эфектыўныя мiкраарганiзмы. Яўген Мiхайлавiч Казлоў мае адукацыю бiяхiмiка, а цяпер стаў аграномам-практыкам. І нават трапiў са сваiм рэкордам у Кнiгу рэкордаў Гiнеса: з аднаго зерня жыта ён вырасцiў 31 каласок, а з зерня ячменю — аж 44! Калi шчыра, то гэта выглядае цудам: на звычайным агародзе ў Магiлёўскiм раёне расце ячмень, пшанiца i нават рыс, дзе ў адным калiве абсалютна вiдавочна з дзесятак i болей сцяблiн. — Гэта робiцца з дапамогай ЕМ-тэхналогii, у аснове якой ляжыць японская iдэя, — тлумачыць Яўген Мiхайлавiч. — Усё расце без угнаенняў — хiмiчных цi натуральных, а з дапамогай карысных бактэрый. Яны добра ўздзейнiчаюць на ўсе жывыя арганiзмы — i на раслiны, i на чалавека. Я i сам ужываю гэтыя бактэрыi, i паглядзiце: у 71 год энергiчны i здаровы чалавек, старэчых зморшчынак няма, а праз сiвыя валасы неўзабаве сталi прабiвацца цёмныя! З чаго складаецца i як робiцца бактэрыяльны комплекс — "сакрэт фiрмы" магiлёўскага пенсiянера. Ён вырабляе яго сам i прапаноўвае выпрабоўваць новую тэхналогiю ў сельскай гаспадарцы. — Ёсць такая прымаўка: хто сквапна сее — той скупа жне, а ў мяне ж наадварот: сею я сапраўды сквапна (кожнае зерне праз 10—15 сантыметраў ад другога), але з дапамогай эфектыўных мiкраарганiзмаў збiраю надзвычай шчодры ўраджай, — хвалiцца Казлоў. За пяць гадоў эксперыментаў з раслiнамi на дачным участку Яўген Мiхайлавiч апрабаваў больш за 150 культур, у тым лiку гароднiну i кветкi, i ён запэўнiвае, што ЕМ-тэхналогiя нязменна дае высокi вынiк. У доказ пенсiянер прад’явiў капусту — прыгожую i вялiзную, прычым ён зэканомiў на ўгнаеннях, а глебу i раслiны апрацаваў карыснымi мiкраарганiзмамi. Сёлета на сваiх палетках Казлоў апрабаваў пшанiцу цвёрдага гатунку, якой, як вядома, не стае ў Беларусi i якую даводзiцца закупляць у замежжы за валюту. Аднак з дапамогай ЕМ-тэхналогii нават не вельмi перспектыўны гатунак цвёрдай пшанiцы вырас на зайздрасць: у кожным калiве — 7—8 каласкоў, а ў кожным цяжкiм i поўным коласе — 60—65 зярнятак. Яшчэ не завершаны эксперымент з рысам: так, Яўген Мiхайлавiч вырашыў праверыць, цi можна з дапамогай ЕМ-тэхналогii вырасцiць у нашых клiматычных умовах рыс. — Расце вельмi добра! — запэўнiвае аграном-аматар. — Дапамагае пацяпленне клiмату i добры палiў. Шмат сцяблiн, i на iх дзе-нiдзе бачны плады. Так што напрыканцы верасня я планую прыгатаваць плоў з беларускага рысу! Яўген Казлоў iмкнецца пераканаць спецыялiстаў у сферы сельскай гаспадаркi, што выкарыстанне ЕМ-тэхналогii дасць добрыя ўраджаi, i заклiкае да правядзення маштабных эксперыментаў. Пенсiянер упэўнены, што на выдатнай перадавой iдэi зможа зарабiць i ён сам, i яго краiна. Iлона Iванова.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Магiлёўскi пенсiянер выпрабоўвае на сваiм дачным участку найноўшую агратэхналогiю. Замест угнаенняў у ёй выкарыстоўваюцца эфектыўныя мiкраарганiзмы.
|
|