Жыццё пражыць — не люльку раскурыць?
Жыццё пражыць — не люльку раскурыць?
У хвілiны стомы i нервовай напружанасцi вядомы маладзечанскi майстар па дрэве Валянцiн Сысун адкладае ўбок усе свае заняткi i набiвае тытунём драўляную люльку. Плаўна ўздымаецца ў паветра духмяны дымок, плаўна цякуць думкi Валянцiна Мацвеевiча. І ён, сам таго не заўважаючы, вяртаецца ўспамiнамi ў дваццаты год свайго жыцця... Тады моладзь узахлёб чытала Джэка Лондана i Хемiнгуэя. Для таго, каб стаць хоць крышачку падобнымi на герояў гэтых кнiжак i надаць сабе знешняй мужнасцi, юнакi iшлi на самыя смелыя эксперыменты: адны перакройвалi адзенне, другiя адпускалi валасы. Валянцiн вырашыў спынiцца на люльцы i барадзе. У тыя часы, калi бараду насiлi толькi прафесары, трэба было мець смеласць, каб выйсцi на вулiцу ў такiм выглядзе. "Гэта было ўсё роўна, што прагульвацца голым," — усмiхаецца мой субяседнiк. Але заўвагi партыйных работнiкаў i зацiкаўленыя позiркi прахожых не прымусiлi яго расстацца з часткай свайго iмiджу. А здымак эпатажнага юнака доўга выстаўляўся ў мясцовым фотаатэлье. I люльку Валянцiн зрабiў сам. Нездарма ж ён сын вядомага ў наваколлi цясляра, якi хоць i не вучыў яго свайму майстэрству, але i не забараняў сачыць за работай з печы, ля якой якраз i стаяў варштат. Знаходзячыся ў кампанii, Валянцiн вымаў сваю першую люльку з кiшэнi i глыбакадумна курыў, хаця ў адзiноце не рабiў гэтага нiколi. Другую ён зрабiў па просьбе сябра, трэцюю — у падарунак... Словам, малады чалавек так адтачыў сваё майстэрства, што ў гады перабудовы нават заключыў дагавор з маладзечанскiм унiвермагам i кожны тыдзень рабiў 20 штук на продаж. За гэта атрымлiваў 50 рублёў, на якiя можна было тады набыць веласiпед. Калi сабраць усе люлькi, зробленыя майстрам, у адну калекцыю, атрымаецца каля пяцiсот. I што самае дзiўнае — нiводная з iх не падобная на папярэднiя: на адных выразаны арнамент, iншыя маюць выгляд жанчыны, галавы, кракадзiла. Адзiнае, што ёсць у iх агульнага, — гэта фiльтр, якi ачышчае нiкацiн, — таксама прыдумка Валянцiна Мацвеевiча. "Ад люлькi менш шкоды, чым ад цыгарэт, — разважае майстар. — Па-першае, яе не будзеш курыць так часта: наўрад цi чалавек стане спыняцца сярод вулiцы, каб набiць яе тытунём. Па-другое, яна дазваляе эканомiць: не трэба кожны дзень трацiць тры тысячы на якасныя цыгарэты". Лепшыя люлькi атрымлiваюцца з чачоткi — рэдкага для Беларусi вiду бярозы, якая не гарыць i мае вельмi моцную драўнiну, падобную навобмацак на мармур. Валянцiн Мацвеевiч, якi ў свой час скончыў Полацкi лясны тэхнiкум, добра ведае, для чаго можна скарыстаць кожны вiд дрэва. Самую лепшую мэблю, безумоўна, робяць з дуба. За жыццё майстар зрабiў на заказ нямала ажурных палiчак, столiкаў, дзвярэй, мiжпакаёвых арак, але, як прызнаецца сам, куды больш ахвотна працуе над мiнiяцюрнымi вырабамi. З бярозавых наростаў, у якiх ён умее разгледзець i балерыну, i чыйсьцi твар, атрымлiваюцца адмысловыя статуэткi, з дошчачак — карункавыя шкатулкi i нават упрыгажэннi, якiя з задавальненнем носiць яго жонка Ларыса Iванаўна. А верхам майстэрства стала самаробная гiтара з елкi, клёну i бярозы. Напэўна, любоў да музычных iнструментаў перадалася майму субяседнiку разам з цяслярскiм талентам ад бацькi, якi меў немалую калекцыю самаробных гiтар, скрыпак, цымбалаў. Валянцiн Мацвеевiч успамiнае, як тата браў у рукi скрыпку, на якой навучыўся iграць аж у семдзесят гадоў, а ён падыгрываў яму на цымбалах, дзе замест струн былi нiцi ад трактарнага каната высокага цiску. Дарэчы, спецыялiсты не раз адзначалi, што гучанне ў гэтых iнструментаў вельмi добрае, нашмат лепшае, чым у фабрычных. Сваю апошнюю скрыпку бацька Валянцiна Мацвеевiча зрабiў, калi яму было ўжо каля васьмiдзесяцi i ён амаль нiчога не бачыў. Нягледзячы на гэта, iнструмент атрымаўся моцным: ён i зараз займае сваё пачэснае месца ў кватэры Сысуноў. Мой субяседнiк часта здымае скрыпку са сцяны, прыцiскае да падбародка, i адразу ўсплываюць вобразы бацькi (якi нiколi не павышаў голасу, але калi пачынаў гаварыць — усе ў хаце змаўкалi), сястры Генi... Геню — дачку цесляра Мацея ад першага шлюбу — яму так i не давялося пабачыць. Валянцiн Мацвеевiч i па сёння не можа без хвалявання ўспамiнаць гiсторыю васямнаццацiгадовай прыгажунi, параненай у плячо з аўтамата, якi адзiн з начных гасцей — партызанаў — кiнуў на стол, забыўшыся паставiць на засцерагальнiк. Вясковыя палiцаi жыва зацiкавiлiся Генiным раненнем. Дакладнасць унесла суседка, побач з якой Сысуны пражылi не адзiн дзесятак гадоў: "Дык гэта партызаны яе "зачапiлi"! Яны ж з маткай ездзяць паводле iх загаду ў горад i мяняюць харчы на лекi!" На наступны дзень, калi Мацей сышоў з двара, яго дачку i першую жонку расстралялi. Вярнуўшыся ў хату i дазнаўшыся пра страшную навiну, ён адразу скiраваўся ў майстэрню — рабiць дубовы крыж на агульную магiлу для бацькi, мацi i дачкi: у тым, што прыйдуць i па яго, ён не сумняваўся. I прыйшлi. Але калi Мацея ўжо вялi на расстрэл, адзiн з ахоўнiкаў схiлiўся да яго i шапнуў: "Бяжы, дзядзька!", а потым быццам бы не заўважыў уцекача. А моцны, па-майстэрску зроблены крыж i сёння стаiць над пагостам... Так уюцца думкi Валянцiна Мацвеевiча, пераскокваючы з мараў на ўспамiны, з цяперашняга на мiнулае. Праз пару хвiлiн майстар зноў падыдзе да станка i працягне чараваць над новымi вокнамi ў школу-iнтэрнат для дзетак са скалiёзам, дзе ён працуе сталяром. А можа — над рамамi для карцiн, якiх ён багата падарыў мясцовым мастакам, а яны яму за гэта — свае творы. Пакуль выраб не будзе гатовы, майстар не можа займацца нiчым iншым. "Мне так хочацца хутчэй пабачыць, што атрымаецца, — прызнаецца ён сам, — што не магу цярпець, пакуль не закончу". Гэтак жа Валянцiн Мацвеевiч не можа цярпець абыякавасцi людзей да гiстарычнай спадчыны, да роднай мовы. На маё пытанне аб тым, цi не лепш было б жыць клопатамi сваёй сям’i i не забiваць галаву грамадскiмi праблемамi, майстар коратка адказаў: "Мужчына павiнен думаць за ўвесь свет". I патушыўшы люльку, зноў прыняўся за работу. Вiкторыя Крупянькова. Фота аўтара. На здымках: майстар Валянцiн Сысун i яго люлькi.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У хвілiны стомы i нервовай напружанасцi вядомы маладзечанскi майстар па дрэве Валянцiн Сысун адкладае ўбок усе свае заняткi i набiвае тытунём драўляну
|
|