Чорная кошка ў цёмным пакоi
Чорная кошка ў цёмным пакоi
Казкі для дарослых ...Шыкоўнае вяселле на сто з лiшкам чалавек яны адзначалi ў вялiкай банкетнай зале сталiчнага рэстарана. Госцi, як водзiцца, елi, пiлi i танцавалi, сябры раз-пораз цягнулi Вiктара "пакурыць" i "пагаварыць за жыццё" — ужо як з жанатым чалавекам... А ён баяўся сысцi з месца, баяўся адпусцiць руку той, якая сядзела побач, баяўся, што i зараз яна возьме ды перадумае, выскачыць з-за стала, накiне свой лёгкi плашчык — i шукай ветру ў полi... Да вяселля ён разы тры рабiў ёй прапанову — смяялася, раздумвала, аднеквалася... Чакала кагосьцi? Прыгожая — дух захоплiвае. Цёмныя, амаль чорныя непаслухмяныя завiткi, пранiзлiвы позiрк... Здаецца, i не смяецца, а ў вачах чарцяняты скачуць. Смуглявая — быццам толькi з поўдня вярнулася. I iмя такое пяшчотнае — А-лi-на... Аля... Ён не адзiн рабiў ёй прапанову выйсцi замуж. Ведаў пра гэта. Але злосцi цi рэўнасцi не адчуваў. Наадварот — гонар. Хоць i не сам выбiраў, а да яго нiбыта прыцэньвалiся, параўноўвалi з iншымi, узважвалi "плюсы" i "мiнусы"... Ён цярплiва чакаў канчатковага выбару. Не прыспешваў, не настойваў, каб потым не чуць папрокаў. I яна выбрала. Чаму, за што? Наўрад цi за яго празмернае захапленне вандраваннямi i рыбнай лоўляй. Хутчэй, за спалучэнне не надта ўласцiвага прадстаўнiкам моцнай паловы рамантызму i мужнасцi, пяшчоты i рашучасцi... (Неяк ён абаранiў яе ад двух п’яных нахабнiкаў, якiя пачалi прыставаць, не звяртаючы ўвагi на хударлявага "батанiка" ў акулярах...) Потым ужо, калi пачалi разам жыць, весцi гаспадарку, калi нарадзiлася Танечка, Вiктар не стаў, як большасць мужчын, збягаць з любой нагоды ад сямейнай аднастайнасцi, шукаючы "паратунку" ў вясёлых халасцяцкiх кампанiях. Ён насiўся па малочных кухнях, аптэках i магазiнах, уставаў да Танечкi па начах, мяняў ёй пялёнкi-распашонкi, гушкаў, няньчыў, мыў i кармiў з бутэлечкi гэта маленькае "Алiнiна падабенства"... Сябры не пераставалi зайздросцiць яму — Алiна пасля родаў пахудзела, падцягнулася, ледзь прыкметныя зморшчынкi ля вачэй надалi твару выраз лёгкай стомленасцi i разам з тым вопытнасцi, самаўпэўненасцi... "Вось гэта жанчына!" — паўтаралi i адны, i другiя, i трэцiя... Ужо i Танечка падрасла, пайшла ў садок. I Алiна пасля доўгiх пакут i беганiны знайшла сабе работу... Праз знаёмых Вiктар дапамог ёй уладкавацца ў турыстычную фiрму. I пры першай магчымасцi (якая з’явiлася даволi хутка) Алiна адправiлася адпачываць у Балгарыю, на славутыя Залатыя Пяскi... Дачка, ужо даволi дарослая i самастойная пяцiгадовая дзяўчынка, засталася з татам. Ёй нiколi не было з iм сумна. Разам ездзiлi на рыбалку, сядзелi побач на якiм-небудзь маленькiм возеры, закiнуўшы ў ваду дзве вудачкi — вялiкую i маленькую, i расказвалi адно аднаму вясёлыя гiсторыi. Або дома клалiся побач на канапу ў вялiкiм пакоi i разглядалi фотаздымкi з сямейных альбомаў. Або варылi на плiце сапраўдную паходную юшку, у прыгатаваннi якой тата быў вялiкi майстар... Маму з адпачынку сустракалi таксама разам. Перад ад’ездам у аэрапорт Вiктар купiў ружы — самыя прыгожыя, якiя толькi змог знайсцi... Калi Алiна iшла iм насустрач па зале чакання, на яе аглядвалiся ўсе мужчыны... "Ну што, пойдзем на таксi?" — спытаў Вiктар пасля таго, як сцiшылiся першыя эмоцыi i Танечка спаўзла з мамiных рук. "Ды не, — адказала Алiна. — Да горада нас падвязуць, я дамовiлася". Яна падышла да маладога, даволi мажнага мужчыны ў светлым касцюме — аднаго з iх групы. Мужчына махнуў рукой у бок вулiцы — менавiта там яго чакала машына, i яны накiравалiся да выхаду... Сям’я зажыла сваiм жыццём. Хоць... не зусiм. Часам Вiктару здавалася, што нехта невядомы i нябачны ўносiў карэктывы ў iх прывычны расклад. З-за дрэннага Алiнiнага настрою зрывалiся сумесныя паходы ў госцi i паездкi з сябрамi на пiкнiкi, з-за яе раптоўнага галаўнога болю Вiктар быў вымушаны адзiн ехаць з дачкой да бабулi або iсцi ў парк... Зноў жа, гэта не складала для яго вялiкай цяжкасцi. Наадварот. Радаваўся, што пасля таго, як яны з Танечкай вярталiся дадому, Алiна сустракала iх у значна лепшым настроi i адчувала сябе здаровай... Праз два месяцы яна прызналася Вiктару, што цяжарная. Не ад яго, а ад мужчыны, з якiм збiралася звязаць сваё жыццё пасля разводу... Вiктар нiчога не мог зразумець. Яго пакiдалi. Чаму? За што? Алiна не хацела тлумачыць. "Я кахаю iншага", — i ўсё. Ён сказаў: "Ну i кахай. Кахай яго, але заставайся са мной. Потым, калi ўсё гэта скончыцца, пачнём спачатку. Дзiця, што народзiцца, буду лiчыць сваiм". Алiна толькi адмахвалася, як ад надакучлiвай мухi, i прыспешвала з разводам. Думалi, што Вiктар застанецца ў кватэры, а Алiна з дачкой пераедуць да новага таты. Праўда, нiхто не ведаў, як расказаць Танечцы... У судзе Алiне прапанавалi яшчэ крыху падумаць, узважыць усе "за" i "супраць", але яна настаяла на сваiм. Усю вiну ўзяла на сябе, пра Вiктара дрэннага слова не вымавiла. Суддзя ў роспачы развяла рукамi: "Навошта ж разыходзiцца? Вы ж кахаеце адно аднаго!" Вiктар нi аб чым не прасiў. Мужчынскi гонар не дазваляў навязвацца, перашкаджаць яе шчасцю. Вельмi шкада было Танечку. Але Алiна сказала: "Калi можаш, да нас пакуль не заходзь. Ёй трэба прывыкнуць да iншага бацькi". ...У пустой кватэры ён не мог стрымлiваць сябе — плакаў ад болю i адзiноты. Утварыўся вакуум, запоўнiць якi не маглi нiхто i нiшто. Сябры, каб дапамагчы "развеяцца", прыходзiлi ў госцi i прыводзiлi з сабой маладых прыгожых жанчын. Вiктар нiкога не хацеў бачыць, не рэагаваў нi на якiя спакусы. Ён трызнiў Алiнай, бачыў паўсюль яе вобраз, малiўся ўсiм вядомым i невядомым багам... I багi пачулi яго малiтвы. Недзе праз год, калi боль пачаў ужо прытупляцца, Алiна нечакана пазванiла сама. Ён узрадаваўся, але не так, як некалi. Цiха ўзрадаваўся, спакойна. Як старой добрай сяброўцы цi проста прыяцельцы. Яна сказала: "Мне тут дрэнна, я хачу вярнуцца". "Прыходзь, — адказаў Вiктар. — Месца хапае". У гэты момант ён зразумеў, што чакае не столькi Алiну, колькi дачку. Жонка нiбыта ператварылася для яго ў далёкую зорку — блiскучую, але халодную. Яна ўсё яшчэ прыгожа свяцiла, але не сагравала... Даўно ўжо не сагравала... Яе промнi рассеялiся i згубiлiся ў прасторы i часе... Так i жылi потым — Вiктар у асобным пакоi, Алiна з дзецьмi — у двух iншых. Ён быў уважлiвым i ветлiвым, дапамагаў няньчыць малога, з задавальненнем хадзiў на прагулку з Танечкай... Але блiзка да сябе Алiну не падпускаў. Хоць часта, вельмi часта лавiў на сабе яе погляд, якi, здавалася, вымольваў дараванне... Каб дараваць, трэба было кахаць. А ў сваiм сэрцы Вiктар ужо не знаходзiў нiчога падобнага на былое каханне. Ды i сэрца быццам застыла, акамянела... Ён даваў Алiне грошы на гаспадарку, аднак не дакранаўся да пакiнутых на стале сняданку цi вячэры. Заглядваў у iх пакой, каб пажадаць добрай ночы, i зачыняўся ў сваiм. Некалькi разоў Алiна рабiла спробы высветлiць адносiны — дарэмна. Ён не жадаў нiчога ўспамiнаць з былога жыцця... Яна ж не хацела з гэтым мiрыцца i пераходзiла да папрокаў, патрабаванняў. Патрабавала вярнуць ранейшыя адносiны. У ход пайшлi iстэрыкi, скандалы, пагрозы... Вiктар перастаў прыходзiць дадому. Начаваў у знаёмых, на вакзалах, у начных электрычках... Паступова прызвычаiўся да спiртнога. Раней яно заглушала боль, цяпер выратоўвала ад абыякавасцi. Праз некалькi гадоў ён сустрэў iншую жанчыну. (Сышлiся, жывуць разам, гадуюць яе дзяцей ад першага шлюбу...) Шчаслiвы цi нешчаслiвы — вызначыць цяжка. Гэтаксама, як i адказаць на пытанне, цi ўспамiнае сваю Алiну... Ды i цi можна ўвогуле вярнуць страчанае каханне? Цi здольны хто-небудзь з нас гэта зрабiць? Цi не дарэмныя намаганнi — шукаць чорную кошку ў цёмным пакоi, тым больш калi яе там няма? Калi вы былi шчаслiвыя — успамiнайце пра гэта з удзячнасцю. Калi вы шчаслiвыя цяпер — беражыце i захоўвайце гэтыя iмгненнi. Бо няма на свеце больш крохкай субстанцыi, чым тая, якая завецца каханнем... Наталля УЛАДЗIМIРАВА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
...Шыкоўнае вяселле на сто з лiшкам чалавек яны адзначалi ў вялiкай банкетнай зале сталiчнага рэстарана. Госцi, як водзiцца, елi, пiлi i танцавалi, ся
|
|