НА АСТРАВЕЧЧЫНЕ — КАМЕННЫ ВЕК
НА АСТРАВЕЧЧЫНЕ — КАМЕННЫ ВЕК
Здавалася б, дробязь: дзесяць каменных скульптур работы розных аўтараў з’явілiся ў розных жывапiсных месцах Астраўца. А як яны пераўтварылi гэты гарадок Гродзеншчыны! Надалi яму нейкi асаблiвы каларыт, непаўторнасць, адметнасць. І адразу палюбiлiся мясцовым жыхарам: вечарамi можна назiраць, як яны прыходзяць да "Дубочка", "Матылька" цi "Папараць-кветкi", падоўгу сядзяць цi стаяць, здаецца, нават размаўляюць — калi не ўслых, то ў думках. А з’явiлiся яны ў горадзе ў вынiку пленэру мастакоў-скульптараў, рэзчыкаў па каменi, прысвечанага 540-годдзю гэтага раённага цэнтра Гродзеншчыны, якое будзе адзначацца восенню. Дарэчы, пленэр з-за ўдзелу ў iм не толькi беларускiх, але i расiйскiх мастакоў напрошваецца на статус мiжнароднага. На працягу месяца дзесяць мастакоў, якiя пасялiлiся на гэты час у вёсцы Варняны, дзень пры днi ўдыхалi ў халодны камень жыццё, надаючы безаблiчным да таго гранiтным глыбам адшуканыя ў глыбiнях сваёй душы i свядомасцi, намаляваныя багатым уяўленнем абрысы. А адзiн з арганiзатараў i натхняльнiкаў пленэру Iгар Засiмовiч прымусiў гранiт нават... гучаць: калi бачыш яго "Арфу", то здаецца, што чуеш музыку, што камень спявае, напаўняючыся сонцам i ветрам... Суровую непрымiрымасць магнацкiх родаў Радзiвiлаў i Гаштольдаў, якiя некалi варагавалi, вельмi своеасаблiва адлюстраваў у скульптуры "Магнаты" Аляксей Скварцоў. Дарэчы, адметна, што падчас работы пленэру расiянiн Аляксей атрымаў беларускi пашпарт i стаў паўнапраўным жыхаром Беларусi. Пад разцом расiянiна Юрыя Кандрашова дзве гранiтныя глыбы ператварылiся ў гуллiвую хмарку, якая пырскае вясёлым дожджыкам: проста i зразумела, без усялякай алегорыi. У руках Валерыя Казлоўскага з Гомеля камень набыў какетлiвае зачараванне жанчыны-матылька: яго скульптура так i называецца — "Матылёк". Велiч i вытанчанасць жаночай прыгажосцi, недаступнай, як кветка папарацi, адлюстраваў у сваёй рабоце "Папараць-кветка" Карней Аляксееў з Магiлёва. Самы малады ўдзельнiк пленэру Павел Вайнiцкi стварыў i самую мадэрнiсцкую працу: яго чатырохметровы "Той, хто iдзе" — каменны чалавек, якi iдзе (едзе?) на жалезных хадулях-колах. Многiя работы скульптараў звязаныя з мясцовым матэрыялам. "Легенда, альбо званы Марыi" Анатоля Бразеннiкава — данiна легендзе аб Блiканскай гары. Магутная, з драпежным выразам галава "Быка" Валерыя Борздага прысвечана легендзе аб узнiкненнi найпрыгажэйшага возера Бык, што быццам бы ўтварылася на тым месцы, дзе правалiўся пад зямлю чалавек, якi ў Вялiкдзень араў на быках нiву. Знайшла ў скульптурах сваё адлюстраванне i сiмволiка, увекавечаная на гербе Астраўца: магутны дуб i срэбная стронга. Блiскучая (ва ўсiх сэнсах) iмклiвая стронга работы Кацярыны Злоцiнай, здаецца, выскачыла з хваляў мясцовай рэчкi Лошы i цяпер пранiзвае серабрыстым святлом зелянiну гарадскога сквера. А непадалёк ад яе прысеў на лавачку хлопчык — "Дубочак" Эдуарда Астаф’ева. Гэтая скульптура, дарэчы, адразу пасля ўстаноўкi стала сапраўды народнай. Асаблiва палюбiлася яна дзецям: месца побач з "Дубочкам" рэдка пустуе. Пленэр праходзiў пад патранажам Астравецкага райвыканкама. Пасля заканчэння мерапрыемства горад выкупiў працы мастакоў, i скульптуры ўстаноўлены ў розных месцах райцэнтра. Да радасцi i задавальнення гараджан i гасцей! Нiна РЫБIК.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Здавалася б, дробязь: дзесяць каменных скульптур работы розных аўтараў з’явілiся ў розных жывапiсных месцах Астраўца. А як яны пераўтварылi гэты гарад
|
|