Уік-энд для... ёгаў
Уік-энд для... ёгаў
Свая справа На сядзiбе ў Iваныча — занятак на розны густ Непадалёку ад вядомай усiм Вязынкi ёсць вёска з падобнай назвай — Павязынь. Радзiма Янкi Купалы заўсёды прываблiвала шмат гасцей i застаецца папулярным пунктам турыстычных маршрутаў. А ў Павязынь прыязджалi хiба толькi дачнiкi, каб апрацаваць свае "соткi" ды адпачыць ад шалёнага рытму гарадскога жыцця. Вёска зусiм невялiчкая — усяго толькi каля трох дзесяткаў двароў. Пастаянна тут жывуць у большасцi адны старыя, таму да нядаўняга часу адносiлi гэты населены пункт да лiку неперспектыўных. Пакуль у Павязынi не з’явiлiся iнiцыятыўныя людзi, якiя на ўласным прыкладзе здолелi даказаць: нават самыя "глухiя" мясцiны могуць стаць цiкавымi для многiх. Варта толькi прыкласцi намаганнi, каб "раскруцiць" тутэйшыя адметнасцi... "Малады" пенсiянер Аляксандр Iванавiч Рашэтнiкаў у Павязынь прыехаў, напэўна, гадоў з дзесяць таму. Набыў тут участак з цвёрдым намерам абуладкаваць традыцыйны "дачны набор" — дом, сад, кветнiкi i г. д. Аднак пасядзеў, агледзеўся i задумаўся: а навошта будаваць "банальны" катэдж? Аляксандр Iванавiч ацанiў магчымасцi павязынскiх краявiдаў i вырашыў стварыць цiкавы турыстычны аб’ект. Тым больш што ягоны вопыт у гэтым быў багаты — апошнiя сем гадоў перад гэтым Рашэтнiкаў працаваў у "Мiнсктурысце". Многае давялося пабачыць, аднак такiх месцаў, як у невялiчкай маляўнiчай вёсачцы на Маладзечаншчыне не сустракаў. — Скажу вам шчыра: проста ад усёй душы палюбiў тут бываць, — кажа Рашэтнiкаў. — Сам я хлопец гарадскi (бацька адзiн час працаваў у Мiнску першым сакратаром Кастрычнiцкага райкама партыi) i нiколi не думаў, што "асяду" ў глыбiнцы. Аднак з цягам часу ў сталiцы стаў праводзiць усё менш часу — толькi па неадкладных клопатах, i кожную вольную хвiлiну iмкнуўся правесцi на сваёй сядзiбе. Зразумела, мары аб стварэннi ўласнага турыстычнага прадукту, магчыма, так бы i засталiся марамi, калi б не спрыяльныя ўмовы для развiцця такога бiзнэсу, якiя былi створаны апошнiм часам. Якраз з’явiўся ўказ, кажа Аляксандр Iванавiч. Ад такой прывабнай прапановы грэх было адмаўляцца — так ён пачаў развiваць свой адметны праект. Афармляць сядзiбу Рашэтнiкаў пачаў з... узвядзення высокага плота, якiм надзейна абгарадзiў тэрыторыю. Як тлумачыць гаспадар, неабходна, каб гасцям было камфортна i ўтульна, нiчога не перашкаджала. На падворку абуладкавана добрая аўтастаянка, а вось замест гаража (як раней планавалася) Аляксандр Iванавiч задумаў зрабiць самы сапраўдны вячэрнi рэстаран, дзе i месцiчы змогуць з камфортам адпачыць i паспытаць арыгiнальных страў. Энергii ў Рашэтнiкава хоць адбаўляй — маладыя пазайздросцяць такой актыўнасцi. — Заўсёды падымаюся раненька — у шэсць гадзiн, а завiхацца магу да глыбокай ночы, — заўважае гаспадар. — I зусiм не стамляюся, калi бачу вынiкi сваёй працы. Я ж "малады" пенсiянер: толькi першы год у адпачынку, але так многа яшчэ хочацца зрабiць — не магу сядзець склаўшы рукi. Тэатр чарцей Не ведаю, цi ўзяўся б Рашэтнiкаў за даволi маштабную будоўлю, калi б не дапамога дзяржавы. Не так даўно прыватнiк аформiў крэдыт на суму больш чым 64 мiльёны рублёў. Умовы вельмi прывабныя — на сем гадоў пад 5 працэнтаў i з адтэрмiноўкай выплаты асноўнага плацяжу на год. I вось сёлета ў Радашковiцкiм сельсавеце з’явiлася адзнака аб стварэннi аграсядзiбы "У Iваныча". На падворку пабудавана сучасная лазня з усiмi неабходнымi "аксесуарамi", даводзiцца да ладу вялiкi дом для гасцей. Каля ўвахода на першым паверсе размешчаны невялiкi бар, дзе ўвечары можна адпачыць з келiхам добрага вiна. Дарэчы, кавярня пад парасонамi ёсць i на свежым паветры, а "стацыянарная" больш падыходзiць, напрыклад, для дрэннага надвор’я. Таксама на першым паверсе — канферэнц-зала. Тут могуць адначасова размясцiцца да паўсотнi чалавек. I трэба заўважыць, што прапанова правесцi нейкiя афiцыйныя пасяджэннi (кшталту семiнараў, нарад) "на прыродзе" карыстаецца заўсёдным попытам. Цяпер многiм даводзiцца адмаўляць, паколькi паралельна iдуць будаўнiчыя работы. Праўда, гасцям такая акалiчнасць — зусiм не перашкода. За плотам сядзiбы — салаўiны гай, а ўвесь падворак лiтаральна патанае ў кветках. Вырошчваннем рознакаляровай прыгажосцi i ландшафтным дызайнам займаецца гаспадыня Вера Мiкалаеўна. Як кажа Рашэтнiкаў, яна тут самы галоўны чалавек. Разам яны могуць турыстам лёгка i нумар мастацкай самадзейнасцi "збацаць". Дарэчы, ёсць у Iваныча запаветная мара — зрабiць у Павязынi цэлы забаўляльны цэнтр. На адной з выстаў да гаспадара аграсядзiбы неаднойчы падыходзiлi розныя людзi з просьбай прадаставiць пляцоўку для правядзення разнастайных шоу. Нават тэатр чарцей з такiмi пытаннямi звяртаўся. — Не ведаю, як для чарцей, а вось арганiзаваць нешта кшталту пеўчага поля было б няблага, — лiчыць Рашэтнiкаў. — Насупраць сядзiбы размешчана неабходная тэрыторыя, якую б можна было выкарыстаць. Паставiць, напрыклад, дом, каб яго вялiкi ганак выкарыстоўваўся як сцэна. Калi ўдасца ўвасобiць такi праект, то я ўпэўнены, што з усёй Беларусi да нас прыедуць. Не тытунь, а кветкi У доме для адпачынку можна размясцiць 15 турыстаў, яшчэ чатыры нумары плануецца абуладкаваць "на сене". Зараз пражыванне каштуе 22 тысячы рублёў за суткi. Трэба заўважыць, што такая "такса" невысокая, паколькi не ў кожнай раённай гасцiнiцы знойдзеш падобныя расцэнкi. Магчыма, у перспектыве для гасцей будуць прапанаваны i разнастайныя экскурсii — у Вязынку, на лiнiю Сталiна, а таксама ў Мiр, Нясвiж, iншыя цiкавыя месцы Беларусi. Паколькi прыязджаюць не толькi айчынныя вандроўнiкi, шмат прапаноў i з-за мяжы. Да прыкладу, прасiлася сям’я з Германii. Прымалi i... ёгаў — тыя праводзiлi на сядзiбе свой семiнар. Так што для гаспадароў гэта было сапраўднае выпрабаванне, паколькi хвалявалiся наконт таго, якiя пачастункi прапанаваць незвычайным пастаяльцам. За харчаванне адказная Вера Мiкалаеўна. Гаспадыня гатуе смачныя стравы — дранiкi, мачанку, боршч. Далiкатэсы беларускай кухнi атрымлiваюцца на славу, хоць родам яна з далёкага Кемерава. У свой час вучылася ў Краснадарскiм полiтэхнiчным iнстытуце на кафедры тэхналогii тытуню. Па размеркаваннi прыехала ў Мiнск, а калi фабрыку тут расфармiравалi, то скончыла курсы бухгалтараў i працавала на адным з турыстычных прадпрыемстваў. Дзе, дарэчы, i пазнаёмiлася з Аляксандрам Iванавiчам. У кожнага з дзяцей цяпер свой занятак — дачка ў Германii, сыны займаюцца бiзнэсам. Аляксандр Iванавiч i Вера Мiкалаеўна таксама не адстаюць ад iмклiвага часу i знайшлi сабе працу па душы. Як кажа Рашэтнiкаў, калi яна супадае з хобi, то гэта сапраўднае шчасце. Раней яны трымалi вялiкую гаспадарку — бычкоў, трусоў, курэй. Хоць зараз на першым месцы будоўля, аднак прадукты да стала мяркуюць атрымлiваць з уласных палеткаў. Плануюць, што ў гэтым iм пляменнiк дапаможа. Маюць намер вырошчваць самую розную садавiну i гароднiну. Чаго дакладна не будуць саджаць, дык тытуню. Гаспадыня хоць i спецыялiст па гэтай культуры, але аддае перавагу кветкам. I правiльна робiць. Мiкалай ЛIТВIНАЎ. Маладзечанскi раён.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На сядзiбе ў Iваныча — занятак на розны густ
|
|