Быў пад мухай за рулём, а яго "пагладзілi па галоўцы", або Чаму асобныя парушальнiкi правi
Быў пад мухай за рулём, а яго "пагладзілi па галоўцы", або Чаму асобныя парушальнiкi правiлаў дарожнага руху выходзяць "сухiмi з вады"
Гэтыя падзеi адбывалiся ў Калiнкавiцкiм раёне ў самы апошнi дзень мая. Два iнспектары ДПС Дзяржаўтаiнспекцыi i дружыннiк неслi службу на адной з дарог, па якой iмчала iншамарка. На павароце ў вёску адзiн з iх жэзлам паказаў вадзiцелю: спынiся. Але той толькi паддаў газу сваёй легкавушцы, iгнаруючы ўказанне работнiкаў мiлiцыi, што выклiкала падазрэнне ў апошнiх. Яны паехалi шукаць неслуха i ўбачылi легкавушку каля сталовай, дзе праходзiла вяселле. Адзiн з iнспектараў назваў сябе i запатрабаваў у вадзiцеля прад’явiць дакументы на аўтамабiль i вадзiцельскае пасведчанне. Але той нечакана кiнуўся наўцёкi, выцягнуўшы з машыны ключ запальвання. Мiлiцыянеры — за iм. Уцякач, пераскокваючы праз металiчную агароджу, спатыкнуўся i ўпаў на праезную частку дарогi, дзе i быў затрыманы. Ад яго патыхала спiртным, твар быў пачырванелым, таму яму прапанавалi праехаць у райцэнтр на медыцынскi агляд. Але той пачаў аказваць такое фiзiчнае супрацiўленне, што яму давялося звязаць рукi i толькi потым даставiць у мiлiцыю, каб устанавiць яго асобу i праверыць на наяўнасць алкаголю ў арганiзме. Ён катэгарычна адмовiўся. Тады яго завезлi ў бальнiцу з той жа самай прапановай. І тут — катэгарычная адмова. Маўляў, нiкому не давяраю, я не п’яны. Пасля ўсяго гэтага быў складзены адпаведны пратакол, i 24-гадовы парушальнiк апынуўся ў медыцынскiм выцвярэзнiку. Летась за паўторнае кiраванне транспартнымi сродкамi ў нецвярозым стане былi ўзбуджаны 204 крымiнальныя справы, па якiх асуджаны 151 чалавек. А сёлета за сем месяцаў у Гомельскай вобласцi такiх спраў узбуджана ўжо 370 (артыкул 317-1 Крымiнальнага кодэкса), 312 з якiх накiраваны ў суд. Абсалютная большасць парушальнiкаў атрымала сваё, як гаворыцца ў падобных выпадках. Аднак нялiшне будзе паведамiць i пра тое, што па некаторых крымiнальных справах у дачыненнi да абвiнавачаных прызначаюцца празмерна мяккiя меры пакарання, нягледзячы на тое, што з 1 сакавiка мiнулага года ўвайшлi ў сiлу новыя Кодэкс аб адмiнiстрацыйных правапарушэннях i Працэсуальна-выканаўчы кодэкс аб адмiнiстрацыйных правапарушэннях, дзе прадугледжваюцца больш жорсткiя меры пакарання асобаў, якiя ў стане алкагольнага ап’янення садзяцца за руль. У чым тут справа? Гутарым з намеснiкам начальнiка па выкананнi законаў i законнасцi прававых актаў пракуратуры вобласцi Марыяй Чарнабай. Яна гаворыць, што пратаколы, якiя складаюць работнiкi ДАI, не заўсёды адпавядаюць патрабаванням указаных вышэй кодэксаў. Таму суды неаднаразова вярталi iх для выпраўлення недахопаў. Маюцца выпадкi, калi па вiне дзяржiнспектараў, якiя не прынялi мераў па зборы неабходных доказаў, суды наогул спынялi разгляд спраў. Вось толькi адзiн канкрэтны прыклад. Iнспектар ДПС АДАI Жыткавiцкага РАУС В.А. склаў пратакол на вадзiцеля В.К., якi ноччу быццам бы кiраваў легкавушкай на аўтадарозе Жыткавiчы — Рычаў у стане алкагольнага ап’янення. Аднак той вiну не прызнаў i патлумачыў суду, што ён разам з двума сваiмi таварышамi вырашылi паехаць да знаёмых дзяўчат у вёску Хачэнь. Па дарозе ў кафэ "Прыпяць" яны з цыганамi выпiлi дзве бутэлькi гарэлкi, прычым адзiн цыган спiртное не ўжываў. В.К. сеў з адным з таварышаў на задняе сядзенне, а другi — на пярэдняе. Прачнулiся яны ад удару, калi машына з’ехала ў кювет, а той, што быў на пярэднiм сядзеннi, вылецеў з легкавушкi праз шкло. Больш каля машыны нiкога не было. Пасля аварыi яны пайшлi ў гараж СВК "Рычаўскi", адкуль iх забралi супрацоўнiкi мiлiцыi, i пры апытаннi В.К. казаў, што ён за рулём не быў. Тое ж самае сцвярджалi i яго спадарожнiкi, аднак iнспектар склаў пратакол на яго як уладальнiка легкавушкi. Супрацоўнiкi АДАI, якiя праводзiлi праверку па ўказаным факце, улiчваючы ўсе абставiны, не дадумалiся апытаць работнiкаў кафэ наконт таго, цi выпiвалi гэтыя хлопцы з цыганамi i цi выходзiлi тыя з iмi з кафэ (бо, магчыма, за рулём знаходзiўся адзiн з iх, хто не выпiваў). Адным словам, заблытаная справа, якую суд вымушаны быў спынiць за недаказанасцю. Таксама па прычыне непрыняцця мераў органамi ДАI па зборы дастатковых доказаў вiнаватасцi ва ўчыненнi правапарушэння судамi Цэнтральнага i Савецкага раёнаў горада Гомеля i судом Добрушскага раёна былi спынены справы ў дачыненнi да В.М., С.Ч. i С.В. Мелi месца выпадкi прыняцця незаконных рашэнняў аб адмове ва ўзбуджэннi крымiнальных спраў па фактах паўторана кiравання транспартнымi сродкамi ў стане алкагольнага ап’янення Веткаўскiм, Цэнтральным i Чыгуначным РАУС горада Гомеля. I тут нельга не прывесцi прыклад, якi аб многiм гаворыць. Так, жыхар абласнога цэнтра А.М. пасля таго як атрымаў адмiнiстрацыйнае спагнанне за тое, што "пад мухай" кiраваў сваёй iншамаркай, зноў сеў за руль у такiм жа стане i на гэты раз трапiў у аварыю i пашкодзiў машыну. Калi прыехалi супрацоўнiкi ДАI, каля яе ён знаходзiўся адзiн у стане алкагольнага ап’янення. I сказаў, што выпiў 250 грамаў гарэлкi пасля аварыi, бо расстроiўся вельмi. Дазнанне па гэтым факце рабiў участковы iнспектар аддзела ўнутраных спраў адмiнiстрацыi Чыгуначнага раёна I.Б., якi прыняў за аснову яго тлумачэннi i... вынес пастанову аб адмове ва ўзбуджэннi крымiнальнай справы. Аднак пры вывучэннi гэтага матэрыялу было ўстаноўлена, што праверка па паведамленнi ДАI наогул не праводзiлася i дзейсных мераў для выяўлення вiны вадзiцеля ва ўчыненнi злачынства прынята не было. Не ўстаноўлена i дакументальна не пацверджана, калi А.М. глынуў спiртнога: да здарэння цi пасля яго. Лабараторныя даследаваннi мачы i крывi вадзiцеля пры дастаўцы яго ў наркалагiчны дыспансэр да матэрыялаў праверкi прыкладзены не былi. Не праводзiлiся iншыя праверачныя матэрыялы. Таму пракуратура вобласцi вышэйпамянёную пастанову ўчастковага iнспектара адмянiла, i праверка была адноўлена з дачай неабходных пiсьмовых указанняў. Тое ж самае было i па Веткаўскiм РАУС i аддзеле ўнутраных спраў адмiнiстрацыi Цэнтральнага раёна Гомеля. Пры разглядзе спраў аб адмiнiстрацыйных парушэннях судамi парушаўся ўстаноўлены законам 15-дзённы тэрмiн разгляду спраў. Адсутнiчала адзiная практыка пры прызначэннi судамi дадатковага адмiнiстрацыйнага спагнання ў выглядзе пазбаўлення права кiравання транспартным сродкам. Гэтыя i iншыя факты сведчаць аб тым, што, прыцягваючы асобных грамадзян да адказнасцi за кiраванне транспартнымi сродкамi ў стане ап’янення, праваахоўныя органы i суды не выконвалi ў належнай меры патрабаваннi дзеючага заканадаўства, не праяўлялi часам патрэбнай прынцыповасцi ў гэтым пытаннi, дапускалi валакiту. Органы пракуратуры неаднаразова прыносiлi пратэсты ў парадку нагляду, якiя былi задаволены. Гэтыя пытаннi абмяркоўвалiся на каардынацыйнай нарадзе кiраўнiкоў праваахоўных органаў вобласцi i судоў па iнiцыятыве пракуратуры ў свеце патрабаванняў Дырэктывы Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь "Аб мерах па ўмацаваннi грамадскай бяспекi i дысцыплiны". Уладзiмiр ПЕРНIКАЎ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Гэтыя падзеi адбывалiся ў Калiнкавiцкiм раёне ў самы апошнi дзень мая. Два iнспектары ДПС Дзяржаўтаiнспекцыi i дружыннiк неслi службу на адной з дарог
|
|