Добрага працаўнiка i тэхнiка не падводзiць
Добрага працаўнiка i тэхнiка не падводзiць
Бярозаўскi раён сёлета па вынiках жнiва на Брэстчыне — у лiдарах. Старшыня райвыканкама Юрый Наркевiч пералiчвае складовыя аграрнага поспеху: "Вялiкую ўвагу надавалi захаванню правiлаў агратэхнiкi. Любы аграном ведае, як важна не парушыць тэхналогiю з самага пачатку, з моманту падрыхтоўкi глебы i сяўбы. Не заўсёды гэтага ўдаецца прытрымлiвацца як па аб’ектыўных, так i па суб’ектыўных прычынах, але апошнiм часам агратэхнiку разглядаем як стратэгiчны накiрунак. Большасць палёў засеялi элiтным насеннем, раслiны атрымалi поўны комплекс арганiчнай i мiнеральнай падкормкi. Ну i прырода паспрыяла. Мiнулыя гады мы значна цярпелi ад засухi, а цяпер вiльгацi было дастаткова. А за ўборку трэба сказаць асобнае "дзякуй" механiзатарам, брыгадзiрам, iнжынернай службе — усе старалiся як мага меней дапусцiць стратаў. Адыграў ролю i той факт, што гаспадаркi на большую палову абнавiлi камбайнавы парк. У вынiку раённы каравай пацягнуў сёлета амаль на 84 тысячы тон. Для параўнання — летась сабралi 54 тысячы. Такiм чынам, прыбаўку атрымалi сапраўды рэкордную. Добрага слова заслугоўваюць лiтаральна ўсе гаспадаркi раёна. Найбольшай прыбаўкi па валавым зборы збожжа дабiлiся СВК "Бярозаўскае", "Вiнец", ураджайнасць найлепшую атрымалi ў "Спораўскiм" i "Песках". А сельгаспрадпрыемства "Нарутавiчы" стала адным з лепшых у раёне i ў справе павелiчэння валавога збору збожжа, i ў прыбаўцы ўраджайнасцi". Дырэктар СВК "Нарутавiчы" Мiкалай Вайтуховiч на пытанне, хто ў гаспадарцы самыя добрыя працаўнiкi, адказаў: —А ў нас дрэнных няма. Сёлета сабралi 11тысяч тон збожжа, атрымалi збажыны па 46 цэнтнераў з кожнага гектара. На такi ўраджай працавалi ўсе, i ўсе пры падвядзеннi вынiкаў заслугоўваюць павагi i пашаны. Але спаборнiцтва ёсць спаборнiцтва, i некаторыя ўсё ж аказалiся лепшымi. Мы ганарымся, што з гаспадаркi пяць чалавек запрошана на рэспублiканскi фестываль-кiрмаш працаўнiкоў вёскi. Гэта галоўны iнжынер сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва Андрэй Амельяновiч, вадзiцелi Вiктар Гаварко, Генадзь Руць, Ігар Углянiца i наш перадавiк — камбайнер Андрэй Каспярчук. У апошнi дзень перад ад’ездам на "Дажынкi" да "героя жнiва" ўдалося дазванiцца толькi каля дзесяцi вечара: — Думала, што вы ва ўсю рыхтуецеся, прасуеце касцюм, напрыклад, пакуеце рэчы. А вас дома няма. — Я ў полi быў да васьмi з паловай гадзiн, сяўба ж зараз. Пакуль машыну паставiш, пакуль дахаты прыедзеш — цёмна.Дапазна затрымалася на рабоце i жонка Наталля. Яна працуе ўлiкоўшчыкам паляводчай брыгады. Здавалi буракi, трэба ж усё дакладна ўзважваць, пералiчваць. Такая работа ў працаўнiкоў вёскi. А на падрыхтоўку мужа да паездкi засталiся гадзiны позняга вечара. Наталля i радуецца, i ганарыцца мужам: "Тэхнiка ў яго цяпер добрая, працаваў, як заўсёды, старанна, па-iншаму ён не ўмее. А пра перамогi нейкiя мы i не думалi. Калi прыходзiў у час уборкi пасля дванаццацi ночы, тут хоць бы хутчэй адпачыць. А калi нам паведамiлi, што Андрэй заняў першае месца ў вобласцi, было, вядома ж, вельмi прыемна". Андрэю Касперчуку 31 год. З жонкай Наталляй яны гадуюць дзвюх дачушак. Старэйшая — школьнiца, меншая ходзiць у садок. Родам нарутавiцкi механiзатар з суседняй вёскi. Вырас у працоўнай сям’i. Пасля армii прыехаў дадому i адразу ж "спатыкнуўся" аб вочы сiмпатычнай дзяўчыны, якая гасцявала ў бабулi за некалькi хат. Хутка згулялi вяселле. Паехалi спачатку на радзiму Наташы ў Вiлейку. Там працавалi некаторы час. А потым вырашыў галава сям’i падацца дадому: гаспадарка "Нарутавiчы" ў адстаючых не была, жыллё будавалi, заробкi стабiльныя. Маладым добрасумленным працаўнiкам хутка выдзелiлi асобнае жыллё. Цяпер у iх свой дом з агародам i кветнiкам. А Андрэй на вытворчасцi лiчыцца вопытным механiзатарам, бо мае стаж ужо дзесяць гадоў. На ўборцы працаваў толькi чацвёрты сезон. Раней малацiў збажыну на "Доне" i "Лiдзе", а сёлета сеў на новы "Джон Дзiр". Паводле слоў Андрэя Касперчука, тэхнiка нi разу за сезон не падвяла. Таму, вiдаць, i намалацiлi разам з памочнiкам Вадзiмам Цюшкевiчам 3400 тон збожжа. У водпуск механiзатар збiраецца блiжэй да новага года, калi ўсе работы на полi будуць закончаны. Ну а цяпер, так бы мовiць, за працоўныя заслугi выдалася некалькi дзён святочнага адпачынку, куды яго праводзiлi ўсёй сям’ёй. Правялi, а потым хварэць за яго, сачыць па тэлевiзары i чакаць дадому будуць усе яго любiмыя жанчыны: дачушкi Вера i Крысцiна, мама Зоя Пятроўна i жонка Наталля. Святлана ЯСКЕВІЧ. Бярозаўскi раён.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Бярозаўскi раён сёлета па вынiках жнiва на Брэстчыне — у лiдарах. Старшыня райвыканкама Юрый Наркевiч пералiчвае складовыя аграрнага поспеху: "Вя
|
|