21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

"Сёлетні год будзе залатымі лiтарамi ўпiсаны ў гiсторыю грапрамысловага комплексу краiны"

26.08.2009 10:29 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

"Сёлетні год будзе залатымі лiтарамi ўпiсаны ў гiсторыю грапрамысловага комплексу краiны" "Праляцеў яшчэ адзiн год, i мы з вамi ў гэты час традыцыйна сустрэлiся на самым добрым i шчырым нашым дзяржаўным свяце", — звярнуўся падчас прывiтальнага слова да працаўнiкоў вёскi Прэзiдэнт Беларусi Аляксандр Лукашэнка, якi, як заўсёды, узяў удзел у рэспублiканскiм фестывалi-кiрмашы "Дажынкi". Кiраўнiк краiны наведаў Оршу, каб асабiста павiншаваць усiх людзей, намаганнямi якiх сёлета здабыты небывалы па важкасцi "каравай".

Як зазначыў Аляксандр Лукашэнка, у гэтым годзе на ўборцы збожжа i зернебабовых культур, пры нарыхтоўцы кармоў працаўнiкамi гаспадарак рэспублiкi было зроблена ўсё, каб "Дажынкi-2008" сталi сапраўды святочным днём. "Безумоўна, у кожнага з вас свае асабiстыя перажываннi, якiя звязаны з нядаўняй уборкай, з гэтым святам, з гэтым цудоўным месцам — нашым горадам", — заўважыў Прэзiдэнт. І дадаў, што Орша, нарэшце, набыла свой новы сучасны твар. Падчас падрыхтоўкi горада да "Дажынак" было пабудавана i рэканструявана каля 700 вялiкiх i малых аб’ектаў, якiя будуць доўга служыць людзям. "Аднак, — папярэдзiў кiраўнiк краiны сваiх землякоў, — тут пакладзены пачатак узнаўленню 140-тысячнага цудоўнага горада, а далей — слова за вамi: пачынайце ад таго, што ўжо зроблена, i ўзнаўляйце самае прыгожае ў свеце месца".

"Я радуюся разам з вамi, таму што ў нас сапраўды ёсць чым ганарыцца", — сказаў Прэзiдэнт. Сёлетнi год, зазначыў Аляксандр Лукашэнка, будзе залатымi лiтарамi ўпiсаны ў гiсторыю аграпрамысловага комплексу краiны. "Гаворачы спартыўнай мовай, сяляне ўстанавiлi сапраўдны рэкорд, пры тым не адзiн. Па-першае, вырасцiлi i сабралi небывалы ўраджай збожжавых. Я ўжо нядаўна казаў i сёння хачу падкрэслiць, што мы на беларускiх землях атрымалi кубанскi ўраджай, i нават абышлi кубанцаў. Цi ж гэта не рэкорд?! Ва ўсiх катэгорыях гаспадарак з улiкам уборкi зернебабовых i кукурузы ўпершыню будзе намалочана каля 10 мiльёнаў тон збожжа. Па адной тоне збожжа на кожнага жыхара — гэта той узровень, якi па навуковых мерках лiчыцца аптымальным". Па-другое, адзначыў Прэзiдэнт, у сярэднiм па краiне ўраджайнасць ушчыльную наблiзiлася да 40 цэнтнераў з гектара. "У папярэднiя гады, — падкрэслiў ён, — мы пра гэта толькi марылi. Дзесяць гадоў таму нават гаспадарак, якiя дасягнулi такой ураджайнасцi, было крыху больш за 50, а сёння больш за 50 цэнтнераў з гектара атрымана ў 13 раёнах i амаль у 250 гаспадарках. Перакрылi мяжу 60 цэнтнераў з гектара ў чатырох раёнах i амаль у 100 гаспадарках. Самая высокая ўраджайнасць дасягнута ў сельскагаспадарчым вытворчым кааператыве "Прагрэс-Верцялiшкi" Гродзенскага раёна — больш за 100 цэнтнераў з гектара". Прычым да гэтага ўзроўню ўшчыльную наблiзiлiся яшчэ шмат гаспадарак. На думку Аляксандра Лукашэнкi, асаблiва важна тое, што ўстойлiва высокiя ўраджаi гэтыя прадпрыемствы даюць на працягу некалькiх гадоў. Iх вопыт, зазначыў ён, неабходна сiстэмна i настойлiва рухаць па ўсёй краiне, ва ўсiх гаспадарках.

"Вынiкi працы на хлебнай нiве ўпэўнена сведчаць пра тое, што мы навучылiся эфектыўна працаваць на зямлi па высокiх еўрапейскiх стандартах",— падкрэслiў Аляксандр Лукашэнка. Важнейшым фактарам поспеху ён назваў рэалiзацыю стратэгiчнага курса беларускай дзяржавы на пад’ём аграрнага сектара нашай эканомiкi. "Мы ў сцiслыя тэрмiны змаглi забяспечыць вёску айчыннай тэхнiкай, насеннем, угнаеннямi, актыўна ўкараняем найноўшыя тэхналогii, навуковыя распрацоўкi, перадавыя прыёмы арганiзацыi працы, спецыялiзацыю гаспадарак i цэлых раёнаў. Мадэрнiзуем перапрацоўчыя прадпрыемствы, iмкнучыся разам звязаць увесь працэс вытворчасцi харчавання — ад хлебнага поля да палiц магазiнаў. Рэалiзуючы гэты курс, мы з году ў год няўхiльна нарошчвалi ўкладаннi ў аграпрамысловы комплекс", — сказаў ён.

Паводле ацэнкi кiраўнiка краiны, сёлета ў аптымальныя тэрмiны быў пасеяны i своечасова сабраны ўраджай. Без лiшняга абвастрэння сiтуацыi. "Так i павiнна быць у нармальным добраадладжаным гаспадарчым механiзме", — канстатаваў ён. Гэтак жа працуюць i жывёлаводы. Амаль на 9 працэнтаў павялiчылася вытворчасць малака, на 10 працэнтаў узраслi аб’ёмы прадукцыi мясной жывёлагадоўлi i птушкагадоўлi. Што стала вынiкам стварэння неабходнай кармавой базы, укаранення рэсурсазберагальных тэхналогiй вытворчасцi. У блiжэйшыя два гады, паведамiў Прэзiдэнт, у рэспублiцы будзе пабудавана дадаткова 118 буйных сучасных малочнатаварных комплексаў, якiя дапамогуць кожнаму раёну яшчэ больш дынамiчна развiваць жывёлагадоўлю.

Станоўчыя вынiкi развiцця аграрнай галiны дазволiлi надаць больш увагi сацыяльнай сферы. "У гэтым годзе ў вёсцы ўжо пабудавана 350 тысяч квадратных метраў жылля, — зазначыў Аляксандр Лукашэнка. — У цэлым жа за год вяскоўцы атрымаюць 7,5 тысячы добраўпарадкаваных дамоў, кватэр памерам у сярэднiм каля 80 квадратных метраў. Гэтаму могуць пазайздросцiць i жыхары горада".

Акрэслiваючы далейшыя перспектывы для аграрыяў, Прэзiдэнт зазначыў, што налета, у наступныя год-два неабходна замацавацца на той вышынi, якая была ўзята сёлета. "Зробiм гэта — будзем багатымi людзьмi". Ён патлумачыў, што ў свеце ўсё больш абвастраецца харчовы крызiс. У гэтых умовах харчаванне з’яўляецца па-сапраўднаму стратэгiчным рэсурсам, якi не толькi становiцца важнай крынiцай папаўнення валютных запасаў краiны, але i забяспечвае i сацыяльна-палiтычную стабiльнасць краiны. "Сёння буйныя краiны трацяць каласальныя сродкi на тое, каб накармiць людзей. Харчаванне, пiтная вада, якiх у нас у дастатку, карыстаюцца вялiкiм попытам на сусветных рынках. Давайце iх будзем прадаваць. Але каб iх прадаваць усё больш i больш, неабходна абавязкова дабiцца збору гэтых 10 мiльёнаў тон", — лiчыць Аляксандр Лукашэнка. Будзе так — будзем квiтнеючай краiнай, узновiм усе нашы вёскi, створым нармальнае жыццё для сялянства. Як упэўнены кiраўнiк краiны, Беларусь мае патэнцыял для атрымання ў перспектыве 12—13 мiльёнаў тон збожжа. Ён яшчэ раз падкрэслiў, што на працягу гэтай пяцiгодкi i аднаго-двух гадоў наступнай у рэспублiцы будуць завершаны работы па выратаваннi сельскай гаспадаркi i ўзнаўленнi вёскi.

Пераможцам рэспублiканскага спаборнiцтва па ўборцы збожжавых сярод абласцей стала сёлета Гродзеншчына. Праца сялян гэтай вобласцi, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкi, увянчана самай высокай прыбаўкай ураджаю да мiнулага года — 14 цэнтнераў з гектара, альбо ў паўтара раза. Агульны збор збожжа перавысiў 1,7 мiльёна тон. "Гродзенцы паказалi дастойны прыклад таго, як трэба працаваць", — зазначыў кiраўнiк дзяржавы. 

  Прэзiдэнт адзначыў, што ўсе рэгiёны рэспублiкi папрацавалi паспяхова i значна перавыканалi свае абавязацельствы. Найбольшы аб’ём збожжавых сабраны ў Мiнскай вобласцi — амаль 2,5 мiльёна тон. Калi ж улiчыць тое, што на Мiншчыне сканцэнтравана больш за чвэрць збожжавых плошчаў краiны, то яе, сказаў Аляксандр Лукашэнка, правамерна можна назваць галоўнай беларускай жытнiцай, якая ўносiць найбольшы ўклад у агульнарэспублiканскi намалот збожжа.

Значна зрушылiся ў нарошчваннi ўраджайнасцi збожжавых i хлебаробы Магiлёўшчыны, якiя занялi другое месца ў рэспублiцы па гэтым паказчыку. Сярэднi намалот тут склаў больш за 40 цэнтнераў з гектара i валавы збор павялiчаны амаль на 18 працэнтаў. Брэсцкая вобласць выйшла лiтаральна ўпрытык да лiдара спаборнiцтва па такiм паказчыку, як прырост у параўнаннi з мiнулым годам валавога збору збожжа i ўраджайнасцi — адпаведна плюс 38 працэнтаў i плюс 10 цэнтнераў з гектара. "Нарэшце, мяжу ў 1 мiльён тон збожжа змаглi пераўзысцi ў гэтым годзе хлебаробы Вiцебскай i Гомельскай абласцей", — адзначыў Прэзiдэнт. У вiцябчан сярэдняя ўраджайнасць збожжавых склала амаль 34 цэнтнеры з гектара, а гамяльчане сабралi амаль па 33 цэнтнеры з гектара i больш як на 31 працэнт павялiчылi валавую вытворчасць збожжавых. Пераможцамi спаборнiцтва прызнаны 10 раёнаў, прычым Брэсцкi, Гродзенскi, Аршанскi i Рэчыцкi — паўторна. Асаблiвай удзячнасцi Прэзiдэнта ўдастоiлiся працаўнiкi Гродзенскага раёна, якiя сабралi амаль 250 тысяч тон хлеба i атрымалi самую высокую ўраджайнасць — 75 цэнтнераў з гектара. "Гэта ўзровень перадавых еўрапейскiх дзяржаў", — заўважыў беларускi лiдар.

Таксама асаблiвую ўдзячнасць Прэзiдэнт выказаў i правафланговым уборачнай кампанii — камбайнерам i вадзiцелям, якiя дасягнулi сапраўды алiмпiйскiх рэкордаў. Ён узгадаў, што 10 гадоў таму было ўсяго 12 камбайнераў-тысячнiкаў, а цяпер такая мяжа стала звычайным паказчыкам: звыш тысячы тон намалацiлi больш за 2820 экiпажаў. А рэкорднымi намалотамi лiчацца 5-6 тысяч тон на камбайн.

"Такую ж вялiкую ўвагу, як уборцы збожжавых, мы надаём нарыхтоўцы i вытворчасцi травяных кармоў", — падкрэслiў Аляксандр Лукашэнка. І тое, i другое — аснова для паспяховага развiцця жывёлагадоўлi, галiны, якая ў найбольшай ступенi вызначае эканомiку ўсяго аграпрамысловага комплексу краiны. Сярод лiдараў на травяным полi цяпер першае месца займае Вiцебская вобласць, дзе на адну ўмоўную галаву жывёлы нарыхтавана па 15 цэнтнераў кармавых адзiнак. У сувязi з тым, што нарыхтоўка кармоў яшчэ не завершана, вынiкi спаборнiцтва ў рэгiянальным разрэзе будуць падведзены ў лiстападзе.

"Героi ўборачнай кампанii сёння тут. Мы iх усенародна ўшаноўваем. Як ушаноўваем i тысячы тых працаўнiкоў, якiя прадвызначылi сённяшнi поспех", — зазначыў Прэзiдэнт. Ён, у прыватнасцi, узгадаў працоўныя калектывы прамысловых прадпрыемстваў, якiя ўнеслi вялiкi ўклад у тое, што вырашчаны i сабраны такi багаты ўраджай. У першую чаргу, гэта працаўнiкi аб’яднання "Беларуськалiй", "Гродна Азот" i Гомельскага хiмiчнага завода, якiя забяспечвалi вёску мiнеральнымi ўгнаеннямi. А таксама калектывы МТЗ, аўтамабiльнага завода, машынабудаўнiкi Гомеля, Лiды, Бабруйска, Магiлёва, Брэста i Пiнска, якiя пастаўлялi ўборачную i iншую тэхнiку. Традыцыйна дапамогу вяскоўцам аказвалi ваеннаслужачыя Мiнiстэрства абароны, работнiкi транспартных i iншых арганiзацый. Добрых слоў заслугоўваюць i спецыялiсты аграрнай навукi. Паводле слоў Прэзiдэнта, гатункамi беларускай селекцыi засяваюцца больш за 80 працэнтаў збожжавых i iншых сельгаскультур. Навукоўцы штогод вядуць карэктыроўку тэхналогiй i даюць практычныя рэкамендацыi з улiкам рэальных умоў надвор’я.

Разам з тым, на думку беларускага лiдара, неабходна зрабiць усё, каб не толькi замацаваць дасягнуты поспех у будучым годзе, але мабiлiзаваць сiлы i сродкi на выкананне яшчэ больш напружаных планаў. Магчымасцi, лiчыць ён, для гэтага ёсць. Улiчваючы спецыялiзацыю нашага аграрнага сектара, якая традыцыйна склалася, у блiжэйшыя гады неабходна выйсцi ў жывёлагадоўлi на наступныя паказчыкi: вырабляць 8-10 мiльёнаў тон малака i не менш за 2 мiльёны мяса. Для стабiльнага развiцця аграрнай галiны i дасягнення высокiх вынiкаў неабходна ўдасканальваць практыку прымянення перадавых тэхналогiй як у жывёлагадоўлi, так i ў раслiнаводстве. Кiраўнiк краiны заўважыў, што гэты год выявiў не толькi поспехi, але i недапрацоўкi ў гэтых пытаннях. Сур’ёзным стрымлiваючым фактарам тэмпаў i якасцi уборачных работ стаў недахоп збожжасушыльных комплексаў i збожжасховiшчаў. "Вялiкiя аб’ёмы збожжа мы не можам ужо размясцiць у збожжасховiшчах савецкага перыяду. Таму для Урада найважнейшая задача на працягу восенi i зiмы стварыць неабходную колькасць сховiшчаў для збожжа i iншай сельскагаспадарчай прадукцыi. Калi мы не развернемся ўжо гэтай зiмой, то будзем мець вялiкiя праблемы". Таму, паставiў задачу Аляксандр Лукашэнка, неабходна пабудаваць на працягу года новыя сучасныя сховiшчы па сусветных стандартах для захоўвання яблыкаў, агароднiны, садавiны i iншай прадукцыi.

Зараз у гаспадарках завяршаецца сяўба азiмых, закладваецца аснова будучага ўраджаю. А таму асаблiва важна, падкрэслiў Прэзiдэнт, ужо цяпер укараняць на практыцы сiстэмы праграмавання ўраджаю. I гэта павiнна быць нормай ва ўсiх сельгасарганiзацыях, уключаючы фермерскiя гаспадаркi. "Вытворчасць прадукцыi i ў раслiнаводстве, i ў жывёлагадоўлi неабходна весцi ў строгай адпаведнасцi з перадавымi тэхналогiямi, без парушэнняў i адступленняў. Тэхналагiчная дысцыплiна i пастаяннае ўкараненне iнавацый павiнны быць паўсядзённым клопатам механiзатараў i iншых сельскiх працаўнiкоў. У гэтым аснова высокай культуры вытворчасцi, ключ да новых поспехаў", — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Больш актыўных намаганняў па распрацоўцы i ўкараненнi перспектыўных тэхналогiй Прэзiдэнт чакае i ад вучоных-аграрыяў. "Жыццё паказвае, што менавiта на аснове перадавых тэхналогiй i дасягненняў навукi сельгасарганiзацыi змогуць умацаваць сваё фiнансавае становiшча, павысiць устойлiвасць эканомiкi i выйсцi на самаакупнасць i самафiнансаванне. Да канца пяцiгодкi сельская гаспадарка павiнна быць рэнтабельнай i не разлiчваць нi на якiя "падачкi", у тым лiку з боку дзяржавы", — падкрэслiў беларускi лiдар. I адзначыў, што ў новай пяцiгодцы будзе ажыццяўляцца фiнансаванне, магчыма, яшчэ ў большых аб’ёмах, але толькi ў новую, перадавую вытворчасць.

Мiж iншым, размова аб будучым АПК з беларускiм лiдарам была працягнута i на сустрэчы з журналiстамi. У прыватнасцi, Аляксандр Лукашэнка, гаворачы пра перспектывы аграпрамысловага комплексу, адзначыў, што Беларусь будзе працягваць нарошчваць аб’ёмы вытворчасцi сельгаспрадукцыi i мiнiмiзаваць яе iмпарт. "Навошта нам завозiць яблыкi з Польшчы? Сёння мы ўбiраем старыя сады, высаджваем новыя i ўжо ёсць уражальныя вынiкi", — сказаў ён. Прэзiдэнт таксама акцэнтаваў увагу на тым, што ў рэспублiцы будзе працягвацца рэалiзацыя праграмы адраджэння вёскi. "Неабходна стварыць унiкальную краiну. Ужо цяпер многiя кажуць, што тут утульна жыць i працаваць, але мы павiнны зрабiць яе яшчэ лепшай. Мы павiнны ператварыць краiну ў квiтнеючы край, i мы гэта зробiм", — упэўнены ён. Каб дасягнуць гэтага, у тым лiку патрэбна максiмальна эфектыўна карыстацца i зямельнымi рэсурсамi краiны: уцягваць землi, якiя не выкарыстоўваюцца, у севазварот. "Кожны гектар зямлi неабходна вярнуць у севазварот. Сёння з яго выведзены дзесяткi тысяч гектараў зямлi", — лiчыць кiраўнiк дзяржавы. Што ж датычыцца зямель, якiя з’яўляюцца непрыдатнымi для сяўбы, то яны павiнны стаць месцам свабоднага выпасу жывёлы: у свеце падобных прыкладаў выкарыстання плошчаў шмат, i гэта выгадная справа.

Закранаючы пытанне аб выбарах у Нацыянальны сход i мяркуемай на iх рэакцыi з боку назiральнiкаў, Аляксандр Лукашэнка заўважыў: "Мы не проста па закону, па Канстытуцыi вядзём гэтыя выбары, мы нават парушаем нашы законы, i праводзiм выбары ў адпаведнасцi з тым, як патрабуе АБСЕ i заходнiя назiральнiкi. Мы пайшлi насустрач любым пажаданням мiжнародных назiральнiкаў адносна прадастаўлення кандыдатам у дэпутаты эфiрнага часу ў СМI. Гэта беспрэцэдэнтна дэмакратычныя выбары, выбары па правiлах Захаду".

Разам з тым, паводле слоў Прэзiдэнта, ён не мае намеру "весцi апазiцыянераў у парламент за руку": перамогуць — будуць там.

"Я не магу ўявiць, што ў Оршы пасля таго, што дзяржава тут зрабiла, пройдзе ў парламент нейкi апазiцыянер, якi крытыкуе гэту ўладу з ранiцы да ночы. Як за яго прагаласуюць людзi, калi ў яго толькi адно — Лукашэнка такi, Лукашэнка гэтакi. Кажы па сутнасцi. Уладу лаюць, яна не святая, але кожны ж параўноўвае: што было ўчора, i што ёсць сёння. Калi ты кандыдат у дэпутаты — будзь прынцыповы, аб’ектыўны. Ты ж скажы, што было, што ёсць зараз. Адзнач i добрае, скажы — я зраблю лепш. Але ж скажы, як зробiш i дзе возьмеш грошы. I народ будзе за цябе галасаваць. А выходзiць на экран альбо пiсаць у газеце, што "ўсё дрэна", "усё не так", "я зраблю лепш"... А як зраблю — пра гэта не кажа... Ну якi ж народ за такога прагаласуе? Захад гэтага не ведае. Ён мяркуе, што ў нас сапраўды ёсць сiстэмная апазiцыя", — зазначыў Прэзiдэнт. На думку беларускага лiдара, краiне патрэбен парламент з канструктыўнымi людзьмi, а не крыкунамi. Не зразумела i тое, як можа перамагчы апазiцыянер, калi ён нiдзе не працуе. "Як за яго чалавек, якi пойдзе да урны галасаваць ад сваiх участкаў, дачаў, фермаў, палёў, ад станка аддасць свой голас? Таму не трэба думаць, што апазiцыя тут iрване моцна. Магчыма, i добра б было, калi б хтосьцi з iх перамог, але гэта вырашыць народ", — сказаў Прэзiдэнт. Адзначыў ён i тое, што выбары iдуць спакойна: "Для мяне гэта бальзам на душу. Гэта гаворыць пра тое, што наша грамадства здаровае, што ў нас няма вялiкiх праблем". I хоць не ўсе яшчэ пытаннi вырашаны, лiчыць кiраўнiк краiны, аднак людзi бачаць, што яны вырашаюцца. "I гэтай уладзе народ пакуль давярае, я гэта добра ведаю", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.  

Iгар ШЧУЧЭНКА, Мiнск — Орша — Мiнск.

 

 

 
Теги: Гомель
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
"Праляцеў яшчэ адзiн год, i мы з вамi ў гэты час традыцыйна сустрэлiся на самым добрым i шчырым нашым дзяржаўным свяце", — звярнуўся падчас
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика